Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч: “Мы гатовыя да зьменаў у закон пра палітычныя партыі”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч: “Мы гатовыя да зьменаў у закон пра палітычныя партыі”

Дададзена 26.03.2019 7:17:40 | 497 праглядаў

Беларускія партыі абавяжуць публікаваць інфармацыю аб крыніцах фінансаваньня. Такая норма запісаная ў зьменах і дапаўненьнях да закону Рэспублікі Беларусі «Аб палітычных партыях». Яе ініцыятарам выступіла Міністэрства юстыцыі.

падлік грошыРазам зь іншымі папраўкамі законапраект плянуюць разгледзець на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў – паведамляе Радыё Свабода.

Паводле міністэрства, гэта робіцца, каб «забясьпечыць празрыстасьць фінансаваньня палітычных партыяў». Іх абавяжуць разьмяшчаць у адкрытым доступе інфармацыю аб крыніцах фінансаваньня. Мяркуецца, што партыі мусяць называць толькі суму ахвяраваньняў, а ня прозьвішчы фундатараў.

Абгрунтоўваючы гэтую норму, у Мінюсце спасылаюцца на рэкамэндацыі Групы дзяржаваў супраць карупцыі (Group of States Against Corruption, GRECO) — міжнароднай арганізацыі, створанай Радаю Эўропы ў 1999 годзе. У яе ўваходзіць і Беларусь.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у камэнтары Свабодзе заявіў, што Партыю БНФ такая навэла ў закандаўстве не палохае.

«Партыя БНФ заўжды была і застаецца празрыстай. У нас усе выплаты афіцыйна праходзяць праз рахунак. І калі ў дапаўненьні да закону сапраўды не прапісваецца, што трэба называць канкрэтныя прозьвішчы, то нічога страшнага я тут ня бачу. А калі раскрыцьцё прозьвішчаў зробяць абавязковай нормай, то гэта будзе супярэчыць абароне асабістых правоў грамадзян», — лічыць Аляксей Янукевіч.

На думку палітыка, у заканадаўстве аб партыях ёсьць шмат іншых рэчаў, якія сапраўды патрэбна рэфармаваць.

«Найперш гэта абавязковая рэгістрацыя рэгіянальных партыйных структураў на юрыдычным адрасе. Раней філіі дазвалялі рэгістраваць на кватэрах. Калі гэта забаранілі, мы страцілі амаль палову сваіх арганізацыяў. Гэта — самы балючы момант», — кажа палітык.

Паводле Янукевіча, улады выкарыстоўваюць зьмены, якія ініцыюе Міністэрства юстыцыі, каб дэманстраваць Захаду прагрэс у палітычным жыцьці Беларусі. «Пры гэтым ніякія станоўчыя зрухі насамрэч ня робяцца», — падсумоўвае намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.