Партыя БНФ » Зьміцер Дрыгайла – пра рынак авіяперавозак і манаполію авіякампаніі “Белавія”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Дрыгайла – пра рынак авіяперавозак і манаполію авіякампаніі “Белавія”

Дададзена 30.03.2019 12:06:53 | 642 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра працэсы на рынку пуслугаў авіяперавозчыкаў, пра пашырэньне сярод авіякампаніяў ўвагі да незвычайных і непрофільных відаў дзейнасьці, а таксама пра тое, чым добрая манаполія беларускай авіякампаніі “Белавія”.

belavia tankoletУ авіякампаніі «Аэрофлот» з 2 красавіка зьявяцца безбагажныя тарыфы на рэйсах у Нямеччыну ды Італію, а ў авіякампаніі «Россия» (даччыная кампанія групы «Аэрофлот») – на ўсіх сярэднемагістральных накірунках. Квіткі па такіх тарыфах будуць таньнейшымі за звычайныя на 20-30 %.

“Россия» у Менск ня лётае, а, калі «Аэрафлот» зможа прадаць такі тарыф на свой рэйс, гэта будзе парушэньнем нашага заканадаўства: артыкул 99 Паветранага кодэксу краіны, а таксама артыкулы 153 і 154 Авіяцыйных правілаў паветраных перавозак пасажыраў, багажу й грузаў не дазваляюць забараніць пасажыру бясплатна правезьці меней за 10 кг багажу, калі пасажыр гэтага хоча. «Белавія», у сваю чаргу, дамагаецца дазволу ад уладаў нашае краіны на безбагажныя тарыфы, пакуль бэзвынікова.

Да нядаўняга часу «Аэрофлот» заставаўся адзінай буйной расейскай авіякампаніяй, што бясплатна давала магчымасьць правозу багажу ўсім пасажырам і публічна гэтым ганарылася, паведамляючы пра свой «прэміяльны» сэрвіс. Цяпер гэтай перавагі кампанія пазбавіцца. Па ўласным жаданьні. Бо чысты прыбытак кампаніі «Аэрофлот» у 2018г. зьнізіўся на 90%, уся група «Аэрофлот» зьнізіла прыбыткі на 75%. І гэта ня толькі «Аэрофлот» так спрацаваў. Флагманскі перавозьнік  Казахстана, да прыкладу, Air Astanа прасеў на 86%. І гэтыя авіякампаніі, зважайма, ня стратныя, проста прыбыткі радыкальна зьменшыліся (у асноўным з-за істотнага, больш чым на 30%, падвышэньня коштаў на авіягазу). Ёсьць іншыя кампаніі, што наогул паказалі страты, напрыклад, Utair. У кожным разе амаль усе традыцыйныя авіякампаніі імкнуцца да таго, каб зарабляць на дадатковых сэрвісных паслугах для пасажыраў: продажы прадукцыі duty free, прадуктаў і паслуг кампаніяў–партнэраў (страховак пералёту, гатэляў, арэнда аўтамабіляў), падвышэньня ў класе абслугоўваньня, аплаты звышнарматыўнага багажу, выбары месцаў, продажу дадатковай платнай ежы й слабога алькаголю на борце, доступу ў інтэрнэт, трансфэру ў аэрапорце й па маршруце «аэрапорт-горад». У тых авіякампаній, што даўно займаюцца платнымі паслугамі і якім гэта дазваляе заканадаўства, доля платных паслуг у агульным аб’ёме выручкі складае каля 20%.

Што да безбагажных тарыфаў – гэта ўсясьветны трэнд, што запачаткавалі першапачаткова лаўкостэры (авіякампаніі, што лётаюць па мінімальных тарыфах, што ўтрымліваюць толькі ўласна авіяперавозку, а ўсе дадатковыя паслугі прадаюцца за грошы). Цяпер шмат якія авіякампаніі традыцыйнай мадэлі маюць безбагажныя тарыфы, у тым ліку Lufthansa, Etihad, KLM, Delta, British Airways, Finnair. Гэтыя безбагажныя тарыфы звычайна істотна таньнейшыя за тарыфы з багажом. Розьніца толькі ў тым, што ў некаторых авіякампаніях пры набыцьці квітка праз сайт па вызначэньні стаіць кошт з багажом, і пры жаданьні ляцець безь яго трэба націснуць на кнопку, а ў іншых кампаніях – наадварот, трэба націснуць кнопку, каб дадаць багаж.

У Расеі безбагажныя тарыфы прадаюцца авіякампаніямі S7 («Сибирь»), Ural Airlines («Уральские авиалинии»), Utair, Nordwind. Я сам вымушаны быў два гады таму ў стрэсе бегаць па аэрапорце «Кольцово» ў Екацярынбурзе, намагаючыся сплаціць 2000 RUB за багаж на рэйс S7, таму што не пабачыў на сайце, што па вызначэньні ён ня ўключаны ў кошт пры набыцьці квітка на сайце перавозчыка. Асобная размова – авіякампанія «Победа», якой асабіста я вам настойліва ня раю лётаць ніколі, калі вам дарагія вашыя нэрвы. Бо тут вы заплаціце за ўсё.

Але, што праўда, калі чалавек ляціць па справах бізнэсу на адзін-два дні й недалёка (скажам, зь Менску ў Маскву, Рыгу, Каралявец, Кіеў, Сант-Пецярбург, Варшаву), то багаж яму непатрэбны. Статыстыка кажа, што пасьля таго, як багаж стаецца платным, яго аплачвае каля паловы пасажыраў, рэшта ляціць толькі з ручной паклажай.

«Белавiя» пакуль фінансавыя паказьнікі 2018г. не раскрывала, але справы ў нашага перавозьніка йдуць дакладна лепш. Усе апошнія гады «Белавія» падвышае колькасьць рэйсаў (зараз — каля 35 000 штогод), колькасьць пасажыраў (у 2018г. – каля 3,3 млн), чысты прыбытак (у 2017г. – USD 12 млн). Набываюць новыя самалёты (без прыцягненьня дзяржаўных крэдытных сродкаў), пашыраюць геаграфію палётаў, атрымліваюць міжнародныя прызы за надзейнасьць і пунктуальнасьць. Але «Белавiя» не такая багатая, каб адмаўляцца ад дадатковых магчымасьцяў атрыманьня прыбытку. А пакуль тыя магчымасьці вельмі моцна абмежаваныя. Безбагажныя тарыфы, хутчэй за ўсё, дазволяць у бягучым годзе, Мінтранс падтрымлівае ініцыятыву, бліжэйшымі месяцамі зьмены ў Паветраны кодэкс будуць узгодненыя й яны патрапяць у парлямэнт. З неадклічнымі квіткамі (тымі, што набыў і нельга здаць) сытуацыя больш складаная, бо тут мусіць быць супольнае рашэньне Мінтранса, Мінфіна ды Міністэрства па падатках і зборах. З магчымасьцю прадаваць на міжнародных рэйсах тавары duty free – яшчэ больш складана: супраць Міністэрства гандлю й Мытны камітэт. Але зьмены таксама хутчэй будуць, чым не, мабыць, толькі ня ў гэтым годзе. Продаж страховак на сайце пры набыцьці квітка – таксама пакуль праблема, супраць, як кажуць, Мінфін і манапаліст.

Дарэчы, пра манапалістаў. «Белавія» – манапаліст. Ёй закідаюць адсутнасьць «танных» авіяквіткоў, «малую» колькасьць напрамкаў, а часьцяком і праблемы ў аэрапорце, не беручы пад увагу, што нацыянальная авіякампанія й нацыянальны аэрапорт – абсалютна розныя прадпрыемствы, аніяк адно з адным не зьвязаныя. Дык вось, скажу вам як чалавек, што лётае штотыднёва. Квіткі, як для кампаніі, што прадастаўляе традыцыйны набор паслуг, насамрэч даволі недарагія. Не такія танныя, як зь Вільні, але там збанкрутаваў нацыянальны авіяперавозьнік, і таму адтуль лётаюць лаўкостэры. Нам са стратэгічнага пункту гледзішча гэта праўда патрэбна? Вы ўпэўненыя? Дарэчы, папрок, што «Белавiя», маўляў, не пускае сюды лаўкостэры, не вытрымлівае крытыкі: ніхто з канкурэнтаў-лаўкостэраў, што меўся ад нас лётаць, ані словам не абмовіўся, што вінаватая «Белавія». А тое, як авіякампанія зьмянілася за апошнія 5-7 год, як мяняецца стаўленьне да нацыянальнай авіякампаніі (і, апасродкава, да краіны) з боку замежнікаў і якія пляны па ўласным разьвіцьці агучвае «Белавія» (і, дарэчы, як яна гэтыя пляны выконвае), можа сьведчыць аб тым, што ў галіне пасажырскіх авіяперавозак манапаліст ў нас эфэктыўны. Што, аднак, не перашкаджае спадзявацца на тое, што аднойчы ў «Белавiя» зьявіцца ўнутраны канкурэнт. Пакуль зьявіцца яму няма адкуль. А залішняя свабода для зьнешніх канкурэнтаў, упэўнены, не на карысьць ані нашай авіяцыі, ані нашай краіне.

Паводле тыднёвіка “Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.