Партыя БНФ » Падчас перапісу беларусы павінныя сказаць: Русыфікацыя ня пройдзе!
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Падчас перапісу беларусы павінныя сказаць: Русыфікацыя ня пройдзе!

Дададзена 01.07.2019 7:18:07 | 565 праглядаў

Заява Сойму Партыі БНФ

29 чэрвеня 2019 году

 

Pierapis_833x833_механізатарУ кастрычніку гэтага году адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва Беларусі. Фармулёўкі пытаньняў, што тычацца нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасьці, у першую чаргу – роднай мовы, выклікаюць вялікую заклапочанасьць.

Падчас мінулага перапісу 2009 году дадаваньне на простага пытаньня “Якая вашая родная мова?” дадатковых тлумачэньняў (“мова якая была першая засвоеная ў дзяцінстве”, “на якой мове пераважна размаўляеце дома”) прывяло да таго, што з 73% да 53% зьнізілася колькасьць тых, хто назваў беларускую мову роднай, з 37% да 23% стала менш тых, хто сказаў, што дома гаворыць пераважна па-беларуску.

У 2019 годзе пытаньні перапісу (нумар 12 і 13) ізноўку гучаць з падобнымі недарэчнымі ўдакладненьнямі. Існуе небясьпека, што замест таго каб адзначыць рост нацыянальнай сьвядомасьці, перапіс адлюструе вынікі той даўгатэрміновай палітыкі русыфікацыі, якая вялася расейскай імпэрыяй, савецкім рэжымам, і ў пэўнай ступені працягваецца ўладамі цяперашняй незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Ва ўмовах дыскрымінацыі беларускай мовы (асабліва балючай ў сфэры адукацыі і вядзеньня дзяржаўных справаў) недарэчныя фармулёўкі пытаньняў перапісу могуць быць скарыстаныя як абгрунтаваньне для далейшага наступу на беларускую мову, задушэньня нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, парушэньня правоў людзей. Калі па выніках перапісу будзе паказанае зьмяньшэньне ўжываньня беларускай мовы грамадзянамі Беларусі, гэта станецца апраўданьнем яшчэ большага выцісьненьня беларускай мовы са сфэраў дзяржаўнага кіраваньня, адукацыі, СМІ.

Партыя БНФ заклікае ўсіх беларусаў падчас адказу на гэтыя пытаньні перапісу дбаць пра беларускі нацыянальны інтарэс: беларусы як самастойная нацыя маюць сваю родную мову, гэта мова беларуская, і ў гэтай якасьці яна павінная быць названая роднай мовай падчас перапісу. Станоўчыя вынікі перапісу, якія пакажуць рост ужываньня беларускай мовы, могуць быць скарысаныя для карэкціроўкі дзяржаўнай палітыкі на карысьць беларускай мовы.

Мы заклікаем да шырэйшага ўжываньня беларускай мовы ў грамадзкім і прыватным жыцьці, у тым ліку размаўляючы на белаускай мове дома ў якасьці мовы штодзённых стасункаў.

Мы зьвяртаемся да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытаньні, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак (родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.

Такім чынам мы разам дадзім шанец беларускай мове пазбавіцца шалёнага ціску русыфікацыі і захаваем пэспэктывы самастойнага разьвіцьця для нашай нацыі.

Перапіс 2019 года павінны паказаць істотнае павелічэньне ужываньня беларускай мовы як важнага індыкатара нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Беларуская мова – гэта родная мова  беларускага народу, гэта тое, што нас яднае ў нацыянальную супольнасьць.

Пазначайце сябе беларусамі, тлумачце важнасьць такога ўчынку сваім сябрам, родным, калегам па працы.

Жыве Беларусь!

 

 

 

Ілюстрацыя - Радыё Рацыя

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.