Партыя БНФ » БНФ узяў удзел у дыскусіі пра закон аб экстрэмізме ў Палаце прадстаўнікоў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ узяў удзел у дыскусіі пра закон аб экстрэмізме ў Палаце прадстаўнікоў

Дададзена 17.02.2019 12:12:43 | 855 праглядаў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч узяў удзел у пасяджэньні рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па дапрацоўцы праекта закона Рэспублікі Беларусь “Аб зьмяненьні законаў Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма”.

IMG-4155-novyj-razmerДыскусія адбылася ў Палаце прадстаўнікоў 15 лютага ў межах падрыхтоўкі законапраекта да другога чытаньня.  З тэкстам законапраекта, які быў зацьверджаны Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні 16 сьнежня мінулага году, можна азнаёміцца тут: http://pravo.by/document/?guid=3941&p0=2018058001

У абмеркаваньні праекта закона разам з намесьнікам старшыні Партыі БНФ узялі удзел прадстаўнікі іншых палітычных партыяў, правабарончых арганізацыяў, экспэрты ад акадэмічнай і грамадзянскай супольнасьці, парлямэнтары, супрацоўнікі МУС ды іншыя спэцыялісты.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прадставіў на пасяджэньні пазыцыю партыі па дазеным законапраекце, у якой БНФ заклікае парвесьці дадатковае вывучэньне праваўжывальнай практыкі па ўжо існуючых антыэкстрэмісцкіх артыкулах, а таксама зладзіць больш шырокае і грунтоўнае  абмеркаваньне праблемы, у тым ліку з запрашэньнем прадстаўнікоў рэдакцыяў СМІ і журналісцкіх асацыяцыяў, а таксама аўтарытэтных міжнародных экспертаў.

Па выніках нарады намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў:

- БНФ стаіць на пазыцыях катэгарычнай непрыймальнасьці гвалтоўных метадаў палітычнай параьбы. Мы таксама рашуча асуджаем нацызм як ідэалогію і палітычную практыку, якая прынесла незлічоныя страты беларускай нацыі. Ад імя Партыі БНФ падчас пасяджэньня я заявіў пра падтрымку захадаў па барацьбе з рэабілітацыяй нацызму, прапанаваўшы далучыць да гэтага і барацьбу з рэабілітацыяй іншай чалавеканенавіснай ідэалогіі – ідэалогіі бальшавізму.

Але разам з тым мы заявілі пра сур’ёзны сумнеў адносна абгрунтаванасьці прапанаванай законапраектам зьвязкі паняцьцяў “нацызм” (носьбіты якога асуджаныя Нюрнбергскім трыбуналам і прызнаныя злачыннымі арганізацыямі) і “экстрэмізм” (па якім існуе вялікая колькасьць супярэчлівых трактовак, у тым ліку калі арганізацыя, прызнаная у адной краіне экстрэмісцкай, у іншай можа з’яўляцца кіруючай партыяй).

Такое прыраўніваньне паняцьцяў абсалютна рознага парадку і рознага значэньня асабліва небясьпечна ў сытуацыі, калі законапраект скіраваны на “барацьбу з прапагандай” а не на барацьбу з самой з’явай учыненьня злачынных дзеяньняў. Ёсьць рызыка таго, што ўвядзеньне дадатковых захадаў, па-сутнасьці, будзе перашкаджаць рэальнай барацьбе са злачынствамі на глебе расавай і рэлігійнай нецярпімасьці, патэнцыйна адцягваючы праваахоўны рэсурс на дзеі, што не ўяўляюць істотнай грамадзкай небясьпекі.

Да таго ж, перад нашымі вачыма ёсьць сумны прыклад Расеі, дзе гэтак званае “антыэкстрэмісцкае” заканадаўства шырока выкарыстоўваецца як галоўны сродак расправы з палітычнымі апанентамі. Напрыклад, менавіта антыэкстрэмісцкі артыкул 282 Крымінальнага кодэкса Расеі стаў падставай для таго каб у Крыме кідаць за краты праваабаронцаў, украінскіх патрыётаў, дзеячоў крымска-татарскага руху, блогераў і шараговых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Вконтакте.

Трывожныя сігналы ёсьць і ў Беларусі: відаць, некаторыя дзяржаўныя службоўцы хочуць пераняць расейскі досьвед і кідаць людзей за краты за лайкі і рэпосты ў сацыяльных сетках. Першыя падобнага рода справы ў нас з’явіліся і мы не можам разглядаць узмацненьне такой адказнасьці як адэкватны захад па барацьбе з гвалтоўным экстрэмізмам.

Партыя БНФ сама неаднаразова з’яўлялася мішэньню для падобнага рода атак. Напрыклад, нядаўняя заява Сойму Партыі БНФ з заклікам да беларусаў вывучаць  і пашыраць беларускую мову была інтэрпрэтаваная некаторымі маргінальнымі дзеячамі як экстрэмісцкая: менавіта на падставе быццам бы “экстрэмісцкага характару” такога закліку шэсьць мікраскапічных арганізацыяў зьвярнуліся да генпракуратуры з патрабаваньнем ініцыяваць перасьлед і судовую забарону БНФ.

Злоўжываньне абвінавачаньнямі ў экстрэмізме і тэрарызме з боку аўтарытарных рэжымаў, выкарыстаньне такіх абвінавачаньняў у якасьці прававой абалонкі для расправы над палітычнымі апанэнтамі – не меньш сур’ёзная праблема за сам палітычны радыкалізм як такі. Пра гэта кажа і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, якая стварыла спецыяльную структуру для выяўленьня і прадухіленьня гэткіх злоўжываньняў з мэтай абароны грамадзянскіх правоў ва ўмовах вайны з тэрарызмам.

019052_391703Улічваючы, што прапанаваныя праектам закона захады закранаюць пытаньні свабоды слова і свабоды выказваньня, Партыя БНФ заклікала правесьці больш шырокае абмеркаваньне законапраекта з прыцягненьнем як шырокай грамадзкасьці, так і спецыялістаў (журналістаў, рэдактараў СМІ, інтэрнэт-блогераў, святароў), а таксама запрасіць у Беларусь Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаньні аб заахвочваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам, адклаўшы прыняцьцё праекта закона да правядзення гэткага візыту спецдакладчыка і аналізу яго рэкамендацыяў.

Ніжэй падаецца тэкст прадстаўленай падчас нарады Рабочай групы пазыцыі Партыі БНФ, якая была перададзеная Аляксеям Янукевічам у Палату Прадстаўнікоў.

Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах

і сродках масавай інфармацыі

Дом Ураду, 220010, г. Мінск

Пазыцыя Партыі БНФ датычна дапрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма”

           Шаноўныя ўдзельнікі рабочай групы!

Ад імя Партыі  БНФ дазвольце выказаць падзяку за магчымасць выступіць на пашыранаым пасяджэнні рабочай групы па дапрацоўцы праекта закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма”. Мы лічым важным агучыць на гэтым абмеркаванні сваю пазыцыю і свае прапановы па дадзеным законапраекце, які, на наш погляд, патрабуе пільнай увагі, датычыць рэгулявання вельмі істотнай сферы грамадскіх адносінаў, закранае пытанні магчымых абмежаванняў грамадзянскіх правоў і свабодаў асобы. Мы перакананыя, што шырокі ўдзел грамадзянскай супольнасці ў абмеркаванні гэтага ды іншых праектаў законаў будзе спрыяць эфектыўнай законатворчасці і прыняццю якасных нарматыўных актаў, якія служаць інтарэсам асобы, грамадства, беларускай дзяржавы.

Мушу падкрэсліць, што Партыя БНФ заўжды стаяла і стаіць на пазыцыях катэгарычнага непрыняцця гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы і ўжывання насілля дзеля дасягнення палітычных мэтаў. З гэтай прычыны для нашай партыі з’яўляюцца варожымі тыя палітычныя ідэалогіі і падыходы да палітычнай дзейнасці, якія прадугледжваюць выкарыстанне тэрарыстычных мэтадаў, гвалту і пазазаконнага прымусу.

Аднак у межах агульнай пазыцыі непрыняцця палітычнага гвалту для Партыі БНФ асобную пазыцыю займае асуджэнне нацызму як чалавеканенавіснай ідэалогіі, так і антычалавечай палітычнай практыкі, звязанай са знішчэннем людзей па нацыянальнай, этнічнай, сацыяльнай прыкмеце, а роўна з прычыны іншадумства і палітычных перакананняў.

Дзейнасць НСДАП нанесла Беларусі вялічэзныя пакуты і страты, якія да сёй пары не пераадоленыя ў поўнай меры. Не будзе перабольшваннем сказаць, што барацьба з нацызмам, удзел у Другой сусьветнай вайне, асуджэнне нацызма як палітычнай ідэалогіі – гэта частка нацыянальнай ідэі беларусаў і аснова беларускай дзяржаўнасці. У сувязі з гэтым Партыя БНФ як партыя абароны нацыяальных інтарэсаў, як партыя, для якой інтарэсы беларускага народа з’яўляюцца імператывам і найвышэйшай каштоўнасцю, не можа не падтрымліваць захады па барацьбе з нацызмам, па прафілактыцы адраджэння нацызму і па прадухіленню развіцця неанацызма.

У шэрагах Партыі БНФ да сёй пары багата людзей, якія змагаліся з нацызмам не на словах, а на справах, са зброяй у руках. Шмат хто з нашых ветэранаў не губяляе імпэту да грамадзянскай актыўнасці, выказвае пазыцыю па актуальных пытаннях грамадскага развіцця нашай краіны, дзеліцца сваім досведам з маладым пакаленнем партыйных актывістаў. Дай ім бог здароўя і даўгалецця!

Не магу не прыгадаць, што адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронта трыццаць гадоў таму быў славуты пісьменік-франтавік, Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў.

Але мушу адзначыць, што цягам сваяго існавання Партыя БНФ, нягледзячы на сваё непрыманне палітычнага гвалту і экстрэмізму, сутыкаецца з несправядлівымі і неабгрунтаванымі абвінавачаннямі ў экстрэмізме. З самага часу паўстання БНФ нашыя палітычныя апаненты з шэрагу КПСС вешалі на БНФ ярлык “фашыстаў”, выкарыстоўваючы гэта як прапагандысцкі прыём дзеля дыскрэдытацыі палітычнага апанента. Зусім нядаўна прадстаўнікі шасці мікраскапічных груповак сталінісцкай скіраванасці звярнуліся да Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь з заклікам ліквідаваць Партыю БНФ і з абвінавачаннямі на наш адрас у ажыццяўленні экстрэмісцкай дзейнасці. Падкрэслю, што практычнай падставай для такога звароту гэтых арганізацыяў стаў заклік Партыі БНФ да шанавання і развіцця беларускай мовы, заклік да беларусаў вывучаць беларускую мову і выкарыстоўваць яе. Натуральна, што аніякіх практычных наступстваў зварот у пракуратуру гэтых дзеячоў не меў – ліквідаваць Партыю БНФ за ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці немагчыма, таму што Партыя БНФ экстрэмісцкай дзейнасці не вядзе. Але пра сам гэты зварот шырока паведамілі беларускія і замежныя СМІ, што сталася часткай прапагандысцкай кампаніі не толькі супраць нашай партыі, але і часткай інфармацыйных атакаў супраць усёй нашай краіны.

Заклік да ліквідацыі Партыі БНФ з прычыны беспадстаўнага абвінавачання нашай арганізацыі ў экстрэмізме ілюструе тую акалічнасць, што абвінавачанні ў экстрэмізме часам з’яўляюцца папросту элементам палітычнай барацьбы і прапаганды, скіраваным супраць асноваў дэмакратычнай і плюралістычнай дзяржавы. Для некаторых асобаў і палітычных сілаў самая дзейнасць у абарону правоў і свабодаў чалавека з’яўляецца экстрэмісцкай. Мы лічым недапушчальным злоўжыванне абвінавачаннямі ў экстрэмізме для беспадстаўнага абмежавання правоў і свабодаў чалавека ў нашай краіне.

Існуючая на дадзены момант судовая практыка па справах аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі ёсць дастаткова багатай і, на наш погляд, патрабуе пільнага вывучэння. У Рэспубліканскім пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў адзначана некалькі соцень пазыцыяў, у тым ліку даволі дзіўным чынам гэты спіс пачынаецца з матэрыялу пад назвай “Урок беларускай мовы”. У іншых выпадках пазначаецца інтэрнэт-адрас размяшчэння матэрыялу без яго іншай ідэнтыфікацыі (што як быццам бы можа быць інтэрпрэтавана, што той самы матэрыял на іншым інтэрнэт-сайце экстрэмісцкім лічыцца не будзе). На наш погляд, сам такі падыход да фармавання і адзначэння матэрыялаў як экстрэмісцкіх выклікае пытанні і патрабуе ўдасканалення з мэтай найбольшай ідэнтыфікацыі канкрэтных праяваў экстрэмізму.

Асобна адзначу, што атакі з беспадстаўнымі абвінавачаннямі ў экстрэмізме часам скіраваныя не толькі супраць арганізацыяў, але і супраць цэлых сацыяльных групаў: нажаль, у дзейнасці праваахоўных органаў падчас спартовых спаборніцтваў часам маюцца праявы стаўлення да ўсіх футбольных заўзятараў як да групы, схільнай да экстрэмізму. Нажаль, сумнай практыкай сталася беспадстаўнае выняцце ў людзей інфармацыйных матэрыялаў  дзеля мэтаў правядзення экспертызы на прадмет наяўнасці экстрэмісцкіх матэрыялаў. Выкарыстанне падозранняў у экстрэмізме дзеля абмежавання правоў і свабодаў грамадзян на наш погляд з’яўляецца недапушчальным і ёсьць прыкладам злоўжывання абвінавачаннямі ў экстрэмізме для незаконных мэтаў.

Партыя БНФ лічыць, што дапаўненне законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма варта рабіць толькі пасля абагульнення існуючай практыкі па судовых справах аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі. Уяўляецца мэтазгодным вынясенне па гэтай катэгорыі судовых справаў абагульняючай пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – і ў такім выпадку ў падмурак закона, які мы цяпер абмяркоўваем, было б закладзенае не толькі меркаванне палітыкаў і грамадзянскай супольнасці, але і пазыцыя судовай улады, сфармаваная на падставе ўсебаковага аналізу ды абагульнення праваўжывальнай практыкі. Без такога абагульнення існуючай практыкі, на наш погляд, захады па ўзмацненні барацьбы з экстрэмізмам могуць быць няпоўныя,  неэфектыўныя, а патэнцыйна яны могуць нанесці шкоду правам і законным  інтарэсам грамадзян.

Такое адкладанне ўнясення зменаў у заканадаўства аб барацьбе з эксрэмізмам да вывучэння і абагульнення судовай практыкі з’яўляецца магчмым і мэтазгодным таксама і з той прычыны, што на дадзены момант у беларускім заканадаўстве прадугледжана больш за дзесятак розных артыкулаў для крымінальнага і адміністратыўнага пераследу за экстрэмісцкую дзейнасць, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці правапарушальнікаў за канкрэтныя здзейсненыя імі дзеі, а таксама за сяброўства і дзейнасць у складзе ў экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў. Мы лічым сумнеўным увядзенне дадатковых заканадаўчых захадаў у сытуацыі, калі шмат якія з існуючых нормаў з’яўляюцца непрацуючымі і не выкарыстоўваюцца. Такім чынам, увядзенне дадатковых мер, па сутнасці, перашкаджае рэальнай барацьбе са злачынствамі на глебе расавай і рэлігійнай нецярпімасці, патэнцыйна адцягваючы праваахоўны рэсурс на дзеі, што не ўяўляюць ніякай грамадскай небяспекі.

Асобна мушу адзначыць, што з нашай кропкі гледжання з’яўляецца недапушчальным прапанаванае законапраектам у артыкуле 2 прыраўніванне нацызма і экстрэмізма праз сумяшчэнне ў адным артыкуле адказнасці за распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі (якая справядіва замацаваная ў існуючай рэдакцыі артыкула 17.10 КаАП і за якую замацаванае адміністратыўнае спагнанне) і сімволікі і атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў (як прапануецца ў новай рэдакцыі артыкула КаАП). У тым ліку мы лічым увядзенне такой рэдакцыі артыкула 17.10 КаАП недапушчальным і з той прычыны, што часам сімволіка і атрыбутыка, якая практычна выкарыстоўваецца экстрэмісцкімі і тэрарыстычнымі арганізацыямі, супадае да ступені змяшэння з сімволікай і атрыбутыкай арганізацыяў якія не маюць дачынення да экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай дзейнасці і нават у першую чаргу асацыюецца з законнай і міратворчай дзейнасцю. Нажаль, ёсць факты, калі часам рэлігійныя экстрэмісты зламысна і для сваіх зламысных мжтаў ужываюць сімволіку агульнапрынятых і традыцыйных канфесіяў.

Для таго каб зразумець недасканаласьць ідэі пра забарону распаўсюджвання сімволікі тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў нараўне з нацысцкай, варта проста адкрыць дзеючы ў Беларусі пералік тэрарыстычных арганізацыяў і азнаёміцца з назвамі такіх арганізацый. Так, там ёсьць арганізацыі з называмі Ветеринарное управление, Альянс демократических сил, Государственное табачное предприятие, Национальная государственная кампания по производству текстильных изделий, Иракская служба радиовещания и телевидения і іншыя з бяскрыўднымі назвамі і абсалютна мірнай сімволікай. Экстрэмізм – гэта практыка і дзейнасць, а не ідэалогія, якой з’яўляецца нацызм. У эктрэмісты праз працэс радыкалізацыі рызыкуюць скаціцца прадстаўнікі любой ідэалогіі – і левыя, і правыя, і цэнтрысты, дастаткова толькі прыняць ідэяю тэратыстычнай дзейнасці і насілля як сродка дасягнення палітычных мэтаў.

Але ў першую чаргу мы лічым недапушчальным пастаноўку пытання пра сумяшчэнне ў адным артыкуле захадаў па барацьбе з нацызмам і захадаў па барацьбе з экстрэмізмам з той прычыны, што для гісторыі беларускага народа гэта папросту несувымерныя з’явы. Нацызм знішчыў мільёны беларусаў і ёсьць антычалавечай ідэалогіяй, асуджэнне якой ёсьць адным з краевугольных камянёў сусьветнага правапарадку і памуркам сучаснай сыстэмы ААН. Экстрэмізм – з’ява меньш юрыдычна кваліфікаваныя і нерэдкія выпадкі, калі арганізацыя, прызнаная ў адной краіне экстрэмісцкай, у іншай з’яўляецца кіруючай партыяй.

Нельга ставіць знак роўнасці паміж нацызмам, які пабудаваў на беларускай зямілі лагеры смерці з мэтай знішчэння людзей па нацыянальнай прыкмеце ў агні Халакосту і дыме крэматорыяў, і неразумнымі ўчынкамі футбольных фанатаў. Гэта папросту несувымерныя з’явы, што па рознаму разглядаюцца не толькі з палітычных, але і з простых гуманістычных пазыцыяў. Прыраўніванне нацызму і экстрэмізму не служыць мэтам эфэктыўнай барацьбы з экстрэмізмам, а наадварот, стварае сытуацыю, калі нацызм і ягоныя антычалавечыя практыкі робяцца прадметам для дыскусіі, а не агульнапрынятым і вырашаным сусьветнай супольнасцю пытаннем.  Мы лічым такую прававую канструкцыю недапушчальнай.

Апроч таго, разглядаючы прапанаваны законапраект, Партыя БНФ выказвае трывогу з прычыны таго, што ён не скіраваны на рэальную барацьбу з прычынамі экстрэмізму і тэрарызму, а мае адзнаку барацьбы з гэтак званай прапагандай. Канцэнтрацыя ўвагі на барацьбе з экстрэмізмам толькі ў інфармацыйнай сферы на наш погляд не з’яўляецца пардуктыўным падыходам. Нельга падмяняць рэальныя пытанні барацьбы са злачыннасцю і прафлактыкі правапурушэнняў шмат у чым штучным пытаннем барацьбы з прапагандай проціпраўнай дзейнасці. З тым жа посьпехам можна было б змагацца з арганізаванай злачыннасцю праз барацьбу з пэўнымі адгалінаваннямі музычных жанраў, а пад выглядам барацьбы з алкагалізмам цэнзураваць фільм “Ирония судьбы или с лёгким паром”.

Свабода слова павінная і мусіць быць абмежаваная дзяржавай на падставе законаў. Аднак дзеля падобнага абмежавання павінныя быць грунтоўныя падставы ў выглядзе мэтаў абароны нацыянальнай бяспекі, правоў і свабодаў іншых людзей, грамадскага парадку, аховы маральнасці. Іншыя падставы для абмежавання правоў і свабодаў з’яўляюцца недапушчальнымі.

Карані і сацыяльныя прычыны экстрэмізму і палітычнага радыкалізму вельмі глыбокія і складаныя – і тут большая адказнасьць ляжыць не на праваахоўных органах, на якіх ляжыць цяжар барацьбы з праявамі экстрэмізму, а на палітычных дзеячах, грамадскіх дзеячах, журналістах і лідэрах грамадскай думкі, якія павінныя не дапускаць у сваёй дзейнасці і ў сваіх прамовах экстрэмізму і заклікаў да палітычнага гвалту.

Асабліва непрыймальнымі мусяць быць заклікі да паўтарэння тых злачынных дзеянняў і палітычных парктыкаў, якія мелі месца ў гісторыі нашай краіны ў мінулым стагоддзі і каштавалі беларускаму народу мільёнаў ахвяраў.  У тым ліку гэта датычныць недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму як ідэалогіі, якая падугледжвае знішчэнне цэлых этнічных супольнасцяў людзей, і бальшавізму, які прадугледжваў знішчэнне класавых супольнасцяў.

З улікам выкладзенага, Партыя БНФ дае наступную ацэнку нормам прапанаванага праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма”:

  1. Па артыкуле 1 праекта Закона: ПАДТРЫМЛІВАЕМ змяненне артыкула 130 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, з дадаваннем пасля словаў “нацызма” словаў “альбо бальшавізма ці адмаўленне права беларускага народа на самавызначэнне”.
  2. Па артыкуле 2 праекта Закона: СУПРАЦЬ з прычыны беспадстаўнага прыраўнівання дзеянняў рознай ступені грамадскай небяспекі. Прапанаваныя ў гэтым артыклуе нормы заслугоўваюць грамадскага абмеркавання з прыцягненнем як шырокай грамадскасці, так і спецыялістаў (журналістаў, рэдактараў СМІ, інтэрнэт-блогераў, святароў).
  3. Па артыкуле 3 праекта Закона: СУПРАЦЬ з прычыны беспадстаўнага прыраўнівання дзеянняў рознай ступені грамадскай небяспекі. Прапанаваныя ў гэтым артыклуе нормы заслугоўваюць грамадскага абмеркавання з прыцягненнем як шырокай грамадскасці, так і спецыялістаў (журналістаў, рэдактараў СМІ, інтэрнэт-блогераў, святароў).

Партыя БНФ прапануе Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўна прававых актах” вынесці праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма” на публічнае абмеркаванне, што будзе спрыяць дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця для Беларусі, а менавіта мэты 16, якая ўключае ў сябе задачы па забеспячэнні адказнага прыняцця рашэнняў рэпрэзентатыўнымі органамі на ўсіх узроўнях, з удзелам усіх слаёў грамадства (задача 16.7), а таксама па забеспячэнні доступу грамадскасці да інфармацыі і абароне асноўных свабод у адпаведнасці з заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі (задача 16.10 ).

Улічваючы, што прапанаваныя праектам закона захады закранаюць пытанні свабоды слова і свабоды выказвання інфармацыі, Партыя БНФ заклікае запрасіць у Беларусь Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам спадарыню Fionnuala Ní Aoláin, адклаўшы прыняццё праекта закона да правядзення гэткага візіту спецдакладчыка і аналізу яго рэкамендацыяў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ                    Аляксей Янукевіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фатаздымкі – сайт Палаты прадстаўнікоў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.