Партыя БНФ » Вадзім Саранчукоў: “Кожны беларус можа быць пасьпяховым”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вадзім Саранчукоў: “Кожны беларус можа быць пасьпяховым”

Дададзена 04.12.2018 2:18:53 | 250 праглядаў

Намеснік старшыні БНФ, лідар Гарадзенскай партыйнай арганізацыі рамеснік Вадзім Саранчукоў дае новае жыццё дрэву ў сваіх унікальных вырабах. Пра падрабязнасці рамесніцтва ён распавёў карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя Якубу Сушчынскаму.

РР: Як вы прыйшлі да таго, каб увасобіць сваё зацікаўленне ў дрэве?

– Я вельмі люблю легенду, якую часта паўтараюць, пра кучу грошай, якія мы атрымліваем з заходніх грантаў. Гэта абсалютная легенда, нічога падобнага няма. Усім трэба нечым займацца, нешта есці. Я прадпрымальніцкай дзейнасцю займаюся досыць доўга, яшчэ з 1998 года, калі зарэгістраваўся ІП. Тады ў нас з бацькам была майстэрня, мы рабілі вітражы, пасля быў перыяд калі займаліся шклом рознага кшталту – ад рамонту аўтамабільных шыбаў да нанясення выяваў на шкляны посуд. Дзесьці з год таму паспрабаваў зрабіць нешта з дрэва, пачало атрымлівацца. Спрабую ўдасканальвацца, выйсці на нейкія новыя ўзроўні ды вышыні, калі гэта можна так назваць. Я задаволены тым, што займаюся дрэвам.

Вадзім Саранчукоў 2017

Вадзім Саранчукоў пасьля вызваленьня з адміністратыўнага арышту пасьля акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3 увесну 2017 году

РР: Якая прадукцыя і скіраванасць найбольш вам даспадобы ў вашай працы?

– Так, безумоўна, я пачынаў з нацыянальна-арыентаванай прадукцыі, раблю гэта і зараз. Трэба адзначыць, што ў любой рамесніцкай дзейнасці вырабы прывязаныя да нейкага календара. Праз месяц будуць Каляды, адпаведна гэта нейкая калядная тэматыка – елкі, падсвечнікі. Пазней будзе Дзень святога Валянціна, попытам будуць карыстацца нейкія сардэчкі, пацалункі для закаханых. Пасля будзе лета, будзе нейкая летняя тэматыка. Я люблю экперыментаваць, у мяне няма чагосьці такога, што я раблю рэчы на склад і развожу па крамах. Мне цікава зрабіць штосьці, пасля я прапаную патэнцыйным пакупнікам, перш за ўсё праз інтэрнэт, калі рэччу цікавяцца, то раблю на замову. Пазней ідзе новая серыя. Для мяне важна і цікава кантактаваць з людзьмі, бо ўсе рэчы, якія я раблю, не шаблонныя, а ўнікальныя. Дзесьці адрозніваецца памер, дадаецца надпіс, дадаецца адценне. На самой справе зрабіць з дрэва дзве аднолькавыя рэчы – гэта нерэальна, бо кожны кавалак дрэва ўнікальны сам па сабе. Розная фактура, рознае адценне, розная цеплыня, таму атрымліваюцца ўнікальныя прадметы.

20181203_165040-1024x576

РР: Вы прыгадалі свайго бацьку, гэта значыць, што ў вас у генах дух майстра?

– Дух майстра ёсць у генах кожнага беларуса, у гэтым я абсалютна перакананы. Кожны беларус можа і павінен быць паспяховым. Бацьку і маці я вельмі ўдзячны за тое, што прышчапілі працавітасць яшчэ ў дзяцінстве.

sarancuk-4

РР: Гэтым вы развенчваеце міфы пра тое, што наша апазіцыя жыве за гранты?

– Гэта тое, што навязвае прапаганда. Нібыта акрамя як „піліць” гранты беларускія апазіцыянеры больш нічога не ўмеюць – гэта легенда. Кожны з нас нечым зарабляе, недзе працуе, нешта робіць, вырабляе, як я. Таму я абсалютна спакойна гляджу ў будучыню.

sarancuk-5

РР: Чаго, на вашу думку, трэба пазбавіцца беларусам?

– Трэба пазбавіцца ад залішняга кіраўніцтва. Беларусы, у прынцыпе, індывідуалісты, і калі ад беларуса адчапіцца, не перашкаджаць, то ўсё ў яго будзе добра. Трэба верыць у сябе, у свае сілы, верыць у сваіх блізкіх, не баяцца спрабаваць сябе ў новых справах і ісці наперад да сваёй мэты. Я абсалютна ўпэўнены, што ў нашага народа ўсё атрымаецца.

Цалкам гутарку з Вадзімам Саранчуковым слухайце на сайце Беларускага Радыё Рацыя

sarancuk-3

saramcuk-2

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.