Партыя БНФ » Прыгадваем 25 лютага 1990 года: мітынг БНФ перад Домам Ураду ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Прыгадваем 25 лютага 1990 года: мітынг БНФ перад Домам Ураду ў Менску

Дададзена 25.02.2019 11:30:30 | 371 праглядаў

25 лютага 1990 года ў Мінску адбылася незвычайная падзея: на вуліцы сталіцы выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Ініцыятарам мітынгу выступіў Беларускі Народны Фронт, устаноўчы сход якога адбыўся летам 1989 года ў Вільні.

1990 25 лютагаАртыкул з нагоды 29-й гадавіны адной з вялікіх акцыяў беларускага дэмакратычнага руху часоў Перабудовы публікуе газэта “Новы Час”

Беларускія ўлады ўпарта не жадалі рэгістрацыі БНФ. Аднак Фронт усё больш рашуча заяўляў пра сябе. 4 сакавіка 1990 года мусілі адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12 склікання. Кандыдаты ад БНФ ішлі на выбары пад дэвізам «Галасую за Беларусь!» і прапаноўвалі захады, накіраваныя на нацыянальнае адраджэнне і рынкавыя рэформы.Удзельнікі мітынгу (іх колькасць сягала да 100 тысяч чалавек) зацвердзілі рэзалюцыю супраць тагачаснага беларускага камуністычнага кіраўніцтва.

У рэзалюцыі абвяшчаўся недавер Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая была створана ў снежні 1989 года на чале з былым кіраўніком Камітэта народнага кантролю БССР Міхаілам Лагіром. Камісія Лагіра абвінавачвалася ў тым, што наўмысна замоўчвала інфармацыю па выбарах і адмаўляла ў рэгістрацыі дэмакратычным кандыдатам. Так, у рэзалюцыі мела месца патрабаванне рэгістрацыі прадстаўнікоў БНФ Віктара Івашкевіча і Міхаіла Собаля.

Віктар Івашкевіч — дэмакратычны актывіст, рабочы, адзін з заснавальнікаў БНФ. Віктар Івашкевіч зневажаўся ў партыйных газетах, гэтаксама як Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка і інш. У адным з артыкулаў яму нават закінулі няведанне беларускай мовы і частую змену месцаў працы (гл.: Залесский Б. Ильюшенко Н. Позиция или поза? Продолжаем разговор, начатый в газете 26 марта // Вечерний Минск. — 1988. — 5 апреля. — С. 2). Перад выбарамі ў ВС XII склікання ўзначаліў выбарчую камісію. Праз контрмеры ўладаў Івашкевіч не быў зарэгістраваны кандыдатам у народныя дэпутаты. Доўгі час узначальваў Мінскую арганізацыю БНФ. У 1990 годзе Івашкевіч безвынікова вылучаўся ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета па Ізмайлаўскай выбарчай акрузе № 174.

Міхаіл Собаль — сябар Рады БНФ Савецкага раёна Мінска. 29 мая 1989 года ён абвясціў галадоўку. У якасці прычыны такой радыкальнай акцыі 38-гадовы рабочы назваў правал усіх дэмакратычных прапаноў на пачатку працы З’езду народных дэпутатаў СССР. Собаль, нягледзячы на просьбы прадстаўнікоў БНФ і тэлеграму ад Алеся Адамовіча, рашуча адмаўляўся спыніць галадоўку. Гвалтоўная эвакуацыя Собаля міліцыянтамі мела розгалас у Беларусі і паслужыла штуршком да несанкцыянаванага мітынгу, на якім былі прыняты ажно шэсць рэзалюцый супраць беларускіх камуністаў.

У рэзалюцыі мітынгу 25 лютага 1990 года мелася патрабаванне судовага расследвання дзейнасці адказных асобаў Мікалая Слюнькова, Георгія Таразевіча і Аляксея Кондрусева, якія, паводле рэзалюцыі, стварылі «штучную сакрэтнасць» вакол катастрофы на ЧАЭС, што прывяло да смерці і страты здароўя людзей.

Мікалай Слюнькоў — кіраўнік рэспубліканскай партыйнай арганізацыі, які ў 1989 г. быў пераведзены ў Маскву на пасаду сакратара ЦК КПСС. У чэрвені 1990 года дэпутаты БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавалі, каб Мікалай Слюнькоў, Георгій Таразевіч і Міхаіл Гарбачоў прыехалі на сесію і расказалі пра захады, зробленыя для ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Гарбачоў і Слюнькоў адмовіліся прыехаць: першы спаслаўся на занятасць, другі — на хваробу. На сесію прыбыў толькі Таразевіч, якога 27 чэрвеня 1990 года прадстаўнікі БНФ атакавалі ў літаральным сэнсе. Абараняць Таразевіча ўзяўся фактычна адзін дэпутат — Аляксандр Лукашэнка: «Я верю Таразевичу и помню его приезды без мигалок, ГАИ и свит. Все-таки в 1986-1987 годах меньше пузыри пускали, а больше делали».

Георгій Таразевіч — старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР у 1985-1989 гадах, дастаткова разважлівы і асцярожны кіраўнік. На кар’еру Таразевіча фатальна паўплывалі Чарнобыльская катастрофа і падзеі 30 кастрычніка 1988 года. У ліпені 1989 года ён пакінуў названую пасаду і ўзначаліў камісію Савета Нацыянальнасцей па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета СССР. Сам Таразевіч тлумачыў свой пераход рознагалоссямі па сацыяльна-эканамічных пытаннях, якія ўзніклі ў партыйным кіраўніцтве рэспублікі. 18 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР 12 склікання вылучыў Таразевіча ў Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР, яго кандыдатуру падтрымалі 228 дэпутатаў.

19 верасня 1991 года Таразевіч палымяна выступіў за зацвярджэнне герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў. 8 студзеня 1992 года Таразевіч быў прызначаны старшынёй Камітэта геадэзіі пры СМ Рэспублікі Беларусь. 12 снежня 1993 года ён браў удзел у давыбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання па адной з вакантных выбарчых акруг у Жодзіна Мінскай вобласці. Гэтыя выбары адбыліся на шматпартыйнай аснове. З Таразевічам, кандыдатам ад Партыі народнай згоды (ПНЗ), канкурыравалі два прэтэндэнты — ад Беларускай сялянскай партыі (кандыдата падтрымала гарадская арганізацыя БНФ) і ад Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ). Як сцвярджала цэнтрысцкае выданне «Згода», Таразевіч з вялікім адрывам абышоў сваіх канкурэнтаў, але з-за нізкай яўкі насельніцтва выбары не адбыліся. 13 красавіка 1994 года ўказам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Беларусі Таразевіч быў прызначаны паслом Беларусі ў Польшчы Быў адхілены з пасады ў сувязі з публічнымі выказваннямі супраць рэферэндуму 14 мая 1995 года. Указ аб звальненні Таразевіча Лукашэнка падпісаў 2 чэрвеня 1995 года.

Удзельнікі мітынгу 25 лютага 1990 года. Крыніца: https://vytoki.net

Удзельнікі мітынгу 25 лютага 1990 года. Крыніца: https://vytoki.net

У рэзалюцыі абвяшчаўся недавер Прэзідыуму Вярхоўнага Савета на чале з Мікалаем Дземянцеем «за хлусню пра падзеі 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску, за прыняцце антыдэмакратычных указаў у 1988-1989 гг., за здзек з народа, што пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы, за заражанасць прадуктаў радыенуклідамі, за бяздзейнасць і хаванне праўды пра Чарнобыльскую трагедыю Беларусі, за свядомыя перашкоды ў рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў на выбарах, за ігнараванне грамадскіх арганізацыяў і адмову ў рэгістрацыі «Мартыралога Беларусі» і БНФ».

Падзеі 30 кастрычніка 1988 года ў беларускай сталіцы сапраўды былі трагічнымі: у гэты дзень праваахоўнікі жорстка разагналі мітынг, прысвечаны дню памяці продкаў («Дзяды»).

Мікалай Дземянцей замяніў Георгія Таразевіча на пасадзе старшыні Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР у ліпені 1989 года.

Што да ўказаў, то, напрыклад, дзейнічаў указ Прэзідыуму Вярхоўнага Савета БССР ад 15 жніўня 1988 года «О внесении изменений и дополнений в Положение о порядке организации проведения собраний, митингов, уличных шествий и демонстраций».

У наступным тэндэнцыя зацвярджэння нарматыўных прававых актаў, якія рэзка абмяжоўвалі магчымасць удзелу грамадзянаў у вулічных акцыях, узмацнілася. Напрыклад, у рэзалюцыі мінскага мітынгу 29 мая 1989 года крытыкаваўся ўказ Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ССР ад 8 красавіка 1989 года «О внесении изменений и дополнений в Закон СССР “Об уголовной ответственности за государственные преступления” и некоторые другие законодательные акты СССР». На З’ездзе народных дэпутатаў ён выклікаў крытыку: у прыватнасці, паэт Яўген Еўтушэнка назваў гэты нарматыўны прававы акт «крайне неряшливым и опасным». Намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета СССР Анатоль Лук’янаў, які 25 ліпеня 1989 года прадстаўляў дэпутатам указ, ацаніў яго як «значительный шаг вперед в области демократизации советского уголовного законодательства». Указ быў зацверджаны Вярхоўным Саветам СССР толькі 31 ліпеня 1989 года і не без цяжкасцей.

Улётка на рускай мове з заклікам прыйсці на мітынг 25 лютага 1990 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Улётка на рускай мове з заклікам прыйсці на мітынг 25 лютага 1990 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Рэзалюцыя патрабавала таксама адстаўкі «ўсяго складу» ЦК КПБ на чале з асобамі, якія ўвасабляюць найбольш кансерватыўныя і рэакцыйныя сілы ў рэспубліцы, «за непавагу да народа, за спробы распаліць міжнацыянальную варожасьць на Беларусі, за грэбаванне інтарэсамі людзей». Гаворка ішла зноў пра Дземянцея, а таксама пра Сакалова, Камая і Кавалёва.

Яфрэм Сакалоў — першы сакратар КПБ у 1987-1990 гады, вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты БССР па Ганцавіцкай выбарчай акрузе № 116. Па сведчанні мясцовых актывістаў БНФ, вылучэнне Сакалова праходзіла з істотнымі парушэннямі. На пачатку працы Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання Сакалоў нярэдка крытыкаваўся дэпутатамі. Так, Аляксандр Лукашэнка 19 траўня 1990 года пасля абрання Дземянцея спікерам закінуў Сакалову тое, што падчас выбараў Старшыні Вярхоўнага Савета першы сакратар ЦК і яго каманда «разыгрывали электрошоу». Віктар Ганчар 20 чэрвеня 1990 года запытаўся, чаму нашы лідары хаваюцца ў цені, і прапанаваў кандыдатуру Сакалова на пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнага суверэнітэту рэспублікі. 29 студзеня 1991 года па асабістай заяве Сакалова ягоныя дэпутацкія паўнамоцтвы былі спынены датэрмінова. У заяве Сакалоў паабяцаў, што, нягледзячы на адмову ад дэпутацкіх паўнамоцтваў, ён будзе «верно служить народу Советской Белоруссии, нашему славному социалистическому Отечеству».

Аляксей Камай быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання 30 ліпеня 1989 года па Азарыцкай выбарчай акрузе, на безальтэрнатыўнай аснове. Упершыню за гісторыю выбараў у Вярхоўны Савет БССР жыхары акругі скардзіліся на парушэнні. У выніку Вярхоўны Савет быў вымушаны стварыць спецыяльную камісію, якая, аднак, істотных парушэнняў не выявіла. Па афіцыйных звестках, супраць Камая прагаласавалі 5,3% выбаршчыкаў. Камай быў абраны і ў Вярхоўны Савет 12 склікання, дзе часта палемізаваў з БНФ.

Валерый Пячэннікаў — сакратар ЦК КПБ, курыраваў ідэалагічныя пытанні. У 1990 года быў прызначаны старшынёй Рэвізійнай камісіі ЦК КПБ. Падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР 12 склікання ў другім туры прайграў вядомаму журналісту Івану Герасюку. 13 чэрвеня 1991 года пры абмеркаванні чарнобыльскага пытання прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Юрый Беленькі раскрытыкаваў артыкул Пячэннікава «Самый убедительный аргумент в идеологическом противоборстве», апублікаваны ў 1988-м у Маскве, у спецыяльным зборніку «Аргументированно, наступательно, эффективно».

Міхаіл Кавалёў заняў пасаду Старшыні Савета Міністраў БССР 7 чэрвеня 1986 года. Кавалёў быў абраны ў Вярхоўны Савет 12 склікання ў Іванаўскай выбарчай акрузе № 120 Брэсцкай вобласці, але 10 ліпеня 1990 года рашэннем ВС яго паўнамоцтвы па асабістым жаданні былі спынены датэрмінова.

Рэзалюцыя несла ў сябе і такое радыкальнае патрабаванне, як ліквідацыя парткамаў і партыйных арганізацый па месцы працы: на прадпрыемствах, ва ўстановах, у інстытутах, у судзе, у пракуратуры, у міліцыі, у войску і КДБ.

Пасля зацвярджэння рэзалюцыі ўдзельнікі мітынгу рушылі з плошчы Леніна да плошчы Перамогі і да будынку Беларускага тэлебачання, у прыватнасці. Шматтысячны натоўп атачыў будынак Беларускага тэлебачання. Па патрабаванні Зянона Пазьняка, які заявіў «пра антынародную, рэакцыйную і кансерватыўную ўладу КПСС», яму былі прадастаўлены 15 мінут тэлевізійнага эфіру.

Падчас эфіру мінскія ўлады пайшлі на хітрасць: яны вывелі на вуліцы вялікую колькасць вайсковай тэхнікі з працуючымі рухавікамі.

Рэакцыя

Праз некалькі гадзін пасля мітынгу Беларускае тэлебачанне арганізавала сустрэчу з кіраўнікамі рэспублікі, якія абрынуліся з рэзкай крытыкай на арганізатараў і ўдзельнікаў мітынгу. Міністр юстыцыі БССР Валерый Ціхіня назваў патрабаванне роспуску Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў незаконным. Яфрэм Сакалоў сцвярджаў, што колькасць удзельнікаў мітынгу не перавышала 10-15 тысяч чалавек. Мікалай Дземянцей заявіў наступнае: «У организаторов митинга нет никакого продвижения вперед в сфере заботы о человеке».

 

Удзельнікі мітынгу 25 лютага 1990 года. Крыніца: https://vytoki.net

28 лютага 1990 года была апублікавана сумесная заява ЦК КПБ, Прэзідыуму Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР. У гэтай заяве сцвярджалася, што «устроители митинга стали на путь подстрекательства, дезинформации, они призвали к действиям, которые не вписываются в процесс создания правового государства». Неўзабаве была апублікавана і заява Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, дзе гаварылася, што арганізатарамі мітынгу «грубо искажалась истина о работе комиссии», а «эмоции и митинговые страсти идут вразрез с демократией».

Улады паспрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці аднаго з галоўных арганізатараў мітынгу — Зянона Пазьняка, але тым часам ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання. У сакавіку 1990 года выканаўца абавязкаў Пракурора БССР Георгій Тарнаўскі прасіў у Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР дазволу на прыцягненне Пазьняка да адказнасці. 12 красавіка 1990 года Тарнаўскі атрымаў адказ, які зводзіўся да таго, што такі дазвол можа даць толькі Вярхоўны Савет. Між тым адкрыццё 1-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання было запланавана на 15 мая 1990 года, а да гэтай даты тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, устаноўлены заканадаўствам (два месяцы), мусіў скончыцца. 28 красавіка 1990 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР канчаткова адмовіў Пракуратуры ў прыцягненні Пазьняка да адміністрацыйнай адказнасці.

У наступныя гады ўлады зробяць яшчэ дзве спробы адміністрацыйнага пераследу прадстаўнікоў апазіцыі БНФ. У чэрвені 1991 года той жа пракурор Тарнаўскі спрабаваў даць рады з Пазьняком, а ў лютым 1994 года Васіль Шаладонаў выступаў супраць Сяргея Антончыка.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.