Партыя БНФ » Ці ёсьць у беларусаў шанцы дажыць да пэнсіі?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці ёсьць у беларусаў шанцы дажыць да пэнсіі?

Дададзена 26.07.2019 12:04:56 | 259 праглядаў

“Сто гадоў вам! І – каб хоць траціну зь іх мець магчымасьць адпачыць на пэнсіі” – сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла піша ў штотыднёвіку “Белгазэта” пра пэрспэктывы рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы.

1017Cёньня ў майго бацькі дзень народзінаў. Яму ад цяпер – 82. Гены, скажаце. Ня толькі. За апошнія 15 гадоў сярэдні ўзрост сярэдняга грамадзяніна Беларусі, з улікам ўсіх жыхароў – ад немаўлят, што толькі нарадзіліся, да найстарэйшых сівых дзядоў ды бабуль вырас з 36 з паловай гадоў да 39. Па-першае, за кошт падвышэньня сярэдняй працягласьці жыцьця. Па-другое, за кошт таго, што нараджаецца мала дзяцей.

Мне зараз 43. І сёньня выглядае, што асабіста мне можна пайсьці на заслужаны адпачынак праз 20 гадоў. Але я моцна сумняюся, што так усё й здарыцца. Па-першае, магу не дажыць. Дык гены ж, скажаце. Ну, ня ведаю. Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын ў Беларусі 67 гадоў. Дык то сярэдняя. Па-другое, калі дажыву, магу захацець працягваць працаваць. Як яно ў той час будзе з пэнсіямі для той катэгорыі людзей, што працягвае працаваць, – бог ведае. І, нарэшце, па-трэцяе, калі старэньне жыхароў Беларусі працягнецца, дык пэнсійныя фонды праз 20 гадоў проста няма каму будзе папаўняць.

Падвышэньне агульнага ўзросту насельніцтва, яго старэньне – агульная тэндэнцыя амаль для ўсёй Эўропы. Сярэдні ўзрост самых «старых» краін – ад 42 да 45 гадоў. Дарэчы, для даведкі: наймаладзейшыя краіны – гэта 30 найбяднейшых дзяржаў Афрыкі, дзе людзі жывуць вельмі мала; там сярэдні ўзрост усіх жыхароў краіны сёньня складае, не паверыце, ад 16 да 17 гадоў. А вось у ліку першых 40 краін па агульным узросце насельніцтва – абсалютная большасць эўрапейскіх краін, за выключэньнем Японіі (2-е месца), Канады (28-е), Аўстраліі (35-е) і ЗША (37-е).

Беларусь у гэтым спісе 33-я. Ня горшы вынік. Але тэндэнцыя сумная: калі 15 гадоў таму, згодна з дадзенымі ААН, доля насельніцтва старэйшага за 60 гадоў складала 18,9% агульнай колькасьці, то ў 2050г. дасягне 35,8%. І тут мы ўжо будзем у першай дваццатцы. Сёння, паводле прагнозаў Міністэрства працы, на 100 працоўных у нас 60 пэнсіянераў, а праз 20 гадоў будзе 67.

Гэта калі нічога не зьменіцца. А што можа зьмяніцца? Нараджальнасьць хутка не ўзрастае. Добра, каб проста ўзрастала. Мігранты да нас масава ня едуць, дзякуй богу. Дакладней, едуць, але не ў той колькасьці, каб паўплываць на статыстыку. І, зважаючы на нацыянальны склад тых, хто едзе, добра, каб не ўплывалі й надалей.

Застаецца адно-адзінае: падвышаць пэнсійны ўзрост. Бо інакш эканоміка хутка не здолее забяспечваць пэнсійныя выплаты. Пра гэта я пісаў іншы тэкст чатыры гады таму. І празь некалькі месяцаў пра гэта загаварылі на ўзроўні ўраду. Пагатоў, па стане на 2015г., так рана, як у нас, сыходзілі на пэнсію толькі ў Расеі (дзе сітуацыя з суадносінамі працоўных і пэнсіянэраў падобная на нашу), некаторых манархіях Пэрсідзкай затокі (дзе пэнсія выплачваецца ў залежнасьці ад працоўнага стажу), Узбекістане (дзе доля пэнсіянэраў зараз толькі 8,8% і, каб атрымаць пэнсію, мужчынам трэба адпрацаваць 25 гадоў, а жынчынам – 20), В’етнаме (дзе памер базавай пэнсіі па ўзросьце сымбалічны), ды Кітаі (дзе наогул адсутнічае ўсеагульная пэнсійная сыстэма ды пэнсіі атрымліваюць толькі асобныя групы насельніцтва). За гэтыя гады ўсе вышэйзгаданыя краіны альбо падвысілі пэнсійны ўзрост, альбо падвысяць у бягучым годзе.

Беларусь таксама падвысіла. На тры гады, у мужчын і жанчын адпаведна з 60 да 63 і з 55 да 58. Але праблему радыкальна гэта не вырашыла. Па-першае, падвышэньне паступовае, расьцягнутае па часе. На сёньня пэнсійны ўзрост складае 61,5 (мужчыны) і 56,5 (жанчыны) года. Па-другое, суадносіны працоўных да тых, хто не працуе, працягвае зьмяняцца. Працоўныя рэсурсы скарачаюцца: колькасьць насельніцтва ў працаздольным (не пэнсійным і не дзіцячым) узросьце з 2015 да 2018г. скарацілася з 5 млн 444 тыс. 800 чалавек да 5 млн 365 тыс. І гэта з улікам таго, што людзі зараз ужо сыходзяць на пэнсію на паўтара гады пазьней, чым у 2015-м.

Што гэта азначае? Трэба працягваць. Пра гэта кажуць МВФ, экспэрты – дэмографы й сацыёлягі, ды й сам прэзыдэнт краіны. І, выглядае, пэнсійны ўзрост празь некаторы час ізноў падвысяць, напэўна, да 65 гадоў у мужчын і жанчын. Пагатоў, у бальшыні эўрапейскіх краін зараз адбываецца падцягваньне ўзросту жаночага сыходу на пэнсію да мужчынскага. Роўнасьць палоў, ведаеце. Ды й жанчыны жывуць даўжэй амаль паўсюдна.

А ў Беларусі працягласьць жыцьця, няхай павольна, але ўзрастае: людзі становяцца больш актыўнымі ў сваіх перасоўваньнях, удасканальваюцца мэдыцына й лекі. Можна, канечне, запярэчыць, маўляў, а з унукамі хто цяпер будзе сядзець, калі бабулі масава працягнуць працаваць? Ну тады адкажыце самі сабе: у вас самых бабуля стала, штодня сядзіць з унукамі? Ці ў вас ёсьць багата такіх прыкладаў сярод знаёмах? У мяне – аніводнага. У маіх сяброў-знаёмах – таксама. Гэта раней, калі дарослыя дзеці масава жылі з бацькамі ў зьвязку з патрыярхальнымі традыцыямі, з немагчымасьцю выжыць паасобку, з-за немагчымасьці разьехацца, гэта было нормай. А цяпер – не.

І тут не дапаможа ані пэнсійная рэформа з уводзінамі накапляльнай часткі (вынікаў ад яе чакаць шмат гадоў, а ў дзяржавы ёсьць моцнае жаданьне ў гэтыя грошы залезьці, як адбылося ў суседняй Расеі), ані з мерамі стымуляваньня працаваць пасьля сыходу на пэнсію, маўляў, чым пазней сыдзеш на пенсію, тым большыя пэнсійныя выплаты атрымаеш. Дапаможа толькі павелічэньне пэнсійнага ўзросту, прычым радыкальнае. «А» мы ў гэтым рэчышчы ўжо сказалі. Цяпер трэба сказаць «Б».

Ва ўсіх нашых суседзяў гэтыя працэсы таксама йдуць. У кагосьці (Латвія, Літва) гэтыя рашэньні ўжо прынятыя, у іншых да гэтых рашэньняў прыйдуць неўзабаве. Што з усяго гэтага вынікае? Ашчаджайце. Частку грошаў адкладайце. Або ў валюце, або ў нерухомасьці. І, калі б не прыйшоў час ісці на пэнсію, вы будзеце мець на што жыць. Але накапляльная пэнсія з асобнымі рахункамі, якія недаступныя нікому, апроч сябе любімага, ды пры ўмове стабільнасьці рубля, – справа годная. І лепей пачаць рух у гэтым накірунку раней, чым пазьней.

А, вось яшчэ што. Мой бацька, якому сёньня 82, штодня езьдзіць на працу, ён інжынэр-канструктар ў навукова-дасьледчым праектна-тэхналягічным інстытуце будаўнічай індустрыі (інстытуце жытла). Да таго былі 30 гадоў у Мінскпраекце, гады ў Белдзіпрагандлі, Белаэранавігацыі, Белжылпраекце. Таму ў мяне, нічога ня зробіш, ёсьць крышку клясавай нянавісьці да тых шматлікіх сілавікоў, што адграбаюць у пэнсійны сьвет у 45. І гэта – маё, грамадзяніна Беларусі, асабістае даручэньне да «горніх» і «вышніх»: каб яны, апроч таго што жылі на адну (дастойную) зарплату, дык яшчэ й на пэнсію сыходзілі разам з усімі. У 65.

Паводле штотыднёвіка “Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.