Партыя БНФ » Сойм БНФ: “Дзеянні ўладаў у Курапатах – акт дзяржаўнага вандалізму”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ: “Дзеянні ўладаў у Курапатах – акт дзяржаўнага вандалізму”

Дададзена 06.04.2019 2:48:52 | 590 праглядаў

Партыя БНФ асудзіла дзеянні уладаў у Курапатах і запатрабавала прыпыніць працы ва ўрочышчы. Адпаведная заява была прынятая аднагалосна 6 красавіка на Сойме партыі, які адбыўся ў Мінску.

Курапаты2019“Партыя БНФ рашуча асуджае акт дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах. Мемарыялізацыя Курапатаў ужо здзейсненая грамадствам — і пры планаванні наступных захадаў дзяржава абавязаная зыходзіць з гэтага факта. У адваротным выпадку дзяржаўная мемарыялізацыя ператворыцца ў новае злачынства”, — гаворыцца ў заяве (поўны тэкст заявы будзе апублікаваны).

Прадстаўнікі партыі запатрабавалі ад улад спыніць знішчэнне крыжоў і вярнуць ужо вывезеныя; прыпыніць працы ва ўрочышчы і далейшыя дзеянні па мемарыялізацыі праводзіць пасля ўзгаднення з грамадзянскім аргкамітэтам Курапатаў; правесці інвентарызацыю крыжоў; спыніць пераслед актывістаў, якія ахоўваюць Курапаты; абнародаваць і ўвекавечыць імёны ахвяр Курапатаў і назваць імёны выканаўцаў рэпрэсій.

Акрамя таго, прадстаўнікі партыі заклікалі спыніць працу забаўляльнай установы побач з Курапатамі.

4 красавіка ў Курапатах, на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паводле рашэння ўлад было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Зміцерам Дашкевічам. Рабочыя пачалі ўсталёўваць агароджу па перыметры Курапатаў. Паводле інфармацыі міліцыі, былі затрыманыя 15 чалавек “для высвятлення асобы і правядзення праверкі”. Увечары іх адпусцілі.

Раніцай 5 красавіка ва ўрочышчы, дзе сабраліся каля 10 актывістаў, міліцыя зноў затрымала сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца і актывістку Ніну Багінскую, а вечарам пасля малітвы ў Курапатах была затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык.

Дзеянні ўлад у Курапатах таксама асудзілі Аб`яднаная грамадзянская партыя, рух “За Свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Рада БНР, Ліберальна-дэмакратычная партыя, рух салідарнасці “Разам”, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

Сітуацыю ў Курапатах асудзілі таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, Алена Анісім і Валерый Варанецкі. З крытыкай дзеянняў улад выступіў міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч.

Міністэрства лясной гаспадаркі размясціла на сваім сайце каментарый пра сітуацыю ў Курапатах, у якім паведаміла, што на тэрыторыі ДСЛГУ “Бараўлянскі спецлясгас” праводзяцца планавыя работы па добраўпарадкаванні ляснога фонду. “У рамках навядзення парадку спецыялістамі ўстановы праводзіцца мантаж агароджаў, выдаленне асобных збудаванняў”, — гаворыцца ў рэлізе.

Гэтыя работы, адзначаюць у міністэрстве, праводзяцца ў тым ліку ў Курапатах, тэрыторыя якіх з`яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і землямі дзяржаўнага ляснога фонду. Мінлясгас звяртае ўвагу на тое, што “спецыялістамі лясгаса ажыццяўляецца знос выключна тых аб`ектаў, якія былі ўстаноўленыя без якой-небудзь дазвольнай дакументацыі, г.зн. з`яўляюцца незаконна ўстаноўленымі”.

Падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрочышча Курапаты будзе прыведзена ў парадак, але рэстаран “Паедзем паядзім”, супраць працы якога пратэстуюць грамадскія актывісты, ніхто закрываць не будзе. Лукашэнка таксама выказаўся супраць несанкцыянаваных акцый ва ўрочышчы. “І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя Дашкевічам і іншымі актывістамі летам мінулага года. — БелаПАН.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле інфармацыйнай агенцыі Белапан

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.