Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў: «Мы не выкарыстоўваем тое, што даў нам Бог»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў: «Мы не выкарыстоўваем тое, што даў нам Бог»

Дададзена 29.06.2019 12:20:27 | 363 праглядаў

Журналістка Белгазэты пагуляла па вуліцах Менску са старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і пагаварыла з палітыкам пра знакавыя мясціны беларускай сталіцы.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не проста сапраўдны патрыёт. Ён з глыбокай павагай ставіцца да гісторыі Беларусі, асабліва да тых, хто рабіў гэтую гісторыю і змагаўся за магчымасць сёння жыць ў незалежнай краіне.

«Мы не выкарыстоўваем  тое, што даў нам Бог»

Рыгор Кастусёў: «Я меў далучэнне да ўсталявання і адкрыцця памятнага каменя культурным і палітычным дзеячам пачатку ХХ стагоддзя братам Луцкевічам. І для мяне гэта асаблівы гонар»

ТЭАТР ЯНКІ КУПАЛЫ: «БЫЦЦАМ АКУНАЕШСЯ Ў ГІСТОРЫЮ СТВАРЭННЯ БНР»

- У мяне шмат любімых куткоў у Мінску. Але з асаблівым задавальненнем наведваю месцы, звязаныя з гісторыяй развіцця нашай краіны, станаўлення незалежнасці Беларусі. Менавіта ў тэатры Янкі Купалы адбываліся больш чым значныя для нашай рэспублікі падзеі – Першы Усебеларускі з‘езд, які адбыўся больш за сто гадоў таму. І калі тут апынаешся, то як быццам акунаешся ў гісторыю стварэння Беларускай народнай рэспублікі. Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія у той няпросты час напачатку XX стагоддзя, калі вакол вайна, разруха, рэвалюцыя, не думалі пра сябе, пра тое, як выжыць, а перажывалі за свой родны край, беларускую нацыю і здолелі сабраць амаль 2000 дэлегатаў. Мне нават цяжка ўявіць, як у той, мякка кажучы, няпростай сітуацыі яны змаглі правесці такое вялікае мерапрыемства, якое і стала падмуркам станаўлення дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тое, што не ўсё тады атрымалася і БНР не захавалася, сёння мы маем незалежную краіну. І тыя, хто стаяў ля вытокаў станаўлення нашай незалежнасці, па сутнасці ахвяравалі сабой. Пасля яны былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Хтосьці вярнуўся, хтосьці загінуў. Але ў большасці лёс склаўся вельмі трагічна. Таму, калі бываю тут, заўсёды думаю пра падзеі тых часоў і дзякую патрыётам, якія ахвяравалі сабой дзеля нашай дзяржаўнасці.

 

Тут вельмі прыгожы сквер. Люблю хадзіць у Купалаўскі тэатр на спектаклі. На жаль, атрымліваецца нячаста. Шчыра скажу, што даўно там не быў. А вось у самім скверы бываю, але з-за занятасці рэдка магу тут проста пагуляць. Часта праходжу міма. Калі ж з’яўляецца магчымасць, вельмі люблю пасядзець тут на лавачцы ля фантана.

Канешне, мне вельмі падабаецца Мінск. Сёння гэта прыгожая еўрапейская сталіца. Я не зусім жыхар Мінска. З ім мяне больш звязвае партыйная дзейнасць, хоць цяпер большасць часу праводжу менавіта тут. Мне падабаюцца многія іншыя мясціны і куткі нашай Радзімы. А я пабываў вельмі шмат дзе. Асабліва ездзіў падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2010г., калі быў кандыдатам. Гэта быў для мяне яшчэ і досвед не толькі палітычнай дзейнасці. Кампанія дала добрую магчымасць пабываць ва ўсіх кутках Беларусі. Тады я наведаў у агульнай колькасці больш рэгіёнаў, чым усе астатнія кандыдаты разам узятыя. Лічу, што магу гэтым ганарыцца. Для мяне гэта было задавальненнем. Мне ёсць з чым параўнаць, бо шмат бываю ў іншых краінах. Наша рэспубліка вельмі прыгожая. У Беларусі ёсць дзе адпачываць і дзе працаваць. І я адзначаю з роспаччу і здзіўленнем, што пры такой прыгажосці, магчымасцях для дзейнасці людзей, рэалізацыі іх творчага патэнцыялу мы жывём так бедна. У Беларусі ёсць усё: зямля, лясы, азёры, рэкі, гарады. Ёсць магчымасці для развіцця турызму. Але, на жаль, мы, беларусы, не выкарыстоўваем тое, што даў нам Бог. Мы маглі б павучыцца ў іншых народаў, але не хочам. Ёсць прымаўка: чаму мы такія
разумныя, а жывём так бедна? На жаль, гэтая прымаўка да беларусаў вельмі падыходзіць.

Перад Еўрапейскімі гульнямі Мінск як быццам вылізалі. Ён стаў яшчэ больш чыстым і прыгожым. Хоць па горадзе заўсёды прыемна прайсціся. Ён сапраўды вельмі дагледжаны. Але, калі бываеш у аддаленых ад Мінска кутках, далей ад цэнтральных трас, якія звязваюць сталіцу і іншыя абласныя гарады, ра-
зумееш, што так дагледжана і прыгожа далёка не ўсюды. Гэта роспач, што паміж Мінскам і іншымі населенымі пунктамі Беларусі (я не бяру абласныя цэнтры) такая вялікая розніца. Ды і ў лясах, каля рэк, азёраў тоны смецця. Асабліва мне цяжка быць у мясцінах, дзе я вырас, дзе прайшло маё дзяцінства і ў свой час я бачыў іх у іншым, лепшым стане. Так, Мінск прыбраны, чысты, прыгожы, але гэта не ўся Беларусь. А неабходна, каб так было ўсюды: ад Хоцімска да Брэста.

ПАРК ЯНКІ КУПАЛЫ: «ПАМЯТНЫ КАМЕНЬ УСТАЛЯВАЛІ НА МЕСЦЫ ДОМА»

 

- Асабліва для мяне любiмае месца, канешне, і парк імя нашага вялікага суайчынніка Янкі Купалы. Тут таксама шмат звязана з нашай гісторыяй. Так сталася, што я меў далучэнне да ўсталявання і адкрыцця памятнага каменя культурным і палітычным дзеячам пачатку ХХ стагоддзя братам Луцкевічам. І для мяне гэта асаблівы гонар. Менавіта яны выступілі аднымі з ініцыятараў абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1918г. Гэтая ідэя ўзнікла даўно. Над падрыхтоўкай святкавання 100-годдзя БНР я асабіста і ў цэлым Партыя БНФ пачалі працаваць адразу пасля чарговага з’езду, які адбыўся ў верасні 2017г. У нас было шмат прапаноў, але практычна ўдалося рэалізаваць прыблізна трэцюю частку. Адной з такіх прапаноў і была ідэя аб усталяванні памятнага знака Луцкевічам менавіта на тым месцы, дзе быў калісьці іх дом. Гэта ўдалося. Дапамаглі і дзяржаўныя ўстановы. Тады быў такі пасыл, што і Мінскі гарвыканкам, і Акадэмія навук, у нейкай ступені і Адміністрацыя прэзідэнта далі нам зялёнае святло. Улада ўпершыню далучылася да святкавання юбілею БНР. І Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб усталяванні мемарыяла Луцкевічам. На жаль, зараз такого дыялогу з уладамі, які быў пры падрыхтоўцы да 100-годдзя БНР, няма, калі, канешне, гэта можна назваць дыялогам. Калі нешта ўдаецца дасягнуць суместнымі намаганнямі, гэтым неабходна карыстацца для краіны, для гісторыі, памяці пра тых людзей, якія рабілі гэту гісторыю і стваралі нашу незалежную Беларусь.

І сёння мая дзейнасць як старшыні Партыі БНФ, як грамадзяніна Беларусі накіравана ў першую чаргу на захаванне незалежнасці нашай краіны. З гэтым у цэлым звязаны мой лёс. Канешне, перад БНФ нямала задач, у тым ліку пытанні пашырэння партыі, адраджэння беларускай мовы, паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы.

 

У мяне ёсць шмат распрацовак на ўсе гэтыя тэмы. На жаль, пакуль не змаглі іх рэалізаваць практычна. Шмат цікавых ідэй, якія значна б маглі паўплываць на паляпшэнне стану эканомікі, павышэнне ўзроўню жыцця нашага народа. Пакуль яны застаюцца на паперы, дзяржаўныя органы не звяртаюць на іх увагі. Хоць часам я заўважаю, што гэтыя ідэі ўвасабляюцца ў жыццё.

Наперадзе вельмі важныя для краіны палітычныя падзеі: прэзідэнцкая і парламенцкая выбарчыя кампаніі. Наконт прэзідэнцкай размову рана яшчэ весці. У нас ёсць розныя ідэі. Я асабіста не планую выстаўляць сваю кандыдатуру. Аднак бывае, што жыццё можа павярнуць куды хочаш. Але што датычыцца парламенцкай кампаніі, мы ўжо вядзем падрыхтоўку. Я не называю гэта словам «выбары», таму што яно да выбарчай кампаніі ў нас не зусім падыходзіць. 29 чэрвеня адбудзецца Сойм нашай партыі, дзе як раз будуць разглядацца пытанні аб правядзенні з’езда Партыі БНФ з мэтай вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Наша партыя плануе прыняць у цяперашняй кампаніі самы актыўны ўдзел і заняць месцы ў парламенце, каб мець магчымасць рэалізаваць ідэі, якія будуць спрыяць развіццю нашай Радзімы.

 Гутарыла Юлія ГУНАШВIЛI

Фота Аляксандры ЗОТАВАЙ

Паводле Белгазэты

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.