Партыя БНФ » Мінпрыроды не жадае далучэньня да канвенцыяў па абароне жывёлаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Мінпрыроды не жадае далучэньня да канвенцыяў па абароне жывёлаў

Дададзена 02.12.2018 11:23:31 | 123 праглядаў

Грамадзкім аб’яднаньнем БНФ “Адраджэньне” атрыманы адказ ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь на зварот, які месяц таму быў накіраваны грамадзкім аб’яднаньнем у шэраг дзяржаўных органаў.

мпНагадаем, што ў звароце БНФ “Адраджэньне” утрымлівалася прапанова аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да эўрапэйскіх канвенцыяў па абароне жывёлаў, якія распрацаваныя ў межах Савету Эўропы. Падпісаньне міжнародных дамоваў па абароне жывёлаў магло бы быць выйсьцем з таго тупіка, які ўтварыўся ў спробах урэгуляваць абарону жывёлаў на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства: адпаведны закон не могуць прыняць вось ўжо хутка дваццаць гадоў (праца пачалася ў 2001 годзе, а ўжо сёлета, у 2018 годзе, закон у чарговы раз адправілі на дапрацоўку).

У сваім адказе Мінпрыроды прызнае, што ўжо падпісаныя Рэспублікай Беларусь міжнародныя канвенцыі пра абарону жывёлаў маюць вялікі пазытыўны ўплыў. Згодна з пастановай ураду ад 21 лістапада 2017 года, Мінпрыроды нясе адказнасьць за супрацу з міжнароднай супольнасьцю па лініі гэтых дамоваў.

Але пры гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя лічыць, што прадметам дзейнасьці гэтага органа зьяўляецца толькі і выключна ахова дзікіх жывёлаў, а пытаньні абыходжаньня з хатнімі, сельскагападарчымі, а таксама безнагляднымі жывёламі датычаць кампетэнцыі іншых міністэрстваў. Мінпрыроды спасылаецца на тое, што гэтыя пытаньні будуць урэгуляваныя будучым законам “Аб абыходжаньні з жывёламі”, а таксама паведамляе, што Мінжылкамунгасу прапанавана працягнуць працу па дапрацоўцы законапраекта з улікам меркаваньняў усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў.

Адказ Мінпрыроды камэнтуе намесьнік старшыні Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Зьміцер Салошкін, за чыім подпісам быў накіраваны зварот грамадзкага аб’яднаньня месяц таму:

Зьміцер Салошкін- Шкада, што Мінпрыроды не адносіць да сферы сваёй кампетэнцыі абарону ўсіх жывёлаў, а не толькі дзікіх. Падобна што цяпер у Беларусі папросту няма дзяржаўнага органа, які быў бы гатовы ўзяць на сабе адказнасьць за выпрацоўку дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне.

Мы, канешне, будзем яшчэ чакаць адказу і ад іншых міністэрстваў, куды мы накіравалі звароты (МЗС, Мінжылкамунгас). Але пакуль можна канстатаваць, што Мінпрыроды вырашыла самаўхіліцца ад варыянта, які дазволіў бы Беларусі выйсьці з тупіка, у якім апынулася справа з распрацоўкай закона “Аб абыходжаньні з жывёламі”. Гэтаму законапраекту ўжо хутка дваццаць гадоў – і відавочна, што згоды вакол яго дасягунць не атрымаецца. Нават калі яго нарэшце прымуць – то выніковы варыянт амаль нікога не задаволіць. Дык можа замест таго каб прымаць усеабдымны акт, можна было б урэгуляваць тыя пытаньні, якія не выклікаюць пярэчаньняў, шляхам далучэньня да агульнапрынятых эўрапэйскіх нормаў?

Пяць гадоў таму ў справе абароны жывёлаў быў моцны прарыў: дзякуючы намаганьням грамадзкасьці, прэсы, актывістаў грамадзянскай супольнасьці (у тым ліку актывістаў ды экспэртаў БНФ) была ўведзеная крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, а права складаць пратаколы за адміністратыўныя правапарушэньні ў гэтай сфэры было нададзенае міліцыі. Тады гэта быў наш агульны посьпех – і вяліку ролю ў той справе адыграла пазыцыя МЗС. Спадзяюся, беларускае замежнапалітычнае ведамства будзе здольнае і цяпер адыграць больш актыўную ролю ў далучэньні Беларусі да эўрапэйскіх канвенцыяў па абароне жывёлаў – як выглядае, на дадзены момант у Беларусі папрсоту адсутнічае дзяржаўны орган, які кампетэнтны ўзяць на сабе ролю па выпрацоўцы дзяржаўнай палітыкі  па абароне жывёлаў, што не належаць да дзікай фаўны.

Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” прапанавала міністэрствам і ведамствам разгледзіць магчымасьць далучэньня Беларусі да тых канвэнцыяў Савета Эўропы, якія адкрытыя да падпісаньня краінамі, якія не зьяўляюцца сябамі Савета Эўропы:
Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне хатніх жывёлаў
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія размяшчаюцца на фэрмах
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне пазваночных жывёлаў, якія выкарыстоўваюцца для экспэрымэнтаў альбо ў іншых навуковых мэтах,
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія прызначаныя на забой
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў пры міжнароднай перавозцы.

 

 

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.