Партыя БНФ » Знак імя Івашкевіча за #БНР101 у Гародні ўручаны Вадзіму Саранчукову
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Знак імя Івашкевіча за #БНР101 у Гародні ўручаны Вадзіму Саранчукову

Дададзена 27.07.2019 10:47:19 | 321 праглядаў

27 ліпеня Партыя БНФ у шосты раз абвесьціла ляўрэата памятнага знака імя Віктара Івашкевіча, якім партыя ўганароўвае арганізатараў найбольш значных масавых акцыяў. У гэтым годзе памятны знак уручаны лідэру гарадзенскай арганізацыі БНФ, намесьніку старшыні БНФ Вадзіму Саранчукову.

Такім чынам быў адзначаны арганізацыйны ўнёсак Вадзіма Саранчукова ў правядзеньне #БНР101 – сёлетняга сьвята на Дзень Волі ў Гародні з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэньня Трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Акцыя ў Гародні стала найбольш маштабнай падзеяй сёлятніх сьвяткаваньняў Дня Волі і стварыла прэцэндэнт, калі асноўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага сьвята была вынесеная ў рэгіёны. Гародня не выпадкова стала сталіцай сёлетняга Дня Волі: менаівіта тут сто гадоў таму месьціўся ўрад БНР, і менавіта тут у гэтым годзе была сфармаваная шырокая кааліцыя дэмакратычных суполак, здольная зладзіць вялікае сьвята беларускай незалежнасьці на годным узроўні. Сьвяткаваньне сёлетняга Дня Волі 23 сакавіка у Каложскім парку Гродні сабрала больш за 5000 удзельнікаў, як гарадзенцаў, так і гасцёў другой сталіцы БНР.

IMG_20190726_174954Вадзім Саранчукоў, прымаючы памятны знак, адзначыў, што мітынг ў другой сталіцы БНР стаў вынікам працы шырокай каманды гарадзенскіх актывістаў з розных дэмакратычных арганізацыяў у супрацы з менскай камандай, аб’яднанай пад хэштэгам #БНР101.

З нагоды ўганараваньня памятным знакам імя Віктара Івашкевіча, Вадзім Саранчукоў сказаў:

Я ведаў Віктара Івашкевіча асабіста і для мяне вялікі гонар ад імя гарадзенскай каманды атрымаць гэтую ўзнагароду. Віктар верыў у Бацькаўшчыну, мы верым таксама і кожны дзень паціху яе набліжаем. Жыве Беларусь!

З нагоды ўручэньня традыцыйнага памятнага знаку, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў:

Знак памяці Віктара Івашкевіча мы ўручаем ужо ў шосты раз. Ад імя Партыі БНФ я маю гонар абвесьціць, што па выніках сёлеттняга галасаваньня сябраў Сойму Партыі БНФ сёлетні памятны знак імя Віктара Івашкевіча за ўдзел у арганізацыі і правядзеньні масавых акцыяў партыя ўручае Вадзіму Саранчукову, і ў яго асобе адзначаем арганізацыйныя і палітычныя посьпехі ўсёй каманды, якая ладзіла Дзецюкісьвята 23 сакавіка ў Гародні. Я рады, што гэтая акцыя аб’яднала і гарадзенцаў, і менчукоў, злучыла прадстаўнікоў розных палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў. Мне асабліва прыемна, што “маторам” гэтага руху стаў наш, фронтаўскі чалавек, старшыня гарадзенскай арганізацыі БНФ, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які прадэманстраваў сапраўдныя лідарскія якасьці, і здольнасьць да пабудовы мясцовых кааліцыяў. Віншую Вадзіма і віншую ўсю гарадзенскую каманду, якая зладзіла гэтую пасьпяховую акцыю - сказаў Рыгор Кастусёў.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра палітыка, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода была ўручаная ў шосты раз. Абвяшчэньне ляўрэата памятнага знаку традыцыйна прымеркаванае да 27 ліпеня – дня абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.

Крытэрамі для ўручэньня знаку з’яўляюцца: актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме БНФ,  актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.

У ранейшыя годы знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідэру грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру “Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу, вэтэрану нацыянальна-адраджэнскага руху  Ніне Багінскай, ўладальніку крамы symbal.by Паўлу Белавусу.

IMG_20190726_135915

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.