Партыя БНФ » Янукевіч – уладам: “Хочаце інфармацыйную бясьпеку? Абмяжуйце расейскае ТВ!”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Янукевіч – уладам: “Хочаце інфармацыйную бясьпеку? Абмяжуйце расейскае ТВ!”

Дададзена 13.03.2019 12:02:36 | 412 праглядаў

Госьць «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. У размове з журналістам Віталём Цыганковым ён тлумачыць, што разумеюць пад «інфармацыйнай бясьпекай» беларускія ўлады, лічыць, што Менск увесь час шукае нейкі трэці шлях, якога насамрэч ня можа быць, і заяўляе, што першы крок, які неадкладна трэба зрабіць, — абмежаваць трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі.

Сьцісла

    • Для сёньняшніх уладаў інфармацыйная бясьпека — гэта татальны кантроль за распаўсюдам інфармацыі.
    • Магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў.
    • Беларускім уладам цяжка прызнаць, што інфармацыйная небясьпека паходзіць ад «найлепшага сябра» — Расеі.

Адлюстраваньне страхаў і замяшаньня, якія мы назіраем унутры ўлады перад роляй Інтэрнэту

— Сёньня, 12 сакавіка, адбылося паседжаньне Рады бясьпекі, на якім Аляксандру Лукашэнку прадставілі праект Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Паказальна, што тэкст праекту не публікуецца. Але афіцыйныя СМІ шматкроць цытуюць выказваньні кіраўніка дзяржавы, паводле якіх можна збольшага меркаваць, што сабой уяўляе гэтая канцэпцыя. Дык што маюць на ўвазе ўлады, калі гавораць пра інфармацыйную бясьпеку?

— Насамрэч, сапраўды цяжка ацэньваць дакумэнт, якога грамадзтва ня бачыла. Але самая форма таго, як адбываецца абмеркаваньне, без публікацыі — дазваляе нам рабіць прагноз, што разумеюць пад «інфармацыйнай бясьпекай» беларускія ўлады. На вялікі жаль, у тых цытатах, якія прагучалі, я бачу адлюстраваньне страхаў і замяшаньня, якія мы назіраем унутры ўлады перад роляй Інтэрнэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка забараніў забараняць людзям выказваць сваю думку. 10 цытатаў 

А таксама нейкія цьмяныя (якія яны самі баяцца сфармуляваць) страхі і перасьцярогі перад інфармацыйным уплывам з боку Расеі. Для сёньняшніх уладаў інфармацыйная бясьпека — гэта татальны кантроль за распаўсюдам інфармацыі. Я думаю, менавіта на гэта і скіраваная тая канцэпцыя, якую цяпер распрацавалі.

великая россия загнивающий запад— У праекце канцэпцыі прапісанае паняцьце «інфармацыйнага сувэрэнітэту» як «неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыцьцяўляць незалежную зьнешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забясьпечваць інфармацыйную бясьпеку». Наколькі гэта рэалістычна? І з пункту гледжаньня ўсясьветных інфармацыйных плыняў, і з гледзішча таго, што беларускае інфармацыйнае поле знаходзіцца пад моцным уплывам Расеі?

— У сучасным сьвеце могуць існаваць толькі дзьве мадэлі. Альбо Кітай, які жорстка ўсё кантралюе. Альбо нармальнае існаваньне інтэрнэту і СМІ, дзе ёсьць ясна вызначаныя межы, якія нікому не дазваляецца пераступаць — прапаганда гвалту, варожасьці і гэтак далей. І ўсё, што не забаронена, — дазволена.

Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне ўвесь час імкнуцца знайсьці нейкую «трэцюю мадэль». Зусім усё татальна забараніць — гэта небясьпечна, бо можа выплюхнуцца на вуліцы, і Лукашэнка пра гэта сёньня казаў. Але поўную свабоду даць таксама небясьпечна, бо і гэта можа ў выніку выплюхнуцца на вуліцы. Таму яны ўсё шукаюць нейкі трэці шлях, якога насамрэч ня можа быць.

Магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў

— Даволі забаўная цытата прагучала сёньня з вуснаў Лукашэнкі — «трэба навучыцца адказваць распаўсюднікам фэйкаў іхняй жа зброяй». Што гэта азначае — беларускія афіцыйныя СМІ будуць наўмысна рыхтаваць свае фэйкі?

— Паводле свайго гучаньня гэтая фраза чарговым разам, «па Фройду», выдае тое, што знаходзіцца ў яго ў галаве. Мы ўжо бачылі вялікую колькасьць фэйкаў, якія распаўсюджвалі дзяржаўныя СМІ. Апошні яркі выпадак — гэта фільмы пра «Белы легіён».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар Шуневіч паабяцаў выявіць крыніцы працёку інфармацыі

Улада разумее — тым, што ты прымушаеш настаўнікаў і дзяржаўных службоўцаў падпісвацца на «Беларусь сегодня», ты ўжо не кантралюеш думкі і настроі людзей. Трэба нешта з гэтым рабіць — таму яны круцяцца і шукаюць. І тыя ж камэнтары міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які паведаміў, што яны будуць шукаць крыніцы працёку інфармацыі, фактычна супярэчаць таму, што сёньня сказаў Лукашэнка, што для нас галоўнае — максымальна хутка і праўдзіва самім даносіць да людзей інфармацыю, бо іначай данясуць іншыя, са сваімі пасыламі.

Трывожна гучаць выказваньні Лукашэнкі, асабліва калі ён кажа, што палітыку пакіньце мне, прэзыдэнту. Гэта выглядае для мяне як сыгнал, што ня трэба баяцца пакараць невінаватага, як гэта было два апошнія дзесяцігодзьдзі. Не зважайце на выдаткі, спыняйце — а палітычныя наступствы прэзыдэнт разруліць.

Гэта выглядае як чарговае зацісканьне гаек напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. І, магчыма, сапраўдная ідэя прыняцьця гэтай канцэпцыі — зачыстка інфармацыйнага поля, зачыстка інтэрнэту напярэдадні выбарчых кампаніяў.

Беларускім уладам цяжка прызнаць, што інфармацыйная небясьпека паходзіць ад «найлепшага сябра» — Расеі

— Партыя БНФ мае сваю канцэпцыю нацыянальнай інфармацыйнай бясьпекі, прапаноўвала яе грамадзтву.

янукевіч78 (2)— Так, у нас ёсьць сваё бачаньне канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі, яно грунтуецца перадусім на ідэнтыфікацыі асноўных пагрозаў. Відавочна, што на сёньня асноўная пагроза для інфармацыйнай бясьпекі Беларусі паходзіць ад Крамля і крамлёўскіх уплываў, ад татальнага дамінаваньня расейскіх СМІ ў Беларусі. І таму першы крок, які неадкладна трэба зрабіць, — абмежаваць трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі. Бо фактычна яны — сродкі вядзеньня інфармацыйнай вайны, у тым ліку супраць Беларусі.

Пытаньне мовы, на якой распаўсюджваецца інфармацыя, асабліва з боку дзяржаўных беларускіх СМІ, таксама вельмі важнае. На нашу думку, пытаньне мовы павінна быць прыярытэтным у вызначэньні аб’ёмаў і падыходаў да вяшчаньня дзяржаўных тэлеканалаў. Сам кантэнт таксама мае вялікае значэньне. На нашую думку, павінна быць зроблена ўсё (і мы маем пералік неабходных захадаў), каб дзяржаўныя СМІ ў першую чаргу спрыялі ўмацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці і не дапускалі яе разбурэньня. То бок заявы кшталту таго, што беларусы не зьяўляюцца самастойнай нацыяй, ці што беларускай мовы не існуе — яны павінны ня толькі вельмі жорстка абмяжоўвацца, але і карацца.

— Беларускія дэмакратычныя сілы ня першы раз выступаюць з такімі прапановамі, з такой праграмай інфармацыйнай бясьпекі. Але ўлады пераважна ігнаруюць іх. Чаму ўлады, нават калі бачаць, адкуль паходзіць інфармацыйная небясьпека — нічога фактычна ня робяць, каб яе прадухіліць?

— Улады знаходзяцца ў той пастцы, у якую самі сябе завялі. Калі ты абвяшчаеш, што твой найлепшы сябар — Крэмль, Пуцін, кажаш пра нейкую саюзную дзяржаву, — то цалкам недарэчна казаць, што ад твайго найлепшага сябра і саюзьніка паходзіць асноўная небясьпека і трэба абмежаваць ягоны ўплыў. Калі ты нібыта будуеш «саюз» і пры гэтым вымушаны рабіць нейкія крокі, каб абараніцца ад гэтага «сяброўства». Бурыцца ўся ідэалёгія, якую будаваў Лукашэнка цягам 20 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаго хоча Расея ад Беларусі?

Магчыма, сапраўды, разуменьне такой небясьпекі ў іх ёсьць. Але нічога сыстэмнага ня робіцца. Так, была крымінальная справа супраць беларусафобскіх выказваньняў блогераў. Але сыстэмна большая небясьпека паходзіць ад расейскіх тэлеканалаў, якія працягваюць дамінаваць у Беларусі.

Паўтаруся, няма яснага разуменьня таго, што і як трэба будаваць. Ёсьць нейкія страхі, перасьцярогі і поўная блытаніна ў галовах, якая адлюстроўваецца ў выказваньнях і дзеяньнях беларускіх дзяржаўных службоўцаў пра інфармацыйную бясьпеку.

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.