Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў: Ва Украіне памыляюцца ў ацэнцы памераў карупцыі ў Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў: Ва Украіне памыляюцца ў ацэнцы памераў карупцыі ў Беларусі

Дададзена 22.04.2019 12:02:12 | 413 праглядаў

Ва Украіне карыстаецца вялікай папулярнасцю кіраўнік Беларусі. Чым жа так мілы Аляксандр Лукашэнка ўкраінскаму электарату і што гэта значыць для абедзвюх дзяржаў – у матэрыяле Дзмітрыя Міцкевіча на тэлеканале Белсат.

Лукашэнка ўпэўнена апярэдзіў сусветных лідараў – Ангелу Мэркель, Дональда Трампа, Эмануэля Макрона і іншых. Па статыстыцы аналітычнага цэнтру «Новая Еўропа», большасць апытаных украінцаў назвалі менавіта кіраўніка Беларусі лепшым прыкладам для будучага прэзідэнта Украіны.

Каментуе Яўген Магда, дырэктар Цэнтру міжнароднай палітыкі:

«Ёсць вядомы анекдот – ня трэба блытаць турызм з эміграцыяй. Украінцы бачаць у Беларусі тое, што яны хочуць бачыць: добрыя дарогі, вычышчаныя, нават вылізаныя гарады, адсутнасць бамжоў. Давайце таксама не забываць, што ва Украіне мільёны людзей большую частку свайго жыцця пражылі ў Савецкім саюзе. І тут яны бачаць праз дарогу гэткі Савецкі саюз-лайт. І разумеюць, што ён звязаны з Лукашэнкам».

1554833632_1540816925_poroshenko_01І сапраўды – парадак, стабільнасць і трывалая ўлада фігуруюць сярод асноўных украінскіх асацыяцый з Беларуссю. Хоць і падыходы Аляксандра Лукашэнкі да дзяржаўнага кіравання ўспрымаюцца не заўсёды ў пазітыўным ключы.

 

Жыхары Вінніцы:

«Я лічу яго не зусім дэмакратычным».

«Мне падабаецца той парадак, тая бяспека і стабільнасць, якая існуе ў сталіцы Беларусі і ў яе ваколіцах».

«Мне больш падабаюцца вясёлыя, сімпатычныя, людзі, што смяюцца. Як Уладзімір Зяленскі».

«Ён справядліва за людзьмі, Лукашэнка!»

«Калі б у нас такі «бацька» быў, гэта выдатна было б».

Яшчэ адзін важны фактар ​​папулярнасці кіраўніка Беларусі: па статыстыцы, сярод трох галоўных чаканняў ад прэзідэнта Украіны – барацьба з карупцыяй і масавыя пасадкі вінаватых у ёй чыноўнікаў. Тое, што гэта не ўваходзіць у паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы для траціны ўкраінцаў – справа дзясятая.

«Менавіта фактар ​​карупцыі грае ва Украіне значную ролю. А ў Беларусі, хоць карупцыі ня менш, чым ва Украіне, усё ж фактар ​​гэтай паказушнай барацьбы з карупцыяй мае вялікі «пазітыўны» уплыў на ўспрыманне людзьмі. Таму з боку можа здавацца, што з карупцыяй у Беларусі ўсё строга», – упэўнены Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ.

Беларускія дзяржаўныя СМІ пасля хвалі абмеркавання гэтай прамовы Лукашэнкі ў інтэрнэце паспяшаліся выдаліць яе са сваіх старонак. А дарма – менавіта падобнага роду паводзіны, імгненныя адстаўкі чыноўнікаў у прамым эфіры і загады аб узбуджэнні крымінальных спраў – рэчы, якія, па словах экспертаў, сур’ёзна павышаюць рэйтынг Лукашэнкі ва Украіне і Расеі. Мала каго цікавіць далейшы лёс арыштаваных карупцыянераў ці чыноўнікаў пасля адстаўкі, хоць тыя часта проста атрымліваюць новыя пасады. Добрае звычайна запамінаецца лепш. І гэта ўласціва не толькі ўнутранай палітыцы.

«Якія-небудзь крокі Лукашэнкі ці беларускіх уладаў насустрач Расеі нават у сурʼёзнай аналітыцы і масавай свядомасці могуць ацэньвацца максімум як расчараванне, маўляў, шкада, што зараз так. Але любы мэсідж Лукашэнкі пра тое, што ён падтрымлівае Украіну, будзе паўтарацца і тыражавацца вельмі шырока», – перакананая Алена Тараненка, загадчыца кафедры журналістыкі Данецкага нацыянальнага ўніверсітэту імя Васіля Стуса.

Ужо што-што, а правільную рыторыку ў патрэбны момант кіраўнік Беларусі падбіраць ўмеў заўсёды.

Яшчэ адно папулярнае патрабаванне ўкраінцаў да кіраўніка сваёй дзяржавы – стабілізацыя вонкавай палітыкі, перамовы па Данбасу і Крыме з ЕЗ і ЗША. А перамоваў з Расеяй жадае больш за 20% жыхароў Украіны. На фоне вайны ў краіне і страты часткі тэрыторый, імідж Беларусі і яе кіраўніка (які, на думку шмат каго, паспяхова балансуе паміж Захадам і Расеяй) сапраўды можа здавацца прывабным украінцам, стомленым ад пяці гадоў вайны.

«Падобна, што гэта пошук такога абаронцы нацыянальных інтарэсаў. Гэта значыць, той самы вобраз «бацькі». Украінцам, асабліва ў час вайны і ў сітуацыі такой перадвыбарнай ліхаманкі, вельмі патрэбны «бацька», да якога можна прыціснуцца. І мне здаецца, што сярод украінскіх прэзідэнтаў не было таго, хто адыгрываў бы такі вобраз», – заключае Алена Тараненка.

Абсалютна такога ж вобразу сапраўды няма, аднак ужо ў нядзелю ўкраінцы могуць выбраць ледзь не свайго ўласнага Лукашэнку – шматлікія эксперты параўноўваюць сітуацыю ў Украіне цяпер з выбарамі ў Беларусі ў 1994 годзе. Чалавек старой сістэмы супраць маладога-перспектыўнага, які карыстаецца падтрымкай «простага народа», шчодра раздае абяцанні і прапануе простыя адказы на складаныя пытанні.

Дзмітрый Міцкевіч/МВ, «Белсат»

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.