Партыя БНФ » Зьмены ў законы пра НДА і партыі не ўлічваюць інтарэсаў грамадзкасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьмены ў законы пра НДА і партыі не ўлічваюць інтарэсаў грамадзкасьці

Дададзена 12.07.2019 3:38:41 | 358 праглядаў

Міністэрствам юстыцыі вынесены на грамадзкае абмеркаваньне праект зьменаў у законы “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і “Аб палітычных партыях”. У законапраекце прадугледжанае ўнясеньне істотных зьменаў, датычных умоваў стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. На абмеркаваньне выносяцца як раней анансаваныя міністэрствам зьмены (падача дакументаў на рэгістрацыю партый і аб’яднаньняў анлайн, увядзеньне абавязку публікаваць да 1 сакавіка фінансавую справаздачу), так і некаторыя іншыя новаўвядзеньні.

лагатыпы партыяў logo adsНапярэдадні Партыя БНФ і шэраг іншых палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў накіравалі ў Міністэрства юстыцыі супольную пазыцыю адносна тых зьменаў, якія мэтазгодна ўнесьці ў законы дзеля паляпшэньня ўмоваў дзейнасьці партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў:

 

  • Спрасціць парадак рэгістрацыі палітычных партый, скараціць колькасць заснавальнікаў, увесці паведамляльны прынцып пастаноўкі на ўлік іх арганізацыйных структур;
  • Забяспечыць дзяржаўнае фінансаванне статутнай дзейнасці палітычных партый, а таксама спрыяць прадастаўленню памяшканняў з фонда рэспубліканскай і камунальнай уласнасці для выканання імі дзейнасці ў статутных мэтах;
  • Абавязаць дзяржаўныя органы і органы самакіравання прадаставіць роўныя магчымасці для дзейнасці ўсіх палітычных партый, у тым ліку гарантаваць ім права доступу да дзяржаўнага тэлебачання, газет і радыё.

Супольныя прапановы ад групы беларускіх палітычных партыяў і рухаў былі пададзеныя ў рабочую групу, што была створаная Міністэрствам юстыцыі. Разам з Партыяй БНФ да гэтай супольнай пазыцыі далучаныя БСДП (Грамада), АГП, партыя левых “Справядлівы мір”, партыя “Зялёныя”, прадстаўнікі аргкамітэта БХД ды іншых дэмакратычных аб’яднаньняў.

Аднак азначаныя прапановы толькі ў вельмі малой ступені ўлічаныя ў тым законапраекце, які распрацаваны Міністэрствам юстыцыі і вынесены цяпер на грамадзкае абмеркаваньне.

Як паведамляе Радыё Свабода, Міністэрства юстыцыі прапануе ўнесьці ў закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і ў закон “Аб палітычных партыях” наступныя зьмены:

  • скараціць колькасьць заснавальнікаў, патрэбных для стварэньня партыі, з 1000 да 800, а для рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня – з 50 да 40;
  • дазволіць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю (а таксама на ўнясеньне зьменаў у статут і штогадовых справаздачаў у рэгіструючыя органы) ў электронным выглядзе;
  • даць магчымасьць пазначаць не юрыдычны адрас партыі ці арганізацыі, а месца працы кіраўніка (калі працадаўца згодны) у якасьці месца знаходжаньня кіроўнага органа;
  • скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю гімнаў, значкоў, вымпелаў і гальштукаў партыяў і аб’яднаньняў (рэгістрацыя сьцягоў і эмблем, нагрудных і апазнавальных знакаў застаецца);
  • замест хатняга і працоўнага тэлефонаў заснавальнікаў пазначаць толькі адзін кантактны нумар тэлефона (гэта можа быць мабільны тэлефон);
  • абавязаць арганізацыйныя структуры пазначаць у назьве тэрыторыю, на якой яны дзейнічаюць;
  • для рэгістрацыі рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў уводзіцца абавязак мець структуры ў большасьці абласьцей, хаця б у чатырох, і ў Менску (як цяпер ужо ўстаноўлена для палітычных партыяў);
  • здымаецца патрабаваньне адзначаць у статуце грамадзкага аб’яднаньня тэрыторыю дзейнасьці, што будзе дазваляць мясцовым грамадзкім аб’яднаньням дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі краіны;
  • замацаваць магчымасьць абскарджваць рашэньні партыяў і аб’яднаньняў іхнымі чальцамі праз суд;
  • дазволіць праводзіць паседжаньні вышэйшых і кіруючых органаў праз інтэрнэт у рэжыме відэа- або аўдыёканфэрэнцыяў;
  • забараніць плаціць заробкі работнікам партыі ці арганізацыі, большыя за 40% усіх выдаткаў партыі ці арганізацыі, бо Мінюст бачыць сьведчаньні пра «злоўжываньні з боку работнікаў»;
  • устаноўленая наўпрост магчымасьць разьмяшчаць юрадрасы грамадзкіх аб’яднаньняў, партыяў, мясцовых арганізацыйных структураў у аднакватэрных жылых дамах (але па-ранейшаму патрэбная згода мясцовых уладаў) ці па месцы працы кіраўніка аб’яднаньня (са згоды кіраўніка арганізацыі, дзе працуе кіраўнік аб’яднаньня);
  • абавязаць партыі і грамадзкія аб’яднаньні штогод да 1 сакавіка публікаваць зьвесткі пра сваю дзейнасьць і фінансавыя справаздачы ў адкрытым доступе (на сваіх сайтах ці ў СМІ);
  • сярод дакумэнтаў, якія павінныя прадстаўляцца для штогадовых справаздачаў, цяпер трэба прадастаўляць і копію дакумэнтаў, што пацьвярджаюць наяўнасьць юрадраса арганізацыі;
  • станоўленая магчымасьць засноўваць у грамадзкім аб’яднаньні назіральныя рады, у склад якіх могуць уваходзіць і асобы, якія не зьяўляюцца сябрамі грамадзкага аб’яднаньня
  • уводзіцца прынцып раўнапраўя для грамадзкіх аб’яднаньняў (раней такі прынцып дзейнічаў толькі для палітычных партыяў);
  • адзначаецца, што дзяржава можа аказваць палітычным партыям інфармацыйную, метадычную і іншую падтрымку;
  • даць магчымасьць грамадзкім аб’яднаньням аказваць дзяржаве паслугі на дамоўнай аснове без утварэньня ці ўдзелу ў камэрцыйных арганізацыях.

Апроч гэтага ў закон уносяцца шматлікія зьмены, якія вынікаюць з практыкі рэгіструючых органаў (адмова ад рэгістрацыі асобных відаў сымболікі, умовы працы з пэрсанальнымі дадзенымі заснавальнікаў ГА, парадак выдачы дублікатаў пасьведчаньняў ды інш).

На прывядзеньне статутаў у адпаведнасьць новым патрабаваньням закона будзе дадзены адзін год.

Старонка грамадзкага абмеркаваньня законапраекта тут.  Прапановы што да зьместу выкладзенага законапраекта прымаюцца з 12 ліпеня па 2 жніўня.

“Па сутнасьці гаворка вядзецца пра выкладаньне закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” у новай рэдакцыi – зьмены для палітычных партыяў параўнальна меньшыя” – гаворыць юрыст, сябра Сойму Партыі БНФ Юрый Чавусаў.

У камэнтары газэце “Наша Ніва” Юрый Чавусаў адзначае:

“Прапанаваны дакумент мае як пазітыўныя змены, гэтак і негатыўныя. Так, цяпер партыям будзе трэба публікаваць фінансавую справаздачнасць за год, але наўрад ці гэта будзе выклікаць вялікія праблемы”

Аляксей Янукевіч Красавік 2017Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у камэнтары Радыё Свабода заявіў, што Партыю БНФ такая навэла ў закандаўстве не палохае.

«Партыя БНФ заўжды была і застаецца празрыстай. У нас усе выплаты афіцыйна праходзяць праз рахунак. І калі ў дапаўненьні да закону сапраўды не прапісваецца, што трэба называць канкрэтныя прозьвішчы, то нічога страшнага я тут ня бачу. А калі раскрыцьцё прозьвішчаў зробяць абавязковай нормай, то гэта будзе супярэчыць абароне асабістых правоў грамадзян», — лічыць Аляксей Янукевіч.

На думку палітыка, у заканадаўстве аб партыях ёсьць шмат іншых рэчаў, якія сапраўды патрэбна рэфармаваць.

«Найперш гэта абавязковая рэгістрацыя рэгіянальных партыйных структураў на юрыдычным адрасе. Раней філіі дазвалялі рэгістраваць на кватэрах. Калі гэта забаранілі, мы страцілі амаль палову сваіх арганізацыяў. Гэта — самы балючы момант», — кажа Аляксей Янукевіч.

Юры Чавусаў: На зьмену стратэгіі "Плошчы" павінна прыйсьці новая стратэгія«Некаторыя нормы, якія раней тычыліся толькі палітычных партый, цяпер будуць пераносіцца і на грамадскія аб’яднанні. Напрыклад, раней толькі партыі былі павінны мець офісы ва ўсіх абласных цэнтрах, цяпер жа тое будзе патрабавацца і ад рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў. Канечне, гэта выклікала вялікае абурэнне ў рабочай групе, таму рэформа будзе распаўсюджвацца толькі на новыя арганізацыі. Напрыклад, Руху «За Свабоду» не давядзецца рэгістравацца ва ўсіх абласных цэнтрах», — расказвае Чавусаў.

Аднак гэты момант крыху нівелюецца тым, што мясцовым грамадскім аб’яднанням дазволяць дзейнасць на тэрыторыі ўсёй краіны, а не толькі ў сваім рэгіёне. На справе гэта прывядзе да таго, што пры рэгістрацыі абсалютная большасць будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю мясцовых арганізацый, а не рэспубліканскіх.

«Такая сітуацыя ў Беларусі ёсць з фондамі. Калі паглядзець, то рэспубліканскіх фондаў амаль няма, а ад мясцовых яны розняцца толькі назвай», — тлумачыць Чавусаў.

Ён лічыць, што вельмі негатыўна на працы грамадскіх аб’яданняў адаб’ецца неабходнасць публікавання фінансавай справаздачы. «Улічыце, што ў нас усяго 15 палітычных партый, але 3 тысячы грамадскіх аб’яднанняў. Гэта істотна абцяжарыць іх працу, яны валодаюць большымі фінансавымі рэсурсамі за палітычныя партыі, некаторыя  атрымліваюць замежнае фінансаванне. Шмат каму ў статуты давядзецца ўносіць змены», — лічыць юрыст.

Але самыя негатыўныя наступствы будзе мець норма, што на заробкі супрацоўнікам грамадскага аб’яднання павінна сыходзіць не болей за 40% ад даходаў. «Напрыклад, арганізацыя, якая займаецца прадстаўленнем сядзелак. Яна ўсе свае грошы пускаюць на гэтых сядзелак. А цяпер яны нават сабраўшы вялікую суму грошай, будуць вымушаныя выдаткоўваць іх не на сваю статутную дзейнасць, а на нейкую іншую».

Спачатку планавалася, што гэта доля ўвогуле будзе складаць 30%, але пасля абмеркаваньня на рабочай групе з удзелам прадстаўнікоў грамадзнасьці квота была павялічана. Ёсць спадзяванне, што Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы не пагодзяцца з такім квотамі.

Яшчэ адзін цікавы момант, што цяпер юрыдычны адрас партыі ці грамадскага аб’яднання можа знаходзіцца па месцы працы кіраўніка пры згодзе працадаўцы. Зрэшты, Чавусаў мяркуе, што зроблена гэта не для апазіцыйных партый і арганізацый, а для чыноўнікаў, якія адначасова ўзначальваюць якое-небудзь грамадскае аб’яднанне.

Пазітыўным момантам з’яўляецца таксама ўвядзенне прынцыпу «раўнапраўя грамадскіх арганізацый». Калі перакласці на простую мову, то цяпер любая моладзевая арганізацыя можа спытаць, чаму грошы з бюджэту накіроўваюцца БРСМ, а не размяркоўваюцца на конкурснай аснове, альбо Партыя БНФ можа спадзявацца на льготныя ўмовы арэнды, як у «Белай Русі», альбо КПБ.

Зрэшты, застаецца парадак, пры якім Міністэрства юстыцыі можа адмовіць у рэгістрацыі фактычна любой арганізацыі.

Анекдатычны выпадак адбыўся пры падрыхтоўцы гэтых зменаў: Алег Гайдукевіч з ЛДП прапаноўваў міністэрству юстыцыі забараніць удзел у выбарах тым партыям, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. Мабыць галоўны лібэрал не ведае што паводле дзеючага беларускага заканадаўства ў выпадку такога кшталту парушэньня  партыі ўвогуле падлягаюць ліквідацыі – так што ягоная прапанова выглядае як істотнае павелічэнье магчымасьцяў для атрыманьня грошаў ад замежных фундатараў.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.