Партыя БНФ » Дасьледаваньне: Расейскіх прапагандысцкіх сайтаў у Беларусі пабольшала
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дасьледаваньне: Расейскіх прапагандысцкіх сайтаў у Беларусі пабольшала

Дададзена 18.04.2019 11:44:18 | 275 праглядаў

Агрэсіўных расейскіх прапагандысцкіх сайтаў у Беларусі за апошнія гады рэзка пабольшала, — такія вынікі дасьледаваньня, якое правёў Дасьледніцкі недзяржаўны цэнтар EAST. “Найбольш актыўныя зьвязаныя з расейскай арганізацыяй CIS-EMO, ініцыятывай «Саюз» і прынамсі ўскосна з амбасадай Расеі ў Беларусі​” – гавораць дасьледчыкі.

1B8834E8-C7DC-4B3E-8075-D919A48E4EA7_w1023_r1_sДасьледніцкі недзяржаўны цэнтар EAST апублікаваў аналіз расейскай прапаганды ў Беларусі (PDF) за апошні час.

Аўтар дасьледаваньня і дырэктар інстытуту Андрэй Елісееў каротка пераказвае вынікі:

 

  • З 2016 году некалькі разоў вырасла колькасьць інтэрнэт-рэсурсаў, якія рэгулярна разьмяшчаюць публікацыі пра Беларусь з дэзынфармацыяй, прапагандысцкім наратывам і эпізадычна мовай варожасьці — цяпер каля 40 сайтаў даволі актыўныя.
  • За апошнія два гады ў інтэрнэце зьявіўся цэлы шэраг новых актыўных крыніц дэзынфармацыі і мовы варожасьці, цалкам прысьвечаныя падзеям у Беларусі. Іх цяпер 15.
  • Пачала актыўную дзейнасьць паўнавартасная каардынаваная сетка рэгіянальных сайтаў з рэгулярнымі публікацыямі з мовай варожасьці ў дачыненьні розных сацыяльных, палітычных, рэлігійных, прафэсійных групаў насельніцтва Беларусі. Публікацыі выкарыстоўваюць агрэсіўную шавіністычную рыторыку, часам адкрыта ставяць пад сумнеў існаваньне самастойнага беларускага этнасу і мовы, дыскрэдытуюць і скажаюць гісторыю Беларусі.
  • Кіраўнікі шэрагу найбольш актыўных крыніц дэзынфармацыі і прапагандысцкіх наратываў па Беларусі, якія пэрыядычна выкарыстоўваюць мову варожасьці, зьвязаныя з расейскай арганізацыяй зь вельмі неадназначнай рэпутацыяй CIS-EMO, з грамадзянскай ініцыятывай «Саюз», утворанай у 2018 годзе, а таксама маюць прынамсі ўскосную сувязь з амбасадай Расеі ў Беларусі.

У мінулым дасьледаваньні 2016 году разглядаліся ў асноўным рэсурсы EADaily і Regnum. Цяпер яны трапілі ў лік «крыніц з высокім узроўнем дэзынфармацыі», ды гэтая катэгорыя не «найвышэйшая». У лік «найбольш агрэсіўных крыніц» дасьледнік залічыў сайты Ross-bel.ru, Teleskop, Sozh, Vitbich, Berestje-News, GrodnoDaily, Mogilew.by, Podneprovie-Info, Imhoclub.by, Dranik і Politring.

Сайты, разгледжаныя ў дасьледаваньні, зьвязаныя празь перадрукі і агульныя рысы: даволі нэўтральнае афармленьне без адсылак да сымболікі радыкальных груповак, разбаўленьне ўласных агрэсіўных матэрыялаў чужымі пазнавальнымі і забаўляльнымі.

Нападкі, у тым ліку заклік да гвалту, накіраваныя на журналістаў недзяржаўных выданьняў і незалежных блогераў, прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкіх арганізацыяў, грамадзянаў празаходніх палітычных поглядаў і тых, хто не прызнае ідэалёгію «агульнарускага народу», прыхільнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, праваабаронцаў і грамадзянаў, якія карыстаюцца міжнароднымі прававымі мэханізмамі.

Рэсурсы сярод іншага прасоўваюць прапановы, напрыклад, разьмясьціць у Беларусі расейскую ядзерную зброю і расейскія вайсковыя базы; увесьці ў Беларусі расейскі рубель; увесьці крымінальную адказнасьць за «распальваньне страху за кошт Расеі». На іх публікуюцца заявы аб тым, што нібыта беларуская мова была створаная штучна, беларускі народ — гэта частка расейскага, сапраўдная назва Беларусі — «Заходні край», Захад хоча зрабіць зь беларусаў «гарматнае мяса», расстрэлы ў Курапатах маглі рабіць і не бальшавікі…

Дасьледнік прыводзіць і топ самых абсурдных сьцьверджаньняў і ідэяў «рэгіянальнай сеткі дэзынфармацыі». У ім сярод іншага такія:

  • беларускія чыноўнікі — гэта «пятая калёна Захаду» і «аднадумцы гаўляйтараў з МВФ»;
  • сэнатар Генадзь Давыдзька — гэта, магчыма, агент Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША;
  • Расея можа стаць мішэньню для зьнішчэньня русафобамі зь Беларусі;
  • ЗША плянавала захоп украінскага Крыму;
  • у абмен на бязьвізавы рэжым Эўразьвяз хоча ад Беларусі страты незалежнасьці;
  • Эўразьвяз хоча далучыць Беларусь, каб пазьбегнуць распаду;
  • у Эўразьвязе фэміністкі цкуюць мужчын, а пускаць жанчыну ў палітыку — гэта глупства;
  • Эўразьвяз — гэта крыніца нацызму;
  • у Польшчы існуе сакрэтны праект «Міжмор’е» па захопе Беларусі;
  • віруса імунадэфіцыту чалавека не існуе.

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.