Партыя БНФ » Вынікі студзеньскага Сойму Партыі БНФ і БНФ “Адраджэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі студзеньскага Сойму Партыі БНФ і БНФ “Адраджэньне”

Дададзена 19.01.2019 11:08:10 | 1,215 праглядаў

12 студзеня ў цэнтральнай Сядзібе партыі адбылося пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”. На першым у новым годзе пасяджэньні Сойм разгледзеў вынікі партыйнай працы за 2018 год, прыняў рэзалюцыі і іншыя рашэньні па правядзеньні фронтаўскіх палітычных кампаніяў, вызначыў фармат правядзеньня акцыі да 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР і прызначыў адказных за падачу заяўкі, а таксама разгледзеў сытуацыю, што склалася вакол запазычанасьцяў па аплаце партыйных офісаў у Менску і рэгіёнах.

сцяг БНФ 3У сваім дакладзе старшыня  Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў ацэнку палітычнай сытуацыі і акрэсліў асноўныя дасягненьні Беларускага Народнага Фронту у 2018 годзе.”Гэта быў надзвычай насычаны год, ён быў вельмі насычаны працай і падзеямі для БНФ. Магу з упэўненасьцю сказаць: у 2018 годзе БНФ вярнуў сабе ролю лідэра ў нацыянальна-дэмакратычным руху, як гэта было ў 90-я гады” – сказаў Рыгор Кастусёў.

У якасьці асноўнай падзеі году старшыня назваў адзначэньне стагодзьдзя БНР, якое было сапраўды агульнанародным чынам. Партыя БНФ адыграла вядучую арганізацыйную і палітычную ролю у адзначэньні слаўнага юбілею, у тым ліку была цэмэнтуючым і кіруючым суб’ектам у межах агульнанацыянальнага арганізацыйнага камітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР, што працаваў ад 2017 года.

DXIkxKeWAAEm-MTМасавая акцыя 25 сакавіка “Сьвята Незалежнасьці“, заяўнікам і арганізатарам якой быў БНФ, апынулася найбольш маштабнай акцыяй беларускіх патрыятычных сілаў за апошнія гады, якая сталася магчымая дзякуючы палітычнай працы БНФ і  праз умацаваньне сувязяў партыі са струкурамі грамадзянскай супольнасьці: “Самой сабой нічога не робіцца – і гэта зрабілі мы з вамі, сябры” – сказаў старшыня Партыі БНФ.

Юбілейныя падзеі рознага маштабу і фармату адбыліся ў 2018 годзе ў сотнях гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама ў дзесятках краінаў сьвету: канцэрты, выставы, мітынгі, навуковыя канфэрэнцыі ды культурніцкія імпрэзы. Для многіх беларусаў сьвята стагодзьдзя БНР спалучыла якасці галоўнай асабістай падзеі і галоўнага нацыянальнага сьвята. Адзначэнне слаўнага юбілею набыло сапраўды ўсенародны характар, які і павінная мець дата стагодзьдзя аднаўленя нацыянальнай дзяржаўнасьці. Гэта сталася вынікам супольных высілкаў сотняў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, грамадзкіх аб’яднаньняў, культурніцкіх суполак, творчых і маладзёвых ініцытываў, а таксама асяродкаў беларусаў замежжа. У Гародні, Берасьці, Лідзе ды іншых гарадах фронтаўскія структуры былі заяўнікамі і арганізатарамі масавых акцыяў – старшыня Партыі БНФ выказаў гэтым суполкам і іх кіраўнікам падзяку.

Рыгор Кастусёў асабліва адзначыў, што праз палітычныя перамовы атрымалася не толькі сфармаваць кааліцыю розных дэмакратычных арганізацыяў для адзначэньня юбілею, але і дамагчыся спрыяльнага стаўленьня ўладаў да адзначэньня стагодзьдзя БНР. Вялікае палітычнае значэньне мелі заявы і выказваньні асобных дзяржаўных службоўцаў пра ролю БНР у гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.  “Тое, што на дзяржаўным узроўні афіцыйна прыняты падыход, што БНР ёсьць ўласны беларускі дзяржаўніцкі праект – гэта ўжо вялікая справа” – сказаў Рыгор Кастусёў. Ён пералічыў выставы, канфэрнцыі ды іншыя іпрэзы, якія адбыліся пры ўдзеле дзяржавы і дзяржаўных арганізацыяў, а таксама адзначыў важнасьць таго, што мясцовыя ўлады ставіліся да юбілейных выставаў альбо нейтральна, альбо дзе-нідзе нават трохі дапамагалі і ішлі насустрач. Гэты падыход да 25 сакавіка варта захаваць, развіваць і браць на ўзбраеньне і надалей.

Лідэр БНФ асабліва адзначыў, што юбілей ССРБ не набыў такога маштабнага адзначэньня – і ў гэтым ёсьць пэўны пазытыў: “Безумоўна, для цяперашняй Беларусі нацыянальны дзяржаўны праект прадстаўляе большую каштоўнасьць, чым бальшавіцкі падыход да дзяржаўнага будаўніцтва, які ёсьць састарэлым, неактуальным і не вартым асабліва шырокага адзначэньня як на дзяржаўным, гэтак і на грамадзкім узроўні” – адзначыў Рыгор Кастусёў.

Разам з тым, на нацыянальным узроўні ўдзел дзяржавы ў адзначэньні юбілею беларускай дзяржаўнасці і БНР быў недастатковы і, з улікам маштабу падзеі і рэальнымі магчымасьцямі ўладаў, мізэрны. Гэта асабліва недаравальна ў параўнанні з тым, з якім размахам і пры якой дзяржаўнай падтрымцы адбываліся ўрачыстасьці ў суседніх краінах, якія таксама адзначалі стагоддзе аднаўлення сваёй незалежнасці – у Польшчы, Летуве, Латвіі). Сярод іншага, асабліва варта вылучыць няздзейсьненыя крокі, якія былі б асабліва дарэчныя ў год стогадовага юбілею абвяшчэньня беларускай дзяржаўнасьці ў форме БНР: насуперак папярэднім дамоўленасьцям, не ўсталяваная ўхваленая мастацкай радай Менгарвыканкама памятная шыльда на будынку, дзе абылося абвяшчэньне ІІІ Устаўной Граматы БНР, не дадзены дазвол на ініцыяванае грамадскасцю ўсталяванне памятных камянёў, не адбылося ўганараваньня памяці пра БНР праз наданьне адпаведных імёнаў вуліцам у Менску і ў іншых гарадох.

Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў выказаў спадзеў, што гэтыя няздзейсьненыя ў год стагодзьдзя БНР крокі можна будзе выканаць ужо ў гэтым годзе пры адзначэньні 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Ён распавёў пра тыя перамовы, якія цяпер вядуцца БНФ наконт ажыцьцяўленьня гэтых крокаў, у тым ліку ў накірунку арганізацыі яшчэ больш маштабнай масавай акцыі на Дзень Волі. Пастановай Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” вырашана арганізаваць дэманстрацыю і мітынг 24 красавіка ў гонар 101-й гадавіны абвяшчэньня ІІІ Устаўной Граматы БНР, вызначаныя адзказныя за падрыхтоўку акцыі і асобы, упаўнаважаныя прадстаўляць БНФ падчас яе арганізацыі.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што акцыі да юбілею БНР адбываліся цягам усяго году па ўсёй Беларусі. Але Фронт арганізоўваў і браў удзел і ў іншых масавых мерапрыемствах. Так, на годным узроўні было арганізаванае адзначэньне 32-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы (БНФ быў праведзены традыцыйны Чарнобыльскі шлях у выглядзе акцыі ў Менску і выправы па адселеных праз рацыяцыю вёсках), гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну, фронтаўцы ладзілі акцыі ў Мілавідах, на Лідчыне, у Сьветлагорску, у Гародні, у Берасьці, іншых мясьцінах.

Асабліва старшыня партыі адзначыў удзел прадстаўнічай дэлегацыі БНФ ва ўрачыстым адкрыцьці помніка Тадэвушу Касьцюшку, удзел у курапацкай варце і Ночы Растраляных Паэтаў, а таксама шэраг акцыяў Моладзі БНФ, сярод якіх вылучаецца збор подпісаў у падрымку беларускамоўнай адукацыі: “Моладзь БНФ цяпер ёсьць самым актыўным аб’яднаньнем дэмакратычнай і патрыятычнай моладзі. Падкрэслю, што гэьтая праца робіцца хлопцамі і дзяўчатамі на энтузіязме, за што ім вялікі дзякуй. Мы бачылі ў гэтым годзе скандальныя відэаролікі пра тое як моладзь прымусова заганаюць у БРСМ, на гэты год БРСМу ізноўку павялічылі фінансаваньне. прыкра, што дзяржава падтрымлівае арганізацыю, якая дзейнічае праз прымус, а не сапраўдных патрыётаў Радзімы” – сказаў Рыгор Кастусёў.

У якасьці прыкладу пазытыўнагй працы на месцах Рыгор Кастусёў прывёў выпадак з аркай у Магілёве: маштабны і дарагі праект павінны быў быць аформлены на расейскай мове. Аднак, праз звароты БНФ, праз перамовы з мясцовымі ўладамі, праз прыцягнееьне увагі парлямэнту атрымалася дамагчыся таго, што манумэнтальны аб’ект у выніку быў аформлены на беларускай мове.

У 2018 годзе адбылася палітычная кампанія ў межах выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў. Прадстаўікі БНФ, не маючы ілюзіяў адносна маніпулятыўнага характару кампаніі, узялі ўдзел у  актыўным назіраньні за галасаваньнем, што дазволіла прадэманстраваць усяму сьвету і беларускаму грамадзтву фэйкавы характар гэтых выбараў.

Старшыня Партыі БНФ падзякаваў усім сябрам Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” за самаадданую працу на карысьць Бацькаўшчыны. Ён зьвярнуў увагу на тое, што вядомасьць і падтрымка партыі ў 2018 годзе павялічылася ў два разы: “На цяперашні моманд для беларусаў ёсьць дзьве палітычныя сілы – гэта Партыя БНФ і каманда Лукашэнкі, астатнія значна адстаюць. Гэта паказваюць вынікі сацыялагічных апытаньняў” – падкрэсліў старшыня.

ВЯДОМАСЬЦЬ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ - КРАСАВІК 2018

Ацэньваючы бягучую палітычную сытуацыю старшыня Партыі БНФ адзначыў, што пагрозы беларускай незалежнасьці гучаць цяпер з Крамля ўжо ў адкрытую, пры гэтым Масква спасылаецца на дамовы пра саюзную дзяржаву, пра АДКБ, якія былі заключаныя Лукашэнкам. У гэтых умовах Партыя БНФ павінная цьвёрда стаяць на пазыцыях абароны незалежнасьці і абароны інтарэсаў беларускага народа ад любых пагрозаў і замахаў – як зьнешніх, так і ўнутраных.

Прадстаўнікі суполак і фронтаўскіх арганізацыяў з рэгіёнаў выступілі з паведамленьнямі пра вынікі працы сваіх структураў у 2018 годзе: прамаўлялі Станіслаў Суднік, Сяргей Пантус, Васіль Раманаў. Найстарэйшы сябра Сойму мастак Аляксей Марачкін адзначыў, што для БНФ ёсьць падставы пазытыўна ацэньваць мінулы год, вельмі важна, што ёсьць зьмены ў грамадзтве на карысьць нацыянальных каштоўнасьцяў. “Тым не меньш, мы маем яшчэ і сытуацыю у Курапатах, дзе ўлады складаюць дзесяткі пратаколаў на абаронцаў нацыянальнага нэкропалю ад зьнявагі і апаганьваньня, мы маем сытуацыю вакол камянёў і шыльды БНР, якія не ўсталяваныя насуперак ранейшым абяцанкам уладаў” – сказаў Аляксей Марачкін.

Намесьнік старшыні БНФ Аляксандр Стральцоў адзначыў, што ўлада не маналітная і вельмі розная, і што можна працаваць па рознаму у розных мясьцінах: дзе-нідзе мясцовыя начальнікі прыязна ставяцца да нацыянальных каштоўнасьцяў, дзесьці яны нейтральныя, а ў асобных раёнах начальнікі чакаюць на аншлюс. “Трэба тэставаць сытуацыю, рабіць звароты, пашыраць прастору магчымага для рэалізацыі нашых прынцыпаў і ўвасабленьня ў жыцьцё нашых праграмных палажэньняў” – сказаў намесьнік старшыні.

Са згоды Сойму ў абмеркаваньні ўзялі ўдзел не сябры кіруючага органа партыі Ільля Дабратвор і Мячыслаў Бурак: сп. Мячыслаў заклікаў у 2019 годзе годна адзначыць юбілей першага з’езду БНФ, які прайшоў у 1989 годзе ў Вільні, а таксама зьвярнуў увагу што сёлета ў красавіку спаўняецца 75 гадоў першаму старшыні БНФ Зянону Пазьняку.

Сябра Сойму Вітольд Ашурак зьвярнуў увагу, што насьпеў час выразна і голасна выказаць пазыцыю БНФ наконт пагрозаў незалежнасьці краіны, якой у апошнія тыдні быў кінуты выклік з Усходу. “Наступныя 2 гады нам трэба будзе жыць ва ўмовах нечуванага ціску на краіну. Як партыя, якая кіруецца беларускімі дзяржаўнымі інтарэсамі, мы павінныя адстойваць незалежнасьць” – сказаў Вітольд Ашурак. Ён таксама выказаў задавальненьне лічбамі сацыялагічных апытаньняў, якія сьведчаць пра прыхільнасьць беларусаў да незалежніцкіх настрояў: “Тое што 24% насельніцтва гатовыя бараніць незалежнасьць са зброяй у руках – гэта вельмі добра. Але цяпер вайна ўжо ідзе – яна ідзе у інфармацыйным полі. Выдатна, што БНФ не падтрымліва паражэнскія настроі напрыканцы года – мы не “усёпрапальшчыкі”, якія пачалі скакаць пад новы год з крыкамі што Беларусь зьнікне і зараньнё здаліся Маскве. Але ммы мусім заявіць сваю пазыцыю што да цяперашніх пагрозаў” – сказаў Вітольд Ашурак.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што цяпер Беларусі трэба глядзець і вучыцца на досьведзе Украіны: “Калі я пасьля 2010 года, у 2012 годзе таксама, размаўляў з Раманам Бяссмертным ды іншымі ўкраінскімі палітыкамі і казаў ім пра тое што Расея рыхтуе захоп Крыму гэатксама як яна захапіла частку грузінскай тэрыторыі – яны ставіліся да маіх папярэджанняў несур’ёзна і з вялікім сумневам. Нам трэба засвоіць гэту ўрок і да тых інфармацыйных атакаў, якія ідуць цяпер праз расейскія СМІ (як праз тэлеканалы, так і праз інтэрнэт) – ставіцца наздзвычай сур’ёзна. Гэтыя пагрозы неабходна ўлічваць і ўладам, і ўсяму грамадзтву” – сказаў Рыгор Кастусёў.

У абмеркаваньні рэакцыі на пагрозу беларускай незалежнасьці ўзялі ўдзел сябры Сойму Станіслаў Суднік, Сяргей Трафімчык, Кастусь Смолікаў, Васіль Раманаў, Вадзім Болбас, Аляксей Марачкін, Андрэй Саротнік, Юрый Чавусаў, Вадзім Саранчукоў ды іншыя.

На прапанову намесьніка старшыні БНФ Зьміцера Салошкіна Сойм прыняў заяву Беларуская мова – найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы, у якой, прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных атак супраць Беларусі і беларусаў, Сойм БНФ абвесьціў 2019 год годам беларускай мовы і заклікаў да канкрэтных крокаў па ўмовацавньні беларускай мовы як найважнейшага фактару нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы. БНФ заклікаў усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва, які прызначаны на кастрычнік 2019 года, пазначаць беларускую мову ў якасьці роднай мовы і мовы штодзённага ўжытку дома, а таксама нагадаў дзяржаўным органам, што ад 1 студзеня 2019 года ўсе інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і арганізацыяў павінныя мець беларускамоўныя вэрсіі і абвяшчаем пра намер пільна адсочваць выкананьне гэтай нормы заканадаўства праз маніторыг дзяржаўных сайтаў з рэагаваньнем на парушэньні шляхам адпаведных зваротаў да ўладальнікаў сайтаў і, пры сыстэмных парушэньнях, шляхам скаргаў у міністэрства інфармацыі.

Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што на 2019 год прыпадае шэраг юбілейных і памятных датаў, якія заслугоўваюць увагі БНФ і павінныя быць скарысаныя для грамадзкіх дзяеньняў: гэта не толькі чарговая гадавіна БНР, угодкі чарнобыльскай аварыі і гадавіна Слуцкага збройнага чыну, але і 30-годзьдзе першага зьезду БНФ, 70 годзьдзе НАТА, а асабліва – 25-годзьдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На прапанову старшыні Сойм прыняў рэзалюцыю 25 гадоў Канстытуцыі мусіць стаць нагодай для дэманстрацыі непарушнасьці дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, у якой заклікаў дзяржаву да адзначэньня юбілейнай даты, якая мусіць стаць нагодай для пацьвярджэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту сучаснай беларускай дзяржавы. Управе даручана ажыцьцявіць захады па давядзеньні гэтай рэзалюцыі да органаў улады, а таксама распрацаваць праграму мерапрыемстваў з нагоды іншых памятных датаў 2019 года.

Сойму было прадстаўленае паведамленьне пра арганізацыйную падрыхтоўку партыі да парлямэнцкіх выбараў і кампаніі назіраньня.

Сойм заслухаў інфармацыю сябры Сойму Алеся Жучкова пра сэрыю сэмінараў па гэндэрным пытаньні, што была наладжаная ў розных гарадах Беларусі сіламі структур БНФ і пры ўдзеле іншых дэмакратычных арганізацыяў.

Намесьнік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў нагадаў, што сумнавядомы дэкрэт №3, што ўводзіў збор, празваны ў народзе “падаткам з дармаедаў”, быў пераназваны ў дэкрэт №1 “Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва” і усупіў у сілу, улады цяпер фармуюць базы дадзеных людзей, якія будуць дыскрымінаваныя ў праве карыстацца сацыяльнымі паслугамі і паслугамі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Раней, у красавіку 2018 года, Сойм Партыі БНФ ужо даваў ацэнку дэкрэту №1, заявіўшы, што за валюнтарысцкі зьмест Дэкрэту №1 пэрсанальную адказнасьць нясе асабіста Аляксандр Лукашэнка, на ім жа палягае адказнасьць за наступствы гэтага акту ў той жа ступені, як і за наступствы яго ранейшага Дэкрэту №3. Але, як заявіў Вадзім Саранчукоў, на дадзены момант ёсьць неабходнасьць у актыўных грамадзкіх дзеяньнях па процідзеяньню гэтаму дыскрымінацыйнаму дэкрэту.

Як паведаміў старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, на 26 студзеня прызначна чарговая канфэрэнцыя нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга Партнэрства. Раней ад 2012 года паўнамоцтвы прадстаўляць Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” у працы структураў Форуму былі дадзеныя намесьніку старшыні Ігару Лялькову, якія цяпер не з’яўляецца намесьнікам. Па выніках абмеркаваньня кандыдатураў магчымага новага прадстаўніка з ліку намесьнікаў было вырашана даручыць прадстаўляць Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” на канфэрэнцыі 26 студзеня і ва ўсіх структурах нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга Партнэрства намесьніку старшыні БНФ Зьміцеру Салошкіну.

Сойм заслухаў інфармацыю аб становічшы з аплатай партыйных сядзібаў ў Менску, Гародні і Магілёве. Як паведаміў старшыня партыі, на чатыры з шасці структураў БНФ, якія месцяцца ў цэнтральнай сядзібе, пададзеныя іскі аб высяленьні за запазычанасьці па аплаце. Кампанія краўдфандынгу, абвешчаная Управай, дала пэўны плён: на дадзены момант атрымалася сабраць агулам 23 150 рублёў для аплаты запазычанасьцяў па офісах, пры тым што на лістапад БНФ быў вінны 29 тысяч. Але дадаюцца яшчэ і арэндныя плацяжы і камунальныя плацяжы бягучыя за лістапад, сьнежань і студзень. Агулам на цяперашні час цэнтральная сядзіба БНФ вінная яшчэ 12 тысяч рублёў, і пагроза высяленьня арганізацыі з цяперашняга офіса ёсьць рэальнай.

Сядзіба БНФ на Чарнышэўскага, 3 - 2012 годСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклкаў сябраў сойму актыўна працаваць у накірунку збору ахвяраваньняў, якія ёсьць жыцьцёва неабходныя каб захаваць у Менску адзінае месца, дзе лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Рыгор Кастусёў таксама паведаміў, што партыя зьвярнулася да ўраду з запытам аб прадастаўленьні паніжальнага каэфіцыента 0,1 на аплату памяшканьня Сядзібы, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці (такі каэфіцыент цяпер маюць іншыя партыі і некаторыя грамадзкія аб’яднаньні).

Сойм заслухаў інфармацыю аб падрыхтоўцы штогадовых справаздачаў у органы юстыцыі аб дзейнасьці арганізацыі. Паводле паведамленьня Управы, справаздаы па Партыі БНФ і па Грамадзкім аб’яднаньні БНФ “Адраджэньне” ужо накіраваныя ў міністэрства юстыцыі,у  бліжэйшы час будуць пададзеныя справаздачы мінскай гарадзкой і мінскай абласной арганізацыяў. Падача гэтых справаздачаў адразу пасьля новага года, не чакаючы скрайняга тэрміну 1 сакавіка выкліканая наступным судамі і пагрозай часовай страты юрыдычнага адраса. Іншыя абласныя структуры абавязаныя падаць справаздачы аб сваёй дзейнасьці (і аб дзейнасьці ніжэйстаячых структураў) ў абласныя ўпраўленьні юстыцыі не пазьней за 1 сакавіка.

У “Розным” Сойм заслухаў інфармацыю пра канфэрэнцыю “Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасць”, што была арганізаваная 5 студзеня ў Віцебску сябрам Сойму Партыі БНФ Хрыстафорам Жаляпавым. Сябра Сойму Вадзім Болбас распавёў, што адначасова з Соймам у Менску адбываецца канфэрэнцыя экалагічных ініцыятываў з розных гарадоў, што абараняюць права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе – у ёй бяруць удзел актывісты і актывісткі БНФ, якія прадстаўляюць сьветлагорскую ініцыятыву супраць пабудовы кітайцамі ў горадзе заводу па вытворчасьці беленай цэлюлозы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.