Партыя БНФ » У Слоніме міліцыя пераследуе удзельнікаў акцыі памяці паўстанцаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Слоніме міліцыя пераследуе удзельнікаў акцыі памяці паўстанцаў

Дададзена 28.06.2019 12:08:51 | 437 праглядаў

Слонімскага актывіста БНФ Віктара Марчыка, які ўзначальвае мясцовую кааліцыю дэмакратычных сілаў, ўлады хочуць прыцягнуць да адказнасьці за ўскладаньне кветак да помніка Міхалу Валовічу ды паўстанцам 1830 года.

Марчык-800x400У сераду, 26 чэрвеня, на працу да Віктара Марчыка прыйшлі супрацоўнікі Слонімскага РАУС і цікавіліся, ці прымаў удзел слонімец ва ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання на Беларусі ў 1830-1831-х гадах Міхала Валовіча. Ушанаванне нацыянальнага героя Беларусі адбылося сёлета 16 чэрвеня на могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна, дзе стаіць мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго паплечнікам.

Віктар Марчык сказаў міліцыянерам, што “гэта справа кожнага беларуса і кожны з нас мае права наведваць могілкі, дзе пахаваны іх землякі і сваякі”.

Вось як ацаніў сам актывіст гэтую падзею ў сваім фэйсбуку:

Участковы міліцыянер пару дзён назад завітаў і да слонімца Івана Бедкі, але ім пагутарыць не ўдалося. Магчыма супрацоўнік РАУС яшчэ раз наведае пенсіянера – паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Дарэчы, ва ўшанаванні Міхала Валовіча прынялі ўдзел каля 30 чалавек са Слоніма, Менску, Гародні і іншых рэгіёнаў Беларусі. Ва ўрачыстай імпрэзе памяці паўстанцаў узяла ўдзел мясцовая суполка БНФ і фронтаўскія актывісты з іншых мясцінаў на чале з намеснікам старшыні Партыі БНФ Вадзімам Саранчуковым, а таксама сябры іншых патрыятычных аб’яднанняў.

Ушанаваньне памяці Міхала Валовіча робіцца актывістамі БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў штогод.

Michał_Vałovič,_Lavon_Pracłaŭski._Міхал_Валовіч,_Лявон_Працлаўскі_(1832-1837)Міхал Валовіч — беларускі рэвалюцыянэр, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1830—1831). Нарадзіўся 18 чэрвеня 1806, маёнтак Парэчча Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці

З шляхецкага роду Валовічаў, сын Казімера, слонімскага падкаморыя.

У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філяматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і інш.

Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні ў складзе атраду генэрала А. Гелгуда. У зьвязку з паразай паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадзтва. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечаньня сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладаньне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаваньне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасьць. Выказваўся за абвяшчэньне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, зьвязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспэдыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узьняць там (у адрозьненьне ад папярэдняга) сялянскае паўстаньне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Эўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэньня Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградзкую акругу. 19 сакавіка 1833 году паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імпэрыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад М. Валовіча прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязьні далучыліся да паўстанцаў.

Але такія дзеяньні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губэрнатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні М. Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце М. Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засьведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстаньне, каб зьдзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 году ў Горадні распачаўся судовы працэс. Побач з М. Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялянаў, кіраўніка атраду прысудзілі да пакараньня сьмерцю праз чацьвертаваньне, аднак князь Далгарукаў зьмякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 году Ю. Валовіча павесілі ў Горадні (паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў). Цела павешанага ўначы перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і ня сталася б месцам таемных набажэнстваў.

Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сыбір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленьне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

У вёсцы Парэчча, побач з вуніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар М. Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імпэрыялізму. Аднак у 2003 годзе сьвятар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

1

2

DSCN1595

DSCN1598

DSCN1600

DSCN1603

64414699_10205617038420980_2795015290029604864_n

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.