Партыя БНФ » Старшыня БНФ зьвярнуўся да ўладаў Літвы ў справе памяці паўстанцаў 1863 г.
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ зьвярнуўся да ўладаў Літвы ў справе памяці паўстанцаў 1863 г.

Дададзена 28.03.2019 4:14:09 | 750 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў на адрас міністра замежных справаў Літоўскай Рэспублікі Лінаса Лінкявічуса і міністра культуры Міндаўгаса Квяткаўскаса зварот у справе ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 года. Палітык заяўляе пра неабходнасьць размяшчэньня на магілах паўстанцаў 1863-1864 гадоў надпісаў па-беларуску.

Кастусь КаліноўскіВельмішаноўны спадар міністар!

Перадусім, дазвольце падзякаваць Вам за Вашую працу дзеля разьвіцьця супрацоўніцтва і сяброўства паміж нашымі народамі, а таксама за Вашую цьвёрдую пазыцыю па падтрымцы руху Беларусі да дэмакрытыі ды грамадзянскіх свабодаў.

Народы Беларусі і Літвы маюць вялікую, багатую і слаўную супольную гісторыю. І, я перакананы, сапраўды багатую ды слаўную будучыню. Менавіта нашая вера ў такую будучыню і жаданьне спрыяць сяброўству нашых народаў сталіся прычынай напісаньня гэтага ліста.

Зь вялікай радасьцю мы даведаліся ў мінулым годзе, што дасьледчыкі здолелі знайсьці ў Вільні ды ідэнтыфікаваць парэшткі пахаваньня кіраўніка вызвольнага паўстаньня супраць расейскага прыгнёту Кастуся Каліноўскага, а таксама іншых лідэраў паўстаньня. Мы таксама цешымся з таго факту, што неўзабаве ў Вільні будуць з належнымі пашанай ды гонарам перапахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў ды будуць усталяваныя адпаведныя мэмарыяльныя шыльды.

Нашую надзвычайную заклапочанасьць, аднак, выклікаюць паведамленьні ў СМІ аб тым, што на гэтых шыльдых будзуць адсутнічаць надпісы на беларускай мове, а толькі на літоўскай і польскай.

Як Вам добра вядома, Кастусь Каліноўскі зьяўляецца нацыянальным героем для беларусаў. Рэспубліка Беларусь мае дзяржаўную ўзнагароду ягонага імя. Многія беларусы шмат гадоў ушаноўваюць памяць Кастуся Каліноўскага ў тых мясьцінах, што зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Так, у прыватнасьці, актывісты Партыі БНФ зьяўляюцца аднымі з арганізатаў ды актыўных удзельнікаў штогадовага фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага, што адбываецца на радзіме Кастуся Каліноўскага каля Сьвіслачы.

Той факт, што цяперашнія ўлады Беларусі не надаюць, на наш погляд, патрэбнай увагі ўшанаваньню памяці Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў і не выяўляюць належнай актыўнасьці ў кантактах з кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі дзеля праўдзівага адлюстраваньня на шыльдах мэмарыялу, што рыхтуюцца да ўсталяваньня, значнасьці постаці Кастуся Каліноўскага ды іншых герояў паўстаньня 1863-1864 гадоў для беларускай нацыі, абсалютна ня можа і ня мусіць лічыцца сьведчаньнем таго, што Кастусь Каліноўскі нібыта не зьяўляецца беларускім нацыянальным героем.

Той факт, што свае лісты з-пад шыбеніцы Кастусь Каліноўскі пісаў менавіта па-беларуску, таксама бясспрэчна вымагае прысутнасьці беларускай мовы на магіле гэтага вялікага дзеяча.

Кожная ўлада непязьбежна зьмяняецца, але сёньня менавіта ва ўладзе Ураду Літойскай Рэспублікі, ў тым ліку ў Вашай уладзе пакінуць тую спадчыну, якая будзе спрыяць сяброўству, узаемнай павазе ды добраму суседзтву народаў Літвы і Беларусі.

Дзеля гэтага мы зьвяртаемся да Вас з вялікай просьбай і настойлівым заклікам зрабіць неабходныя захады, каб беларуская мова прысутнічала на новых мэмарыльных шыльдах у месцы пахаваньня Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў у Вільні.

У выпадку зацікаўленасьці літоўскага боку мы гатовыя, разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі ды грамадзкімі ініцыятывамі арганізаваць удзел аўтарытэтных ды высокакваліфікаваных беларускіх экспэртаў дзеля ўдзелу ў падрыхтоўчых мерапрыемтвах па перазахаваньні ды стварэньні мэмарыялу Кастуся Каліноўскага ды іншых лідэраў паўстаньня.

З павагай,

Рыгор Кастусёў

старшыня Партыі БНФ

 

У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедыміна выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі не маглі доўгі час вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу. Парэшткі ідэнтыфікавалі 2-3 тыдні таму мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фотаздымкам. Кажа прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас: «Паводле нашай грубай ацэнкі, з дакладнасьцю 95% мы можам пацьвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Кастусю Каліноўскаму». Зараз усе парэшткі знаходзяцца на факультэце мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту. Пазьней іх перададуць дзяржаўнай камісіі і перапахаваюць у капліцы на віленскіх могілках Роса. Пахаваньне адбудзецца, калі ў капліцы завершыцца рэстаўрацыя – паведамляе беларуская служба Радыё Свабода. 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.