Партыя БНФ » Зьміцер Дрыгайла – пра тое, як зрабіць беларускую хвігу ў кішэні тлустай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Дрыгайла – пра тое, як зрабіць беларускую хвігу ў кішэні тлустай

Дададзена 16.05.2019 8:23:54 | 170 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра тое, як галіна інтэрнэт-праграмаваньня па факце сталася флягманскай што гэта азначае для беларусаў.

Тыя з нас, хто езьдзіць па-за межы краіны досыць часта, заўважаюць, што пакрысе, паступова, спакваля ў нас неяк перастала быць танна. Гэта здарылася ня сёньня, але працэс, так бы мовіць, наблізіўся да свайго лягічнага канца зараз. Тавары ў крамах, прыватныя садкі, паліва, рэстарацыі, разнастайныя паслугі – ад мэдычных да турыстычных – і ўсё каштуе, як у Эўропе. Ці ў Маскве. За выключэньнем камунальных плацяжоў і транспарту.

itЧаму так? Высокая энэргаёмістасьць вытворчасьці? Разьдзьмутыя штаты? Недастатковая канкурэнцыя ў галінах? Мусіць, так. Але апошнім часам даводзіцца чуць пра айцішнікаў, што «разагрэлі» рынак. Маўляў, маюць высокія заробкі й дазваляюць сабе тое, што звычайным працоўным недаступнае. А прадаўцы працуюць на гэты вузкі сэгмэнт грамадзства. Ці так гэта?

Па-першае, тое, што ў IT больш высокія заробкі, чым у сярэднім па краіне, – гэта праўда. Па-другое, тое, што людзі, якiя атрымліваюць BYN 2,5 тыс., могуць сабе дазволіць больш, чым тыя, хто зарабляе BYN 1 тыс., – таксама праўда. Па-трэцяе, гэтых людзей сапраўды ня так ужо й мала, зараз – каля 50 тыс. чалавек, 0,5% усіх людзей у краіне. У іх ёсьць сем’і (бацькі, дзеці), у іх ёсьць бізнэс-партнэры, а таксама – тыя ж крамы, фітнэс-клюбы, аўтамабільныя ды масажныя салёны й вось гэта вось усё, што прыбытак свой на іх робіць. Агулам атрымліваецца ўжо некалькі адсоткаў.

Дык што ж астатнія? Моўчкі зайздросьцяць? Ані! Нават самыя кансэрватыўныя, савецкія людзі ў нас задумаліся, што ж гэта за прафэсіі такія – QA-тэстэр, FrontEnd-распрацоўнік, PHP-праграміст й інш. і чаму яны могуць больш, чым можам мы, кіроўцы транспарту, журналісты, працоўныя на заводах, інжынэры ў праектных інстытутах. Кілямэтровыя чэргі на IT-спэцыяльнасьці ў ВНУ, IT-курсы перападрыхтоўкі, кошт якіх у месяц складае памер сярэдняга заробку па краіне, безьліч адкрытых «малодшых» вакансіяў у беларускіх IT-кампаніях, дзе нельга разьлічваць на вялікія грошы, але можна «прыдбаць скілы», а там ужо ўсё проста – «засмоўкал на рэгрэшэне, каб ня білдыцца, а інвайрмэнт праз тулзы ў гемах паглядзеў, потым тэст-кейсы ў тэст-ранах запусьціў, падэплоіўся на фічы па фрэймворку»… Адкрыты космас, карацей.

Беларусы – яны такія. Зь вялікай хвігай у кішэні. Постсавецкія рэакцыі ў выглядзе «пазайздросьціць, праграмэра адлавіць, пысу яму начысьціць, бырлам посьпех заліць» паступова адыходзіць у нябыт. І праступае нашае спрадвечнае: паглядзець, патыліцу пачухаць і накіравацца туды, «дзе даюць». Каб хвіга сталася тлустай.

Мы такія не адзіныя ў сваім памкненьні авалодаць найноўшымі ды пэрспэктыўнымі ведамі. Ва Ўкраіне ды ў Расеі таксама шмат людзей намагаюцца «узьляцець» гэткім жа самым чынам. Больш за тое, ва Ўкраіне, напрыклад, IT-каледж DevEducation прапануе навучыцца IT-прафэсіям фактычна за так, бясплатна. Ды яшчэ й з гарантаваным працаўладкаваньнем з заробкам, вышэйшым за сярэдні па рынку. У чым цымэс? Яны – партнэры міжнародных R&D-цэнтраў, якім патрэбныя дасьведчаныя спэцыялісты па параўнальна (з працаўнікамі з ЗША ці Ізраілю) нізкім кошце. Гэтыя ж R&D-цэнтры й забіраюць выпускнікоў у праектныя каманды. І што вы думаеце? Там ўсе араюць зямлю? Дык не! Варочаюць носам, кажуць, што чатыры месяцы для сваёй жа будучыні ахвяраваць на навучаньне – гэта замнога, ды й навучанне нешта нейкае сумнае, ды й хатнія заданьні завялікія…

У нас – ня так, пры ўсёй нашай масавай рахманасьці й інэртнасьці. Бо калі нашыя людзі ўсьведамляюць, што нешта й насамрэч вартае ўвагі й працы, дык надаюць таму належную ўвагу й працуюць. Гэтак і з IT. Справа – у матывацыі. Хочаш добра зарабляць і ня мець абмежаваньняў, каб набыць тое, што хочаш? Адчуваеш, што ў жыцьці трэба нешта мяняць? Дык – мяняй! Адчуваеш пакліканьне ў сваёй бягучай справе, хоць ня маеш дастаткова грошай на самае неабходнае? Ці проста ня маеш патрэбы штосьці мяняць, бо гэта ж трэба варушыцца? А як жа заведзены ўклад жыцьця, тэлевізар ці гульня на кампутары ад панядзелка да чацьвера, піва з сябрамі па пятніцах, лецішча з жонкай па суботах? Дык – сядзі так, як ёсьць, і не наракай. Дзякуй богу, краіна паступова, нашмат больш павольна, праўда, чым хацелася б, выбіраецца з багны. І галіна інтэрнэт-праграмаваньня па факце сталася флягманскай. А калі так – дык наперад, вучыць юзкейсы, рэкурсіі ды й іншыя марсіянскія словы.

Даведка «БелГазеты». Базавы курс дае першы погляд на праграмаваньне, знаёміць з базавымі паняцьцямі й канцэпцыямі ды закладвае канцэптуальны падмурак разуменьня праграмаваньня. Працэс навучаньня будуецца па прынцыпе ланцужкоў модуляў: відэалекцыі – практыка – кантроль. Курс Quality Assurance (QA) прызначаны для спэцыялістаў IT, якія хочуць пабудаваць сваю кар‘еру ў галіне тэьтаваньня праграмнага забясьпечаньня (ПЗ). Гэты курс – пераважна практычны й ахоплівае ўсе асноўныя канцэпцыі, што выкарыстоўваюцца пры тэставаньні ПЗ.Курс FrontEnd-распрацоўкі вучыць вярстаць сайты рознай складанасьці, ствараць кліенцкія інтэрфэйсы, то бок зьнешнюю, публічную частку сайта ў браўзэры, з акцэнтам на вырашэньне тыповых задач сучасных вэб-праектаў, а таксама ствараць web-дадаткі са складанай архітэктурай.

Паводле тыднёвіка Белгазета

Травень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.