Жаляпаў: “Віцебск – гэта Беларусь, а не пляцоўка для “саюзаў” з Расеяй”Дададзена 06.01.2019 2:31:22 | 976 праглядаў 5 студзеня ў Віцебску адбылася канфэрэнцыя “Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасць”. Канфэрэнцыя узьняла пытаньні:
Канфэрэнцыю арганізавалі прадстаўнікі гарадзкой дэмакратычнай супольнасьці — запрасілі вядомых сталічных навукоўцаў і мясцовых дасьледчыкаў. Актавая заля абласной бібліятэкі была поўнай: слухачы на канфэрэнцыю прыехалі нават з рэгіёнаў. «Віцебск – гэта Беларусь, а не пляцоўка для стварэньня «саюзаў» з Расеяй» ![]() Каля помніка князю Альгерду Размове пра беларускую ідэнтычнасьць і дзяржаўнасьць папярэднічала ўскладаньне кветак да помніка вялікаму князю Альгерду, які неаднаразова «прыхіляў дзіду сваю да брамы маскоўскае». У часы яго кіраваньня сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту, і гэтую постаць гараджане лічаць увасабленьнем моцы і самабытнасьці горада. Ідэя правесьці канфэрэнцыю, падкрэсьліўшы адметнасьць Віцебску насуперак распаўсюджаным меркаваньням пра тое, што гэта «самы расейскі» з усіх беларускіх гарадоў, зьявілася паўгода таму. Пра гэта распавёў у пачатку імпрэзы яе ініцыятар, сябра Сойму Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў. ![]() Хрыстафор Жаляпаў «У ліпені, падчас „Славянскага базару“, арганізатар „расейскіх маршаў“ Сяргей Бабурын правёў тут зьезд грамадзянскай ініцыятывы „Саюз“ — супольнага ўтварэньня расейскіх і беларускіх прыхільнікаў „адзінай дзяржавы“. Зьезд праходзіў употайкі ад шырокай грамадзкасьці, але на яго былі запрошаны прадстаўнікі праваслаўнай царквы і віцебскіх прарасейскіх колаў. Калі зьвесткі пра ініцыятыву „Саюз“ трапілі ў прэсу, я чарговы раз адчуў крыўду за імідж горада, які „прытуліў“ удзельнікаў антыбеларускага сходу», — сказаў Жаляпаў. «100 год БНР» адзначалі гучней за стагодзьдзе БССР, – Стужынская Падчас канфэрэнцыі выступоўцы неаднаразова згадвалі і выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «Магілёў — больш расейскі, чым беларускі», бо за гэтымі словамі праглядаецца і ўмоўная паралель зь Віцебскам. Абодва гарады знаходзяцца на памежжы з Расеяй, і абодва ледзьве ня сталі яе часткай неўзабаве пасьля абвяшчэньня БССР — дакладней, ССРБ (Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь), якое адбылося ў пачатку студзеня 1919 г. у Смаленску. Ці было гэта праявай свабоднага волевыяўленьня беларускага народу, як пісалі ў савецкіх падручніках, калі стварэньне БССР ініцыявалася «з Крамля»? Якімі былі сапраўдныя мэты расейскіх стваральнікаў «беларускай дзяржаўнасьці», што кіраваліся парадай Уладзіміра Леніна пра стварэньне «буфэрнай рэспублікі» на мяжы с Польшчай? Пра гэта распавяла дасьледчыца Ніна Стужынская, падкрэсьліўшы, што фармулёўка пра «мару беларусаў стацца часткай вялікай сацыялістычнай краіны» выглядае сумнёўным нават для сучасных беларускіх уладаў. ![]() Ніна Стужынская Невыпадкова 100 год БССР гучна не адзначалася на дзяржаўным узроўні, а дазвол на сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР улады ўсё-ткі далі, лічыць дасьледчыца. Аднак у сучасных падручніках па гісторыі Беларусі, перапрацаваных у канцы 1990-х, паўтараецца прасавецкая вэрсія выкладаньня падзеяў, канстатавалі слухачы. Віцебск, Полацак і Ворша — эўрапэйскія гарады, але памяць пра гэта зьнішчылі З паведамленьнямі пра гісторыю гарадоў Віцебшчыны выступілі гісторыкі Сяргей Тарасаў і Ігар Цішкін, краязнаўцы Міхась Баўтовіч і Ігар Казьмярчак. Яны казалі пра адметнасьці, што сьведчаць пра адрознасьць лёсаў Віцебска, Полацка і Воршы ад расейскіх гарадоў. Адметнае архітэктурнае аблічча таго ж Віцебска ў большай частцы страчанае, падкрэсьліў Цішкін. ![]() Ігар Цішкін «Віцебск паўставаў як эўрапэйскі горад. Але віцебскім уладам заманулася паставіць тут помнік княгіні Вользе, якая нібыта заснавала горад, — паставіць насуперак гістарычным фактам. Кіраўнікі гораду ня дбаюць пра аднаўленьне архітэктуры, страчанай ня толькі падчас апошняй вайны, але й зьнішчанай сьвядома ў паваенны час. Затое ў нас ёсьць помнік Пушкіну і «залатой рыбцы». Нібыта ў культурнай палітыцы ўлады ўвасабляюць колішняе выслоўе Хрушчова — «чым хутчэй мы загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм», — кажа гісторык. Пра расейскі інфармацыйны ўплыў, у якім патанае Віцебск, дый іншыя беларускія гарады, разважаў мясцовы журналіст Зьміцер Казакевіч. Зь ягоных назіраньняў, гэта ўплыў перадусім тэлевізійны — як расейскіх тэлеканалаў, так і мясцовых, што ствараюць пераважна расейскамоўны кантэнт. Супрацьпаставіць гэтаму практычна няма чаго: у Віцебску няма ніводнай беларускай клясы, тым болей — школы, зазначыў пачэсны старшыня абласной рады Рады ТБМ Ёсіф Навумчык. ![]() Ёсіф Навумчык Рыхтавацца да нішчымніцы, але пашыраць беларушчыну Паводле палітоляга Андрэя Ляховіча, які разважаў пра пэрспэктывы адносінаў з Расеяй, Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца ахвяраваць незалежнасьцю Беларусі дзеля эканамічнай расейскай падтрымкі. Бо гэта пагражае ягонай асабістай бясьпецы праз страту пазыцыі кіраўніка дзяржавы. Але ў такім выпадку Расея можа пазбавіць Беларусь нафтавых датацый, а гэта пацягне за сабой эканамічны спад і зьбядненьне насельніцтва. ![]() Удзельнікі канфэрэнцыі сьпяваюць гімн «Магутны Божа» Аднак, незалежна ад далейшай хады падзеяў, беларусам варта дбаць пра захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Асабліва тут, у памежных рэгіёнах, дзе ўплыў «рускага сьвету» найбольш адчувальны. Таму ўдзельнікі канфэрэнцыі выклалі тэзы, якія варта ўключыць у рэзалюцыю да накіраваць яе ўладам пасьля канчатковай дапрацоўкі. Сярод патрабаваньняў віцяблянаў — абмежаваньне прапагандысцкіх перадач расейскіх тэлеканалаў, стварэньне беларускамоўных клясаў, забарона дзейнасьці шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў і інтэрнэт-паблікаў прарасейскага накірунку. Але самае істотнае, пагадзіліся ўдзельнікі канфэрэнцыі, — гэта пашырэньне беларушчыны на ўласным прыкладзе: ня быць абыякавымі да праяваў чужога гвалтоўнага ўплыву, паведамляць пра кожны выпадак антыбеларускай агрэсыі ў адпаведныя ворганы і ў СМІ, і самім «лезьці ў скрыню», зважаючы на прапагандысцкі магчымасьці тэлевізіі. Паводле Радыё Свабода |
|
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|