Партыя БНФ » Сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла камэнтуе перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы для “Белгазеты”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла камэнтуе перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы для “Белгазеты”

Дададзена 25.02.2019 12:03:54 | 470 праглядаў

У сьвежым нумары штотыднёвіка “БелГазета” сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла дзеліцца сваім поглядам на апошнія сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў калёнцы, якая абяцае стаць рэгулярнай на старонках гэтага выданьня.

53155831_2309897889055665_202689196144459776_nСустракаймася часьцей! Наш чалавек у Маскве – Зьміцер Дрыгайла

Яны мяне не ўзялі ў Сочы. А то б я вам распавёў, што яны ўсе там рабілі тры дні. Прэзыдэнт, прадстаўнікі яго адміністрацыі, кіраўніцтва ўрада, амбасадар, больш чым 10 міністэрстваў, агулам больш за 100 чалавек плюс памочнікі й дарадцы.

Але не хвалюйцеся: мне распавялі, што ўсе былі пры справе — палову тыдня бязспынна сустракаліся й сустракаліся: у фарматах “сам на сам”, у міжурадавых і міжгаліновых працоўных групах, на сьнежным схіле, на хакейнай пляцоўцы, у рэстаране. Нават на Расейскім інвэстыцыйным форуме (rusinvestforum.org), што адбываўся тамсама тымі ж днямі, прысутнічалі адзінкі, а ня выступіў ніхто. То бок аднаго дня ў Сочы б у кожным разе не хапіла.

Пратакол досыць скупа паінфармаваў пра вынікі. З таго, што вядома: прэзыдэнт сустрэўся за кубкам гарбаты з трыма калегамі –расейскім, іранскім і турэцкім. Не падпісаны пратакол пра адмену роўмінгу паміж краінамі, падпісаная дарожная карта пра зьняцьцё абмежаваньняў на пастаўкі ў Расею беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. Але асноўным парадкам дня мусіла стацца абмеркаваньне коштаў расейскага газу, а таксама умоваў паставак расейскай нафты. Што мы хочам па першым пункце? Зьнізіць тарыфы зь сёньняшніх 130 даляраў за 1000 куб.м да 70, па якіх газ набывае Смаленская вобласьць Расеі. Па другім – кампэнсацыі падатковага манэўру.

Даведка БГ. Зараз па трубаправодзе «Дружба» па тэрыторыі Беларусіь йдзе каля 50 млн т расейскай нафты ў год. Мы зь іх спажываем амаль палову – 24 млн тон. Гэты аб’ём не абкладаецца расейскім экспартным мытам у памеры 135,1 даляр за тону. З гэтых 24 млн тон 18 Беларусь пакідае сабе, а 6 млн – рээкспартуе і экспартнае мыта йдзе ў наш бюджэт. А вось расейскія нафтавыя кампаніі экспартнае мыта плацяць за ўвесь астатні аб’ём, што пампуецца праз тэрыторыю Беларусі далей на захад (каля 26 млн т). Ад жніўня 2018 Расея зьмяніла сыстэму падаткаабкладаньня: расейскія нафтавыя кампаніі будуць плаціць падатак за здабычу нафты, а ня мыта за яе экспарт. Гэта азначае, што кошт нафты будзе падвышацца, а рээкспарт стане нявыгадным.

Гэта была ўжо сёмая сустрэча “Расея – Беларусь” на вышэйшым узроўні за апошнія паўгады. Выглядае, што сябры хочуць узяць адно адзін аднаго зморам. Інакш, хіба, сёньня немагчыма. Пры гэтым ініцыятарам тут выступаем мы. Расея застаецца найбуйнейшым гандлёва-эканамічным партнэрам нашае краіны, займаючы ледзь не палову ў зьнешнім таваразвароце Беларусі. Расея дабудавала нам АЭС. Дала нам сем мільярдаў даляраў крэдытаў. 70 % камплектуючых прадукцыі машынабудаваньня й нафтаперапрацоўкі Беларусь імпартуе з Расеі. Высілкі МЗС, мінпрама, мінсельгаспрада ды й усіх астатніх міністэрстваў па зьніжэньні вагі Расеі ў гандлёвым балансе краіны пакуль застаюцца марнымі. Перамовы йдуць цяжка. Расейскія службоўцы й іх памагатыя паўтараюць мантры пра тое, што Беларусь праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку, што шкодзіць расейсаму бізнэсу й распаўсюду ў краіне расейскіх тавараў, што мы праводзім самастойную зьнешнюю палітыку. Што цікава, у РФ кансэнсус эліт палягае ў тым, што нашая зьнешняя палітыка, мягка кажучы,  занадта вольная й ня ўзгодненая з хаўрусьнікам. У Літве ж, скажам,  эліты кажуць наўпрост супрацьлеглае. Так і жывем ужо некалькі гадоў пад перакрыжаваным агнём.

У той сытуацыі, што існуе, ёсьць два варыянты паводзінаў. Першы – пакрыўдзіцца й выйсьці з усіх расейска-беларускіх міждзяржаўных утварэньняў. Стацца нэўтральнымі, як таго й патрабуе Канстытуцыя. Да чаго гэта прывядзе? Нам ня будзе куды прадаць сваю прадукцыю. Паўстане праблема неплацяжоў, сягне ўзровень беспрацоўя. Паўстануць міграцыйныя праблемы ў дачыненьнях з Расеяй: рэгістрацыі, патэнты, іспыты. Да таго ж актывізуецца расейскае інфармацыйнае войска, а гэта, відаць, ці не найбольшая праблема нашай бясьпецы ў рэчышчы спажываньня інфармацыі нашымі суграмадзянамі. Вось, да прыкладу, пачытайце: https://tsargrad.tv/news/krym-znachit-ne-nash-a-dengi-im-podavaj-o-chem-budut-tri-dnja-govorit-putin-i-lukashenko_184148

Другі варыянт – сустрэчы, перамовы. Яны, натуральна, не сканчаюцца штораз станоўчымі вынікамі для нас, але ў кожным разе дэманструюць, што рознагалосьсі кіраўнікі дзяржаваў намагаюцца вырашаць асабіста. Тут галоўнае — не памыліцца. Кошт памылкі для нашай эканомікі па вызначэньні вышэйшы, чым для расейскай. Таму й трэба быць хітрэйшымі. І сустракацца столькі, колькі будзе патрэбна. Да перамогі? Напэўна, не. Ставіць так пытаньне – заранёў прайграць. Да дасягненьня гандлёвазвароту 30-30-30? Як мінімум. Нам гранічна патрэбны час, як мага больш часу, каб зьдзейсьніць усе тыя пераўтварэньні, што пакрысе пачаліся. І, значыць, трэба размаўляць з расейцамі столькі, сколькі будзе патрэбна, каб яны зразумелі, што ў нас ўсё на кантролі. І нам не ўсё адно.

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.