Партыя БНФ » Сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла – пра перадвыбарчыя пратэсты ў Маскве: гэта люстра
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Сойму БНФ Зьміцер Дрыгайла – пра перадвыбарчыя пратэсты ў Маскве: гэта люстра

Дададзена 08.08.2019 12:03:09 | 489 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра пратэсты у расейскай сталіцы Маскве: там днямі былі арыштаваныя сотні ўдзельнікаў мітынгаў супраць зьняцьця з выбараў апазыцыйных кандыдатаў.

Зьміцер ДрыгайлаНічога, падавалася, ня сьведчыла пра тое, што ў Маскве ўлетку 2019г. пачнуцца такія падзеі. У мінулым годзе на чарговыя шэсьць гадоў пераабралі Уладзімера Пуціна, палітычныя партыі, якія традыцыйна абіраюцца ў парлямэнт, – гэта «Адзіная Расея», «Справядлівая Расея», КПРФ і ЛДПР, ніхто іншы за апошнія 16 гадоў туды фактычна не патрапляе. Мясцовыя выбары пераважна маюць прагназаваныя вынікі, а калі зрэдчас адбываюцца якія нечаканасьці, дык яны, па-першае, застаюцца па-за ўвагай фэдэральных СМІ, а па-другое, хутка выпраўляюц-ца – альбо праз скасаваньне вынікаў выбараў і абвяшчэнне новых, альбо праз датэрміновы сыход нечаканага пераможцы з-за раптоўнай крымінальнай справы ў яго дачыненьні. Нічога ня мелася ў бліжэйшыя гады парушыць гэты статус-кво. Як раптам…

Масква

Шматтысячныя выступы 20, 27 ліпеня, 3 жніўня, новыя мітынгі чакаюцца 10 і 11 жніўня. 1373 затрыманых 27 ліпеня, 828 – 3 жніўня. Відэа з жорсткімі затрыманьнямі, у тым ліку тых, хто проста праходзіў міма. Плясканьні пратэстоўцаў у далоні ад бэзвыходнасьці. Рос-гвардыя, якая блякуе й расьсякае, бязьлітасна зачышчае, пустыя перакрытыя уліцы, на якіх чуваць голас ў мэгафон: «Не парушайце грамадзскі парадак, акцыя недазволеная, да вас можа быць прымененыя спэцсродкі»… А ўсяго толькі 8 верасьня адбудуцца выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу, будуць абраныя 45 дэпутатаў па мажарытарнай сыстэме, у 45 аднамандатных акругах, тэрмінам на 5 гадоў, да 2024г.

Старшыня Маскоўскай гарадзкой выбарчай камісіі Валянцін Гарбуноў працуе на сваёй пасадзе з 1994г. То бок 25 гадоў. Чалавек правераны, аўтарытэтны. 16 ліпеня Мосгарвыбаркам на падставе высокага адсотку забракаваных подпісаў адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты 17 чалавекам, якія зьяўляюцца прадстаўнікамі «нячэснай» апазыцыі, то бок мэнтальна зьвязаныя з Аляксеем Навальным. Сачыце за рукамі: подпісы забракавалі пасьля таго, як сябры камісіі ўносілі іх ў пратакол для праверкі па базам дадзеных. Неяк так: «Анастасия Ыкторвна Балашова», «Папсуева Андрей Евгеньевич», «Филин Владимирович Андреевич». Базы дадзеных, натуральна, паведамлялі, што такіх людзей не йснуе. І панеслася!

Вось што такое Мосгардума? Ну 45 дэпутатаў. Штосьці яны там зацьвярджаюць. Сякія-такія бюджэты. Пусьцілі б туды, ну, скажам, шэсьць чалавек з апазыцыі. Было б там 6 з 45. Ну бачылі б яны тыя бюджэты, як яны разьмяркоўваюцца, вякалі б, канечне. І пра іх у правільным рэпартажы можна было б сказаць, што няма чаго ім верыць, маўляў, яны там усе дэпутаты адным мірам мазаныя. Але не. Зьнялі ўсіх. Паказальна зьнялі, з асаблівым цынізмам. Бо, ведаеце, няма чаго глядзець на бюджэты. А якія бюджэты ў Маскве? Харошыя, прыстойныя. За мэрам Сабяніным ад 2010г. растуць штогод, сёлета даходная частка склала RUB2 трлн 586 млрд, што эквівалентна $40 млрд. Гэта ж адна восьмая бюджэту ўсёй Расеі. Гэта ж амаль удвая больш, чым ва ўсёй Беларусі. Ну й як ты дасьцё паглядзець на гэтыя лічбы й на то, як і каму яны разьмяркоўваюцца, нейкім ненадзейным людзям, ды яшчэ й знутры? Ніяк жа немагчыма!

Больш за 100 чалавек атрымалі адміністратыўныя арышты, больш за 500 аштрафаваныя. Заведзеная крымінальная справа. ФСБ і МУС праводзяць масавыя вобшукі. Аляксей Навальны нібыта быў атручаны й шпіталізаваны.

Угледзьцеся ў люстра. Гэта ж нашы людзі, як той казаў. Паўтараецца беларуская памылка. Замест таго, каб зьняць нарыў незадаволенасьці ўладай, яго, наадварот, паглыбляюць. І гэта ж ня першы раз за год: спачатку былі дзясяткі пратэстных выступаў у розных частках краіны супраць сьмецьцевых палігонаў, потым – рэзананснае супрацьстаяньне ў Екацярынбургу супраць будаўніцтва царквы ў парку, цяпер вось Мосгардума. У людзей накіпела, гэта відавочна. Кажуць, у такіх выпадках трэба даць выпусьціць пар. Але ў Расеі, наадварот, папулярная думка, што, калі даеш выпусьціць пар, дык гэтую накрыўку зрывае й яна прыцісківае, давіць усіх навокал. Гэта чыстая фізыка, кажуць. І гісторыя. Вось, кажуць, брытанскі парлямэнтарызм і рэвалюцыя у XVII стагодзьдзі, французскія генэральныя штаты й рэвалюцыя ў XVIII стагодзьдзі, адрачэньне Мікалая II й рэвалюцыя ў Расеі ў XX.

А калі пар ня выпусьціць? Ці ня выбухне тады гэты ўвесь гаршчок, ці не згарыць усё навокал, як ладны кавалак сібірскай тайгі вялічынёй, між іншым, з Маскоўскую вобласьць? Ці не разваліцца гэта ўсё ўрэшце?

Вадзім Саранчукоў Расея 2019Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў выступіў на мітынгу за свабодныя выбары, што адбыўся ў суботу 3 жніўня ў расейскім Санкт-Пецярбургу.

 

«Адзіная Расея» за гэтыя 18 гадоў так надакучыла людзям, так аблажалася, столькі накрадзена, што прыняла рашэньне не вылучаць на гэтыя маскоўскія выбары аніводнага кандыдата ад партыі, хоць тады можна не зьбіраць вялікую колькасьць подпісаў за вылучэньне (3% агульнага сьпісу выбаршчыкаў). Усе тыя «вэртыкальныя» ідуць як самавылучэнцы, саромеюцца сказаць, што яны ад АР, бо сувязь з гэтай партыяй нэгатыўна адбіваецца на папулярнасьці. А ў аднанамандатных акругах іх абяруць за кошт адміністратыўнага рэсурса. Атрымліваецца мажарытарная па сутнасьці сыстэма, акурат як у Беларусі.

А ці партыя гэта наогул? Не. Ані праграмы, ані мэтаў, ані ідэялёгіі. Гэта проста прынцып арганізацыі дзяржаўнай машыны. У Расеі палітычнае поле наогул падзяляецца не на правых і левых, хоць ёсьць там і тыя, і гэткія. У Расеі ёсьць партыя ўлады. Адмыслова ўтвораная дзеля таго, каб падтрымліваць на ўсіх узроўнях курс дзейнага прэзыдэнта. Карані такой сыстэмы, натуральна, ідуць ад КПСС. У сучаснай РФ гэта былі партыі «Выбар Расеі» (1993-95), «Наш дом – Расея» (1995-99), «Адзінства» (1999-2001), «Адзіная Расея» (ад 2001).

Гэта тое, у што б магла вырасьці «Белая Русь», калі б сталася партыяй. Проста Лукашэнку партыя не патрэбная, ён вырашае праз «грамадзскія» аб’яднаньні, мы ж памятаем: маладзёвыя, вэтэранскія, прафсаюзныя. З тым самым вынікам. Розьніца, і прынцыповая, у адным: у нас, у адрозьненьні ад Расеі, насамрэч няма недатыкальных. І ў нас пакуль ніхто не даказаў, што сам Алксандр Лукашэнка, яго сям’я, сябры, партнэры штосьці кудысьці вывелі па-за межы краіны дзеля асабістага ўзбагачэньня ці яшчэ чаго. Як найбольш – участкі пад будаўніцтва па заніжаных коштах ці дзеці некаторых чыноўнікаў вучацца за мяжой. У Расеі ж у большасьці чыноўнікаў – ня толькі грошы й нерухомасьць за мяжой, ды яшчэ й па некалькі грамадзянстваў.

У Расеі зьмяніўся сацыяльны кантракт з грамадзствам. Цяпер улады ставяць не на мэнэджэраў, як ў 2005-10гг. І не на працоўных, як у 2011-13гг. І не на люмпэнаў, як у 2014-18гг. А на сілавікоў. Гайкі й надалей будуць заціскаць, бо якія-кольвек саступкі нібыта выклікаюць рэвалюцыю. Што далей? Пакуль – зьнешне нічога. Уладзе, з аднаго боку, шкада саступаць па бізнэсовых матывах. З другога – па палітычных. І, нарэшце, па пытаньнях асабістай бясьпекі. Таму нікога нідзе не зарэгіструюць. Пакуль ня стане позна. І пачнуцца насамрэч масавыя выступы, зь якіх пачалася рэвалюцыя годнасьці ва Ўкраіне 2013-14гг. Але Расея – не Ўкраіна. І, калі да гэтага, то будзе бунт. Безсэнсоўны й бязьлітасны. Бо ў краіне няма апазыцыі. Ёсьць улада, і ёсьць дысідэнты. І ня будзе ніякіх сумленных выбараў. А калі б і былі, то перамогу на іх атрымае сёньня альбо ўлада ў нейкай яе рэінкарнацыі, альбо папулісты. Добрых варыянтаў тут няма. Наканаванасьць.

Паводле штотыднёвіка “Белгазета”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.