Партыя БНФ » Партыя БНФ бярэ ўдзел у сустрэчы Рабочай групы па Беларусі ў Эўранэст
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ бярэ ўдзел у сустрэчы Рабочай групы па Беларусі ў Эўранэст

Дададзена 29.01.2019 9:13:36 | 481 праглядаў

У гэтыя дні намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі знаходзіцца ў Брусэлі. Асноўная мэта візыту – удзел 29 студзеня ў чарговым пасяджэньні Рабочай групы па Беларусі парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга Партнэрства (Эўранэст).

Згодна з праграмай 14-й сустрэчы Рабочай групы Эўранэст па Беларусі, пасяджэньне пачнецца сёньня а 14-й гадзіне па менскім часе і будзе ўключаць у сабе паведамленьні эўрапарлямэнтароў пра вынікі нядаўніх візытаў у Беларусь, а таксама абмен думкамі з прадстаўнікамі беларускіх партыяў і рухаў пра бягучую палітычную сытуацыю.

Напярэдадні Аляксей Янукевіч распавёў прэс-службе Партыі БНФ пра зьмест сваяго візыту ў Брусэль:

Янукевіч 21032016- Удзел у сустрэчы працоўнай групы Эўранэсту па Беларусі – каштоўная магчымасьць наўпрост весьці камунікацыю не толькі з эўрапэйскімі парлямэнтарамі, але  і з прадстаўнікамі парлямэнцкай улады краін-партнэраў (Украіны, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджана, Малдовы). Безумоўна, на сёньня і палітыкаў ЕС, і палітыкаў Беларусі, і палітыкаў іншых краін што ўваходзяць у праграму Усходняга Партнэрства непакоіць агрэсіўная палітыка Расейскай Фэдэрацыі. Нажаль, мы назіраем эскалацыю гэтай агрэсііі – гэта і падзеі ў Азоўскім моры, і непрыхаваны ціск на Беларусь – менавіта пра гэта я пляную казаць сябрам рабочай групы. Партыяй БНФ сфармуляваны выразны адказ на той выклік, які паўстае у выніку інфармацыйных атак супраць Беларусі з боку: адзіным адэкватным адказам мусіць быць беларусізацыя Беларусі, якая азначае больш беларускай мовы, больш беларускай культуры, больш эўрапэйскіх магчымасьцяў для грамадзян Беларусі і больш сувязяў і кантактаў паміж беларускім народам і Эўропай.

Буду казаць пра сканчэньне тэрміну арэнды вайсковых аб’ектаў Расеі ў Беларусі і пра неабходнасьць іх выдаленьня, для чаго зараз вельмі зручны час праз заканчэньне дамовы арэнды тых аб’ектаў. Гэта будзе магчыма, калі Эўропа будзе разглядаць Беларусь як элемент агульнаэўрапэйскай сыстэмы бясьпекі, а не як частку расейскай сыстэмы.

Безумоўна, гэта доўгатэррміновая задача – але доўгі шлях пачынаецца з першага кроку, і на шляху інтэграцыі Беларусі ў эўрапэйскую (а пазьней і ў трансатлянтычную) сыстэму бясьпекі першы крок можа быць зроблены ў галіне інфармацыйнай бясьпекі.

Я буду прапаноўваць рабочай групе (а таксама і ў фармаце іншых сустрэчаў, якія заплянаваныя у нас у Брусэлі) канкрэтныя захады па інтэграцыі Беларусі ў эўрапэйскую медыйную прастору. Для гэтага ёсьць шырокія магчымасьці як у межах інструмэнтаў Эўразьвязу, так і ў Рады Эўропы, і ў асобных краін. Барацьба з фэйкавымі навінамі, інфармацыйнымі правакацыямі – гэта той выклік, які цяпер у роўнай ступені стаіць перад усімі краінамі, у дачыненьні якіх Расейская Фэдэрацыя пачынае ўжываць палітыку інфармацынйага шантажу. Беларусь мусіць быць часткай супольнага адказу на гэты выклік.

Я ўпэўнены, што такая пазыцыя БНФ знойдзе падтрымку калі не ўсіх, то пераважнай большасьці беларускай дэмакратычнай дэлегацыі.

Безумоўна, гэтая сустрэча Рабочай групы будзе нешараговая і ў кантэксце набліжэньня Беларусі да вялікага палітычнага сэзону двух выбарчых кампаніяў. Фактам ёсьць тое, што ўлады адмовіліся ад дэмакратызацыі выбарчага працэсу, не ўнесьлі зьменаў у Выбарчы кодэкс. Нажаль, ужо цяпер мы можам канстатаваць што ў прававым рэжыме выбараў нічога не зьмянілася – і нашая супольная задача, задача ўсіх дэмакратычных партыяў, даць адэкватную ацэнку гэтаму факту. Я спадзяюся, што супольная праца па назіраньні за выбарамі, якую вядуць розныя дэмакратычныя партыі і рухі, будзе захаваная незалежна ад зьменаў у архітэктуры кааліцыяў і палітычных хаўрусаў. Вельмі важна не згубіць гэтую каштоўнасьць – агульную ацэнку ўмоваў вядзеньня выбарчага працэсу на грунце супольнага назіраньня за галасаваньнем.

Асаблівую увагу я хачу надаць тэме ўціску на прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці – лічу гэтую праблему вельмі важнай, і менавіта ў ёй роля эўрапэйскіх паліыткаў можа быць ці не вырашальнай. Нажаль, у часе палітычных кампаніяў і выбараў рэпрэсіі ўзрастаюць: уціск па месца працы ці вучобы, палітычна-матываваныя звальненьні, адлічэньні з вучобы – гэта вельмі сур’ёзны сродак задушэньня іншадумства ў арсенале ўладаў Беларусі. Спадзяюся, што мае словы будуць пачутыя таксма і спадарыняй Анаіс Марын, новым спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі, якая будзе браць удзел у пасяджэньні Рабочай групы праз відэасувязь. Запрашэньне яе да выступу перад Рабочай групай сьведчыць пра тое, што тэматыка грамадзянскіх правоў і свабодаў у Беларусі застаецца ў прыярытэце Эўрапэйскага Зьвязу.

51405237_10213107056607115_41904681647079424_n

Парлямэнцкая асамблея Эўранэст ёсьць парлямэнцкім вымярэньнем праграмы Ўсходняга партнэрства. Гэты орган складаецца з сябраў Эўрапарлямэнту і парлямэнтарыяў Украіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджана і Грузіі. Пасьля выбараў у Беларусі ў 2010 годзе, якія былі абвешчаныя неадпаведнымі крытэрам АБСЕ, сяброўства Беларусі ў Эўранэсьце было аўтаматычна прыпыненае. У межах Эўранэсту дзейнічае Рабочая група па Беларусі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.