Партыя БНФ » “Калі табе патрэбная вольная Беларусь – сёньня ты патрэбны Беларусі!
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Калі табе патрэбная вольная Беларусь – сёньня ты патрэбны Беларусі!

Дададзена 05.01.2019 11:27:14 | 631 праглядаў

5 студзеня Рада Моладзі БНФ агучыла заяву “Калі табе патрэбная вольная Беларусь — сёньня ты патрэбны Беларусі! Будзь разам з намі!” і абвесьціла запіс у ініцыятыўную групу для дзеяньняў супраць саюзнай дамовы Беларусі і Расеі

Калі табе патрэбная вольная Беларусь — сёньня ты патрэбны Беларусі!
Будзь разам з намі!

Моладзь БНФУжо некалькі тыдняў мы з вамі чуем і чытаем сапраўдную буру як панічных, так і сьвядома правакацыйных выказваньняў у мэдыях ды сацыяльных сетках пра хуткае аб’яднаньне Беларусі і Расеі, “анэксію”,“далучэньне”. Таксама за апошнія месяцы прагучала вельмі шмат выказваньняў з боку расейскіх палітыкаў ды так званых аналітыкаў, дзе гучыць ня толькі непавага да нашай краіны і нашай Незалежнасці, але й прамыя спробы эканамічнага і палітычнага шантажу беларусаў. Гэтыя выказваньні робяцца не ўпершыню, і цяперашняя новая хваля мае асноўнай мэтай -  дэмаралізаваць беларускае грамадзтва, падштурхнуць нас і нашых суайчыньнікаў да думкі, што беларусы нібыта ўжо страцілі сваю Незалежнасць, што нас непазьбежна хутка захопяць і што ніхто ня будзе гэтаму супраціўляцца — ані грамадзтва, якое нібыта моліцца на Пуціна, ані ўлада на чале з Лукашэнкам, які нібыта ўжо прадаў Беларусь. Усе такія сьцьверджаньні вельмі моцна разыходзяцца з сапраўдным станам рэчаў, але Крэмль хоча прымусіць беларусаў думаць менавіта так, бо моц краіны і яе незалежнасьці залежыць у вялікай ступені ад моцы духу яе грамадзянаў. Панікёраў лёгка захапіць. Таму ня трэба слухаць пракрамлёўскіх праплачаных троляў, ня варта апускаць рукі і паўтараць байкі, што хутка мы станем Расеяй. Мы ўсе разам павіны паказаць, што мы не жадаем і ніколі ня будзем Расеяй, што мы самастойная і незалежная дзяржава і толькі мы, тут, на нашай зямлі будзем вырашаць, як нам жыць і што рабіць у сваёй краіне.

Пагрозы для  незалежнасьці ўзмацняюцца, у вялікай ступені, існаваньнем так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Якія пагрозы нясе саюзная дзяржава? Перш за ўсё гэта пагроза фактычнай страты палітычнай Незалежнасці. Калі Саюзная дзяржава станецца рэальнай, вырашаць усе пытаньні жыцьця беларусаў будзем ужо не мы з вамі, а нам будуць дасылаць указаньні і загады з Масквы. Па-другое, беларускія хлопцы будуць служыць пад камандваньнем Масквы, у лепшым выпадку дзесьці ў Сібіры, а ў горшым —  будуць гарматным мясам у Сірыі ці іншых гарачых кропках для адстойвання чужых нам інтарэсаў алігархічных клянаў Крамля. Па-трэцяе, шалёная расейская карупцыя ды беззаконьне накрыюць Беларусь, атруцяць нашыя жыцьці. Расейская паліцыя будзе абараняць тут ня беларусаў, а расейскіх бандзюкоў, алігархаў ды дасланых Масквой чыноўнікаў. Беларускіх бізнэсоўцаў пазбавяць уласнасьці або жыцьця. Нашыя грошы будуць у кішэнях вузкай групы карупцыянэраў — як гэта цяпер адбываецца з дзясяткамі мільёнаў простых расіянаў. Санаторыі, дзяржаўныя праграмы сацыяльнай падтрымкі, шпіталі, лепшыя школы — усё гэта будзе цалкам адабранае ў беларускага народу і аддадзенае панаехаўшым злачынцам.

Што неабходна рабіць у такой сітуацыі? Перш за ўсё адкінуць і рашуча спыняць панікёрства, лямант пра “здраду”, “аншлюс” і г.д. Незалежная Беларусі існуе і яна далёка не такая слабая, як нас пераконваюць праплачаныя крамлёўскія тролі. Па-другае, рабіць усё, каб умацоўваць нашу Незалежнасць, беларускую ідэнтычнасць і нацыянальную сьвядомасьць — і тут для кожнага знойдзецца справа. Можна грашыма падтрымаць любы са шматлікіх культурніцкіх, палітычных ці адукацыйных праектаў, што накіраваныя на падтрымку беларускай мовы, культуры, гісторыі. Можна самому ствараць такія праекты ці далучацца да ўжо існуючых. Нават самае простае, пачаць размаўляць па-беларуску, нават калі спачатку з памылкамі, бо мова – самы надзейны абаронца межаў. Па-трэцяе, быць больш актыўным і адказным. Ніхто не пачне змены за вас, калі не вы самі. Далучайцеся да незалежніцкіх палітычных сіл, якія вам падабаюцца і разам дамагайцеся зьменаў. Калі палітыка гэта яшчэ не для вас, то пачніце зьмены са свайго двара, узначальце ініцыятыўную групу ды вырашайце разам свае лякальныя праблемы. Бо змены пачынаюцца з кожнага з нас, а не “дзесьці там у Мінску”. Бярыце на сябе адказнасьць ды вучыце гэтаму людзей навокал. Будзьма адказнымі грамадзянамі сваёй краіны!

Гэты год-два будуць вырашальнымі ў гісторыі нашай краіны. Калі глядзець на сытуацыю не вачыма ахвяры, чый лёс перадвызначаны “моцнымі гэтага сьвету” (як нас настройвае крамлёўская армія прапагандыстаў), але вачыма адказных грамадзянаў Беларусі — для нас ствараецца ўнікальны гістарычны шанец адарвацца ад расейскага імпералізму і вярнуцца ў сям’ю вольных народаў Эўропы. Таксама гэты год пакажа ці сапраўды беларускія ўлады гатовы адстойваць нашу незалежнасць, падтрымліваць (ці хаця б не перашкаджаць) розным культурніцкім і моладзевым ініцыятывам ці і надалей працягнуць штрафаваць актывістаў за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы, за караблікі каля расейскай амбасады. Расія зьяўляецца нашым суседам і мы не лічым, што там жывуць пераважна ворагі і  імпералісты, мы і надалей лічым, што неабходна захоўваць нашыя эканамічныя, культурніцкія, палітычныя сувязі, але толькі пры ўмове двухбаковай павагі.  Мы будзем вітаць, калі простыя расіяне будуць ціснуць на сваю ўладу, каб яна не займалася агрэсіяй супраць іншых краінаў, а лепш звярнула ўвагу на жыццё сваіх грамадзянаў.

Вельмі важна ў гэты момант ўсім нам, грамадзянам Беларусі, аб’яднацца дзеля нашай Незалежнасці і разам умацоўваць нашую краіну. Незалежна ад нацыянальнасьці, мовы, узросту, веравызвання, палітычнай арэнтацыі, адукацыі разам рабіць усё, каб Беларусь узмацнялася, квітнела, разьвівалася. Грунтам такога аб’яднаньня павіна стаць шчырая адданасьць Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Што будзе рабіць Моладзь БНФ? Што Моладзь БНФ прапануе ўсёй беларускай моладзі? Нам усім неабходна ўмацоўваць нашу Незалежнасць, а адной з галоўных пагрозаў для нашай Незалежнасці з’яўляецца дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Гэтая дамова нам непатрэбная, бо яна для Беларусі невыгодная і небясьпечная. Таму мы лічым, што Беларусь павіна выйсці з гэтай дамовы. Неабходна, каб беларусы масава заявілі пра гэта. Сваёй асноўнай задачай наша арганізацыя бачыць у гэтым годзе зрабіць вялікую інфармацыйную кампанію, з дапамогай якой пакажа, што гэтая дамова не патрэбная беларусам, невыгодная для нас і яе трэба скасаваць. Акрамя інфармацыйнай працы, мы пачнем збор подпісаў за выхад з гэтай дамовы (паспрабуем таксама зарэгістраваць ініцыятыўную групу для рэферэндума па гэтаму пытанню). Разам з тым неабходна ствараць штабы па ўсёй краіне, каб была падтрымка гэтай кампаніі падчас любых падзеяў і мерапрыемстваў. Калі будзе неабходна, гэта значыць, калі інфармацыйная, эканамічная ды палітычная атака Крамля на Беларусь будзе ўзмацняцца, а беларускія ўлады ня будуць прадпрымаць належных рашучых дзеяньняў дзеля нэўтралізацыі пагрозаў — па ўсёй краіне будзем рабіць маршы за Незалежнасць, пікеты, перфомансы, каб паказаць, што беларусы не будуць проста сядзець і чакаць, калі нехта будзе спрабаваць вырашыць лёс краіны насуперак волі беларускага народу.  Калі ты падтрымліваеш нашы думкі наконт гэтай сітуацыі і таксама жадаеш, каб Беларусь выйшла з дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы, то запісвайся ў нашу ініцыятыўную групу(https://goo.gl/forms/PmAcLD4OlP5gyFil2) і мы разам гэтага даможамся.

Няхай жыве незалежная Беларусь! Будзь разам з намі! Разам пераможам!

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.