Партыя БНФ » Віцебская арганізацыя БНФ патрабуе ад уладаў спыніць зьнішчэньне гістарычнага цэнтру Віцебску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віцебская арганізацыя БНФ патрабуе ад уладаў спыніць зьнішчэньне гістарычнага цэнтру Віцебску

Дададзена 15.12.2018 11:19:43 | 475 праглядаў

Пытаньне меркаванага будаўніцтва ў Віцебску Палаца шлюбаў набыло палітычную афарбоўку: з палітычным пратэстам супраць падрыхтоўкі да зьнішчэньня гістарычнага цэнтру горада выступіла мясцовая арганізацыя Партыі БНФ.

СмолікаўНа думку старшыні Віцебскай абласной рады Партыі БНФ Кастуся Смолікава, спрэчны палац можа нанесьці шкоду гістарычнаму цэнтру гораду, у сувязі з чым ён накіраваў скаргу старшыню абласнога выканаўчага камітэту Мікалаю Шарстнёву.

Нагодай для скаргі стала грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе гэтага аб’екту, якое праводзілася з 9 лістапада цягам месяца. На сход, які ладзіўся ў межах абмеркаваньня, прыйшло больш за сто дваццаць чалавек. Месьцічы, якія выступілі на сходзе, выказаліся супраць будаўніцтва палаца на тэрыторыі былога Ніжняга Замка. Паводле ж спадара Смолікава, само грамадзкае абмеркаваньне пра ацэнку ўплыву на асяродзьдзе ёсьць незаконным, бо сьпярша трэба абмеркаваць сам праект «Палац урачыстых абрадаў».

Вось як рэгіянальны партыйны лідэр абгрунтаваў у скарзе сваю пазыцыю:

«У “Дэталёвым пляне цэнтральнай часткі Віцебску”,… прынятым у 2015 г., і ў Генэральным пляне г. Віцебску, прынятым у 2015 г., ня быў зафіксаваны аб’ект “Палац урачыстых абрадаў г. Віцебску”… Праекты аб’ектаў, якія былі створаныя пазьней, падлягаюць асобнаму грамадзкаму абмеркаваньню, якога да гэтага часу не было. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, на які спасылаюцца аўтары навабуду, страціў моц у сувязі з прыняцьцем Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры».

Лідэр віцебскіх фронтаўцаў апэлюе таксама да пастановы Савету Міністраў ад 14.05.2007, y адпаведнасьці зь якой гістарычны цэнтар Віцебску занесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны. І зьмяняць яго, зьнішчаць альбо наносіць яму якую-небудзь шкоду забараняецца.

Кастусь Смолікаў патрабуе ад галоўнага вэртыкальшчыка вобласьці да завяршэньня пракурорскай праверкі ў дачыненьні да работнікаў Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Віцебску прыпыніць фінансаваньне якіх-кольвек дзеяньняў з новым будаўніцтвам у цэнтры гораду і не ўключаць такія праекты ў інвэстыцыйную праграму вобласьці на 2019 год. Ён вымагае таксама правесьці шырокае абмеркаваньне з усімі зацікаўленымі бакамі плянаў па аднаўленьні шэрагу аб’ектаў у гістарычных раёнах Віцебску.

Як паказалі грамадзкія слуханьні, месьцічаў вельмі трывожыць узьнятае апазыцыянэрам пытаньне, і яны гатовыя і надалей абараняць культурную спадчыну гораду. Ці зьменіць нешта зварот спадара Смолікава, і ці дадуць улады задні ход? На адказ старшыня Віцебскага аблвыканкаму мае пятнаццаць дзён.

cp85lBhADWY

tV2gRO_f-8c

Уладзімер Бяляўскі, рэгіянальны сайт “Віцебская Вясна

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.