Партыя БНФ » Зьміцер Дрыгайла – пра расейскі досьвед абмежаваньня свабоды слова ў інтэрнэце
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Дрыгайла – пра расейскі досьвед абмежаваньня свабоды слова ў інтэрнэце

Дададзена 27.04.2019 12:05:33 | 259 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра доьвед Расеі ў змаганьні са свабодай слова ў інтэрнэце – і да чаго гэта змаганьне прыводзіць.

Ня вельмі люблю LinkedIn. Гэта такая сацыяльная сетка для пошуку працы й абмену працоўнымі кантактамі, у ёй звычайна сядзяць бізнэсоўцы й рэкрутэры. Бесяць, ведаеце, усе гэтыя прапановы ад незнаёмых людзей абмеркаваць нейкія патэнцыйныя супольныя бізнэс­справы. Але такое жыцьцё: ня хочаш ­ не рэгіструйся. А LinkedIn ­ гэта ўсё ж амаль паўмільярды карыстальнікаў, ён ­ у топ­20 сярод самых наведвальных сайтаў у сьвеце.

Дык вось, ад лістапада 2018г. з Расеі на гэты сайт ані я, аніхто зайсьці ня можа. Каб пабачыць, што там хто табе напісаў, трэба ехаць у Беларусь. Альбо падлучаць VPN. Насамрэч, у сфэры інтэрнэту ў Расеі за апошнія два гады шмат што зьмянілася. Раней ня ўсе спэцы ведалі, што такое VPN, а цяпер ўсе вымушана стаюцца хакерамі. Што, вы таксама ня ведаеце пра VPN??? О, гэта ж кожная расейская бабця ўжо ведае! Добра, зараз распавяду.

Даведка «БелГазеты». 7 красавіка 1994г. зьявіўся рунэт (расейскі інтэрнэт). Менавіта ў гэты дзень была зарэгістраваная даменная зона .ru, якая з 2001г. стала імкліва расьці. Калі ў 2000г. у Расеі было 3 млн 100 тыс. карыстальнікаў інтэрнэту, то ў 2007г. – 28 млн, у 2013г. – 76,5 млн. Зараз лічба па розных дадзеных вагаецца ў раёне 108-109 млн, блізу 75% насельніцтва Расеі. VPN (анг. Virtual Private Network – віртуальная прыватная сетка) – тэхналёгія, якая дазваляе забясьпечыць адно або некалькі сеткавых злучэньняў (лягічную сетку) па-над іншай сеткай (напрыклад, інтэрнэт).

7 красавіка споўнілася 25 гадоў рунэту. І ў якасьці «падарунка» Дзяржаўная дума прыняла ў трох чытаньнях закон пра сувэрэнны інтэрнэт, у адпаведнасьці зь якім рунэт можна будзе проста адключыць ад усясьветнае сеткі, а кіраваць расейскім інтэрнэтам можа Раскамнагляд.

Гэта ня жарты. Бо фактычная адсутнасьць мяжы паміж нашымі краінамі азначае максымальна спрошчаны ўзаемаабмен ідэямі. А гэта ўсё ж тычыцца інфармацыйнай бясьпекі ў IT. Дык што ж там, у Расеі, здарылася?

Два гады таму, 26 сакавіка 2017г., пачаліся масавыя пратэсты супраць карупцыі ў розных гарадах Расеі людзей, што паглядзелі ў інтэрнэце фільм Аляксея Навальнага «Он вам не Димон» пра прэм’ер­міністра Расеі. Фільм агулам паглядзела больш за 29 млн чалавек. Узімку 2018г., перад прэзыдэнцкімі выбарамі, штабы Навальнага зладзілі мітынгі ў 118 гарадах пад агульнай назвай «Страйк выбаршчыкаў». Потым ­ экалягічныя пратэсты, пратэсты супраць сьмецьцевых палігонаў. Была пастаўленая задача лякалізаваць і зьбіць пратэсты, а надалей каб пра іх даведвалася вобмаль грамадзянаў. Кажуць, што фактычным аўтарам і эвангелістам закону пра сувэрэнны інтэрнэт зьяўляецца намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Кірыенка.

Згодна з законам ўсе апэратары сувязі мусяць усталяваць адмысловае абсталяваньне, што дасьцё ім Раскамнагляд, дзяржаўная інстытуцыя, што рэгулюе інтэрнэт у краіне. Увесь трафік, які пакідае або ўваходзiць у сетку, будзе праходзіць праз DPI, што дае магчымасьць адсочваць яго і кантраляваць.

Даведка «БелГазеты». DPI (анг. Deep Packet Inspection – глыбокая праверка пакетаў дадзеных) – тэхналёгія праверкі й фільтрацыі пакетаў дадзеных, то бок правяраецца ўсё зьмесьціва інтэрнэт-трафіку і пры патрэбе блякуецца. Гэтая тэхналёгія шырока выкарыстоўваецца ў карпарацыях па ўсім сьвеце.
То бок будзе створаная дублюючая, рэзэрвная інфраструктура, неабходная для працы сеткі. Калі раптам што, які экстранны выпадак (ICANN, то бок амэрыканцы захочуць адключыць Расею ад глябальнага інтэрнэта, а хутчэй, улады Расеі захочуць пазьбегнуць пашырэньня нейкай непажаданай для расейцаў інфармацыі), замежныя сэрвэры будуць заблякаваныя, і расейскі інтэрнэт будзе аўтаномнай сеткай закрытай архітэктуры без падлучэньня да замежных каранёвых сыстэмаў, а Раскамнагляд праз гэтыя адмысловыя прылады стане кіраваць маршрутамі інтэрнэт­трафіку. Ствараецца цэнтр маніторынгу, які будзе загадваць апэратарам сувязі, што й дзе адключыць. Правайдэры таксама абавязаныя падлучыцца да нацыянальнай сыстэмы даменных імёнаў.

Каму ўсё гэта выгадна? Расейскім спэцслужбам ­ як найперш. Каму яшчэ? Раскамнагляд у якасьці асноўнага распрацоўніка абсталяваньня для фільтрацыі трафіка лябіруе rdp.ru, якая належыць прыватным асобам, а 15% ­ венчурнаму фонду дзяржаўнага апэратара «Ростелеком». А на рэалізацыю закону плянуецца выдаткаваць зь бюджэту $0,5 млрд, і яшчэ $2 млрд выдаткуюць апэратары сувязі.

Памятайма, дакладна год таму падчас вайны з мэсэнджэрам Telegram, Раскамнагляд заблякаваў мільёны IP­адрасоў, у тым ліку добрасумленных, паралізаваўшы іх працу. А Telegram як працаваў, так і працуе. Як напісала газэта «Ведомости», Раскамнагляд прайграў матч з камандай праграмістаў­алімпіяднікаў на чале з Паўлам Дуравым.

Законапраект пра сувэрэнны інтэрнэт паступіў у Думу пры канцы 2018г., 12 лютага быў прыняты ў першым чытаньні, 11 красавіка ­ у другім, 16­га ­ у трэцім. Гэта адзін з ланцугу законаў, што прымаюцца ў Расеі ў прамысловай колькасьці. Толькі ў мінулым месяцы Ўладзімір Пуцін падпісаў законы пра зьнявагу ўлады, пра забарону вайскоўцам распавядаць пра службу ў СМІ й інтэрнэце, пра блякіроўку фэйкавых навінаў… Быў у мяне сябар, які ў 2001г. пачуў пра артыкул ў Крымінальным кодэксе Беларусі за абразу прэзыдэнта і ў сэрцах выпаліў: «Гэта ж цэнзура, …бі яе маць». Карціць паўтарыць. Натуральна, інтэрнэт цяпер ­ адзіная пляцоўка, што не да канца пад кантролем уладаў. А спажываньне інфармацыі няўмольна перацякае ў сетку. Невыпадкова як раз у 2019г. інтэрнэт упершыню перамагае тэлевізію па агульных рэклямных бюджэтах.

За што ж пацярпеў LinkedIn? Яго заблякавалі ў зьвязку з парушэньнем закону пра лякалізацыю пэрсанальных дадзеных 242­ФЗ, яшчэ аднаго, ранейшага «сувэрэннага» расейскага закону з той жа сэрыі, што абавязвае апэратараў сувязі запісваць, захоўваць на тэрыторыі Расеі ды прадастаўляць пэрсанальныя дадзеныя людзей па запыце ўладных інстытуцыяў, а таксама паведамляць ў Раскамнагляд пра тое, дзе фізычна ў РФ месьцяцца ўсе базы дадзеных, а канкрэтна ­ за тое, што сэрвэры LinkedIn не былі перанесеныя з Каліфорніі ў Расею. Хоць адмыслоўцы кажуць, што на LinkedIn проста вырашылі пратэставаць нейкія тэхнічныя працэдуры. Каб не атрымалася гэтак жа, як з Telegram’ам.

Паводле тыднёвіка Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.