Партыя БНФ » «Мэта Эўразійскага Саюза — прывязаць да Расеі надоўга, каб краіны не пачалі разьбягацца»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Мэта Эўразійскага Саюза — прывязаць да Расеі надоўга, каб краіны не пачалі разьбягацца»

Дададзена 07.06.2019 2:21:15 | 748 праглядаў

29 траўня сплоўнілася 5 гадоў з дня падпісаньня дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), у які ўваходзіць Беларусь. Госьць «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — беларускі палітоляг, кіраўнік недзяржаўнага цэнтру EAST Андрэй Елісееў. Ён заяўляе, што Беларусь не здабыла такіх маштабных эканамічных выгодаў, на якія разьлічвала падчас уступленьня ў ЭАЭС, тлумачыць, чаму Масква не адмаўляецца ад «саюзнай дзяржавы», і адказвае на пытаньне, ці лёгка будзе Беларусі выйсьці з ЭАЭС.

ЭўразэсСьцісла:

  • Найбольш выгодаў ЭАЭС прынёс Кіргізстану, найменш — Казахстану. Беларусь і Армэнія недзе пасярэдзіне.
  • Расея нярэдка выкарыстоўвала сваё права блякаваць агульныя рашэньні, і часам гэта закранала і эканамічныя інтарэсы Беларусі.
  • Адна з мэтаў Расеі — стварыць сытуацыю, каб геапалітычны курс суседніх краінаў не мяняўся нават пасьля зьмены ўлады.

Беларусь не здабыла такіх маштабных эканамічных выгодаў, на якія разьлічвала

— 29 траўня спаўняецца 5 гадоў з дня падпісаньня дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. Наш сёньняшні госьць, Андрэй Елісееў, падрыхтаваў вялікае дасьледаваньне пра тое, што прынёс Эўразійскі саюз ягоным удзельнікам. Што ж прынёс ЭАЭС Беларусі?

— З майго дасьледаваньня вынікае, што найбольшыя выгоды ЭАЭС прынёс Кіргізстану. Найменш відавочныя выгоды — для Казахстану. Беларусь і Армэнія недзе пасярэдзіне, яны збольшага захавалі тыя выгоды, якія мелі ў супрацоўніцтве з Расеяй яшчэ да ўступленьня ў ЭАЭС.

Андрэй Елісееў

У Армэніі, прынамсі, відаць станоўчая дынаміка росту экспарту тавараў на расейскі рынак, па Беларусі такога няма. Беларусь і да ўступленьня ў ЭАЭС мела доступ на расейскі рынак, таму тут вялікіх чаканьняў не было. Чаканьні былі — атрымаць болей выгодаў ад энэргетычных угодаў з Расеяй. Але выйшла так, што з прычыны падзеньня цэнаў на нафту Беларусь не здабыла такіх маштабных эканамічных выгодаў, на якія разьлічвала.

— Калі ўзгадаць гісторыю стварэньня ЭАЭС, то многія ўжо ня памятаюць, якія гарачыя дыскусіі ішлі тады, за некалькі месяцаў да падпісаньня дамовы, калі Аляксандар Лукашэнка рашуча патрабаваў роўных умоваў гаспадараньня. Але за апошнія гады сам кіраўнік Беларусі неаднаразова крытычна выказваўся ў тым сэнсе, што абяцаных роўных умоваў так і няма.

— Торг праходзіў некалькі стадыяў. У 2010 годзе была зацятая спрэчка вакол пакету дакумэнтаў пра эўразійскую эканамічную прастору. У 2014 годзе Беларусь дамаглася паступленьня мыта ад продажу расейскіх нафтапрадуктаў у беларускі бюджэт. Потым, адразу пасьля ратыфікацыі дамовы, дабілася, каб уся сума, а не палова, заставалася ў бюджэце.

Так што Лукашэнка нібыта дамогся добрых умоваў, але падзеньне цэнаў на нафту ўдарыла па гэтых патэнцыйных выгодах, на якія разьлічваў Менск.

— Андрэй, вы ўжо другі раз згадваеце гэты чыньнік. Выходзіць, што гэтае падзеньне анулявала ўсю патэнцыйную карыснасьць Эўразійскага саюзу? Калі цэны на нафту зноў пачнуць падаць — ці азначае гэта, што ніякіх выгодаў ня будзе і гэты ЭАЭС Беларусі асабліва і не патрэбны?

— Ёсьць нейкія далёкасяжныя выгоды, якія ідуць ад стварэньня сапраўднага супольнага рынку тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы. І хуткія выгоды, якія Беларусь ды іншыя хацелі атрымаць адразу, не праз 5–10 гадоў. Таму вакол гэтага і вёўся асноўны гандаль. І там найбольш пацярпелі чаканьні Менску. А тыя бар’еры і перашкоды для стварэньня супольнага рынку — скасаваньне іх таксама можа прынесьці эфэкт, але ён нашмат меншы за прыбытак у мільярды, які Беларусь спадзявалася атрымаць ад нафты.

— Мы пакуль казалі пра нейкія плюсы ад сяброўства ў ЭАЭС, але натуральна, што хапае і мінусаў.

— Вядома, тут можна абмяркоўваць мінусы і адмоўныя наступствы ў сфэры палітычнай, геапалітычнай. Чыста з эканамічнага гледзішча мы бачым, што Эўразійская эканамічная камісія мае вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы, якія не дазваляюць ёй прымаць важныя рашэньні і хутчэй рухацца да стварэньня супольнага рынку. У шэрагу выпадкаў вельмі важныя рашэньні Камісіі проста блякаваліся расейскім урадам. Такім чынам, рашэньні Камісіі, у адрозьненьне ад Эўразьвязу, маглі блякавацца вышэйшымі органамі, напрыклад, Міжурадавай Радай. Расея нярэдка выкарыстоўвала гэтае сваё права, і часам гэта закранала і эканамічныя інтарэсы Беларусі.

Таму мы бачым, што структура Эўразійскага саюзу мае вялікія хібы, і калі параўноўваць з Эўразьвязам — то яна шмат у чым яму саступае.

noГлядзіце таксама: Старшыня БНФ рэзка негатыўна ацаніў удзел Беларусі ў падпісаньні 29 траўня 2014 году дамовы пра стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюза.

 

 

Адна з асноўных мэтаў Расеі — стварыць такую сытуацыю, каб геапалітычны курс краінаў не мяняўся нават пасьля зьмены ўлады

— Акрамя ЭАЭС, існуе таксама і «саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі. Але многія, нават не апазыцыйныя экспэрты, заяўляюць, што шмат якія яе функцыі і нормы перайшлі ў ЭАЭС і «саюзная дзяржава» функцыянальна зжыла сябе. Чаму тады кіраўнікі Расеі і Беларусі падтрымліваюць існаваньне гэтай фактычна фантомнай структуры?

— Сапраўды, шмат якія сфэры пераходзяць цяпер у формы Эўразійскага саюзу. Напрыклад, акцызная палітыка. Але ня ўсе. «Саюзная дзяржава» — гэта нашмат глыбейшая форма інтэграцыі, якая, напрыклад, прадугледжвае стварэньне адзінага парлямэнцкага органу — чаго ня мае ЭАЭС. Таму Эўразійскі саюз не абнуляе цалкам тыя шматлікія пункты, якія ёсьць у «саюзнай» дамове.

Архіўнае фота. Кіраўнікі ўрадаў ЭАЭС: Кіргізіі – Мухаметкалый Абылгазіеў, Расеі – Дзьмітры Мядзьведзеў, Казахстану – Бахытжан Сагінтаеў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка
Архіўнае фота. Кіраўнікі ўрадаў ЭАЭС: Кіргізіі – Мухаметкалый Абылгазіеў, Расеі – Дзьмітры Мядзьведзеў, Казахстану – Бахытжан Сагінтаеў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Менавіта таму «саюзная дзяржава» і не здымаецца з парадку дня. Там гаворыцца і пра агульнае грамадзянства, і пра асобныя наддзяржаўныя сымбалі. Цікава таксама, што дамова аб «саюзнай дзяржаве» мае палажэньні пра тое, што яна адкрытая да далучэньня іншых краінаў. То бок гэта фактычна альтэрнатыўная, больш глыбокая форма інтэграцыі, якую Расея прапануе Беларусі ды іншым постсавецкім дзяржавам.

путин9Глядзіце таксама: першы год працы Еўразійскага эканамічнага саюза, створанага як супрацьвага Еўрапейскаму cаюзу, атрымаўся па-сапраўднаму правальным.

— Многія дэмакратычна настроеныя і праэўрапейскія беларусы ня бачаць ніякай пазытыўнай пэрспэктывы для краіны ад знаходжаньня ў структурах, у якія ўваходзіць Расея. Ці зьяўляецца знаходжаньне ў ЭАЭС якарам, перашкодай для будучай праэўрапейскай арыентацыі Беларусі? Ці можа гэта пры зьмене палітычнай сытуацыі запаволіць рух Беларусі ў Эўропу, ці, наадварот, выйсьці адтуль будзе дастаткова проста, калі на тое будзе палітычная воля?

— Гэта даволі моцны якар. Гэта, уласна, адна з асноўных мэтаў Расеі — стварыць такую сытуацыю, каб інтэграваць да сябе шэраг краінаў, каб іхні геапалітычны курс не мяняўся нават пасьля зьмены ўлады.

Мы гэта пабачылі ў выпадку Армэніі. Праўда, Армэнія вельмі залежная ад Расеі ў вайсковым пляне. Бо Расея для Армэніі — гарант ад агрэсіі з боку Азэрбайджану ці Турэччыны. Для Расеі гэты Эўразійскі саюз вельмі важны, каб ягоныя ўдзельнікі не пачалі разьбягацца ў розныя бакі да геапалітычных канкурэнтаў.

Калі паглядзець сацыялягічныя апытаньні, то пабачым, што ў эўразійскіх краінах даволі вялікая доля грамадзянаў, якія прыхільна ставяцца да Эўразійскага Саюзу, асабліва ў Казахстане і Кіргізстане. У меншай ступені ў Беларусі і Армэніі — але і там гэта больш за палову. Так што нават калі зьменяцца палітычныя рэжымы ў шэрагу краінаў гэтага саюзу — гэта ня будзе азначаць хуткі распад ЭАЭС.

Бо, па-першае, ёсьць даволі высокія лічбы падтрымкі ў грамадзтве. Па-другое, палітычныя эліты гэтых краінаў часта камунікуюць паміж сабой, разьвіваюць усебаковыя сувязі, якія нітуюць іх. Таму я лічу, што ня варта ставіцца да ЭАЭС як да структуры, якая адразу разваліцца на другі дзень пасьля таго, як зьмяніцца ўлада ў гэтых краінах. Мы бачым, што ў Армэніі ўлада зьмянілася, але геапалітычны курс гэтай краіны застаўся непахісны.

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.