Партыя БНФ » Сурвіла: “Пра перадачу мандату БНР уладам зараз гаварыць немагчыма”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сурвіла: “Пра перадачу мандату БНР уладам зараз гаварыць немагчыма”

Дададзена 22.03.2019 10:08:45 | 398 праглядаў

Напярэдадні Дня Волі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыня Івонка Сурвілла дала інтэрвію Беларускаму Радыё Рацыя.

Радыё Рацыя: Мы ўжо азнаёміліся з вашым зваротам да беларусаў Беласточчыны. Найперш ён скіраваны да моладзі. Чаму? Бо, на маю думку, многія маладыя беларусы нават і не ведаюць, што тая Рада БНР, якая фактычна была заснаваная яшчэ ў 1917 годзе падчас Першага Усебеларускага кангрэсу, існуе дагэтуль і мае старшыню.

Івонка СурвілаІвонка Сурвілла: Я звяртаюся да моладзі, бо сапраўды веру, што яна – нашая надзея. Толькі моладзь, якая не мае настальгіі па савецкім рэжыме, якую старэйшыя, на жаль, маюць, – чаго я зусім не разумею, дык моладзь, якая пабачыла рэшту свету, якая ведае, як жывуць іншыя краіны, як адносяцца да людзей, як цэняць сваю незалежнасць і сваю волю, толькі гэтыя людзі змогуць нешта зрабіць для Беларусі.

Радыё Рацыя: Хто сёння, на Вашую думку, галоўны вораг Беларусі?

Івонка Сурвілла: Ён заўсёды быў – гэта наш усходні сусед. Ён заўсёды праяўляў імперыялістычныя амбіцыі, заўсёды стараўся сцерці нас з карты свету і ўгаварыць свет, што мы не існуем, што мы – частка Расеі. Яны гэта, на жаль, прадаўжаюць цяпер, і вельмі актыўная прапаганда вядзецца. Вельмі страшна гэта, таму што старэйшы электарат наш, які мала ведае пра жыццё ў замежжы, можа паверыць, што Расея – іх добры сябра. Дык вось, гэта вельмі мяне непакоіць.

Радыё Рацыя: Улады Беларусі зараз або ігнаруюць БНР, або замінаюць адзначаць Дзень Волі. Фактычна толькі ў Гародні і ў Менску будуць больш-меньш масавыя святкаванні сёлета. У той жа час даволі сціпла адзначаецца і 100-годдзе БССР. Хоць улады маглі б падкрэсліць менавіта, што яны пераемнікі гэтай фармацыі. На Вашую думку, у чым прынцовая розніца БНР і БССР?

Івонка Сурвілла: Гэта вельмі ясна сказана ў 3-яй Устаўной грамаце. У ёй адзначаецца, што БНР пацвярджае ўсе тыя правы і вольнасці, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года. Я іх пералічу, бо яны паказваюць наколькі вялікая розніца паміж ідэаламі БНР і тым, чым быў БССР: вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў і, безумоўна, сумлення, незачэпнасць асобы і памяшкання. БССР паўстала, дзякуючы БНР, але хутка сталася ізноў дэ факта калоніяй Масквы.

Радыё Рацыя: Ці ёсць у Вас свае традыцыі святкавання 25 сакавіка? І як Вы будзеце святкаваць сёлета?

Івонка Сурвілла: Я кожны год ад 1948 года святкавала 25 сакавіка. Гэта значыць ужо 70 разоў! У замежжы беларусы святкуюць разам. Ёсць вялікая імпрэза, выступаюць прамоўцы, а пасля – нацыянальны канцэрт. У гэтым годзе я буду ў Таронта і Атаве. Сёлета адбудзецца ўручэнне юбілейных медалёў 100-годдзя Рады БНР. Рада вырашыла ўзнагародзіць у Беларусі і ў свеце заслугі ў розных галінах жыцця людзей, якія спрычыніліся да здзяйснення нашых ідэалаў.

Радыё Рацыя: Была ідэя, каб сімвалічна аформіць пераемнасць БНР і сучаснай Рэспублікі Беларусь. Як Вы ставіцеся да гэтай ідэі?

Івонка Сурвілла: Рада можа перадаць свой мандат толькі дэмакратычна абранаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь, якое б гарантавала захаванне незалежнасці Беларусі. Гэта для нас самае галоўнае. А цяпер Беларусь не забяспечаная гарантыямі суверэнітэту, менавіта таму, што яна не ўсведамляе каштоўнасці незалежнасці. Словы Лукашэнкі не падмацаваныя канкрэтнымі дзеяннямі. Зараз пра перадачу мандату немагчыма гаварыць.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.