Партыя БНФ » «Пэрфэкцыяніст, моўны фанат, акадэмік»: у Менску ўзгадалі выбітнага лінгвіста, сябру БНФ Зьмітра Саўку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Пэрфэкцыяніст, моўны фанат, акадэмік»: у Менску ўзгадалі выбітнага лінгвіста, сябру БНФ Зьмітра Саўку

Дададзена 14.05.2019 11:55:31 | 361 праглядаў

У менскім літаратурным музэі Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці беларускага мовазнаўцы, сябры БНФ Зьмітра Саўкі, на якой прэзэнтавалі ягоную пасьмяротна выдадзеную кнігу «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» — пра гісторыю Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня.

Рэдактарка кнігі, вядомая дасьледчыца беларускай эміграцыі Натальля Гардзіенка адзначыла, што пад адной вокладкай зьмешчаныя фактычна дзьве кнігі: першая — гэта гісторыя Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, другая — успаміны, гутаркі, запісаныя Зьмітром Саўкам падчас сустрэчаў з паваеннымі эмігрантамі.

«Зміцер Саўка прыяжджаў у Злучаныя Штаты пры канцы 1990-х на запрашэньне Вітаўта Кіпеля, кіраўніка Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, і прабыў там агулам паўтара гады. Большасьць тых, чые ўспаміны ёсьць у кнізе, ужо няма на гэтым сьвеце. І гэта адзіная магчымасьць нам даведацца, як яны жылі, пра што марылі», — кажа Натальля Гардзіенка.

Натальля Гардзіенка

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская назвала Зьмітра Саўку пэрфэкцыяністам — ён быў надзвычай працалюбівым, адказным чалавекам.

Школьны сябра Зьмітра мастак Артур Клінаў узгадвае, як яны сядзелі за адной партай, як разам распаўсюджвалі «самвыдат», які атрымлівалі ад сяброў-студэнтаў, у тым ліку і ад Вінцука Вячоркі.

«Мне шкада адной рэчы — у беларускай культуры няма пераемнасьці пакаленьняў, беларуская культура — як пясочны гадзіньнік. Сытуацыя посткаляніяльнага існаваньня. Пакуль мы хістаемся невядома дзе, кожнае пакаленьне пачынае ўсё спачатку.

Артур Клінаў

Я называў Зьмітра акадэмікам. Каб ён быў у іншых умовах, яго справа мела б працяг. Каб не пачыналі ўсё з нуля кожныя 20 гадоў», — кажа Артур Клінаў.

Вольга Калацкая ў сярэдзіне 1990-х працавала разам з Саўкам на катэдры беларускай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Але калі ён паехаў у Амэрыку займацца дасьледчыцкай працай — яго зь Лінгвістычнага «сышлі».

«Зьміцер быў ня проста адмыслоўцам, ня проста „профі“ — ён быў моўным фанатыкам», — заўважае Вольга Калацкая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зьміцер Саўка

Лінгвіст Вінцук Вячорка, былы старшыня Партыі БНФ і суаўтар «Беларускага клясычнага правапісу», памятае Саўку яшчэ школьнікам, калі да студэнтаў у моладзевае згуртаваньне «Майстроўня» прыйшлі трое школьнікаў — Зьміцер, Артур Клінаў, Лявон Юрэвіч. Студэнты іх называлі «малымі з бульвару».

«Калі ён паступіў на філфак, мы зразумелі, што аднадумцаў стала болей. Вельмі шчыльна кантактавалі, калі працавалі над „Беларускім клясычным правапісам“ — Юрась Бушлякоў, Зьміцер Саўка, Зьміцер Санько і я. Саўка заўсёды зацята, апантана адстойваў сваю думку, але пры гэтым шанаваў тых, хто гэтак жа зацята адстойваў сваю, бо яднала галоўнае — мова», — кажа Вінцук Вячорка.

Удзельнікі вечарыны. На пярэднім пляне - Ілона Урбановіч, удава Зьмітра Саўкі

Удзельнікі вечарыны. На пярэднім пляне – Ілона Урбановіч, удава Зьмітра Саўкі

З 1999 па 2002 гады Зьміцер Саўка працаваў стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, а з 2006 году кіраваў моўнай службай на тэлеканале Белсат. Адзін зь кіраўнікоў каналу Аляксей Дзікавіцкі пажартаваў:

«Дзякуючы Саўку, у нас ёсьць ня толькі тарашкевіца і наркамаўка, але і сАўкаўка».

Прыканцы вечарыны старэйшы сын Зьмітра Саўкі Ўладзя абвясьціў, што наступнай імпрэзай будзе прэзэнтацыя дысэртацыі ягонага бацькі.

Уладзь Саўка
Уладзь Саўка

​———————-

Зьміцер Саўка (1965–2017) — аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк — Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Зьмітром Санько; Вільня — Менск, 2005). Ён удзельнічаў у моладзевым грамадзкім аб’яднаньні «Беларуская майстроўня» (1979–1984). Быў стваральнікам і кіраўніком моўнай службы тэлеканалу «Белсат», адным з аўтараў тэлепраграмы «Моўнік». Быў кіраўніком суполкі Партыі БНФ у цэнтральным раёне Менску.

Паводле Радыё Свабода

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.