Партыя БНФ » Дзе было б Беларусі бясьпечней – у NATO альбо па-за межамі Альянсу?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дзе было б Беларусі бясьпечней – у NATO альбо па-за межамі Альянсу?

Дададзена 01.02.2019 6:41:36 | 419 праглядаў

Радыё Свабода публікуе цікавую завочную дыскусію экспэртаў з нагоды нядаўніх развагаў беларускага міністра замежных справаў наконт выгодаў і перашкодаў для беларускай нацыянальнай бясьпекі ад патэнцыйнага ўваходжаньня нашай краіны ў НАТА.

NATO_HqНамесьнік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка 31 студзеня наведаў зь візытам Злучаныя Штаты Амэрыкі. Сярод іншага ён, як піша Tut.by, «прапанаваў уявіць няўяўнае: калі бы Беларусь была ў NATO, а не ў альянсе з Расеяй».

«Ці была б мая краіна ў большай бясьпецы? — cпытаў Краўчанка аб пэрспэктыве далучэньня Беларусі да NATO. — Нашыя суседзі, якія знаходзяцца пад парасонам NATO, ці напраўду адчуваюць сябе ў бясьпецы?»

Алег Краўчанка, архіўнае фотаПаводле Краўчанкі, цяпер Беларусі навязваюць выбар між Захадам і Ўсходам. Ён расказаў, што часта бачыць у заходніх СМІ, аналітыцы і заявах палітыкаў тэзіс пра тое, што саюзьніцкія дачыненьні Беларусі і Расеі — гэта нешта кепскае, і не пагадзіўся. Намесьнік міністра дадаў, што Беларусь не зацікаўленая ў эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне і «зацікаўленая сябраваць з усімі», у 2015 годзе аднавіла вайсковую супрацу з ЗША, пазьней — зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Гэтая супраца, адзначыў ён, не супярэчыць альянсу з Расеяй.

Радыё Свабода раней ня раз абмяркоўвала магчымасьць далучэньня Беларусі да NATO. Цяперашнія пытаньні Краўчанкі, на якія ён сам не адказаў наўпрост, Свабода перадала двум незалежным экспэртам.

Зьміцер Міцкевіч: адказ відавочны, у NATO лепей

Зьміцер МІцкевіч

Аналітык Belarus Security Blog Зьміцер Міцкевіч лічыць пытаньне Краўчанкі ў цяперашняй сытуацыі недарэчным: безумоўна, Беларусь была б у большай бясьпецы.

«Гэтае пытаньне можа быць каменем у агарод цяперашняй турбулентнасьці і незразумеласьці ў рэгіёне, — разважае Міцкевіч. — Мы бачым, што балтыйскія краіны і Польшча перажываюць за статус NATO. Час ад часу ўзьнікаюць пытаньні, што самім трэба рыхтавацца да сваёй абароны, бо невядома, ці будзе нас нехта ў выпадку чаго абараняць.

Але мы бачым, што цяпер NATO вельмі адэкватна паставілася да гэтых пытаньняў. У Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы разьмешчаныя кантынгенты NATO, якія маюць ня столькі баявую вартасьць, колькі сымбалічную: калі падчас нейкай агрэсіі загіне нейкі нямецкі ці амэрыканскі салдат, гэта ня зможа выключыць гэтыя краіны з удзелу ў гіпатэтычным канфлікце».

Міцкевіч адзначае, што NATO — гэта ня толькі зьвяз краінаў, але і набор пэўных стандартаў у падрыхтоўцы і ўзаемадзеяньні войскаў. Ён бачыць відавочным адказ на пытаньне аб тым, з кім лепей узаемадзейнічаць: «з амэрыканскім войскам, якое мае вялізны баявы досьвед, што немагчыма перадаць і апісаць; або з расейскім войскам, якое нават на вучэньнях „Захад-2017“ змагло перадаць беларускаму войску хіба адзіны досьвед — некантраляванага спажываньня гарэлкі».

«Я ня ведаю, дзе была лёгіка ставіць пытаньне такім чынам, — кажа ён. — Але гэта яшчэ адзін аргумэнт для так званай „сэкты сьведак сьвятога Макея“, якая любіць расказваць, што нашае Міністэрства замежных справаў — гэта такая цудоўная структура. Дык вось вам заява, якая сьведчыць, што МЗС — таксама дзяржаўны інстытут, які выконвае замову аднаго канкрэтнага чалавека. Гэта ня словы Краўчанкі, а словы аднаго канкрэтнага чалавека, які так бачыць сытуацыю».

Аляксандар Алесін: ня трэба ні ў NATO, ні ў АДКБ

Незалежны вайсковы экспэрт ​Аляксандар Алесін кажа Свабодзе: бацькі-заснавальнікі сучаснай Беларусі, якія пісалі першую Канстытуцыю, вельмі разумна паставілі за мэту нэўтральны статус краіны.

Аляксандар Алесін, архіўнае фота«Знаходжаньне ў любым з вайсковых блёкаў, у NATO ці ў АДКБ, наўрад ці забясьпечыла б Беларусі большую бясьпеку, бо існуе супярэчнасьць між дзьвюма найбуйнейшымі вайсковымі дзяржавамі, Расеяй і ЗША, — разважае Алесін. — Улічваючы, што Беларусь знаходзіцца на заходніх подступах да Масквы, можна ўявіць, што агрэсіўныя дзеяньні Расеі да Беларусі былі б у шмат разоў большымі, чым у дачыненьні Ўкраіны.

Расея ўжыла б усе сілы, каб наўпрост ці ўскосна паставіць Беларусь пад свой кантроль. Усходняя мяжа Беларусі — гэта 400 км ад Масквы! Абараніць ад гіпатэтычнага нападу з паветра расейскую сталіцу і ўвесь цэнтральны прамысловы раён, не валодаючы Беларусьсю, немагчыма. Наўрад ці нашая бясьпека была б большай: Масква прыняла б усе меры, каб або акупаваць Беларусь, або паставіць пад жорсткі кантроль».

Алесін мяркуе, што варыянтаў у Беларусі няшмат з прычыны геаграфічнага знаходжаньня на палітычным разломе між Расеяй і Захадам. Але з геаграфічнага гледзішча тое можна сказаць і пра краіны Балтыі: Латвія і Эстонія таксама недалёка ад Масквы, а далучыліся да NATO.

«У Эстоніі крыху іншая сытуацыя: прыгадайце перабудову і першыя гады незалежнасьці, — адказвае Алесін. — Расея палічыла, што балтыйскія краіны — гэта адрэзаная луста, так бы мовіць, чужыя людзі. А Беларусь Расея лічыць нечым накшталт Разанскай ці Казанскай губэрні. Для Эстоніі статус краіны NATO апраўданы: у іх няма такога жыцьцёва важнага для Расеі стратэгічнага становішча.

Бо той, хто валодае тэрыторыяй Беларусі, той кантралюе сытуацыю ў нашым рэгіёне. Калі прыгадаем гісторыю, то і Іван Жахлівы, і наступныя расейскія цары і генэральныя сакратары намагаліся, каб гэтая тэрыторыя была пад іхным кантролем. Таму так, я лічу, што для краінаў Балтыі NATO гэта добра, а для Беларусі найлепей было б мець нэўтральны статус».

Ці трэба Беларусі далучацца ў будучыні да NATO? У 2017 годзе гэта абмяркоўвалі журналісты Свабоды Дзьмітры Гурневіч і Юры Дракахруст.

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Красавік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.