Партыя БНФ » Вынікі чэрвеньскага Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі чэрвеньскага Сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”

Дададзена 15.07.2019 12:05:41 | 809 праглядаў

29 чэрвеня ў цэнтральнай сядзібе БНФ у Менску адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На чэрвеньскім пасяджэньні кіруючага органа партыі і руху былі разгледжаныя пытаньні, датычныя бягучай палітычнай сытуцыі, а таксама падрыхтоўцы Фронту да бліжэйшых палітычных кампаніяў. Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне пра скліканьне ў верасьні пазачаговага ХIХ Зьезду Партыі БНФ для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты на маючыя адбыцца ў лістападзе парлямэнцкія выбары.

Напачатку пасяджэньня Сойму старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зачытаў віншавальны зварот Рады БНР, які прысьвечаны трыццацігодзьдзю першага (устаноўчага) Зьезду Партыі БНФ і трыццацігодзьдзю Таварыства Беларускай Мовы, што адбыліся ў чэрвені 1989 года. “Беларускі народны фронт і Таварыства беларускае мовы – гэта выбітныя і пасьпяховыя прыклады грамадзянскай самаарганізацыі беларусаў, абароны самім народам сваіх правоў перад апаратам недобрасумленнай аўтарытарнай улады” – гаворыцца ў заяве Рады БНР з нагоды слаўнага юбілею беларускіх патрыятычных арганізацыяў.

davЗатым старшыня Партыі БНФ выступіў з дакладам пра ацэнку бягучай палітычнай сытуацыі, засяродзіўшыся на тых выкліках, якія цяпер стаяць перад краінай ў цэлым і перад беларускімі патрыётамі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы, падкрэсліўшы слушнасьць і пасьпяховасьць тактыкі, якая абраная партыяй і рэалізуецца яе мясцовымі суполкамі дзеля адэкватнага рэагаваньня на гэтыя выклкі.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў адэкватнасьць і пасьпяховасьць звароту партыі да тэмы аховы навакольнага асяроддзя, якая турбуе людзей і з’яўляецца на цяперашні момант вельмі актуальнай. Старшыня павіншаваў лідскіх актывістаў з пасьпяховай акцыяй у абарону ад забруджваньня водаў басэйна ракі Нёман: нягледзячы на тое, што супраць сябраў Сойму БНФ Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса была ўзбуджаная адміністратыўная вытворчасьць і на іх накладзеныя вялікія штрафы – кампанія мела плён і вінаватыя ў забруджваньні ракі дзяржструктуры выяўленыя і прадстаўленыя грамадзтву. Бачны вынік і ў дзейнасьці сьветлагорскіх актывістаў па пытаньні запуску цэха беленай цэлюлозы – у гэтай кампаніі фронтаўскія актывісты бяруць актыўны ўдзел і з’яўляюцца завадатарамі ў кааліцыі, якая аб’яднала шырокія колы мясцовай супольнасьці. Посьпех берасьцейскай кампаніі супраць акумулятарнага заводу сьведчыць, што тэматыка аховы навакольнага асяродзьдзя здольная мабілізаваць людзей на пратэст і мае вялікі палітычны патэнцыял.

На нацыянальным узроўні гэтая тэма мае цяпер выключнае значэньне праз падрыхтоўку да запуску ў Беларусі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, якая пабудаваная па расейскім праекце, расейскімі вытворцамі і за расейскія крэдыты. Гэтая авантура можа абярнуцца другім Чарнобылем, і нясе для нашай краіны надзвычайную небясьпеку. З гэтай нагоды Партыяй БНФ у чэрвені па выніках кансультацыяў з беларускімі і замежнымі адмыслоўцамі распрацаваная супольная пазыцыя з іншымі дэмакратычнымі партыямі і рухамі. Яна рыхтуецца да публікацыі і  і неўзабаве будзе даведзеная да грамадзкасьці.

Глядзець заяву: Супольная пазыцыя дэмакратычных партый і рухаў па Астравецкай АЭС

Старшыня давёў да ведама сябраў Сойму сытуацыю з адмовай ад правядзеньня ў гэтым годзе традыцыйнага Чарнобыльскага Шляху: зацьвердзіўшы новы парадак аплаты за “ахову” падчас мітынгаў і шэчьцяў улады фактычна пазбавілі беларусаў магчымасьці правядзеньня легальных акцыяў. Напярэдадні аргкамітэт распаўсюдзіў заяву з тлумачэньнямі прычынаў такога кроку: непамерны рахунак, выстаўлены заяўнікам уладамі дзеля “аплаты паслугаў міліцыі”, робіць немагчымым арганізацыю акцыі ў фармаце заўленага арганізатарамі масавага мерапрыемства. Там ня меньш, Шлях прайшоў у нелегальным фармаце, улады наклалі на ўдзельнікаў акцыі адміністратыўныя штрафы.

Бачна, што ўлады страшацца любой несанкцыянаванай актыўнасьці грамадзянаў напярэдадні важных палітычных кампаніяў. Нават традыцыйныя культурніцка-краязнаўцыя акцыі і імпрэзы па ўшанаваньні памяці беларускіх патрыётаў выклікаюць нэрвовую рэакцыю. Рыгор Кастусёў выказаў абурэньне спробамі прыцянуць да адміністратыўнай адказнасьці актывіста БНФ Віктара Марчыка, які ўзначальвае мясцовую кааліцыю дэмакратычных сілаў у Слоніме: ўлады хочуць прыцягнуць яго да адказнасьці за традыцыйнае ўскладаньне кветак да помніка Міхалу Валовічу ды паўстанцам 1830 года, што адбылося сёлета 16 чэрвеня.

У аглядзе замежнапалітычнай працы партыі Рыгор Кастусёў адзначыў важнасьць тых аспэктаў фронтаўскай дзейнасьці, якія зьвязаныя з узьняцьцём у грамадзтве важных палітычных тэмаў. Асабліва старшыня партыі падкрэсліў працу па накірунку нацыянальнай бясьпекі, вылучыўшы круглы стол “NATO як гарант міру і бясьпекі ва Усходняй Эўропе: выклікі і пэрспэктывы“, што адбыўся ў сядзібе БНФ і быў прымеркаваны да 70-годзьдзя падпісаньня Паўночнаатлянтычнай дамовы і паўстаньня NATO. Падобныя імпрэзы будуць праведзеныя бліжэйшым часам і ў рэгіёнах Беларусі.

Старшыня БНФ выказаў трывогу з прычыны павелічэньня ціску на Беларусь з боку Расеі, якая намагаецца прымусіць Лукашэнку выканаць тыя абяцанкі па здачы беларускага сувэрэнітэту, якія той даваў напачатку сваяго праўленьня. Рыгор Кастусёў адзначыў, што адэкватным адказам на гэтыя выклікі было б разрываньне шкодных для Беларусі дамоўленасьцяў пра “саюзную дзяржаву” ды іншыя невыгодныя для нас хаўрусы, накшталт АДКБ. Аднак лідэр БНФ выказаў сумнеў, што Лукашэнку хопіць на гэта палітычнай волі: “Прызнаць, што 25 гадоў ён вёў краіну не туды, вёў краіну ў пастку – ён не можа. Нажаль, 25 гадоў панаваньня Лукапшэнкі прынесьлі Беларусі не карысьць, а адную толькі шкоду” – сказаў Рыгор Кастусёў. Ён выказаў занепакоенасьць тым, што Лукашэнка можа паддацца на шантаж Расеі і дзеля захаваньня сваёй мадэлі ўлады здаць расейцам яшчэ і новыя кавалкі беларускага сувэрэнітэту.

Пры гэтым унутры краіны працягвае квітнець карупцыя, якая пранізала гэтую лукашэнкаўскую мадэль з нізоў да самага верху. Рыгор Кастусёў прывёў у якасьці прыкладу арышт аднаго з набліжаных да Лукашэнкі сілавікоў – Андрэя Уцюрына. Гэты народжаны ў Расеі службіст быў ці не галоўным сілавіком у атачэньні Лукашэнкі, быў ягоным ахоўнікам – і яго пырзначылі на высокія пасады ведаючы пра ягоныя карупцыйныя схільнасьці. Небкеспадстаўныя падозраньні пра сувязі гэтага пэрсанажа наўпрост з расейскім ФСБ. Як выглядае, у створанай Лукашэнкам сыстэме нацыянальная здрада і карупцыя – гэта два бакі аднаго мэдаля, яны ідуць поруч і дапаўняюць усю гэтую заганную сыстэму. “Шматтысячныя хабары, як высьвятляецца, браў і памочнік Лукашэнкі Андрэй Раўнейка – што ёсьць найяскравейшым прыкладам усеабдымнасьці карупцыйнай сыстэмы ў дзеючай ўладзе,” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Карупцыя, нацыянальная здрада і растптаныя дэмакратычныя інстытуты – гэта снова для поўнага самадурства і безпакаранасьці дзяржаўных службоўцаў, якія растапталі асноўныя правы і свабоды людзей. Але і на гэтым тле вылучаецца беспрэцэдэнтныя арышты цыганоў у Магілёве, калі пад арышт людзі падпадаюць выключна па прыкмецы нацыянальнйа прыналежнасьці. Рыгор Кастусёў выказаў рашучае асуджэньне гэткімі дзеяньнямі МУС і заклікаў улады спыніць гэткую практыку, не абмяжоўваючыся толькі адстаўкай адыёзнага міністра Шуневіча.

Як непрадуманы старшыня БНФ ацаніў закон пра скарачэньне адтэрміновак для вайсковай службы, які быў унесены ўрадам і прыняты парлямэнтам без належнага абмеркаваньня. Гэты спрэчны закон неналежным чынам скарачае магчымасьці для атрыманьня адукацыі беларусамі і будзе мець вельмі цяжкія наступствы для адукацыі, эканомікі, а таксама можа негатына адбіцца на міграцыйным становішчы. Недапушчальна, каб карпаратыўныя інтарэсы вайскоўцаў пераважалі над нацыянальнымі інтарэсамі. Падобныя законы, а асабліва нахабны ў дачыненьні да людей спосаб іх прасоўваньня, прыніжаюць імідж улады ў вачах насельніцтва.

“На тле гэтай карупцыі, наплявацельскіх адносінаў да людзей, вартымі жалю выгляжаюць спробы палепшыць імідж улады праз правядзеньне Эўрапэйскіх Гульняў. Гэтая імпрэза цалкам правалілася, не прыцягнула турыстаў у краіну і лягла празьмерным цяжарам на бюджэт – амаль 500 мільёнаў каштавала гэтая забава. мала каму патрэбная” – адзначыў Рыгор Кастусёў.

Неразумная палітыка ўладаў у сфэры эканомікі ставіць беларускую народную гаспадарку ў стан небясьпекі перад агрэсіўнай экспансіяй расейскага капіталу, які, абапіраючыся на падтрымку імперыялістычных колаў у Крамлі, з’яўляецца сродкам заваёвы кантролю над нашай краінай з боку Расей. Асабліва небясьпечным азначаны эканамічны ціск будзе ў гэтым і наступным годзе з улікам неабходнасьці для нашай краіны аддаваць вялікія крэдыты, якімі Лукашэнка ўжо шмат год імкнецца закрываць фінансавыя дзіркі і фактычна забясьпечваць працяг існаваньня сваёй недзеяздольнай эканамічнай мадэлі. З Расеі выразна намякаюць, што дзеля аплаты гэтых крэдытаў яны гатовыя ўзяць альбо беларускі сувэрэнітэт, альбо беларускую маёмасьць.

На прапанову лідэра партыі Сойм БНФ з гэтай нагоды прыянў заяву “Інтэграцыя з Расеяй — асноўная пагроза для існаваньня беларускай дзяржавы“, у якой адзначана, што любы наступны крок у накірунку інтэграцыі з Расеяй у любой сфэры будзе перасячэньнем мяжы дапушчальнага збліжэньня з Расеяй без поўнай страты кантрою над працэсам ды ахвяраваньня незалежнасьцю краіны.  Партыя БНФ патрабуе неадкладнага спыненьня ўсіх інтэграцыйных перамоваў з Расеяй, у тым ліку датычных продажу расейскім кампаніям беларускіх прадпрыемстваў ды інфраструктуры.

У абмеркаваньні бягучай паліытчнай сытуацыі выступілі сябры Сойму Зьміцер Дрыгайла, Васіль Раманаў, намесьнікі старшыні Зьміцер Салошкін, Аляксей Янукевіч, Вадзім Саранчукоў.

Pierapis_833x833_кіроўцаПерад тым як разглядаць пытаньне пра маючыя адбыцца палітычныя кампаніі, зьвзаныя з выбарамі, Сойм адзначыў, што ня меньшае практычнае значэньне мае і перапіс насельніцтва, які адбудзецца ў кастрычніку. На прапанову намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча сойм абмеркаваў і прыняў за аснову заяву па гэтым пытаньні, даручыўшы рэдакцыйнай камісіі дапрацаваць яе да публікацыі. Выніковая заява “Падчас перапісу беларусы павінныя сказаць: Русыфікацыя ня пройдзе!зьвяртаецца да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытаньні прапісу, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак (родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.

У пытаньні падрыхтоўкі да парлямэнцкай кампаніі сябры сойму заслухалі паведамленьне пра граіфк-каляндар кампаніі, які разлічаны Управай БНФ з улікам найбольш верагоднай даты правядзеньня выбараў 17 лістапада. Як чакаецца, кампанія будзе абвешчаная ў сярэдзіне жніўня.

Саршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што пры нязьменнасьці ўмоваў правядзеньня выбараў, пры адсутнасьці зьменаў у выбарчым заканадаўстве, партыя можа разглядаць гэтую выбарчую кампанію выключна як агітацыйную, зьвязаную з распаўсджаньнем партыйнай праграмы і партыйнай выбарчай плятформы. Ён пазкрэсліў важнасьць гэтай працы і заклікаў аргструктуры партыі актыўна выкарыстоўваць магчымасьці, якія дае перыяд збору подпісаў (правядзеньне пікетаў у любых месцах), агітацыі (мітынгі і сходы), публікацыі праграмаў у дзяржаўных газэтах. “Гэта асабліва важна выкарыстоўваць цяпер, калі магчымасьці для легальных масавых мерапрыемстваў сур’ёзна абмежаваныя. Зьвятаю ўвагу, што сёлетні Дзень Беларускай Вайсковай Славы, 8 верасьня, падобна што пырпадзе на збор подпісаў – у 2016 годзе мы скарысталі гэты час для правядзеньня мітынгу з нагоды гадавіны перамогі ў бітве пад Воршай” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Зьміцер Салошкін праінфамаваў прысутных пра хаду кампаніі назіраньня “Права выбару“, у якой партыя працуе супольна з шэрагам іншых дэмакратычных арганізацыяў (ГП, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), БХД, «За свабоду», «Зялёныя», прафсаюз РЭП, Партыя свабоды і прагрэсу). Кампанія рыхтуецца ладзіць назіраньне на ўчастках па адзінай метадалогіі, а таксама прасоўвае зьмены ўмоваў выбарчага працэсу і зьмены выбарчага заканадаўства.

Датычна вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Управа БНФ мае за арыенцір мінулую парлямэнцкую кампанію 2016 года, калі зьезд партыі вылучыў 72 кандыдаты. Агулам паводле афіцыйных зьвестак рэгістрацыю да дня галасаваньня захавалі 46 кандыдатаў ад БНФ (каля 20 зьнялі свае кандыдатуры пасьля агітацыйнай кампаніі, альбо былі не зарэгістраваныя), якія афіцыйна атрымалі 89 714 галасоў.

davУ абмеркаваньні партыйнай стратэгіі падчас выбарчай кампаніі выступілі намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябры Сойму Партыі БНФ Алесь Дзергачоў, Вітольд Ашурак, Віталь Макаранка, а таксама сябры партыі Валер Рабцаў і Ільля Дабратвор.

З улікам меркаванага каляндара кампаніі Сойм Парты БНФ прыняў рашэньне пра скліканьне ў верасьні пазачаговага ХIХ Зьезду Партыі БНФ для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты на маючыя адбыцца ў лістападзе парлямэнцкія выбары. Вылучэньне дэлегатаў на Зьезд вырашана правесьці ў пэрыяд з 19.07.2019 г. па 20.09.2019 г.  Зацьверджанае палажэньне пра вылучэньне дэлегатаў на Зьезд, а Управе БНФ даручана:

- у мэтах каардынаваньня бягучай працы па арганізацыі тэрытарыяльных агульных сходаў і далейшай працы ў межах выбарчай кампаніі прызначыць рэгіянальных адказных за правядзеньне тэрытарыяльных агульных сходаў зь ліку апарата і сябраў Управы.

- у мэтах збору зьвестак для вылучэньня ў склад участковых камісіяў і назіральнікаў забясьпечыць збор зьвестак пра сябраў партыі, якія ў часе агульных сходаў заявяць пра магчымасьць быць вылучаным у склад участковых камісіяў ці назіральнікамі.

Да пачатку выбарчай кампаніі Управе таксама даручана распрацаваць праект перадвыбарчай плятформы Партыі БНФ, які мусіць быць прадстаўлены на разгляд наступнага пасяджэньня Сойму.

Сойм Партыі БНФ і Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” прыняў рашэньні датычна вылучэньян назіральнікаў на маючыя адбыцца выбары ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Сойм Партыі БНФ заслухаў інфармацыю пра падрызтоўку да традыцыйнага ўганараваньня памятным знакам імя Віктара Івашкевіча арганізатараў важных і значаных вулічных акцыяў. Вырашана да 11 ліпеня, згодна з палажэньнем пра знак, правесьці вылучэньне намінантаў. Управе БНФ даручана на падставе вылучаных кандыдатураў скласьці шорт ліст і прапанаваць яго сябрам Сойму для анлайн-галасаваньня з тым каб падвесьці вынікі не пазьней за 27 ліпеня.

У пасяджэньні Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” была заслуханая інфармацыя ад Юрыя Чавусава, які па даручэньні Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” даклаў, што вышэйшы орган абласной арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня даўна не збіраўся, зьбіралася толькі абласная партыйная арганізацыя. З гэтай прычыны ад абласнога ўпраўленьня юстыцыі паступіла прапанова пра магчымасьць ліквідацыі арганізацыі. Па выніках абмеркаваньня ў Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ (старшыня Рады – Зьміцер Шыманскі) і ва Ўправе БНФ зробленае заключэньне пра немэтазгоднасьць ліквідацыі арганізацыйнай структуры: наяўнасьць ў вобласьці разам з партыйнай яшчэ і грамадзкай структуры БНФ дазволіць вылучаць больш назіральнікаў на ўчасткі, а таксама дазваляе зьбіраць дадатковыя ахвяраваньні, недаступныя для партыяў. З улікам выкладзенага Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” вырашыў склікаць канфэрэнцыю Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” і прызначыць яе на 21 ліпеня. Управе БНФ даручана аказаць садзейнічаньне ў арганізацыі і правядзеньні канферэнцыі і ў падрыхтоўцы дакументаў для абласнога ўпраўленьня юстыцыі.

dav Сойм ГА БНФ “Адраджэньне” заслухаў інфармацыю пра становічша з партыйнымі офісамі. Паводле рашэньня двух з пяці судоў, партыя страціла частку памяшканьняў цэнтральнай сядзібы і ў бліжэйшы час будзе вымушаная пакінуць галоўную залю ў комплексе памяшканьняў на Чарнышэўскага, 3. Разам з тым посьпехам ёсьць тое, што сядзіба БНФ адстаяла свае памяшканні ў гэтым будынку і цяпер ён застаецца адзіным публічным месцам у сталіцы Беларусі, дзе лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Пры гэтым павялічваецца патрэба ў зборы ахвяраваньняў, якія дазваляюць падтрымліваць і захоўваць сядзібу і яе статус як пляцоўкі для партыйнай дзейнасьці.

Сойм ГА БНФ “Адраджэньне” прыняў рашэньні па зьмяненьні юрыдычных адрасоў аб’яднаньня, якія разьмешчаныя ў будынку на Чарнышэўскага 3, а таксама даручыў Управе БНФ зьдзейнсьніць пераафармленьне і рэгістрацыю памяшканьняў аргструктураў з улікам перадачы галоўнай залі управы арэндадаўцы.

У “Розным” Сойм заслухаў паведамленьні Лідскай арганізацыі БНФ пра наступнцыя важныя патрыятычныя імпрэзы, што рыхтуцца на Лідчыне. Сярод іншага, урачыстае адкрыццё помніка і другой вежы Лідскага замка адбудзецца гэтай восенню ў Дзень горада Ліда — 7 верасня 2019-га года.  У гэты ж дзень у горадзе будзе адбывацца фестываль Lidbeer-2019. А ў 2020-м годзе Ліда стане культурнай сталіцай Беларусі. Рухавіком стварэння і ўсталявання помніка Гедыміну ў Лідзе стаў Лідскі райвыканкам і яго кіраўніцтва, архітэктар Сяргей Багласаў, скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай, гісторык Мікалай Плавінскі.

75950b615eace9bb8f16fa0be2907c13

 

 

 

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.