Партыя БНФ » 2+2=згвалтаваньне: што ня так з сучасным фэмiнiзмам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


2+2=згвалтаваньне: што ня так з сучасным фэмiнiзмам

Дададзена 22.06.2019 12:24:07 | 330 праглядаў

У блогавым допісе на сайце Радыё Свабода сябра сойму Партыі БНФ Кацярына Шуст разважае пра сучасны стан і плыні беларускага фэмінізму.

AFBF382C-3376-4E72-9156-04D3099D2AF3_w1023_r1_sА цi сапраўды зь iм нешта ня так? Мне здаецца, гэта ужо неаспрэчны факт, найлепшымi доказамi якому выступаюць усе тыя сучасныя актыўныя i прагрэсiўныя жанчыны, якія зусiм не iмкнуцца называцца фэмiнiсткамi, а наадварот, спрабуюць адмежавацца ад такога азначэньня. Альбо iмкнуцца, але потым сутыкаюцца зь нечаканымi сытуацыямi.

Што менавiта з сучасным фэмiнiзмам ня так, я зразумела, нядауна натрапiўшы на чарговую агрэсiўную спробу выдаць нам флiрт за гвалт. Усё даволi проста: такі варыянт фэмiнiзму зьмешвае разам зусiм розныя рэчы.

Такія фэмiнiсткi ўсё часцей апошнiм часам iмкнуцца пераканаць нас, што калi пэўныя мужчыны некалi ў пэўных сытуацыях зрабілі злачынства, то пад цэтлiк гвалтаўнiка цяпер трапляе любы мужчына, якi толькi паспрабуе выкарыстаць любыя традыцыйныя рытуалы флiрту, нават калi самой жанчыне гэта даспадобы (ці нават проста праехацца з жанчынай у лiфце).

Такое ўражанне, што хутка адказам на пытанне «колькі раўняецца 2+2» будзе «згвалтаваньне». А можа ўзгадаем прэзумпцыю невiнаватасьцi? Глыбока ўдыхнем, супакоiмся i нарэшце прызнаем, што прапанова паднесьцi торбу — гэта не згвалтаваньне, а просты клопат пра блiжняга, якi ўласьцiвы культурным людзям. Я заўжды дапамагаю жанчынам зь цяжкiмi торбамi, чаму ж мужчынам гэта забаронена?

Кацярына Шуст

Разам з жахлiвымi выпадкамi, калi жанчыны робяцца ахвярамi гвалту i ня маюць нiякай магчымасьцi яго пазьбегнуць, радыкальныя фэмiнiсткi намагаюцца прымусiць нас ніколі не задаваць нiякiх пытаньняў. Але мне нiколi не ўкладуцца у галаву сытуацыi, калi свабода чалавечага выбару вiдавочная — кшталту забойства маленькага хлопчыка, якога жанчына таемна нарадзiла ад чалавека, зь якiм ужо не жыла і назвала яго не вартым нават ведаць нешта пра дзiця. Для мяне вiдавочна, што было шмат магчымасьцяў пазбегнуць i забойства, i родаў, i цяжарнасьцi ды i сэксуальных стасункаў з мужчынам, якi ўжо кiнуў сям’ю. I я нiколi не перастану задаваць пытаньнi «навошта» ў тых сытуацыях, якi зусiм неадназначныя.

Зь цягам часу змаганьне ЗА вольны выбар ладу жыцьця для жанчыны ператварылася ў змаганьне СУПРАЦЬ таго, што гэтая самая вольная жанчына можа выбраць для сябе цалкам свабодна. Часам гэта зусiм ня новыя, а старыя й традыцыйныя мадэлi. Чамусьцi радыкальным фэмiнiсткам уяўляецца бясспрэчным, што жанчын эксплюатуюць i прымушаюць нешта рабiць, нават калi гэта iх уласны выбар i нiхто не трымае iх у кайданках.

Я не сумняваюся, што дзяўчаты-супрацоўнiцы Белмашу атрымалi добрую прэмiю да заробку за ўдзел у рэклямным ролiку, я рада за iх дабрабыт i за iх 15 хвiлiнаў славы, але радыкальныя фэмiнiсткi бачаць рабства, гвалт, прымус i эксплюатацыю там, дзе стасункi рэгулююцца ўсiмі патрэбнымі нормамі працоўнага кодэксу Беларусі.

Усе гэтыя разважаньнi прыводзяць мяне да двух простых высноваў. Па-першае, жанчыны зусiм не анёлы i не заўжды ахвяры толькi таму, што яны жанчыны. Яны таксама бываюць кепскiя, злыя, здольныя на злачынства. Лiчыць усiх жанчын заўжды ахвярамi — гэткае ж глупства, як лiчыць усiх мужчын гвалтаўнiкамi. I галоўная шкода гэтага глупства ў тым, што яно спрыяе пакараньню невiнаватых i апраўданню вiнаватых. А гэта ня мае нiчога агульнага са справядлiвасьцю.

А па-другое, усе жанчыны заслугоўваюць шчасьця. I тады, калi хочуць флiртаваць з мужчынамi i прымаць даволi традыцыйныя знакi ўвагi. I тады, калi хочуць карыстацца сваёй сэксуальнасьцю i здымацца ў рэкляме, удзельнiчаць у конкурсах прыгажосьцi — заслугоўваюць любой iмi самiмi абранай мадэлi шчасьця, нават калi такое не даспадобы радыкальным фэмiнiсткам.

Ды й мужчыны заслугоўваюць шчасьця, а ня цэтлiку гвалтаўнiка i агрэсара, якi для некаторых фэмiнiстак надзейна павязаны з гэтай шматпакутнай Y-храмасомай. Можа, нам проста патрэбны не фэмiнiзм, а хэпiнiзм — гэтакi рух за шчасьце для ўсiх i кожнага паводле iндывiдуальнасьцi i разнастайнасьцi? Гэта, вядома ж, iронiя. Але мне такая рэчаiснасьць спадабалася б больш, чым iмкненьне сучаснага фэмiнiзму да чорна-белага сьвету.

Паводле Радыё Свабода

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.