Партыя БНФ » Мінск прыгразіў Крамлю выхадам з Еўразійскага эканамічнага саюзу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Мінск прыгразіў Крамлю выхадам з Еўразійскага эканамічнага саюзу

Дададзена 04.12.2018 2:55:11 | 202 праглядаў

Мінск прыгразіў Крамлю «белэкзітам». Пра магчымасць выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюзу заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі. Што не задавальняе Мінск, і наколькі сур’ёзныя яго пагрозы?

sojuzБеларусь будзе «жорстка» дамагацца кампенсацыі за страты, якія прынясе павышэнне коштаў нафты. «Падатковы манеўр», які ўжо праз месяц пачынае Расія, супярэчыць дамовам аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу – заявіў высокапастаўлены беларускі чыноўнік.

«Усе гэтыя дамоўленасці будуць дэзавуяваныя. Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінныя з гэтым пагаджацца – так быць не мусіць. У адваротным выпадку мы вернемся да пытання мэтазгоднасці знаходжання Беларусі ў такім саюзе», – пракаментаваў намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец.

На працягу шасці гадоў Расія знізіць экспартнае мыта да нуля, але затое падыме кошт нафты на ўнутраным рынку да сусветнага. Гэта зробіць нафтавы гандаль больш празрыстым і дазволіць сабраць больш грошай у расійскі бюджэт. Але для Беларусі, якая таксама купляе нафту за ўнутрырасейскія кошты, падатковы манеўр стане велізарным ударам.

«Глабальныя страты парадку 10 мільярдаў долараў ЗША. З іх тры мільярды – гэта страчаныя прыбыткі бюджэту і шэсць мільярдаў – гэта страты ад пагаршэння эканамічнага стану нафтаперапрацоўчых заводаў», – кажа намеснік міністра фінансаў.

Як сцвярджае Мінск, дарагая нафта пазбавіць прыбытку беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і паставіць беларускіх вытворцаў у няроўныя ўмовы з расійскімі, якім Масква кампенсуе скачок выдаткаў на энерганосьбіты. Беларускія ж прадпрыемствы пазбавяцца энергетычных ільготаў. Сёлета на кожнай тоне расійскай нафты Беларусь зэканоміла 129 долараў. У суме гэта дае больш за 2 мільярды 300 мільёнаў. Праўда, субсідыі ў выглядзе таннага газу і нафты Расія скарачае свайму саюзніку ўжо дзесяць гадоў запар. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары» тлумачыць:

«Беларуская эканамічная мадэль доўгі час грунтавалася на газавых зніжках. У сапраўдным выглядзе яна вельмі моцна залежыць ад зніжак на нафту. І на жаль, за гэтыя гады нічога не зроблена для дыверсіфікацыі структуры эканомікі».

Нават калі падатковы манеўр сапраўды будзе каштаваць Беларусі тры адсоткі ВУП штогод, Мінск не выйдзе з саюзу з Расіяй – лічаць палітолагі.

«Я думаю, што гэта спроба шантажу, спроба аказаць ціск на Маскву, каб яна пайшла на саступкі ў вельмі важным пытанні, – пытанні кампенсацыі за падатковы манеўр», – разважае палітолаг Валер Карбалевіч.

Расія прапанавала сваю схему кампенсацыі. Яна хоча штогод перакладаць грошы наўпрост у беларускі бюджэт. Але гэтая схема зусім не задавальняе ўлады Беларусі. Наўпроставыя датацыі ствараюць Мінску імідж нахлебніка і даюць Маскве магчымасць націснуць на ўлады Беларусі.

«Калі гэта будуць міжбюджэтныя трансферты, якія будуць пералічвацца Расіяй і, хутчэй за ўсё, часткамі, то, тэарэтычна, калі паводзіны Мінску не спадабаюцца Маскве, яна ў любы момант можа гэтыя выплаты паставіць на паўзу», – дадае Вадзім Іосуб.

Беларусь жадае, каб кошты на нафту для яе заставаліся льготныя – гэта значыць ніжэй, чым у Расіі. Такой схемы могуць не зразумець расійскія грамадзяне. Акрамя таго, яна можа ператварыць Беларусь у прыбытковы, але не зусім легальны афшор. Кампраміс будзе знойдзены – упэўненыя эксперты. Але гэты кампраміс, як ужо не раз здаралася, можа даць пачатак новым «сяброўскім» канфліктам.

Паводле тэлеканалу Белсат

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.