Партыя БНФ » Памёр Сямён Домаш, экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Памёр Сямён Домаш, экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі

Дададзена 09.02.2019 8:01:41 | 136 праглядаў

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, беларускі палітычны дзеяч Сямён Домаш памёр раніцай 9 лютага ў сваім аўтамабілі. 2 студзеня яму споўнілася 69 гадоў – паведамляе Радыё Свабода.

Сямён Домаш нарадзіўся ў вёсцы Тумашы Берасьцейскай вобласьці ў 1950 годзе. У 1993 г. абраны старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Пасьля быў дэпутатам Вярхоўнага савету.

На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году Сямён Домаш быў адным з кандыдатаў ад аб‘яднанай апазыцыі. На карысьць яго абраньня працавалі структуры Беларускага Народнага Фронту.

20CA54B8-9157-4E19-9B1A-EE4C930DDFD4_w650_r0_s

Сямён Домаш і іншыя кандыдаты на выбарах у 2001 годзе

Ягоную кандыдатуру падтрымліваў палітычны рух «Рэгіянальная Беларусь», структуры якога дзейнічалі практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Перад самымі выбарамі, згодна з ранейшымі дамоўленасьцямі ў межах аб’яднанай апазыцыі, Домаш зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата — Уладзімера Ганчарыка.

Падчас выбарчай кампаніі 2001-га году Сямён Домаш патрапіў у менскі шпіталь, пазьней яму зрабілі апэрацыю ў Кракаве. Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Домаш часова працаваў у камэрцыйных структурах, а потым доўгі час быў бяз працы.

Апошні год перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году ён быў кіраўніком выканаўчае і заканадаўчае ўлады Гарадзенскай вобласьці, а пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі і да рэфэрэндуму 1996 году Сямён Домаш — старшыня толькі абласнога савету. У той самы час Домаш зьяўляўся дэпутатам і сябрам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

domash_2У 2006 годзе ўзначаліў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднаньне». Пазьней працаваў адным з кіраўнікоў горадзенскага харчовага прадпрыемства ABC. Публічнасьці пазьбягаў, інтэрвію не даваў.

“Усе ведалі: Домаш — чалавек слова. Ён быў сапраўдным лідэрам, за якім хацелася ісьці. І не таму, што паклікаў, а таму, што побач зь ім надзейна. Такі ня здрадзіць, падставіць плячо, дапаможа. Умеў жорстка патрабаваць і кантраляваць, але ніколі не абражаў, ня памятаю, каб ён хоць раз павысіў голас. Адначасова не імкнуўся ўсё вырашаць сам, шчыра давяраў людзям, якія зь ім працавалі. Домаш быў бібліяфілам, меў велізарны збор добрых кніг і бесьперапынна чытаў, асабліва многа па беларускай гісторыі і культуры” -  кажа іншы экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Мілінкевіч, які таксама быў падтрыманы Партыяй БНФ у 2006 годзе:

“Ён пасьлядоўны прыхільнік нацыянальнага Адраджэньня і бяз гучных лёзунгаў працаваў на яго. Гарадзенцам было няпроста ў 90-я, як і ўсім у Беларусі. Заробкі па пары дзясяткаў даляраў, беспрацоўе. І горадзенскія ўлады зрабілі стаўку на падтрымку малога бізнэсу. Праз чатыры гады ён ужо даваў каля паловы гарадзкога бюджэту. У культурным і мастацкім жыцьці свабода рабіла сваё — яно віравала.

У Горадні пры падтрымцы Сямена Мікалаевіча нараджаліся новыя фэстывалі, горад адрадзіў свой 500-гадовы герб, вуліцам вярталіся старадаўнія назвы, а вернікам усе храмы, адно за адным рэгістраваліся грамадзкія аб’яднаньні і нацыянальныя суполкі, у садках, школах, унівэрсытэце панавала беларуская мова, мастакам у цэнтры горада былі аддадзеныя пад майстэрні добрыя памяшканьні за малыя цэны.

Цяжка ўявіць сёньня, што галоўная апазыцыйная газэта «Пагоня» мела свой офіс у гарвыканкаме… побач з аддзелам адукацыі. Праз усё жыцьцё для Сямена Домаша асноўнымі каштоўнасьцямі былі праўда і справядлівасьць. Менавіта таму ён як дэпутат парлямэнту ня мог не падпісаць імпічмэнт Лукашэнку і не адмовіўся ад подпісу нягледзячы ні на што.

Домаша паважалі ўсе, нават тыя, хто ня вельмі любіў. Ён ня быў занадта красамоўны, але калі гаварыў, наступала цішыня. Яму верылі. Сямен Домаш стаў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2001 годзе дзякуючы моцнай падтрымцы сотняў незалежніцкіх праэўрапейскіх арганізацыяў ва ўсіх рэгіёнах краіны, якія аб’ядналіся ў выбарчы блёк «Рэгіянальная Беларусь». На жаль, так сталася, што ў той год адзінага дэмакратычнага кандыдата вызначыў не Кангрэс, а закрытае паседжаньне пяцёркі прэтэндэнтаў. Сямён Домаш меў значную перавагу амаль па ўсіх вызначаных папярэдне крытэрах: колькасьці сабраных подпісаў, па пазытыўным і нэгатыўным рэйтынгах, па геаграфіі і колькасьці групы падтрымкі. Акрамя аднаго — у ягонага штабу было менш фінансаў на заключны этап кампаніі.

Сямён Мікалаевіч ня стаў «адзіным». Як чалавек слова ён зьняўся ў час свайго выступу па тэлебачаньню. Лічу, што Сямён Домаш быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў нашай сучаснай гісторыі” – кажа  Аляксандр Мілінкевіч.

5020376267_0

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.