Партыя БНФ » Старшыня БНФ уручыў Фэліксу Шкірманкову памятны мэдаль да стагодзьдзя БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ уручыў Фэліксу Шкірманкову памятны мэдаль да стагодзьдзя БНР

Дададзена 27.05.2019 6:34:49 | 668 праглядаў

На знак прызнаньня заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла вэтэрана вайны, літаратара і аднаго з найстарэйшых фронтаўцаў Фелікса Шкірманкова мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

БНР10027 траўня, у 93-ю гадавіну нараджэньня, узнагароду ўручылі яму старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і ягоныя аднапартыйцы Барыс Вырвіч ды Ўладзімер Кудраўцаў – паведамляе Радыё Свабода.

Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «уручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Мэдалём узнагароджаныя больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа. Уручэньне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 году. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Фелікс Шкірманкоў: «Веру, што Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай»

5C18A55A-1A0D-40C8-9F01-E89EB232F9FC_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_sФелікс Шкірманкоў жыве ў райцэнтры Слаўгарад, што на Магілёўшчыне. У ягоным доме і адбылося ўручэньне. Мэдаль заняў месца побач з узнагародамі Другой усясьветнай вайны.

Сп. Фелікс адзначыў, што ўзнагарода Рады БНР для яго дужа важная і ён не чакаў, што ягоныя заслугі перад Беларусьсю будуць «так высока ацэненыя».

«Мэдаль БНФ для мяне — гэта памяць пра далёкія часы, калі лепшыя сыны бацькаўшчыны першымі выйшлі на шлях барацьбы за незалежнасьць Беларусі, і я веру, што недалёкі дзень, калі наша радзіма стане дэмакратычнай і сапраўды незалежнай дзяржавай. Калі тое, што зафіксавана ў Канстытуцыі, будзе выконвацца, а правы грамадзяніна будуць абароненыя», — сказаў ён.

Даводзіць моладзі, што бяз мовы ня можа існаваць нацыя

Мэдаль БНР побач з узнагародамі за перамогу над нацызмам

У 93 гады Фелікс Шкірманкоў стараецца не пакідаць грамадзкай актыўнасьці. Яго запрашаюць на раённыя імпрэзы з нагоды перамогі над нацызмам. На іх ён прамаўляе толькі па-беларуску. Асабліва яму падабаецца выступаць перад моладзьдзю, якой ён даводзіць, што бяз мовы ня можа існаваць нацыя.

«І калі хоць нехта з моладзевай аўдыторыі пойдзе беларускім шляхам, то мой зварот, лічу, не застаўся не пачутым», — кажа ён.

Падлеткам пайшоў у партызаны

Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску (цяпер Слаўгарад). Пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, летаком яго вывезьлі з партызанскай зоны ў Расею. Па сканчэньні Маскоўскай ваенна-інжынэрнай вучэльні быў накіраваны на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні.

Ад 1948 да 1951 году працаваў у органах Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі. Адчуўшы да сябе недавер, звольніўся. Праз шмат год даведаўся, што чэкісцкай кар’еры зрабіць бы ня змог, бо меў роднага дзядзьку, «які падчас нацысцкай акупацыі працаваў дырэктарам школы ў Воршы» і па вызваленьні раёну савецкай арміяй атрымаў 10 гадоў калёніі за «здраду радзіме».

«Ворагі народу» выклікалі сымпатыю

Ад самага юнацтва трымаўся камуністычнай ідэалёгіі. Сьвядома ўступіў у партыю. Пераасэнсоўваць свае погляды пачаў пасьля выступу 25 лютага 1956 году першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова з дакладам «Аб кульце асобы і яго наступствах».

Падчас уручэньня мэдаля Рыгорам Кастусёвым. З кветкамі — Барыс Вырвіч

Падчас уручэньня мэдаля Рыгорам Кастусёвым. З кветкамі — Барыс Вырвіч

Ад 1951 да 1979 году рабіў геолягам на Калыме ў Дзяржаўным трэсьце «Дальстрой». Там часта бачыўся з асуджанымі паводле 58 артыкула «за контрарэвалюцыйную дзейнасьць». Тыя выклікалі ў яго сымпатыю і ўплывалі на фармаваньне сьветапогляду.

Слаўгарадзкі апазыцыянэр

Выйшаўшы на пэнсію ў 1979 годзе, вярнуўся ў родны Слаўгарад. У раёне працаваў у партыйных структурах. Займаўся творчай дзейнасьцю.

Пасьля канфлікту ў 1990 годзе з раённымі партыйнымі функцыянэрамі, якія перашкодзілі яму стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, публічна заявіў, што выходзіць з КПСС. На той час ён ужо быў знаёмы з палітыкам Зянонам Пазьняком і грамадзкім дзеячам Генадзем Грушавым.

Фелікс Шкірманкоў з дачкой Ірынай

Фелікс Шкірманкоў з дачкой Ірынай

Стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту, сябрамі якой былі больш за 100 чалавек. Таксама ён быў заснавальнікам раённага камітэту «Дзеці Чарнобыля». Намаганьнямі суполкі дзеці з чарнобыльскіх раёнаў выяжджалі на аздараўленьне за мяжу.

У 1990–1995 гадах старшыняваў у Слаўгарадзкім гарсавеце. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сышоў з пасады. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году забраў з гарсавету герб «Пагоня», які цяпер вісіць у яго дома.

Піша вершы і чакае буслоў

З жонкай Верай Васільеўнай пражыў больш за 70 гадоў. Разам зь ёю пераносіў цяжкасьці побыту на Калыме. Шкірманковы выгадавалі дваіх дзяцей. Фелікс Уладзімеравіч кажа, што жонка, якая памерла ў 2017 годзе, была для яго сэнсам жыцьця.

Аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. У 1995 годзе выдаў кнігу з успамінамі ўдзельнікаў беларускай партызанкі. Іх зьбіраў больш за 20 гадоў.

Сядзіба Фелікса Шкірманкова з новай бусьлянкай

Сядзіба Фелікса Шкірманкова з новай бусьлянкай

Цяпер рыхтуе да друку новы зборнік сваіх вершаў. Ён аўтар слоў гімна Слаўгарадзкага раёну. Сёлета на ягоную просьбу родныя змайстравалі на падворку бусьлянку. Налета чакае буслоў.

Пасьведчаньне да мэдаля БНР

Як раней паведамлялася, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі групу асобаў зь Беларусі і замежжа.

 ***

У інтэрвію Радыё Свабода Івонка Сурвіла сказала, што «першапачаткова меркавалася ўзнагародзіць сто чалавек — тых, хто спрычыніўся да нацыянальна-дэмакратычнага руху, удзельнічаў у аднаўленьні беларускай незалежнасьці, прасоўваў ідэалы 25 сакавіка, дэмакратыі і свабоды, вызначыўся дасьледваньнямі гісторыі БНР, арганізаваў сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР у Беларусі і ў замежжы».

Аднак, паводле сп. Сурвілы, «колькасьць вартых уганараваньня асобаў, якія працуюць дзеля Беларусі, нашмат большая, і сьпіс быў павялічаны, а бліжэйшым часе будзе дадатковы сьпіс і, адпаведна, дадатковая колькасьць мэдалёў. На вялікі смутак, пасьля падпісаньня дэкрэту пайшлі з жыцьця Юры Туронак і Васіль Сёмуха, узнагароды ўручаныя іх родным».

Паводле старшыні Рады, поўныя сьпісы ўзнагароджаных ня будуць апублікаваныя, што, па яе словах, тлумачацца ў тым ліку патрэбамі бясьпекі ў дачыненьні да некаторых асобаў. У сьпісе, перададзеным кіраўніцай Рады нашаму радыё, ужо ўзнагароджаныя наступныя асобы:

  • вэтэраны беларускага незалежніцкага руху Марыя Бялевіч, Надзея Дземідовіч, Яўген Усюкевіч, Антон Фурс, Леакадзія Шышэя;
  • удзельнік дэмакратычнага руху, вэтэран Другой Усясьветнай вайны Фэлікс Шкірманкоў;
  • народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка;
  • пісьменьніца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч;
  • акадэмік Радзім Гарэцкі;
  • пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Вольга Іпатава, Уладзімер Някляеў, Сяргей Панізьнік, Алесь Разанаў;
  • прадстаяцель Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы Сьвятаслаў Логін, прасьвітар Эвангельскае царквы і палітычны вязень Эрнст Сабіла, сьвятар Царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу Сяргей Стасевіч (Лёндан)
  • старшыня Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч;
  • заснавальнік Беларускага Народнага Фронту, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га кліканьня Зянон Пазьняк;
  • дэпутаты Апазыцыі БНФ у ВС-12-га скліканьня Мікола Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юры Беленькі, Валянцін Голубеў, Лявон Дзейка, Уладзімер Заблоцкі, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Віталь Малашка, Мікола Маркевіч, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, Алесь Шут;
  • дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, былы галоўны рэдэктар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Анатоль Вярцінскі і палітык Анатоль Лябедзька;
  • члены Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы з’езду народных дэпутатаў СССР, грамадзкія дзеячы Аляксандар Дабравольскі і Віктар Карняенка;
  • заснавальнікі моладзевага нацыянальнага руху 1980-х гадоў палітык Вінцук Вячорка і пісьменьнік Сяргей Дубавец;
  • палітыкі Рыгор Кастусёў і Мікола Статкевіч;
  • старшыня ТБМ Алена Анісім;
  • грамадзкія дзеячы Ніна Багінская, Алесь Бяляцкі, Павал Белавус, Францішак Вячорка, Зьміцер Дашкевіч, Алена Макоўская, Аляксандар Мілінкевіч, Ада Райчонак, Павал Севярынец, Ігар Случак, Барыс Хамайда, Ніна Шыдлоўская;
  • дабрачынец Павал Падкарытаў (Бераговіч);
  • прафэсар Зінаіда Гімпелевіч – літаратуразнаўца і сузаснавальніца Канадзкага фонду дапамогі дзецям Чарнобыля, шматгадовая старшыня Беларускага інстытуту культуры і мастацтва ў Канадзе.
  • Алена Міхалюк – адна з вэтэранак беларускага руху ў Брытаніі, шматгадовая старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі;
  • дзеячы беларускай дыяспары Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік (ЗША), Ірына Верабей, Віялета Кавалёва, Пётра Мурзёнак, Ірына Тоўсьцік (Канада), Ніна Баршчэўская, Анатоль Міхнавец (Польшча);
  • дасьледчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін (Вялікая Брытанія), Джон Кунстадтэр, Дэвід Марплз (Канада).
  • заснавальнік і дырэктар гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас;
  • мастакі Міхаіл Басалыга, Уладзімер Крукоўскі, Мікола Купава, Генік Лойка, Аляксей Марачкін, Алесь Пушкін, Леў Талбузін, Алесь Шатэрнік:
  • мэдыя-мэнеджэры Агнешка Рамашэўска-Гузы, Ірына Віданава, Натальля Радзіна, Андрэй Дынько, Аляксандар Лукашук, Аляксандар Старыкевіч, Іосіф Сярэдзіч;
  • грамадзкая дзяячка Ірына Красоўская (ЗША);
  • кангрэсмэны Крыстафэр Сьміт і Джон Шымкус (ЗША);
  • сэнатарка Рэйнэл Андрэйчук (Канада);
  • былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг;
  • першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц,былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан,
  • сьпявакі Багдан Андрусішын (Данчык), Лявон Вольскі, Віктар Шалкевіч;
  • рэжысэр Валер Мазынскі і кінарэжысжэр Юры Хашчавацкі,
  • палітычныя вязьні Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка, Вячаслаў Сіўчык;
  • гісторыкі Аляксандар Краўцэвіч, Генадзь Сагановіч, Аляксандар Смалянчук, Захар Шыбека;
  • дасьледчыкі Адам Мальдзіс (ЗША), Натальля Гардзіенка, Аляксей Каўка (Масква), Алег Латышонак (Беласток), Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла, Сяргей Шупа (Прага);
  • праваабаронца, былы член Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.