Партыя БНФ » Камітэт ААН па правах чалавека асудзіў напад на офіс БНФ у Берасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Камітэт ААН па правах чалавека асудзіў напад на офіс БНФ у Берасьці

Дададзена 06.12.2018 12:06:02 | 207 праглядаў

Камітэт ААН па правах чалавека разглядзеў і прыняў рашэнне па скарзе сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Любові Праневіч, якая была затрыманая падчас нападу міліцыянтаў на берасьцейскі офіс Партыі БНФ.

UN-HRСправа тычылася затрымання журналісткі ў 2007 годзе - паведамляе БАЖ.

19 жніўня 2007 года журналістка Любоў Праневіч прысутнічала на сустрэчы з публіцыстам і палітыкам Паўлам Севярынцам, што адыбвалася ў офісе Партыі БНФ у Берасьці. Аўтарка прыйшла на прэзентацыю кнігі палітыка, каб узяць інтэрв’ю ў Паўла Севярынца і напісаць артыкул для часопіса Беларускай асацыяцыі журналістаў “Абажур”, гаворыцца ў паведамленні Камітэта ААН па правах чалавека.

У памяшканне ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і спынілі сустрэчу, а затым затрымалі 28 чалавек, у тым ліку Любоў Праневіч. Яе даставілі ў аддзел унутраных спраў. Там спадарыня Любоў патлумачыла, што яна журналіст, паказала свой пашпарт і журналісцкае пасведчанне. Далей у дачыненні да яе быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Журналістцы было прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне вызначанага парадку арганізацыі або правядзення мерапрыемства).

Адзначым, што прэзентацыя кнігі Паўла Севярнца праходзіла ў офісе брэсцкай арганізацыі Партыі БНФ. За ўдзел у той жа прэзентацыі былі пакараныя яшчэ два сябры БАЖ — пазаштатная карэспандэнтка газеты «Брестский курьер» Настасся Мялешка, якая атрымала папярэджанне, і Яўген Бяласін, якога аштрафавалі.

У верасні 2007 года адміністрацыйная справа супраць Любові Праневіч была разгледжана Маскоўскім раённым судом Брэста, які прызнаў журналістку вінаватай і вынес папярэджанне. Рашэнне суда Любоў спрабавала абскардзіць у вышэйстаячых беларускіх структурах, але яно было пакінутае ў сіле.

У сваім звароце ў Камітэт ААН пра правах чалавека журналістка адзначала, што яе затрыманне было незаконным. Яна спасылалася на артыкул 39 Закона аб сродках масавай інфармацыі, у адпаведнасці з якім журналіст мае права прысутнічаць і пісаць аб любых падзеях, якія маюць сацыяльнае значэнне, у мэтах выканання сваіх прафесійных абавязкаў.

У сваім рашэнні Камітэт ААН па правах чалавека адзначае, што звярнуўся ў гэтай справе да Беларусі, але нават не атрымаў адказу.

Камітэт у сваім рашэнні адзначае, што “чалавек не павінен быць адвольна затрыманы з-за ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання, у тым ліку свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Адпаведна, ва ўмовах, апісаных вышэй, і пры адсутнасці якога-небудзь далейшага тлумачэння з боку дзяржавы, Камітэт лічыць, што правы аўтара былі парушаныя згодна з артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Разгледзеўшы ўсе прадстаўленыя доказы, Камітэт  ААН па правах чалавека прыйшоў да высновы, што агучаныя факты сведчаць аб парушэнні дзяржаўнымі органамі Беларусі правоў журналісткі.

Нагадаем, што ў 2015 годзе Камітэт ААН па правах чалавека ўжо разглядаў скаргу па факце нападу на офіс БНФ у Берасьці – тады камітэт ААН палічыў парушанымі правы брэсцкага актывіста Юрыя Бакура, які таксама быў затрыманы 19 жніўня 2007 года ў офісе Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ, дзе адбывалася адкрытае пасяджэнне савета гарадской арганізацыі партыі, і адным з пытанняў парадку дня была сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам і прэзентацыя яго кнігі “Лісты з лесу”.

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.