Партыя БНФ » Вынікі красавіцкага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі красавіцкага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 16.04.2019 12:44:30 | 701 праглядаў

6 красавіка ў цэнтральнай сядзібе БНФ у Менску (вул. Чарнышэўскага, 3) адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючым органам Фронту былі разгледжаныя пытаньні аб палітычнай сытуацыі, аб чарговых пагрозах уладаў Народнаму мэмарыялу у Курапатах, аб адзначэньні 101-й гадавіны БНР, аб сытуацыі з партыйнымі офісамі ў Менску і ў рэгіёнах, а таксама былі прынятыя дзьве палітычныя заявы.

Пасяджэньне Сойму пачалося з хвіліны маўчаньня па беларускім палітыку Сямёну Домашу, кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2001 года, які пайшоў з жыцьця сёлета ў лютым.

сойм бнф 4У  сваім дакладзе пра палітычную сытуацыю старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў спыніўся на хваравітай рэакцыі расейскіх СМІ і прарасейскай “пятай калоны” на студзеньскі заклік Партыі БНФ да больш шырокага ўжываньня беларускай мовы, выкладзены ў заяве “Беларуская мова – найважнейшы фактар нацыянальнай бясьпекі для незалежнай беларускай дзяржавы“. Лідэр БНФ адзначыў, што заява БНФ патрапіла дакладна ў мэту, і рэзкая рэакцыя антыбеларускіх сілаў сьведчыць пра яе актуальнасьць. Разам з тым, адрасатам заклікаў БНФ з’яўляюцца беларусы – менавіта ад іх волі і здольнасьці абараняць сваі інтарэсы залежыць устойлівасьць беларускай дзяржавы.

“Ва ўмовах актывізацыі імперска-шавіністычных сілаў у Маскве, іх актывізацыі канкрэтна на беларускім накірунку, менавіта БНФ як патрыятычная партыя павінная цьвёржа стаяць на пазыцыі абароны незалежнасьці, і абарона беларускай мовы тут ёсьць адной з важных стартэгічных задачаў” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Палітык адзначыў задаволенасьць тым фактам, што ў канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі краіны, якая была падпісаная Лукашэнкам 18 сакавіка, адзначная менавіта роля беларускай мовы як фактара нацыянальнай бясьпекі. Па словах Рыгора Кастусёва, уключэньне гэткага палажэньня ў канцэпцыю дзяржаўнай палітыкі – гэта крок у слушным накірунку. Але без рэальнага напаўненьня сапраўдным патрыятычным зьместам гэты крок можа застацца пустым гукам. “Тое што дзяржава прызнае мову фактарам нацыянальнай бясьпекі – гэта добра. Але рэальныя крокі ў гэтым накірунку залежаць ад нас, ад грамадзтва, ад дзяржаўнай улады – менавіта дакладны пералік неабходных крокаў выкладзены ў нашым студзеньскім звароце” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня БНФ адзначыў, што пакуль сапраўднай абароны краіны ад інфармацыйных атакаў з Расеі дзржава не ажыцьцяўляе – замест гэтага ўлады закручваюць гайкі ў медыйнай сферы, усялякім чынам абмяжоўваючы свабоду слова і не даючы вольна развівацца беларускім СМІ. Такія крокі як мінулагодняя хваля ператрусаў і затрыманьняў у незалежных СМІ пад шыльдай надуманай “справы Белта”, што скончылася пустым абвінаваўчым прысудам у дачыненьні да рэдактаркі партала TUT.BY Марыны Золатавай – гэта падыгрываньне антыбеларускай палітыцы, якая вядзецца цяпер расейскімі прапагандыстамі.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што ўнутры краіны напярэдадні выбараў падымаюць галаву антыбеларускія сілы, якія прагнуць легалізацыі заходнерусізму і пераўтварэньня яго ў легітымную палітычную сілу. Адным з захадаў гэтых цяпер маргінальных дзеячоў стаўся іх зварот у пракуратуру з заявай аб ліквідацыі БНФ, які здарыўся адначасова з аналагічнай атакай супраць газэты “Новы Час”, што заснаваная Мінскай арганізацыяй Таварыства Беларускай мовы.

“Гэтыя напады на БНФ асуджаныя на паразу. Я іх успрымаю як сьведчаньне слушнасьці таго курса, які мы абралі – ад яго аж трасе расейскіх імперцаў як ў Маскве, так і тут, у антыбеларускай “пятай калоне” у Менску. Зараз іх актывізацыя ўпісваецца ў крамлёўскі план, у якім захады па ліквідацыі БНФ ёсьць часткай змовы супраць усёй беларускай дзяржавы, таму што Партыя БНФ – гэта галоўны абаронца нашай незалежнай Беларусі і інтарэсаў беларускага народу” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня Партыі БНФ заявіў пра нязьменнасьць абранага курсу і адзначыў намер працягваць працу па ўзмацненьні беларускай мовы як фактара нацыянальнай бясьпекі ў Беларусі.

Рыгор Кастусёў таксама падкрэсліў, што ўстойлівасьць незалежнасьці беларускай дзяржавы не можа быць дасягнутая без належнага забесьпячэньня вайскова-стратэгічнага складніка, што магчыма толькі пры паўнавартасным уключэньні краіны ў сыстэму агульнаэўрапэйскай бясьпекі ў межах NATO. Гэтаму альянсу сёлета спаўняецца 70 гадоў, і Беларусі наканавана раней ці пазьней далучыцца да яго: “20 гадоў таму нашыя заходнія ды паўночныя суседзі — Польшча, Літва і Латвія далучыліся да НАТА, што дазволіла ім гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзянаў на многія дзесяцігодзьдзі наперад, спакойна, без увагі на крамлёўскія пагрозы і шантаж праводзіць дэкамунізацыю, жыцьцёва важныя эканамічныя, палітычныя ды вайсковыя рэформы, прыцягнуць буйныя інвэстыцыі з Захаду, далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, вольна жыць і імкнуцца да шчасьця.  Роля і значэньне NATO як асноўнага гаранта бясьпекі ізноў гранічна ўзраслі пасьля рэваншу ў Маскве агрэсыўнай імпэрскай ідэалёгіі. Таксама надзвычайную небясьпеку для краінаў Эўропы ды Паўночнай Амэрыкі ўяўляюць сёньня крамлёўская дэзынфармацыя, хлусьлівая прапаганда, фэйкавыя навіны, хакерскія атакі. Беларусь у поўнай меры сутыкаецца сёньня з пагрозамі з боку Крамля. Заявы і дзеяньні расейскага кіраўніцтва і расейскага амбасадара ў Беларусі выразна сьведчаць, што нашая краіна знаходзіцца ў фокусе імпэрскіх інтарэсаў Масквы. Партыя БНФ цьвёрда перакананая — дзеля таго, каб надзейна абараніць дзяржаўную незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, каб забясьпечыць годнае жыцьцё і свабоду беларусаў, нашая краіна павінна неадкладна выйсьці з АДКБ, Саюзнай дзяржавы з Расеяй і Эўразійскага эканамічнага саюзу.  Рэспубліка Беларусь павінна пашыраць і разьвіваць сваё сваё супрацоўніцтва з NATO, а ў пэрспэктыве — далучыцца да Арганізацыі, каб у бясьпецы, міры і партнэрстве з вольнымі народамі Эўропы ды Амэрыкі годна будаваць сваю будучыню” – заявіў Рыгор Кастусёў.

ДзецюкіСябры Сойму абмеркавалі вынікі сёлетняга адзначэньня 101-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі, у тым ліку правядзеньне акцыяў і імпрэзаў да дня прыняцьця Трэцяй Устаўной Граматы БНР. Сёлета цэнтрам сьвяткаваньняў сталася Гародня – тут сфармавалася агульнагагарадзкая кааліцыя патрычтычных сілаў, якая здолела на належным узроўні правесьці сьвята, што стала галоўнай сьвяточнай пляцоўкай у агульнакраёвым маштабе. Гарадзенская арганізацыя БНФ, яе старшыня Вадзім Саранчукоў адыгралі вядучую ролю у падрыхтоўцы і правядзеньні акцыі 23 сакавіка да Дня Волі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра імпрэзы і акцыі, што адбыліся ў шмат якіх гарадах і мястэчках краіны – паўсюдна структуры БНФ былі асноўнымі арганізатрамі і актыўнымі ўдзельнікамі сьвяткаваньняў. Але ў Менску ўлады адхілілі ўсе заяўкі, якія падаваліся на правядзеньне мітынгаў да Дня Волі. Частка апазыцыйных партыяў пагадзілася на правядзеньне мітынгу ў Кіеўскім скверы паводле паведамляльнага прынцыпу, які быў уведзены ў дзеяньне з гэтага году. Лідэр БНФ ацаніў падобны крок гэтых палітыкаў як памылковы, які ставіць пад пагрозу магчымасьць правядзеньня легальных маштабных акцыяў у цэнтры Менску ў будучыні.

Рыгор Кастусёў даў ацэнку дзеяньням уладаў па забароне ўсіх акцыяў да Дня Волі ў Менску як часткі падрыхтоўкі краіны да будучых палітычных кампаніяў напярэдадні “прэзідэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў”: “Перамоўнае поле гранічна звузілася. Усе людзі з уладных колаў, з кім мы працавалі падчас падрыхтоўкі да стагодзьдзя БНР, альбо страцілі свае пасады, альбо зьмянілі свае працоўныя функцыі. На іх месца прыйшлі вельмі часта людзі з сілавых структураў. У тым ліку мы бачым што ранейшыя дамоўленасьці па ўсталяваньні шыльды у гонар БНР засталіся нерэалізаваныя” – сказаў Рыгор Кастусёў, і праінфармаваў сябраў Сойму, што шыльда перададзеная на захаваньне ў суседнюю кавярню “Біршоў”, якая месьціцца побач з домам, дзе 101 год таму была абвешчаная незалежнасьць БНР. Там цяпер працуе выстава прысьвечаная БНР, і шыльда з’яўляецца яе цэнтральным экспанатам.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў значэньне агульнанацыянальнага юбілейнага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР пад кіраўніцтвам акадэміка Гарэцкага, які працягвае працу і цяпер. Асноўную ролю у працы гэтай грамадзкай структуры адыгрываюць сябры Беларускага Народнага Фронту. Пры гэтым калі іншыя структуры імкнуцца выкарыстаць БНР як нагоду для кароткатэрміновых палітычных дзеяньняў дзеля сваёй прыватнай карысьці, прадстаўнікі БНФ працуюць у гэтым аргкамітэце стала і сыстэмна, на каштоўнасным падмурку. Паводле словаў Рыгора Кастусёва, падобнае несупадзеньне падыходаў – з’ява таксама доўгатэрміновая, яна праяўлялася і ў часе араганізацыі Сьвята Незалежнасьці ў 2018 годзе. Менавіта з гэтай прычыны арганізатары мінулагодняй маштабнай імпрэзы з ліку блогераў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці скептычна ставяцца да супрацы з палітычнымі партыямі, апроч БНФ.

Сойм БНФ на прапанову старшыні партыі абмеркаваў магчымасьць зрабіць у наступным годзе Магілёў цэнтральнай пляцоўкай для адзначэньня 102-й гадавіны БНР.

Сябры Сойму абмеркавалі сытуацыю, якая склалася з зьмяненьнем заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы. З аднаго боку, уведзеныя элемены заяўляльнага прынцыпу правядзеньня акцыяў. Але яны працуюць толькі ў дачыненьні да дазволеных уладамі пляцовак, якія звычайна знаходзяцца у аддаленых частках гарадоў. Апроч таго, уладамі вызначаныя празмерныя стаўкі аплату за ахову любых мерапрыемстваў, якія сталіся новым абмежаваньнем свабоды сходаў у Беларусі. Новы парадак аплаты паслуг міліцыі па ахове грамадзкага парадку, выдаткі на мэдычнае абслугоўваньне і прыбіраньне тэрыторыі пасьля правядзеньня масавых акцый зацьверджаныя пастановай Савету Міністраў ад 24 студзеня 2019 году № 49. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч праінфармаваў сябраў сойму пра падачу на 26 красавіка заяўкі аб правядзеньні традыцыйнага Чарнобыльскага Шляху у Менску.

Азначаныя захады ўладаў у сукупнасьці сьведчаць, што ўлады ўжо фактычна працуюць у рэжыме выбарчай кампаніі, звыкла плянуючы дасягнуць патрэбнага выніку адміністраытўнымі маніпуляцыямі і праз абмежаваньне правоў грамадзянаў – сказаў Рыгор Кастусёў. Пра гэта, на ягоную думку, сьведчыць і апошняя актыўнасьць Лукашэнкі, ягоныя дэманстратыўныя “разносы” наменклатуры, скіраваныя на танныя папулісцкія настроі ягонага электарату. “Нас чакае яшчэ шмат шоў ад Лукашэнкі – таму што рэальна ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, абароны сувэрэнітэту – яму няма чым пахваліцца, няма рэальных дасягненьняў” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Сябры Сойму былі праінфармаваныя пра хаду падрыхтоўкі партыі да перадвыбарчых палітычных кампаніяў, у тым ліку пра ўдзел БНФ у кампаніі назіраньня “Права выбару – 2019“.

Кампанія партыйнага назірання за выбарамі “Права выбару”, якая паспяхова была праведзеная цягам некалькіх мінулых выбарчых цыкляў, будзе працягнутая. Восем дэмакратычных партыяў і арганізацыяў — АГП, БНФ, БСДП, БХД, “Зялёныя”, ПСП, Рух “За свабоду” і прафсаюз РЭП падпісалі новае пагадненне аб сумесным правядзенні мабілізацыйнай кампаніі ды актыўнага назірання на наступных выбарах. 18 патэнцыйных парляманцкіх кандыдатаў ад арганізацыяў-удзельніц “Права выбару” пачалі ў лютым лякальныя сацыяльна-эканамічныя ды мабілізацыйныя кампаніі ў сваіх раёнах. “Права выбару” таксама падрыхтавала прапановы зменаў выбарчага заканадаўства ды практыкі яго прымянення ў Беларусі і працуе дзеля іх рэалізацыі. Асноўныя прапановы – гарантыя правоў партыяў і кандыдатаў пры фармаванні выбарчых камісіяў, абмежаванне датэрміновага галасавання і цалкам празрысты падлік бюлетэняў. У сакратарыяце кампаніі актыўна працуюць прадстаўнікі управы БНФ.

Старшыня БНФ праінфармаваў сябраў сойму пра перамовы з іншымі палітычнымі сіламі адносна супрацы падчас будучых агітацыйных кампаніяў. Сойм БНФ даручыў кіраўніцтву партыі працягнуць кансультацыі з іншымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі што да выпрацоўкі агульнай тактыкі падчас кампаніяў.

56178719_10217358186120496_2047865403442462720_nНаместнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч праінфармаваў сябраў сойму пра новы наступ ўладаў у Курапатах, дзе з’явілася новая пагроза Народнаму Мэмарыялу ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Палітык адзначыў, што прадстаўнікі мінскай арганізацыі БНФ аператыўна прыбылі на месца абуральных падзеяў, а напярэдадні сойму месца здзяйсьненьня акта дзяржаўнага вандалізму наведаў кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Сойм Партыі БНФ адзінагалосна прыняў з  нагоды гэтых падзеяў заяву Не чапайце Курапаты!.

Партыя БНФ перасьцерагае ўлады ад дзеяньняў па руйнаваньні Народнага мэмарыялу, якія могуць нанесьці непапраўную шкоду Беларусі, і патрабуе ад уладаў:

-        Спыніць зьнішчэньне крыжоў і іншых элемэнтаў Народнага мэмарыялу ў Курапатах, вярнуць ужо вывезеныя крыжы на ранейшае месца і ўсталяваць іх нанова.

-        Прыпыніць усе дзеяньні па дзяржаўнай мэмарыялізацыі ў месцы гісторыка-культурнай каштоўнасьці, а надалей усе працы па дзяржаўнай мэмарыялізацыі ў Курапатах рабіць толькі пасьля папярэдняга абмеркаваньня і ўхваленьня прызнаных грамадзкіх структураў, якія дзесяцігодзьдзямі апякуюцца аховай сьвятыні.

-        Правесьці інвентарызацыю ўсіх крыжоў і іншых элементаў Народнага мэмарыялу для ўключэньня іх у склад гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

-        Распрацаваць прынцыпы і канцэпцыю дзяржаўнай мэмарыялізацыі Курапатаў у супрацы з кампетэнтнымі грамадзкімі структурамі, у тым ліку ў першую чаргу з грамадзкай дырэкцыяй Народнага мэмарыялу Курапаты, ініцыятывай “Экспэрты ў абарону Курапатаў”, Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ды іншымі кампетэнтнымі і прызнанымі арганізацыямі.

-        Спыніць дзейнасьць забаўляльнай установы каля Курапатаў.

-        Спыніць перасьлед актывістаў і валянтэраў, якія абараняюць Курапаты ад вандалаў, расследаваць ўсе выпадкі зьнішчэньня ці пашкоджаньня знакаў памяці, у тым ліку апошнія злачынсты, зьвязаныя з апаганьваньнем знака памяці ад амерыканскага народу і ўсталяванага ў мінулым годзе дзяржаўнага знаку.

-        Абнародаваць і ўвекавечыць імёны ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў, назваць імёны выканаўцаў рэпрэсіяў і стварыць умовы для высьвятленьня ўсіх абставінаў трагедыі ў Курапатах для ўсіх дасьледчыкаў.

Партыя БНФ заклікае грамадзянскую супольнасьць не спыняць ціску на ўлады дзеля прадухіленьня новых злачынстваў на месцы бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

На прапанову сябраў БНФ Валерыя Рабцава і Вячаслава Сіўчыка было вырашана аднавіць удзел БНФ у варце каля рэстарацыі Паедзем-Паядзім ля Курапатаў – сп. Рабцаву даручана ккардынаваць удзел у варце шточацьвер.

Сябры Сойму заслухалі паведамленьне пра дзейнасьць ініцыятывы па асуджэньні камунізма, якая паўстала з прапановы сябры Сойму БНФ Аляксея Марачкіна па арганізацыі маскоўскага трыбуналу над камунізмам. Як паведаміў сп. Марачкін, азначаная ініцыятыва ўжо атрымала станоўчую ацэнку Зянона Пазьняка, які адзначыў, што хоць цяпер рэальнай магчымасьці склікаць такі суд над камуністычнымі злачынствамі нерэалістычна, але тэма важная для падтрыманьня грамадзкай увагі да праблемы беспакаранасьці камуністычных злачынстваў.

Гэтая ініцыятыва ўжо знаходзіць міжнародны розгалас: 12 сакавіка на прапанову польскага дэпутата Эўрапарлямэнту Марка Юрка, былога старшыні парлямэнту Польшчы, сябры фракцыі Альянсу Кансэрватараў і Рэфармістаў, да якога належыць і Партыя БНФ, Эўрапэйскі Парлямэнт прыняў “Справаздачу аб стане адносінаў паміж Эўразьвязам і Расеяй”.  У гэтай справаздачы Эўрапарлямэнт заклікаў “улады Расеі асудзіць камунізм і савецкі рэжым, а таксама пакараць вінаватых у злачынствах камунізму”.  У гэтай жа справаздачы Эўрапарлямэнт “рашуча асудзіў расейскі націск на Беларусь, які мае на мэце схіленьне гэтай дзяржавы да фактычнага зрачэньня незалежнасьці”.

Сябры Сойму заслухалі паведамленьне пра дзейнасьць партыі на міжнароднай арэне, у тым ліку у кірунку забесьпячэньня беларускіх нацынальных інтарэсаў у справе ўшанаваньня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага: У сакавіку таршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў на адрас міністра замежных справаў Літоўскай Рэспублікі Лінаса Лінкявічуса і міністра культуры Міндаўгаса Квяткаўскаса зварот у справе ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 года. Палітык заяўляе пра неабходнасьць размяшчэньня на магілах паўстанцаў 1863-1864 гадоў надпісаў па-беларуску.

Сябра Сойму Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў распавёў прысутным пра дзейнасьць віцебскіх патрыётаў па арганізацыі супраціву актывізацыі “рускага міру”, у тым ліку пра арганізацыю ў студзені канфэрэнцыі “Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасць” што прайшла ў абласной бібліятэцы. Імпрэза мела вялікі розгалас і станоўчыя водгукі ў горадзе. Цяпер Віцебская арганізацыя БНФ прыкладае намаганьні каб пакласьці каней дзейнасьці расейскіх шавіністаў (якія часткова паходзяць з сепаратысцкіх груповак ЛНР-ДНР) у навучальных установах горада, асабліва – у Віцебскім унівэрсітэце.

Таксама ў абмеркаваньні палітычнай сытуацыі ў краіне і дзейнасьці БНФ у цяперашніх умовах узялі ўдзел сябры Сойму Вадзім Болбас, Ігар Казьмерчак, Васіль Раманаў, Зьміцер Салаўёў, Аляксандр Стральцоў, Алесь Жучкоў, Натальля Ільініч, Віталь Макаранка, Барыс Вырвіч, Юрый Чавусаў ды іншыя.

Сойм заслухаў інфармацыю па выніках удзелу Партыі БНФ у абмеркаваньні праекта закона “Аб зьмяненьні законаў Рэспублікі Беларусь па пытаньні ўзмацненьня барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма”. На прапанову намесьніка  старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, які браў удзел у працы рабочай групы па дзеным праекце закона, Сойм Партыі БНФ 6 красавіка заклікаў парлямэнт адхіліць дадзены законапраект, прыняўшы адмысловую заяву.  “Партыя БНФ выказвае сур’ёзную занепакоенасьць тым, што дзяржаўныя праваахоўныя  органы, на якіх палягае адказнасьць барацьбы са злачынствамі, не выконваюць сваіх абавязкаў барацьбы з рэальным гвалтоўным экстрэмізмам і злачынствамі нянавісьці (праявы якіх, напрыклад, мы бачым у нядаўніх абуральных актах вандалізму ў Курапатах).  Цяпер у беларускім заканадаўстве маецца вялікі арсенал мераў па прадухіленні злачынстваў, у тым ліку – звязаных з распальваньнем нянавісьці і прапагандай нацызму. Увядзеньне дадатковых захадаў будзе перашкаджаць рэальнай барацьбе са злачынствамі на глебе расавай і рэлігійнай нецярпімасьці, патэнцыйна адцягваючы праваахоўны рэсурс на дзеі, што не ўяўляюць істотнай грамадзкай небясьпекі” – гаворыцца ў дакуменце.

Адказны сакратар Управы Зьміцер Салошкін праінфармаваў сябраў Сойму пра становішча з аплатай партыйных офісаў ў Менску, Магілёве і Гародні, дзе ў сувязі з запазычанасьцямі па арэндзе з’явілася пагроза страты арганізацыйнымі сруктарамі партыі юрыдычных адрасоў. Што датычыць партыйнай сядзібы ў Менску, то дзякуючы ахвяраваньням і абвешчанай партыяй кампаніі краўдфандынгу ў лістападзе-студзені атрымалася сабраць сумы, дастатковыя каб ліквідаваць ўсе запазычнасьці па юрадрасах Партыі БНФ: усе тры судовыя іскі пра скаваньне дамовы арэнды партыйнай сядзібы (да партыі, да мінскай гарадзкой партыйнай арганізацыі, да мінскай абласной партыйнай арганізацыі) быліі адхіленыя судом.

Але пачынаючы са студзеня памер ахвяраваньняў ізноўку пачаў памяньшацца, што часткова можа быць растлумачана пачаткам збору сродкаў на арганізацыю Дня Волі. Калі ў студзені на рахунак БНФ паступіла больш за пяць тысяч рублёў, то ў лютым і сакавіку памер ахвяраваньняў скараціўся да палутара тысяч рублёў. Гэтага дастаткова каб аплочваць бягучыя плацяжы партыі, але не дастаткова каб ліквідаваць запазычанасьці па памяшканьняз Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На 1 красавіка ўжо ўступіла ў дзеяньне судовае рашэньне пра высяленьне грамадзкага аб’яднаньня з паловы вялікай залі сядзібы, па другой палове залі рашэньне суда першай інстанцыі абскарджваецца, але пакуль сродкаў каб ліквідаваць запазычанасьць у 9 тысяч рублёў не хапае каб разлічваць на выігрыш судовага працэсу.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікаў актыўней ахвяраваць сродкі на рахунак БНФ каб партыя і грамадзкае аб’яднаньне не пазбавілася юрыдычнага адрасу.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што ўрад адмаўляецца прадстаўляць БНФ ільготны каэфіцыент па стаўках арэнды памяшканьняў, якім карыстаюцца камуністы, Белая русь і праўладная партыя працыі справядлівасьці. Насуперак закону аб палітычных партыях для апазыцыйных структураў устаноўленыя павышаныя саўкі арэнды. Для таго каб захаваць матэрыяльна-тэхнічную базу партыі і яе офісы неабходна павялічыць актыўнасьць у зборы ахвяраваньняў і складак на дзейнасьць партыі.

 

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.