Партыя БНФ » У Менску абмеркавалі пэрспэктывы стасункаў Беларусі i NATO
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Менску абмеркавалі пэрспэктывы стасункаў Беларусі i NATO

Дададзена 21.05.2019 11:57:42 | 566 праглядаў

17 траўня ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбыўся круглы стол “NATO як гарант міру і бясьпекі ва Усходняй Эўропе: выклікі і пэрспэктывы”, прымеркаваны да 70-годзьдзя падпісаньня Паўночнаатлянтычнай дамовы і паўстаньня NATO.

Па словах намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, у дыскусіі, у якой удзельнічалі палітыкі, грамадзкія актывісты і палітолягі, былі абмеркаваныя пагрозы і выклікі, з якімі арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы сутыкаецца падчас сваёй дзейнасьці як гаранта міру і бясьпекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе:

Аляксей Янукевіч Красавік 2017 „Мы бачым, што існуючая афіцыйная канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі ў Беларусі мае вельмі шмат слабых бакоў. Яна вымагае сур’ёзнай рэвізіі, у тым ліку і ў накірунку развіцьця адносінаў з NATO”, — лічыць Аляксей Янукевіч: – NATO ёсьць глябальным гульцом і шмат гадоў грае важную ролю ў нашым рэгіёне. Тая роля, якую сёння адыгрывае NATO, якую можа адыграць у будучыні дзеля забеспячэньня бясьпекі нашай краіны – гэта тэма, гэтая роля на жаль часьцком выпадае з увагі беларускай грамадзкасьці.

У працы круглага стала, на якім абмяркоўвалася роля NATO ў сучасным сьвеце і  адносіны гэтай арганізацыі з Беларусьсю ўдзельнічалі прадстаўнікі Партыі БНФ, БСПД (Грамады), Руху салідарнасьці “Разам” ды іншых партыяў ды рухаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗ дакладамі выступілі кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, палітоляг і кіраўнік экспэртнай групы “Цэнтар палітычнай адукацыі” Андрэй Ляховіч, грамадскі дзеяч і палітоляг Алесь Лагвінец. У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел старўыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітычны аглядальнік агенцыі Белапан Аляксандр Класкоўскі, анлядальнік Радыё Свабода Уладзімер Глод, палітоляг Юрый Чавусаў, іншыя экспэрты, актывісты ды журналісты.

«Шлях складаны, комплексны і затратны»

sdrМенавіта гэтымі трыма словамі Андрэй Паротнікаў, экспэрт у пытаньнях бясьпекі, заснавальнік Belarus Security Blog, акрэсьліў беларускія пэрспэктывы ў NATO:

«Ня трэба мець ілюзіяў, што гэты шлях будзе просты і кароткі. Напачатку трэба выйсьці з АДКБ, затым пабыць пэўны час у статусе пазаблёкавай краіны. І толькі пасьля можна будзе на нешта спадзявацца».

А вось палітоляг Юры Чавусаў згадаў, што 6 гадоў таму ў падобнай дыскусіі ў сядзібе БНФ з нагоды пэрспэктываў разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы яму давялося абмяркоўваць такія ж пляны для Ўкраіны — «і тады амаль усе ўдзельнікі дыскусіі называлі падобны сцэнар фантастыкай – а сёньня на палітычнай сцэне ўкраіны далучэньне да NATO ёсьць амаль мэйнстрымам і канстантай украінскай палітыкі. Прынамсі, асноўныя кандыдаты на нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах не ставяць пад сумнеў курс Украіны ў NATO».

Паротнікаў таксама зьвярнуў увагу на нэгатыўны досьвед знаходжаньня Беларусі ў АДКБ.

«У NATO ўсе працуюць паводле адзіных правілаў, у АДКБ — інакш. Беларусь прадае зброю Азэрбайджану, які не ўваходзіць у АДКБ, цудоўна ведаючы, што некаторыя азэрбайджанскія генэралы хочуць выкарыстаць яе супраць Ерэвану. І гэта пры тым, што Армэнія, як і Беларусь, чалец блёку. У NATO падобныя кульбіты не праходзяць – NATO ёсьць вельмі фармалізаванай структурай: трэба санавіцца ў агульны шыхт і працаваць», — тлумачыць сваё разуменьне сытуацыі Паротнікаў.

Як адзначае экспэрт, нават пры зьмене паліытчнай сытуацыі ў Беларусі на дэмакратычную хуткага далучэньня да NATO чакаць не выпадае – для гэага ёсьць як палітычныя, так і эканамічныя перашкоды: далучэньне да альянсу каштуе вялікіх грошаў на пераўзбраеньне, а пры гэтым распаўсюджваньне рэальных плянаў бясьпекі на новых сябраў арганізацыі можа здарыцца вельмі няхутка, як паказвае досьвед краін Балтыі. Пры гэтым варта ўлічваць інтарэсы Расеі, з якой цяперашняя Беларусь мае як адкрытыя, так і закрытыя пагадненьні.

Як кажа Паротнікаў, больш рэалістычнай пэспэктывай мог бы быць абвешчаны Белурусьсю пазаблёкавы статус, які больш адпавядаў бы замацаванаму ў Канстытуцыі імкненьню краіны да нейтралітэту. Гэта азначала б адмову ад удзелу ў АДКБ і больш адпавядала б нашым нацыянальным інтарэсам – лічыць экспэрт. “Мінімум ілюзіяў і мксімум рэалізма – гэта павіннае быць нашае крэда” – адзначае Паротнікаў.

Пры гэтым экспэрт адзначае, што апошнім часам дынаміка паляпшэньян стасункаў з краінамі NATO ў Беларусі страчаная: пасьля канфлікту ва Ўкраіне Рэспубліку Беларусь шмат хто на Захадзе успрымае як вайскова-палітычнага сатэліта Расеі – і для гэткай інтэрпрэтацыі нашая краіна дае больш нагодаў, чым доказаў уласнага незалежнага курсу на замежнапалітычнай арэне. Беларускі бок жадае павелічэньня ўзроўня супрацоўніцтва, прастора для гэтага ёсьць (прынамсі можна было б казаць пра набліжэньне кантактаў Беларусі з NATO да таго ўзроўню, які мае цяпер NATO з Расеяй) – але азначаная ідэнтыфікацыя нашай краіны як расейскага памагатага шкодзіць такім плянам.

Менск і Брусэль не давяраюць адзін аднаму

20190517_125017Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што ў гэтым ёсьць віна абодвух бакоў.

«У штаб-кватэры NATO чамусьці не заўважаюць, што ў беларускага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва рыторыка наконт блёку больш мяккая, чым у Крамля. Менск апошнім часам усё ж паказвае элемэнты нэўтральнасьці ў гэтым пытаньні. Але ў Брусэлі, як і раней, лічаць Беларусь заядлым хаўрусьнікам Расеі.

З другога боку, у беларускага кіраўніцтва таксама няма даверу да NATO. Таму ад дыялёгу Брусэля і Менску пакуль няма плёну».

Спадар Лагвінец распавёў пра розныя стратэгічныя падыходы, якія суіснуюць у межах NATO і вынікаюць з рознай сратэгічнай культуры США, Францыі, Нямеччыны. Але пры гэтым, па словах экспэрта, Альянс застаецца самым пасьпяховым вайсковым хаўрусам у гісторыі, і кароткатэрміновыя складанасьці (у тым ліку з кантравэрсіўнымі выказваньнямі цяперашняга амерыканскага прэзыдэнта) не з’яўляюцца пагрозай для існаваньня Альянсу ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Спадар Лагвінец зьвярнуў увагу на пэўныя пэспеэктывы фармаваньня агульнаэўрапэйскіх сілаў бясьпекі, адзначыўшы, што абавязкі Эўразьвязу па ўзаемнай абароне з палітычнага пункту гледжаньня нават больш жорскія (“абараняць усімі даступнымі сродкамі”) за славуты пяты артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы (“прымаць захады па абароне, якія палічаць неабходнымі”).

Пры гэтым на думку экспэрта са стратэгічнага пункту гледжаньня становічша ва Усходняй Эўропе для NATO не з’яўляецца доўгатэрміновым пунктам у парадку дня – стратэгічнай праблемай, якая вызначае развіцьцё альянсу і ягонае плянаваньне на далёкасяжную будучыню, з’яўляецца становічша вакол Кітаю і магчымыя экспансіянісцкія памкненьні КНР. У якасьці прыкладу таго, дзе сапраўды Захад бачыць галоўны выклік, Лагвінец прывёў артыкул ва ўплывавым часопісе  The Economist пад назвай “A new kind of cold war“, які выйшаў напярэдадні круглага стала і распавядае пра пагрозы з боку Кітаю – а зусім не з боку РФ.

“Уся гісторыя NATO сьведчыць пра здольнасьць арганізацыі да эвалюцыі, пра здольнасььц адаптавацца і рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы – і ў гэтым адна з прычынаў устойлівасьці і пасьпяховасьці альнсу” – заключае Лагвінец.

Ня ўсё вырашае толькі зброя

sdrКіраўнік экспэртнай групы «Цэнтар палітычнай адукацыі» Андрэй Ляховіч лічыць, што ў Беларусі пакуль няма па-сапраўднаму нацыянальнай арміі.

«У нашай арміі ёсьць сучасная зброя. Але, я перакананы, у беларускіх вайскоўцаў няма псыхалёгіі змаганьня зь „зялёнымі чалавечкамі“. А ў такім выпадку зброя — гэта другаснае. Пакуль нас абараняе ад жаданьня Крамля далучыць Беларусь толькі эканамічная слабасьць Расеі».

Экспэрт падрабязна распавёў пра палітыку NATO у кантэксце украінска-расейскага канфлікту, адзначыўшы што гэты досьвед аналізуецца ўсімі бакамі: «не трэба на сёньняшні момант перабольшваць кароткатэрміновую небясьпеку з боку Расеі – пасьля Украіны расейцы не будуць увязвацца ў вайсковыя авантуры па захопу Беларусі. Пляны такія наўрадці могуць быць рэалізаваныя ў бліжэйшай пэрспэктыве. У тым ліку на гэта ўплывае фактар NATO: сам факт існаваньня альянсу служыць абаронай ад вайсковых выпадаў з боку Расеі».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паабяцаў, што «гэтая дыскусія – гэта толькі пачатак»:

«Мы зьбіраемся істотна абнавіць партыйную канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі. Таму падобныя мерапрыемствы абавязкова будуць яшчэ. Канечне, пакуль заўчасна казаць, што бальшыня беларускага насельніцтва прыхільна ставіцца да Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Але такое стаўленьне трэба выхоўваць, тлумачачы людзям, што расейскія авантуры могуць вельмі зашкодзіць Беларусі», — падкрэсьліў Янукевіч.

NATONATO — 70 гадоў

Паўночна-Атлянтычны альянс быў утвораны ў 1949 годзе, каб супрацьдзейнічаць камуністычнай пагрозе. Цяпер у NATO 29 краін, у тым ліку тры рэспублікі былога СССР — Латвія, Літва, Эстонія.

У праграму БНФ ад 2002 года ўключанае палажэньне пра неабходнасьць далучэньня Беларусі да арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы:

БНФ лічыць, што Беларусь павінна ўступіць у NATO як найбольш моцны, эфэктыўны і надзейны абарончы альянс сьвету, у склад якога ўваходзяць найбольш эканамічна і навукова разьвітыя дзяржавы, сяброўства ў якім, дасьць нашай краіне доступ да найсучасьнейшых ваенных стандартаў і тэхналёгіяў. Беларусь таксама павінная удзельнічаць у пабудове новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі, якую вядзе Эўрапейскі Зьвяз. Такая блёкавая палітыка ўлічвае нацыянальныя інтарэсы нашае краіны, забясьпечвае мадэрнізацыю беларускага войска, яго ўтрыманьне на належным матэрыяльна-тэхнічным роўні, адпаведнасьць сучасным рэаліям. Вайсковая рэформа павінна адбывацца з улікам гэтае мэты. З улікам цяжкіх наступстваў Чарнобыля Беларусь павінна надалей заставацца бязьядзернай дзяржавай.

Сойм Партыі БНФ перакананы, што ў цяперашняй сытуацыі асаблівую значнасьць набылі праграмныя палажэньні партыі, у адпаведнасьці зь якімі Партыя БНФ бачыць будучыню Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе ды ў наймацнейшым у сьвеце і ўгрунтаваным на супольных каштоўнасьцях абарончым паразуменьні – Арганізацыі Паўночнаатлянтычнае дамовы (NАТО).

Партыя БНФ лічыць неабходным нагадаць, што яшчэ ў 1954 годзе урадам Савецкай Беларусі была пададзеная заяўка на ўступленьне нашай краіны ў Арганізацыю Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO). Партыя БНФ заклікае урад Беларусі пацьвердзіць гэтую заяўку на новым гістарычным этапе, здзейсьніць выхад з АДКБ, паведаміць Расейскай Фэдэрацыі пра нежаданьне працягу дамовы пра знаходжаньне ў Беларусі расейскіх вайсковых аб‘ектаў “Вілейка” і “Ганцавічы”, распачаць інтэграцыю Беларусі ў агульнаэўрапэйскую і трансатлянтычную сыстэму бясьпекі.

dav

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.