Партыя БНФ » Слонімскія дэмакратычныя актывісты 16 чэрвеня ўшануюць памяць Міхала Валовіча
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Слонімскія дэмакратычныя актывісты 16 чэрвеня ўшануюць памяць Міхала Валовіча

Дададзена 28.05.2019 12:02:40 | 454 праглядаў

Адбылося пасяджэнне актывістаў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.

Michał_Vałovič,_Lavon_Pracłaŭski._Міхал_Валовіч,_Лявон_Працлаўскі_(1832-1837)

На ім было вырашана ў нядзелю 16 чэрвеня ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна ўшанаваць Міхала Валовіча (1806-1833) – філарэта, філамата, удзельніка паўстання 1830-1833 гадоў, ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага і кіраўніка паўстання 1833 года на Слонімшчыне. Ушанаванне адбудзецца каля мемарыяльнага знака Міхала Валовіча і яго паплечнікаў на могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна ў 11 гадзін. Запрашаюцца ўсе жадаючыя ўшанаваць памяць тых, хто змагаўся за Вольнасць Бацькаўшчыны – паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Ушанаваньне памяці Міхала Валовіча робіцца актывістамі БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў штогод. У мінулым годзе ўшанаваць Міхала Валовіча прыехалі сябры Беларускага Народнага Фронту ды актывісты іншых грамадзкіх рухаў з Баранавіч, Гародні, Бярозаўкі (Лідскі раён), са Слоніма і Жыровіч. Урачыстасць адкрыў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка, які прыгадаў трагічны лёс Міхала Валовіча. ПIMG_2919ра паўстанні на Беларусі, пра нацыянальных герояў і сітуацыю ў краіне распавядалі намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў з Гародні, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Лідскага раёна, Уладзімір Кавальчук з Жыровічаў і іншыя выступоўцы. Галіна Ярашэвіч і Таццяна Малашчанка з Баранавіч спявалі беларускія патрыятычныя песні.

Міхал Валовіч — беларускі рэвалюцыянэр, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1830—1831). Нарадзіўся 18 чэрвеня 1806, маёнтак Парэчча Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці

З шляхецкага роду Валовічаў, сын Казімера, слонімскага падкаморыя.

У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філяматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і інш.

Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні ў складзе атраду генэрала А. Гелгуда. У зьвязку з паразай паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадзтва. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечаньня сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладаньне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаваньне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасьць. Выказваўся за абвяшчэньне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, зьвязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспэдыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узьняць там (у адрозьненьне ад папярэдняга) сялянскае паўстаньне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Эўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэньня Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградзкую акругу. 19 сакавіка 1833 году паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імпэрыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад М. Валовіча прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязьні далучыліся да паўстанцаў.

Але такія дзеяньні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губэрнатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні М. Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце М. Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засьведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстаньне, каб зьдзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 году ў Горадні распачаўся судовы працэс. Побач з М. Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялянаў, кіраўніка атраду прысудзілі да пакараньня сьмерцю праз чацьвертаваньне, аднак князь Далгарукаў зьмякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 году Ю. Валовіча павесілі ў Горадні (паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў). Цела павешанага ўначы перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і ня сталася б месцам таемных набажэнстваў.

Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сыбір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленьне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

У вёсцы Парэчча, побач з вуніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар М. Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імпэрыялізму. Аднак у 2003 годзе сьвятар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

 

 

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.