Партыя БНФ » Патрыёты на Слонімшчыне ўшанавалі памяць Міхала Валовіча і паўстанцаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Патрыёты на Слонімшчыне ўшанавалі памяць Міхала Валовіча і паўстанцаў

Дададзена 16.06.2019 6:53:13 | 306 праглядаў

Сёлета 18 чэрвеня спаўняецца 113 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянальнага героя, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў Міхала Валовіча, які па загаду гарадзенскага губернатара генерал-маёра Мураўёва быў схоплены і павешаны 2 жніўня 1833 года ў Гародні каля Скідзельскай заставы.

0001У нядзелю, 16 чэрвеня, слонімцы, а таксама госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, наведалі вёску Парэчча Слонімскага раёна, дзе каля вясковых могілкаў знаходзіцца мемарыяльны знак, прысвечаны Міхалу Валовічу і яго паплечнікам, якія загінулі за незалежную Беларусь у барацьбе з Расейскай імперыяй.

Ва ўрачыстай імпрэзе памяці паўстанцаў узяла ўдзел мясцовая суполка БНФ і фронтаўскія актывісты з іншых мясцінаў на чале з намеснікам старшыні Партыі БНФ Вадзімам Саранчуковым, а таксама сябры іншых патрыятычных аб’яднанняў.

Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БХД Іван Бедка згадаў пра Міхала Валовіча і яго сяброў. У прыватнасці ён расказаў пра пачатак паўстання на Беларусі, спыніўся на біяграфічных звестках пра Міхала Валовіча – паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Палітык з Менску Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстых адзначылі тое, што сёння, як ніколі, трэба ўшаноўваць нашых знакамітых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Айчыны. Госці таксама падзякавалі слонімцам за памяць пра Міхала Валовіча.

Падчас ушанавання да мемарыяльнага знаку былі ўскладзены кветкі і запалены знічы.

Ушанаваньне памяці Міхала Валовіча робіцца актывістамі БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў штогод.

Michał_Vałovič,_Lavon_Pracłaŭski._Міхал_Валовіч,_Лявон_Працлаўскі_(1832-1837)Міхал Валовіч — беларускі рэвалюцыянэр, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1830—1831). Нарадзіўся 18 чэрвеня 1806, маёнтак Парэчча Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці

З шляхецкага роду Валовічаў, сын Казімера, слонімскага падкаморыя.

У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філяматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і інш.

Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні ў складзе атраду генэрала А. Гелгуда. У зьвязку з паразай паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадзтва. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечаньня сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладаньне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаваньне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасьць. Выказваўся за абвяшчэньне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, зьвязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспэдыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узьняць там (у адрозьненьне ад папярэдняга) сялянскае паўстаньне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Эўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэньня Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградзкую акругу. 19 сакавіка 1833 году паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імпэрыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад М. Валовіча прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязьні далучыліся да паўстанцаў.

Але такія дзеяньні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губэрнатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні М. Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце М. Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засьведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстаньне, каб зьдзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 году ў Горадні распачаўся судовы працэс. Побач з М. Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялянаў, кіраўніка атраду прысудзілі да пакараньня сьмерцю праз чацьвертаваньне, аднак князь Далгарукаў зьмякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 году Ю. Валовіча павесілі ў Горадні (паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў). Цела павешанага ўначы перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і ня сталася б месцам таемных набажэнстваў.

Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сыбір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленьне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

У вёсцы Парэчча, побач з вуніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар М. Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імпэрыялізму. Аднак у 2003 годзе сьвятар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

1

2

DSCN1595

DSCN1598 DSCN1600

DSCN1603

64414699_10205617038420980_2795015290029604864_n

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.