Партыя БНФ » “Да наступнай трагедыі?” – Рыгор Кастусёў піша пра пагрозу, якую нясуць “даўгабуды”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Да наступнай трагедыі?” – Рыгор Кастусёў піша пра пагрозу, якую нясуць “даўгабуды”

Дададзена 28.02.2019 1:12:48 | 143 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны” задаецца простым пытаннем: чаму ўлады зьвяртаюць увагу на стан даўгабудаў і занядбаных аб’ектаў толькі тады, калі СМІ паведамляюць аб трагедыях, звязаных з абрушэннямі на аб’ектах незавершанага будаўніцтва.

Кастусёў 684Кожны год беларускія СМІ, ды і ня толькі беларускія, з сумам паведамляюць аб трагедыях, звязаных з абрушэннямі на аб’ектах незавершанага будаўніцтва, або з закінутымі аб’ектамі — пра якія іх “гаспадары” даўно забыліся.

Найвялікшы жах выклікае інфармацыя, калі пад абрушэннямі на такіх аб’ектах гінуць людзі, асабліва непаўнагадовыя дзеці.

Як гэта, напрыклад, было ў Магілёве ў лістападзе 2017 года, калі пад заваламі даху пустога будынку ў мікрараёне Спадарожнік па вул. Мінская шаша загінулі двое хлопчыкаў.

Па фактах гібелі дзяцей Следчым камітэтам была ўзбуджана крымінальная справа, вызначаны і пакараныя вінаватыя.

Або зусім нядаўні прыклад — абрушэнне сцяны незавершанага будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл”; загінулі два працаўнікі прадпрыемства.

Следчы камітэт праводзіць расследванне, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 303 (парушэнне правіл бяспекі будаўнічых работ) Крымінальнага кодэкса. Вінаватыя могуць атрымаць пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Знайсці вінаватых і пакараць іх — гэта, звычайна, самая простая справа, з якой беларуская судовая сістэма пад кіраўніцтвам беларускай выканаўчай улады заўсёды паспяхова спраўляецца. Бо беларуская судовая сістэма, беларускія ўлады ў сваёй дзейнасці ў такіх выпадках “заточаны” толькі на пошук і пакаранне вінаватых, а не на прыняццё мераў па мінімізацыі падобных трагічных выпадкаў.

Чаму і ў першым, і ў другім выпадках (па ўсёй краіне — не адзінкавыя) не было прынята ніякіх захадаў для прадухілення трагедыяў? Бо будаўніцтва вытворчага корпуса ААТ “Інтэграл” было распачатае яшчэ ў 1989 годзе, і з тых часоў гэты корпус так і стаяў незавершаны, развальваючыся на віду ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў прадпрыемства цягам трыццаці гадоў.

Не заўважылі блізкай трагедыі разнастайныя правяраючыя з кантралюючых органаў, прадстаўнікі ўладаў, дэпутаты розных узроўняў, што рэгулярна з году ў год наведвалі прадпрыемства.

Знайшоўшы вінаватых, закрыўшы чарговую справу, чынавенства, як звычайна, супакоіцца да чарговай трагедыі на чарговым аб’екце. А такіх аб’ектаў, стан якіх можа ў любы час прывесці да падобнай трагедыі, мноства. Толькі ў Мінску іх дзесяткі.

За прыкладамі не патрэбна далёка хадзіць ад цэнтра горада, дзе размяшчаюцца дзяржаўныя і гарадскія органы ўлады. Чаго варты толькі выгляд і стан неэксплуатуемых памяшканняў станкабудаўнічага завода імя Кірава на вуліцы Чырвонаармейскай, побач з гатэлем “Пекін”.

Доступ ў былыя цахі завода свабодны, чым нярэдка карыстаецца мясцовая дзятвара.

Не маглі не бачыць стан гэтых цахоў і шматлікія чыноўнікі міністэрстваў, Мінгарвыканкама, іншых установаў, бываючы ў гатэлі “Пекін” пры наведванні нашай краіны дэлегацыямі Кітая.

Бываюць тут і шматлікія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку і дэпутат па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 Сайганава Таццяна Іванаўна.

Вуліца Чырвонаармейская якраз ўваходзіць у тэрыторыю Купалаўскай акругі.

Дадзены артыкул будзем лічыць зваротам па просьбе грамадзян, што пражываюць на прылягаючых да завода імя Кірава вуліцах, да чыноўнікаў і дэпутата Сайганавай Т.І. з патрабаваннем — не дапусціць чарговую падобную трагедыю.

Паводле блогавага допісу Рыгора Кастусёва на сайце naviny.by

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Сакавік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.