Партыя БНФ » Аргкамітэт па адзначэнні стагоддзя БНР падсумаваў вынікі сваёй працы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аргкамітэт па адзначэнні стагоддзя БНР падсумаваў вынікі сваёй працы

Дададзена 31.01.2019 4:14:37 | 480 праглядаў

31 студзеня ў сядзібе БНФ адбылося пасяджэнне нацыянальнага грамадскага аргкамітэту па адзначэньні стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, на якім былі падсумаваныя вынікі амаль двухгадовай працы арганізацыйнага камітэту.

Нацыянальны грамадскі аргкамітэт зацвердзіў выніковую заяву, якая будзе накіраваная кіраўніку ўраду сп. Сяргею Румасу, кіраўніцы адміністрацыі прэзідэнта сп-ні Наталлі Качанавай, старшыні Мінгарвыканкама сп. Aнатолю Сіваку.

Пад заявай стаяць подпісы ганаровага старшыні юбілейнага аргкамітэту Радзіма Гарэцкага, а таксама сямі сябраў аргкамітэту. Ад імя Партыі БНФ супольную выніковую заяву падпісаў старшыня партыі сп. Рыгор Кастусёў.

 

Лагатып БНР100БЕЛАРУСКІ НАРОД  ГОДНА  АДЗНАЧЫЎ СТАГОДДЗЕ БНР

Заява Грамадскага Нацыянальнага Аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя  БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

 

Грамадскі Нацыянальны Аргкамітэт, падсумоўваючы вынікі больш чым паўтарагадовай працы па адзначэнні 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі і аднаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, дае наступную ацэнку па выніках адзначэння вялікага юбілею:

Беларускі народ годна і з належным размахам адзначыў стагоддзе БНР, прадэмастраваўшы непарушнасць беларускай дзяржаўнай традыцыі, якая была абвешчаная свету сто гадоў таму пры заснаванні БНР, і якую цяпер, праз сто гадоў, нікому не дазволена ставіць пад сумнеў.

Юбілейныя падзеі рознага маштабу і фармату адбыліся ад 2017г. да канца 2018 года ў сотнях гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама ў дзясятках краін свету: канцэрты, выставы, мітынгі, навуковыя канфэрэнцыі ды культурніцкія імпрэзы. Для многіх беларусаў свята стагоддзя БНР стала найвялікшай гістарычнай і культурнай падзеяй года і  спалучыла якасці галоўнай асабістай падзеі і галоўнага нацыянальнага свята. Апагеем урачыстасцяў стаў дзень 25 сакавіка 2018 года, калі з нагоды 100-годдзя абвяшчэння ІІІ Устаўной Граматы БНР адбыліся маштабныя імпрэзы і святкаванні, у тым ліку Свята Незалежнасці ў Менску.

Адзначэнне слаўнага юбілею набыло сапраўды ўсенародны характар, які і павінная мець дата стагоддзя аднаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта сталася вынікам агульных  высілкаў сотняў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, грамадскіх аб’яднанняў, культурніцкіх суполак, творчых і маладзёвых ініцыятываў, а таксама асяродкаў беларусаў замежжа. Аргкамітэт усцешаны размахам гэтага грамадскага чыну і выказвае падзяку ўсім патрыётам, хто спрычыніўся да адзначэнння слаўнага юбілею: арганізоўваў імпрэзы, ахвяраваў грошы ці іншую матэрыяльную падтрымку для іх правядзення, укладаў уласную працу і высілкі на валанцёрскіх пачатках, дапамагаў у інфармацыйным асвятленні падзеяў.

Заслугоўвае высокай адзнакі ўдзел асобных  дзяржаўных арганізацыяў (музеяў, бібліятэкаў ды інш.) у адзначэнні святочнай даты альбо ў стварэнні спрыяльных умоваў для яе адзначэння грамадскімі ініцыятывамі: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальны гістарычны музей, іншыя музейныя ўстановы і ўстановы культуры не пакінулі ў баку слаўны юбілей, што ёсць выдатным крокам наперад у параўнанні з ранейшай палітыкай ігнаравання і замоўчвання слаўнай даты.  Менскім гарвыканкамам прынятае рашэнне назваць адну з вуліцаў сталіцы імем міністра сельскай гаспадаркі БНР Аркадзя Смоліча, расстралянага бальшавікамі ў 1938 годзе. Сталічныя ўлады аказвалі садзеянне ў арганізацыі Свята Незалежнасці 25 сакавіка 2018 года ля  Вялікага тэатру оперы і балета ў Менску. Вялікае палітычнае значэнне мелі заявы і выказванні асобных дзяржаўных службоўцаў пра ролю БНР у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. У сталіцы прайшлі навуковыя канферэнцыі і круглыя сталы, зладжаныя Інстытутам гісторыі  Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, універсітэтамі і іншымі  дзяржаўнымі ўстановамі краіны, Грамадскім  Нацыянальным  Аргкамітэтам па святкаванні  100-годдзя БНР. Нацыянальны гістарычны музей  арганізаваў і правёў на высокім узроўні  выдатную выставу, прысвечаную БНР. Беларускі саюз мастакоў зладзіў вялізную мастацкую выставу ў Палацы мастацтва ў гонар 100-годдзя БНР. Мінгарвыканкамам быў выраблены і аператыўна ўсталяваны мемарыяльны знак ў парку імя Янкі Купалы у гонар выдатных дзеячаў беларускага Адраджэння  пачатку ХХ ст. братоў Антона і Івана Луцкевічаў на тым месцы, дзе стаяў іхны дом. Навукоўцы і публіцысты  да юбілею БНР падрыхтавалі і апублікавалі  ў СМІ шэраг матэрыялаў  пра БНР і выдалі  друкам шмат кніг, брашураў, буклетаў, календароў, плакатаў. А мастакі, дызайнеры і індывідуальныя прадпрымальнікі вырабілі памятныя значкі, талеркі, кубкі, кашулі пад знакам 100-годдзя БНР ў Менску і Берасці, у Гародні і Лідзе, у  Магілёве і Гомлі.

Некаторыя крокі ўладаў у справе адзначэння стагадовага Юбілею БНР Аргкамітэт вітае і ацэньвае станоўча як рух у слушным накірунку захавання дзяржаўнасці  і  незалежнасці нашай супольнай Айчыны Беларусі.

Разам з тым, на нацыянальным узроўні ўдзел дзяржавы ў адзначэнні юбілею беларускай дзяржаўнасці быў недастатковы. Гэта асабліва недаравальна ў параўнанні з тым, з якім размахам і пры якой дзяржаўнай падтрымцы адбываліся ўрачыстасці ў суседніх краінах, якія таксама адзначалі стагоддзе аднаўлення сваёй незалежнасці – у Польшчы, Украіне, Летуве, Латвіі, Фінляндыі.   Улады Беларусі не скарысталіся магчымасцю засведчыць пераемнасць цяперашняй незалежнай Беларусі з пачаткам, сто гадоў таму, Адраджэння  беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Нажаль, фармат і памер асвятлення слаўнага юбілею у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі быў неадпаведны маштабу падзеі. Такое стаўленне стварае пагрозу ўстойлівасці цяперашняй беларускай дзяржавы, грае на руку тым, хто ставіць пад сумнеў права беларусаў жыць ва ўласным доме і самім вызначаць свой лёс.

Сярод іншага, асабліва варта вылучыць няздзейсненыя крокі, якія былі б асабліва дарэчныя ў год стогадовага юбілею абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР: насуперак папярэднім дамоўленасцям, не ўсталяваная ўхваленая мастацкай радай Менгарвыканкама памятная шыльда на будынку, дзе абылося прыняцце ІІІ Устаўной Граматы БНР аб незалежнасці, не дадзены дазвол на ініцыяванае грамадскасцю ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на будынку Беларускага Акадэмічнага  тэатра імя  Янкі Купалы, памятных камянёў каля Купалаўскага тэатра (дзе  ў сьнежні 1917 году адбыўся Першы Ўсебеларускі Зьезд) і ў іншых знакавых для гісторыі беларускай дзяржаўнасці мясцінах Беларусі, не адбылося ўганаравання памяці пра БНР і яе дзеячоў праз наданне адпаведных імёнаў вуліцам у Менску і ў іншых гарадах.  Стогадовы юбілей беларускай дзяржаўнасці застаўся практычна па-за ўвагай беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у замежжы (у той час як амбасады ў Менску ладзілі маштабныя імпрэзы і прыёмы з нагоды абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці сваіх краінаў).

Наадварот, этап развіцця Савецкай Беларусі адзначаецца паўсюдна і празмерна, без увагі на сапраўдную беларускую гісторыю: цяпер у Мінску і паўсюль на Беларусі застаюцца ўсталяваныя бальшавіцкія помнікі, мемарыяльныя дошкі тым, хто ў лепшым выпадку не мае ніякага дачынення да гісторыі Беларусі, а ў горшым — ствараў на нашай зямлі многія дзясяткі  Курапатаў і цягам доўгіх гадоў ад 1917 да 1953 знішчаў наш народ. Працягваецца фальсіфікацыя гісторыі Беларусі — ні Кнорын, ні Мяснікян, ні Фрунзе ды іншыя прышэльцы  не маюць  дачынення да сапраўднай беларускай дзяржаўнасці! Маскоўскія бальшавікі нават  ССРБ і БССР ператваралі  то ў ЛітБел, то крамсалі і абскубалі  яе як хацелі, то аддавалі частку Беларусі палякам, то заграбалі сабе ў Масковію… Ці не ганьба для нас, беларусаў, што адна з  вуліц  у цэнтры Менска дасюль носіць імя бальшавіцкага тэрарыста і фальсіфікатара Валадарскага?!

Ленінскі бальшавіцкі ўрад нашыя ўсходнія беларускія землі  БНР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў забраў быў  зноў у Расію. І толькі часткова яны былі вернуты Беларусі ў 1924 і 1926 гадах, але беларускія Браншчына і Смаленшчына  засталіся ў складзе Расійскай Федэрацыі, пры тым, што ў Смаленску  была 100 гадоў таму назад абвешчана ССРБ, пра што сведчыць там усталяваная мемарыяльная дошка.

Ганебная  “спадчына”  маскоўскага бальшавізму ў Беларусі  патрабуе выпраўлення.

Аргкамітэт заклікае дзяржаўныя органы і арганізацыі напярэдадні адзначэння 101-й гадавіны прыняцця ІІІ Устаўной Граматы БНР і абвяшчэння яе незалежнай дзяржавай,  выканаць раней запланаваныя крокі па ўшанаванні памяці пра Беларускую Народную Рэспуліку і яе дзеячоў, у тым ліку ў помніках, памятных шыльдах і ва ўрбаніміі Менска ды іншых гарадоў.

Аргкамітэт таксама заклікае скарыстаць пазітыўны досвед узаемадзеяння грамадскай ініцыятыўнай групы па адзначэнні даты 25 сакавіка з мясцовымі ўладамі пры арганізацыі святочных масавых мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Вызначэнне зручнага і адпаведнага значэнню падзеі фармату і месца правядзення масавых мерапрыемстваў павінна адбывацца шляхам дыялогу на прынцыпах узаемнай павагі бакоў, плюралізму, гарантыяў, правоў і свабодаў грамадзянаў.

Аргкамітэт асуджае рэпрэсіўную актыўнасць уладаў у дзень 25 сакавіка 2018 г., калі  былі забароненыя шэраг грамадскіх масавых мерапрыемстваў. Асабліва абуральнымі зьяўляюцца беспадстаўныя арышты дзясяткаў чалавек напярэдадні і ў сам дзень 25 сакавіка ў Менску. Дзень заснавання беларускай дзяржаўнасці не павінны атаесамляцца з гвалтам, рэпрэсіямі і рознагалоссямі. Аргкамітэт заклікае ўлады напярэдадні і ў дзень  адзначэння 101-й гадавіны абвяшчэння ІІІ Устаўной Граматы БНР адмовіцца ад практыкі адмоваў у правядзенні масавых мерапрыемстваў і арыштаў людзей, якія святкуюць слаўны дзень 25 сакавіка.

Аргкамітэт распачаў падрыхтоўку да адзначэння 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР і заклікае грамадскасць адзначыць свята на годным узроўні, грунтуючыся на пазітыўным досведзе адзначэння слаўнага стогадовага юбілею нашай дзяржаўнасці.

Усталяванне  вырабленай за сродкі грамадскасці і зацверджанай Мастацкай Радай Мінгарвыканкама мемарыяльнай дошкі на доме №9 па вул. Валадарскага ў  Менску, дзе  25 сакавіка 1918 г. была абвешчана Незалежнасць  і Самастойнасць Беларусі, а разам з гэтым перайменаванне вуліцы Валадарскага ў вуліцу імя братоў Івана і Антона Луцкевічаў да 101-й гадавіны БНР сталася б важным крокам у накірунку захавання дзяржаўнасці і незалежнасці нашай супольнай Айчыны Беларусі !

25 сакавіка ёсць днём, які асвятляе і сёння ўсім беларусам шлях да свабоды, незалежнасці і годнага жыцця. Гэты дзень заслугоўвае таго, каб быць унесеным дзяржавай у нацыянальны каляндар для штогадовага адзначэння на дзяржаўным узроўні як найвялікшае свята.

   31 студзеня 2019 году,  г. Менск

Нацыянальны Грамадскі Арганізацыйны  Камітэт па святкаванні 100 гадавіны

абвяшчэння Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі:

Ганаровы Старшыня, акадэмік Радзім Гарэцкі   

Выканаўчы Старшыня, мастак Мікола Купава      

Намеснік  старшыні Леанід Акаловіч  

Намеснік старшыні  Аляксандар  Жучкоў          

Намеснік старшыні, кіраўнік дзіцячага фонду “Сакавік” Марыя Міцкевіч

Сябра Аргкамітэта, старшыня БНФ Рыгор Кастусёў    

Сябра Аргкамітэта,сябра Рады грамадскага аб’яднання “Дзея” Алесь Лагвінец

Сябра аргкамітэта,намеснік старшыні Управы ЗБС “Бацькаўшчына” Валер Герасімаў 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.