Партыя БНФ » Зьміцер Дрыгайла – пра “Эўраопт”, антыманапольнае міністэрства і канкурэнцыю
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Дрыгайла – пра “Эўраопт”, антыманапольнае міністэрства і канкурэнцыю

Дададзена 24.06.2019 12:02:30 | 458 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра канкурэнцыю на рынку дробнага продажу харчовых тавараў.

Добра стаўлюся да міністра Уладзімера Калтовіча. Ён мне сымпатычны й як мэнэджэр, і як чалавек. І да яго першага намесьніка Артура Карповіча – таксама. Гэта прафэсіянал і чалавек на сваім месцы. І да ўсёй каманды міністэрства. І памкненьне ў яго ведамства натуральнае – прыціснуць манаполію. А «Эўраопт» па факце такой паступова стаўся. Але ёсьць нюансы.

ЭўраоптМіністэрства антыманапольнага рэгуляваньня й гандлю Беларусі распрацавала новыя захады па рэгуляваньні гандлёвых сетак краіны, што займаюць дамінуючае палажэньне ў галіне. Па факце ж гэты дакумэнт тычыцца толькі адной сеткі – «Эўраопт». Прычына: на пачатку году ў міністэрства на «Эўраопт» паступіла скарга ажно ад шасьці бізнэс-зьвязаў Беларусі, маўляў, рост сеткавага гандлю вядзе да скарачэньня долі на рынку малога й сярэдняга бізнэсу. МАРГ падрыхтаваў праект указа прэзыдэнта, экспэртная рада пры міністэрстве яго ўхваліла. Калі ўхваліць цэнтр па законапраектнай дзейнасьці, то ён ляжа на стол для падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам.

Што там? Сетка зьяўляецца дамінуючай, калі займае на рынку харчовых тавараў больш за 15% у асобным рэгіёне ці агулам у краіне. І на яе накладаецца забарона выплат бонусаў пастаўшчыкам і абмежаваньне рэклямных гульняў, што прыцягваюць пакупнікоў, закладаецца магчымасьць пазаплянавай праверкі манапалістаў, а ў выпадку парушэньня – штраф у памеры да 500 базавых.

Асабліва пікантна гэта выглядае, канешне, у зьвязку з тым, што тыдзень таму на Belarus Capital Markets Day, што прайшоў на Лёнданскай фондавай біржы і адным з арганізатараў якога выступіў «Эўраопт», прэм’ер-міністр Беларусі ды міністр фінансаў на ангельскай мове распавядалі аўдыторыі пра стабільную сытуацыю ў эканоміцы й заканадаўстве, што накіраваныя на прыцягненьне інвэстараў у Беларусь. А літаральна праз тры дні быў падрыхтаваны дакумэнт з магчымасьцю пазаплянавых праверак.

У кожным горадзе краіны ёсьць знаёмы лягатып зь літарай «е». Больш за 900 крамаў (уключна з сеткай «Хіт» ды сеткай нехарчовых тавараў «Магія»). А таксама асобна – больш за 500 машын праекту e-dostavka. 41 тыс. супрацоўнікаў. 19% рытэйл-рынка краіны. Сеткі №2 і №3 маюць рынкавыя долі 3,8% і 3,7% адпаведна. Што гэта азначае? Што ўказ падрыхтаваны фактычна супраць аднаго «Эўраопту», бо канкурэнты, нават калі будуць дэманстраваць рост па 30% за год (што нерэальна), 15 «манапольных» адсоткаў, закладзеных ва ўказе, дасягнуць не раней як празь 10 гадоў.

Памятаю, якім шокам для нас, жыхароў менскай Курасоўшчыны, сталася ў 1997г. адкрыцьцё першага дыскаўнтэра ў краіне па вуліцы Казінца, 52. На тле сякога-такога асартымэнту, паўсюдных прылаўкаў ды жудаснага сэрвісу ў дзяржаўным гандлі (а такі сэрвіс, папраўдзе, нават у Менску захаваўся й дагэтуль), «Эўраопт» прапаноўваў падзабытыя з канца 80-х унівэрсамавыя залі самаабслугоўваньня, тавары са зьніжкамі, усьмешлівы й па-сапраўднаму ненавязьлівы сэрвіс, што на той час было проста космасам. Фактычна менавіта «Эўраопт» і прыўнёс у Беларусь стандарты дыскаўнтэраў-гіпэрмаркетаў. Гэта ўжо праз гады адкрылася наступная такая кропка – «На недельку», але было ўжо позна – «Эўраопт» пераможна крочыў па краіне.

Вы памятаеце, які гандаль быў у рэгіёнах яшчэ зь 15 гадоў таму? Каапэратыўныя крамы, у якіх мала што памянялася зь 70-х. І што зараз? І хто быў піянэрам ў гэтай рэвалюцыі ў асобна ўзятай галіне? А гэта – мільярды даляраў інвэстыцыяў. Ну дык і што цяпер, якая мэта? Штучна абмяжоўваць разьвіцьцё «Эўраопта»? Запаволіць адкрыцьцё крамаў? Запусьціць на паліцы прадукцыю ад прадпрыемстваў дробнага й сярэдняга бізнэсу? Усё гэта магчыма, але навошта? Каб што? Прадукцыя дробнага бізнэсу (малых прадпрыемстваў і фэрмэраў) часьцяком смачнейшая, а бывае, што й таньнейшая, чым ад буйных прадпрыемстваў. Але так ужо гэты бізнэс працуе: буйныя сеткі працуюць з буйнымі вытворцамі, даючы зьніжкі ад аб’ёмаў пастаўкі, ад магчымасьці пэўны час чакаць разьлікаў, ад зьніжкі за таварную пазыцыю. Плюс, каб патрапіць на паліцы буйных сетак, вытворцы мусяць прайсьці санітарны кантроль, які ўскладняе й запавольвае працэс. То бок буйныя прадаюць буйным. А для малых і сярэдніх прадпрыемстваў існуюць альбо мясцовыя крамы, альбо невялікія сеткі крамаў, альбо монабрэндавыя сеткі вытворцаў зь якарнай прадукцыяй (як, напрыклад, сетка агракамбіната «Мачулішчы» ці «Санта», ці «Віталюр»), альбо адмысловыя сеткі для фермэрскіх прадуктаў, як, скажам, «Вкусвилл» у Расеі.

Канечне, было б добра мець у краіне тры-пяць вялікіх сетак, якія б канкуравалі паміж сабой. У Менску гэтак ужо й ёсьць. У іншых гарадах краіны фактычна таксама. А, скажам, у Белаазёрску? Ці ў Паставах? Якую манаполію там трэба абмяжоўваць? А штучна асадзіць прадпрыемства, што за 22 гады з нуля адчыніла ўжо амаль тысячу крамаў, сталася адзіным беларускім брэндам ў сфэры retail па-за межамі нашае краіны й выконвае, даруйце за высокапарныя словы, сацыяльную функцыю ў малых гарадах і мястэчках – гэта, па-мойму, неразумна, нягледзячы на лісты ў міністэрства хоць ад 60 прадпрымальніцкіх зьвязаў. Бо калі няма тых, хто ня толькі жадае, але й можа стварыць канкурэнцыю манапалісту ў нізкамаржынальных месцах (ў высокамаржынальных яна ўжо ёсьць), а манапаліст, папраўдзе, працуе на эўрапейскім ўзроўні (пра яго дачыненьні з помнікамі архітэктуры – асобная і сумная тэма), дык, мо, лепей не правакаваць штучны крызіс, каб потым, крый божа, не давялося ратаваць таго, хто зараз сам можа кагосьці ўратаваць?

У Расеі, у горадзе Раменскае Маскоўскай вобласьці, прыкладам, на маёй вуліцы амаль вокны ў вокны стаяць пяць крамаў ад пяці рытэйлераў: «Ярче!», «Пятёрочка», «Магнит», «Дикси», «Да!». Непадалёк – яшчэ дзьве: «Перекрёсток» і Spar. Ёсьць яшчэ «Лента», «Карусель», Auchan ды інш. Калі вы думаеце, што сярэдні кошт у іх моцна розьніцца, дык вы памыляецеся. Проста ў адной краме таньнейшае адно, а ў іншай – іншае. І фермэрскіх прадуктаў, на жаль, няма ані ў воднай.

Паводле тыднёвіка “Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.