Партыя БНФ » Лідэр БНФ дае ацэнку гістэрыцы ў расейскіх СМІ з нагоды партыйнай заявы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ дае ацэнку гістэрыцы ў расейскіх СМІ з нагоды партыйнай заявы

Дададзена 13.01.2019 10:41:13 | 1,033 праглядаў

З нагоды неадэкватнай і гістэрычнай рэакцыі расейскіх СМІ на заяву Сойму Партыі БНФ ад 12 студзеня з заклікам пашыраць беларускую мову ў Беларусі, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў апублікаваў у сваім Фэйсбуку камэнтар.

Рыгор Кастусёў Гэта мой крайУ ім лідэр партыі заяўляе, што азначаная рэакцыя расейскіх СМІ на заяву партыі ёсьць праявай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца цяпер пры дапамозе расейскіх СМІ і супраць якой менавіта і быў скіраваны партыйны заклік:

“Антыбеларуская прапагандысцкая кампанія ёсьць фактам – і яна выкарыстоўвае ўсе чыньнікі і нагоды на сваю карысьць: і словы Лукашэнкі, і словы БНФ, і якія-кольвек падзеі ў нашай краіне гэтыя Кісялёвы з падзельнікамі будуць тлумачыць на сваю карысьць. Мэта гэтай кампаніі – прымусіць беларусаў падтрымліваць тое, што ёсьць супраць беларускіх інтарэсаў. Таму што ў разуменьні гэтых прапагандыстаў няма аніякай незалежнай Беларусі і няма ніякіх уласных беларускіх інтарэсаў, і ў прынцыпе яны б не хацелі каб незалежная беларуская дзяржава заставалася на мапе сьвету. Гэта рэаліі інфармацыйнай вайны – і зрабіць выгляд што гэтай вайны няма мы не маем права” – заявіў Рыгор Кастусёў.

Прыводзім камэнтар лідэра Партыі БНФ цалкам:

“У сувязі з ўчорашняй заявай Сойму БНФ пра абвяшчэньне года роднай мовы  і хваравітай рэакцыі на яе ў Расеі я атрымаў шэраг камэнтароў і прапановаў – маўляў, навошта дражніць расейскага мядзьведзя, навошта даваць нагоду для антыбеларускай прапаганды, можна ж проста пра мову як культурную спадчыну, лагодненька так. Сапраўды, нашая ўчорашняя заява не засталася незаўважанай расейскімі СМІ – што паказальна, асабліва іх абурыла прапанова спыніць трансляцыю антыбеларускіх тэлепраграмаў (нават іх расейскі Савет фэдэрацыі адрэагаваў, нягледзячы на выходны дзень). З гэтай нагоды мушу даць некалькі дадатковых заўвагаў.

Першае: Заява Партыі БНФ мае палітычны характар. Яна не пра мову – яна пра нацыянальную бясьпеку, пра бясьпеку нашай дзяржавы. І калі нехта думае што можна быць у гэтым пытаньні неяк лагоднейшым – той памыляецца. Антыбеларуская прапагандысцкая кампанія ёсьць фактам – і яна выкарыстоўвае ўсе чыньнікі і нагоды на сваю карысьць: і словы Лукашэнкі, і словы БНФ, і якія-кольвек падзеі ў нашай краіне гэтыя Кісялёвы з падзельнікамі будуць тлумачыць на сваю карысьць. Мэта гэтай кампаніі – прымусіць беларусаў падтрымліваць тое, што ёсць супраць беларускіх інтарэсаў. Таму што ў разуменьні гэтых прапагандыстаў няма аніякай незалежнай Беларусі і няма ніякіх уласных беларускіх інтарэсаў, і ў прынцыпе яны б не хацелі каб незалежная беларуская дзяржава заставалася на мапе свету. Гэта рэаліі інфармацыйнай вайны – і зрабіць выгляд што гэтай вайны няма мы не маем права. Таму што сёньня здаем мову і інфармацыйную прастору – заўтра здадзім фінансавую сыстэму, прамысловыя прадпрыемствы, кантроль за мяжой, а паслязаўтра можам страціць краіну.

Другое: Заява БНФ адрасаваная нам, беларусам, а не расейцам (хоць па некаторыях рэакцыях я бачу што і жыхароў Расеі ўся гэтая кісялёўшчына дастала, і многія працьверазелі ад паслякрымскага прапагандысцкага ўгару). І не трэба казаць што “ў пытаньні нацыянальнае бясьпекі ад мяне нічога не залежыць”. Акурат ад нас, ад кожнага з нас, залежыць – ці будзе Пуціну нагода прыехаць сюды заўтра на танку “защищать русскоязычное население”. Трэба размаўляць па-беларуску, падтрымліваць рублём вытворцаў беларускіх культурных прадуктаў і беларускіх СМІ, ствараць попыт на беларускае і беларушчыну. Не можаце зараз самі перайсьці на беларускую мову – ініцыюйце стварэньне беларускіх групаў у навучальных установах, аддавайце дзяцей у беларускамоўныя садкі. Як мінімум – перапіс: сёлета ў кастрычніку нас усіх запытаюцца пра родную мову, і кожнаму беларусу варта аддаць перавагу беларускай мове. Гэта пытаньне палітычнае, і пытаньне важнае.

Я ўжо меў перамовы з прадстаўнікамі ТБМ (а абвяшчэньне года роднай мовы ініцыванае менавіта прадстаўнікамі ТБМ у складзе Сойму БНФ), з дэпутатам парлямэнту Аленай Анісім па гэтым пытаньні – і магу казаць, што гэтая ініцыятыва будзе мець практычны працяг” – паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.