Партыя БНФ » Лідэр Берасьцейскай арганізацыі БНФ Зьміцер Шыманскі – пра неабходнасьць пераіменаваньня вуліцаў гораду
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр Берасьцейскай арганізацыі БНФ Зьміцер Шыманскі – пра неабходнасьць пераіменаваньня вуліцаў гораду

Дададзена 07.12.2018 11:54:39 | 195 праглядаў

Зьміцер Шыманскі, старшыня Рады Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, камэнтуе “Берасьцейскай газэце” мэтазгоднасьць пераіменаваньня вуліцаў Берасьця.

Зьміцер Шыманскі– Найперш трэба вызначыцца, ці будуем мы нацыянальную дзяржаву – са сваімі інтарэсамі, унутранай і знешняй палітыкай, гісторыяй, ці працягваем ўпарта трымацца састарэлых ідэалаў савецкай эпохі і камуністычнай ідэалогіі. Большасць грамадства даўно вырашыла для сябе гэтае пытанне. Таму сённяшняя моладзь проста не разумее, хто такі МОПР і чаму радзільня і дзіцячы шпіталь стаяць на вуліцы, названай у гонар тэрарыста, які забіў 11 бязвінных людзей. Але грамадскасць у Беларусі мае апасрэдаваны ўплыў на прыняцце рашэнняў. Таму зараз мы чакаем, пакуль адказ на гэтае пытанне знойдуць тыя, хто прымае рашэнні – сказаў Зьміцер Шыманскі ў камэнтары выданьню “Брестская газета”.

І калі людзі ва ўладзе зразумеюць, што трэба адраджаць нацыянальную гісторыю, мову, каб не згубіць сваю ідэнтычнасць у сучасным свеце, тады мы зможам прыбраць з аншлагаў на нашых дамах прозвішчы камуністычных правадыроў, якія не маюць нічога агульнага з гісторыяй нашага горада.

Безумоўна, неабходна дасканалае, кваліфікаванае, гісторыка-біяграфічнае даследаванне кожнай персаналіі, кожнай назвы на прадмет таго, ці варта пакідаць яе ў тапаніміі Берасця. Мы павінны стварыць камісію з экспертаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, якая зоймецца гэтай працай. Мы павінны папрасіць берасцейцаў выказаць свае прапановы наконт назваў для нашых вуліц. Праблема яшчэ ў тым, што ў нас жа няма тых вуліц, якім можна вярнуць старадаўнія назвы – усе яны былі знішчаны падчас будаўніцтва Берасцейскай крэпасці. Большасці берасцейскіх вуліц, якія зараз носяць назвы камуністычных часоў, давядзецца даваць новыя імёны. І ў нас з’явяцца вуліцы ў гонар слынных берасцейцаў (ад Льва Сапегі і Мікалая Радзівіла Чорнага да братоў Цвікевічаў і далей да сучасных дзеячоў, А.М. Бляхера, напрыклад), значных гістарычных падзей, звязаных з нашым горадам (Грунвальдскай бітвы, Берасцейскай уніі), гарадоў, з якімі нас звязваюць цесныя культурныя і эканамічныя сувязі (Люблін, Равенсбург і г. д.). Таксама варта было б аддаць даніну павагі гісторыі старажытнага Берасця, знішчанага пасля далучэння да Расейскай імперыі, і надаць некаторым вуліцам імёны вуліц таго горада, якога больш няма.

Ды ўрэшце варта было б вярнуць і самому нашаму гораду гістарычную назву Берасце, якую палякі, а пасля рускія перарабілі ў Brzesc і пазней у Брэст.

Я нарадзіўся і вырас на вул. Маскоўскай, у той яе частцы, якая пасля 1998 года называецца праспектам Машэрава. А раней яе назва мянялася ў адпаведнасці са зменай краін і палітычных рэжымаў, якім прыналежала гэтая тэрыторыя: Шасэйная, праспект імя Імператара Аляксандра II, Ягелонская, Маскоўская, Штрассэ імя 22 чэрвеня, Тэрэспальштрассэ, і зноў Маскоўская.

Крыніца – “Брестская газета”: https://www.b-g.by/society/mneniya-ekspertov-stoit-li-pereimenovyivat-ulicyi-v-breste/

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.