Выніковы зварот аргкамітэта сёлетняга Чарнобыльскага шляхуДададзена 27.04.2019 11:51:11 | 527 праглядаў Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху-2019 апублікаваў выніковы адкрыты зварот, у якім дае ацэнку палітыкі ўладаў што да наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама заклікае спыніць пабудову Астравецкай АЭС.
Адкрыты зварот Аргкамітэту Чарнобыльскага шляху-2019 Сёння, у 33-я ўгодкі аварыі на ЧАЭС, наступствы якой беларусы будуць адчуваць на сабе яшчэ доўга, мы не праводзім афіцыйна дазволенае ўладамі вулічнае жалобнае шэсце і мітынг памяці ахвяраў Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы, а таксама традыцыйную вулічную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Віну за гэта мы ўскладаем на ўлады, якія ў гэтым годзе пачалі гандляваць канстытуцыйнымі свабодамі грамадзянаў, патрабуючы немалых грошай з удзельнікаў мірных дэманстрацый. Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху не стаў плаціць уладам за права правядзення гэтай вулічнай акцыі – яна ўжо аплачаная жыццямі і здароўем людзей! Памяць пра Чарнобыль не прадаецца, а пратэст не можа стаць камерцыйным шоу, асноўную выгаду ад якога атрымлівае рэпрэсіўная ўлада! Але ў гэты дзень мы ўсе адзначаем гэтую дату так, як лічым патрэбным: мы распавядаем пра наступствы чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы і рызыках АЭС пад Астраўцом, робім выставы і кінапаказы, праводзім дыскусіі і шмат што іншае. Усе дзеянні маюць адну простую і зразумелую для нас мэту – спыніць атамны генацыд беларусаў. Сёння мы не проста аддаем даніну памяці, інфармуем і заяўляем, але па-ранейшаму выстаўляем патрабаванні уладам: - спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС як пагрозу нацыянальнаму суверэнітэту, эканамічна і энергетычна небяспечнае, якое нясе непрымальныя рызыкі для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя; правесці кансультацыі пра мэтазгоднасць працягу мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі, якая не адпавядае інтарэсам краіны; распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага бяз’ядзернага развіцця Беларусі; - спыніць засваенне чарнобыльскіх зямель і вытворчасць там прадуктаў харчавання; даць жыхарам забруджаных тэрыторый рэальныя альтэрнатывы перасялення; - аднавіць дзеянне закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС», прынятага ў 1991 годзе, які забяспечвае лепшую абарону ліквідатараў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС; - спыніць палітычную і сацыяльную дэстабілізацыю ў краіне, адмяніўшы новае рэпрэсіўнае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (гэта папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і Пастанова Савета Міністраў №49), спыніўшы палітычныя рэпрэсіі; - пачаць раўнапраўны і сумленны дыялог з грамадскасцю і стварыць дзейсныя механізмы для ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў; забяспечыць свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, забяспечыць правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Да ўводу ў строй Астравецкай АЭС засталося не так шмат часу – менш за год! Калі будаўніцтва будзе спынена да пуску, гэта дасць магчымасць пазбегнуць высокіх выдаткаў на працу з небяспечным на працягу тысячагоддзяў адпрацаваным ядзерным палівам і непрымальных для беларусаў экалагічных рызыкаў. Гэта дасць шанец Беларусі захаваць суверэнітэт ва ўмовах росту ціску і, ў тым ліку, энергетычнага, з боку суседняй краіны. Расійская АЭС на беларускай зямлі – гэта інструмент гібрыднай вайны, ён можа быць выкарыстаны пры любым лакальным канфлікце з удзелам Расіі. Разбуральную сілу гэтага інструмента ужо паказаў Чарнобыль! Не Астравецкай АЭС! Не радыяцыйнаму, сацыяльнаму і палітычнаму Чарнобылю! У аргкамітэт Чарнобыльскага шляху-2019 уваходзяць Партыя БНФ, партыя «Зялёныя», аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», БСДП, ПАГА “Рух за свабоду”, АГП, Рух салідарнасці «Разам», грамадскае аб’яднанне Экадом. |
|
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|