Партыя БНФ » Намеснік старшыні БНФ – пра прышчэпкі ад грыпу і метады прафілактыкі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намеснік старшыні БНФ – пра прышчэпкі ад грыпу і метады прафілактыкі

Дададзена 26.11.2018 12:02:39 | 220 праглядаў

Урач-рэаніматолаг адной са сталічных бальніц, намесьнік старшыні БНФ Зміцер Салошкін распавядае пра тое, ці варта рабіць прышчэпкі ад грыпу і чым яны адрозьніваюцца ад іншых прышчэпак, ці дапамагаюць ад вірусаў супрацьвірусныя прэпараты, і ці не лепей выпіць 50 грамаў пярцовай гарэлкі.

Зміцер Салошкін не прышчапляўся і сам, пакуль гэта не стала абавязковым для медыкаў.

Зьміцер СалошкінУ інтэрв’ю інтэрнэт-газэце «Салідарнасць» ён распавёў пра тое, чаму яго сям’я не карыстаецца супрацьвіруснымі сродкі і якія меры прафілактыкі прымае, каб не захварэць.

На працягу дзесяці год Зміцер Салошкін не рабіў прышчэпкі ад грыпу і за гэты час захварэў аднойчы.

— Я не супраць прышчэпак ад грыпу, але не магу за гэтую прышчэпку так жа шчыра агітаваць людзей, як за тыя, якія ўключаныя ў абавязковы каляндар. Прышчэпкі ад дыфтэрыі, слупняку, поліямеліту або іншых інфекцыяў даюць гарантаваны імунітэт. Што тычыцца прышчэпкі ад грыпу, няма гарантыі, што яна ў прынцыпе спрацуе.

Па-першае, яе трэба рабіць штогод, па-другое – зрабіць своечасова, па-трэцяе – трэба, каб пасля своечасова прыйшоў грып – менавіта той, якога чакалі. І калі ўсё сыходзіцца, тады вы будзеце мець імунітэт ад гэтага грыпу ў новым сезоне.

І пры гэтым ёсць пэўны працэнт людзей, якія пасля прышчэпкі атрымаюць мікрагрып на адзін-два дні – можа ўзняцца тэмпература, з’явіцца млявасць, інтаксікацыя.

Я нікога не адгаворваю. Тым, хто сумняецца, я б раіў прышчапляцца, як і тым, каму пасля прышчэпкі спакайней робіцца, – калі ласка.

zmicer-2Зміцер Салошкін – бацька чацвярых дзяцей. Ён ніколі не рабіў ім прышчэпкі ад грыпу з тае ж прычыны: мэтазгоднасць гэтай прышчэпкі для яго не даказаная.

— Аналіз эфектыўнасці вакцыны супраць грыпу, які праводзіў Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC) (быў апублікаваны ў снежні 2015-га), паказаў, што з 2005 па 2015 гг. эфектыўнасць вакцынацыі складала каля 50 адсоткаў. Вынікі апублікаванага ў лютым 2018 году даследвання, паказваюць, што каб пазбегнуць аднаго выпадку захворвання, трэба прышчапіць 71 чалавека.

— Ці ёсць у вас лайфхакі, якія меры прафілактыкі вы прымаеце, каб не захварэць?

— Калі параспытваеце людзей, якімі сродкамі яны ратуюцца ад грыпу, вы знойдзеце не адзін спосаб. Хтосьці прымае афлубін ці есць часнык, нехта носіць у кулончыку алей чайнага дрэва і не хварэе. Калі б я 10 год, якія не хварэў на грып, мазаў пад носам алеем чайнага дрэва або піў пярцоўку, я б вам сказаў: «Як пачынаецца эпідэмія, піце пярцоўку штораніцы па 50 грамаў – я так раблю і ніколі не хварэю».

Насамрэч гарантаваных супрацьвірусных сродкаў няма. Аксалінка носіць эфект хутчэй псіхатэрапеўтычны, чым сапраўды абарона ад самога вірусу.

Але гігіенічныя сродкі працуюць. У час, калі пачынаецца пад’ём захворванняў, не варта знаходзіцца ў закрытых цёплых памяшканнях, дзе шмат народу. Лепей прайсціся два прыпынкі, чым іх праехаць грамадскім транспартам. Трэба высыпацца, нармальна есці, быць задаволеным жыццём – вы будзеце абароненыя ад грыпу больш, чым іншыя.

— Калі пачынаецца пад’ём грыпу і ОРВІ, ці носіце вы маску?

— Маску не нашу. Ведаеце, калі вы прыйшлі ў паліклініку за даведкай ці на мерапрыемства, дзе сядзіць 100 чалавек у адной зале, то там не зашкодзіць скарыстацца маскай. Апранулі — праз гадзіну мусіце яе памяняць. Гэта будзе не лішняй засцярогай. Але калі ў нас людзі па вуліцах ходзяць у масках, то гэта глупства, бо вірус не цыркулюе на адкрытым халодным паветры, ён там, дзе ёсць скапленне людзей.

— Калі захварэлі на грып, ці думалі пра тое, што наступным разам зробіце прышчэпку?

— Не. Калі я зразумеў, што гэта пачатак сапраўднага грыпу, я пачаў прымаць Асельтамівір — прэпарат, які блакуе яго размнажэнне. Праз два дні, калі стала адпускаць, я адчуў, дзе ў мяне печань, і спыніў прыём.

— А ці прымаеце вы ў сезон супрацьвірусныя сродкі?

— Не. Няма супрацьвірусных сродкаў. Гарантаваныя сродкі ёсць толькі супраць асобных вірусаў, напрыклад, герпеса. Пры дакладна вызначаных праявах прымаецца ацыклавір. Усе іншыя прэпараты — афлубіны, кагацэлы, арпетолы — усё гэта сродкі з недаказанай эфектыўнасцю.

— На вашую думку, гамеапатыя таксама неэфектыўная супраць грыпу?

— Пра яе не скажу вам нічога, бо гэта не медыцына. Трэба чымсьці лячыцца, бо людзі гэтым насамрэч зніжаюць сваю трывогу. Калі вакол усе хварэюць, гэта збольшага прымаецца, як супакаяльны сродак.

Можа быць, і ад гамеапатыі камусьці робіцца лепей, бо арганізм перастае знаходзіцца ў стрэсавым стане, у чаканні хваробы. Калі людзям даваць плацэба з гучнай назвай і з распісанымі супрацьвіруснымі ўласцівасцямі, думаю, прыблізна такі ж будзе эфект.

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.