Партыя БНФ » Успаміны пра слонімскага фронтаўца Уладзіміра Шундрыка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Успаміны пра слонімскага фронтаўца Уладзіміра Шундрыка

Дададзена 03.05.2019 10:48:50 | 151 праглядаў

Успаміны пра сябра БНФ і актывіста Саюзу Беларускай Моладзі, слонімскага настаўніка і краязнаўцу Уладзіміра Шундрыка, якому 3 траўня споўнілася б 90 гадоў.

Піша Сяргей Чыгрын на сайце Беларускага Радыё Рацыя

Сёння хачу прыгадаць шчырага беларуса, добрага настаўніка і краязнаўцу са Слоніма Уладзіміра Шундрыка, якому 3 траўня споўнілася б 90 гадоў.

Уладзімір-Шундрык

Уладзімір Шундрык у цэнтры Слоніма, 1960-я гады

Пазнаёміўся я з ім дзесьці ў другой палове 1980-х гадоў. Гэта ён, Уладзімір Іванавіч, мне падараваў тады кнігі Уладзіслава Казлоўшчыка, Сяргея Хмары, Станіслава Грынкевіча, Хведара Ільяшэвіча, якія выдаваліся ў Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах. Аднойчы Уладзімір Шундрык паказаў мне кнігу Язэпа Найдзюка “Беларусь учора і сёння”, выдадзеную ў 1943 годзе ў Менску. “Гэтую кнігу я хачу падараваць табе, каб ты добра вывучыў гісторыю нашай Бацькаўшчыны і ведаў праўду”, — сказаў мне Уладзімір Іванавіч. Я “адным глытком” яе “праглынуў”, потым чытаў і перачытваў дзясяткі разоў. Яна і цяпер стаіць на паліцы на самым відным месцы ў маёй кватэры.

Уладзімір Іванавіч Шундрык нарадзіўся ў Рышчыцах каля Слоніма. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Слоніме. Вось што пра яго вучобу прыгадвае былы настаўнік, цяпер пенсіянер Мікалай Ракевіч: “Сам Валодзя мне расказваў пра вучобу пры немцах. Ён казаў, што ў школе працавалі даволі адукаваныя настаўнікі, таму на ўроках заўсёды было цікава. Настаўнікі адкрывалі нам праўдзівую гісторыю Беларусі, распавядалі пра выдатных дзеячаў, якія праславілі наш край. Запомніўся асабліва настаўнік Паважынскі. Яго ўрокі мы чакалі з нецярпеннем, яны прабягалі для нас, як адна хвіліна. Цікавая работа вялася і па лініі Саюза беларускай моладзі (СБМ). Усе вучні былі сябрамі СБМ. Насілі сваю адметную форму, якую выдавалі бясплатна. У летні час у Альбярціне праводзілася работа з дружынамі: вучні развучвалі беларускія песні, рыхтавалі сцэнары розных мерапрыемстваў. Потым дружыновыя вялі такую работу ў сваіх дружынах. Шмат увагі надавалася спорту. Перыядычна адбываўся збор арганізацыі СМБ на гарадской цэнтральнай плошчы ў Слоніме. Завяршаўся збор паходнай песняй і маршыроўкай. Ніякай антысавецкай агітацыі не праводзілася. Нават настаўнікі нашы стараліся нас папярэдзіць, каб мы не ўдзельнічалі ні ў якіх палітычных мерапрыемствах”.

Але, на жаль, дзейнасць Саюза беларускай моладзі (СБМ) у пасляваенныя гады трактавалася савецкімі ўладамі як калабарацыя з нямецкімі акупантамі, а ягоныя сябры амаль усе былі рэпрэсаваныя. Баяўся рэпрэсій і Уладзімір Шундрык. Летам 1944 года ён хацеў з’ехаць на Захад. Нават сеў у цягнік, але бацька адшукаў юнака, зняў з цягніка і забраў дахаты.

А калі Слонім занялі савецкія войскі і прыйшла ў наш горад зноў савецкая ўлада, Уладзіміра Шундрыка некалькі разоў выклікалі на допыт супрацоўнікі НКУС. Яны распытвалі пра СБМ, пагражалі арыштам і расстрэлам. Але на адным з допытаў Уладзімір сказаў, што кінуў вучобу ў школе, не быў у СБМ, а працаваў вучнем у каваля. Больш яго НКУС не чапаў.

У 1951 годзе Уладзімір Шундрык скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Па накіраванні спачатку настаўнічаў на Меншчыне, але ў 1957 годзе вярнуўся ў родны Слонім, дзе шмат гадоў працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, а таксама выкладаў сталярную справу.

У вольны час Уладзімір Шундрык даследаваў гісторыю роднага краю, сам спрабаваў пісаць, выступаў з артыкуламі на краязнаўчую і літаратурную тэматыку ў мясцовым і абласным друку. “Мне аднойчы запомніўся яго цікавы і змястоўны даклад пра Гальяша Леўчыка на секцыі настаўнікаў беларускай літаратуры, — прыгадвае настаўнік-пенсіянер Мікалай Ракевіч. — Валодзя меў схільнасць і да паэзіі, пісаў вершы на патрыятычныя тэмы, іншы раз па памяці дэкламаваў іх. Шкада, што я не запісаў вершаў Уладзіміра Шундрыка”.

Адзін з твораў Уладзіміра Шундрыка быў надрукаваны ў зборніку “Золак над Шчарай” (Слонім, 1994), ён прысвячаўся роднай мове. Вось як гучыць адна страфа з таго верша:

Беларуская мова — гэта факел свабоды,

Гэта промень святла ў паднявольнай начы.

Паважае ўвесь свет толькі тыя народы,

Што змаглі сваю мову, свой край зберагчы…

Беларускую мову і слова Уладзімір Іванавіч Шундрык шанаваў, як самае святое на зямлі. Ён любіў Бацькаўшчыну і свой горад. Ён шчыра вітаў незалежнасць Беларусі, быў сябрам БНФ, прымаў удзел у многіх мерапрыемствах, якія ладзіліся сябрамі БНФ.

У апошнія гады Уладзімір Шундрык жыў адзін. Ён перажываў за ўсё, што адбывалася ў Беларусі. Гэтыя перажыванні, адчай і самота ўкарацілі яму жыццё. Сёння мая згадка пра нашага шчырага земляка няхай будзе данінай яго светлай памяці.

Травень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.