Партыя БНФ » “Наша Ніва”: Адзін з лідараў Партыі БНФ выступіў на мітынгу апазіцыі ў Расіі. Што ён там пабачыў?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Наша Ніва”: Адзін з лідараў Партыі БНФ выступіў на мітынгу апазіцыі ў Расіі. Што ён там пабачыў?

Дададзена 09.08.2019 12:06:32 | 344 праглядаў

Тэхналогіі застрашвання распрацаваныя дасканала, — распавядае журналісту сайта “Наша Ніва” намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. — каб трапіць на мітынг, трэба прайсці чатыры кардоны АМАПа, а вадамёты падключаюць да вадаправода на вачах у мітынгоўцаў.

68245756_102057_2Вадзім Саранчукоў — намеснік старшыні Партыі БНФ, адзін з арганізатараў святкавання Дня Волі — 2019 у Горадні. 3 жніўня спадар Саранчукоў выступіў на мітынгу расійскай апазіцыі ў Санкт-Пецярбургу. Палітык расказаў «Нашай Ніве», што ён пабачыў там і з якімі адчуваннямі вярнуўся з Расіі.  «Першае, што кінулася ў вочы — гэта як адкатаныя ў Беларусі тэхналогіі перакінулі на Расію. У 2010 годзе ў Беларусі разганялі тысячы людзей, цяпер гэта ўсё бачым у Расіі.

Пратэсты ў Расіі выклікала фарміраванне выбарчых камісій. У Беларусі ўжо даўно прадстаўнікоў альтэрнатыўных кандыдатаў не пускаюць у камісіі, то ў Расіі гэта пачынаецца толькі цяпер. Камісіі становяцца абсалютна бескантрольнымі.

У нас ужо даўно не рэгіструюць кандыдатаў па выдуманых прычынах. Я згадваю парламенцкія выбары 2004 года, калі барысаўскага актывіста Сяргея Салаша не рэгіструюць па прычыне несапраўдных подпісаў. Ён падае ў суд, прыцягвае ў суд людзей, якія кажуць, што іх подпісы сапраўдныя. А суддзя адказвае, не, несапраўдныя.

Прыблізна тое самае цяпер у Расіі. Многія кандыдаты проста не могуць падаць дакументы на рэгістрацыю, бо ў чаргу перад імі становяцца пяць-шэсць дужых хлопцаў, якія забіваюць увесь працоўны час камісіі. У выніку чаго незалежныя кандыдаты проста не могуць аддаць дакументы.

Я не памятаю такой колькасці сілавікоў ужо вельмі даўно. Запалохванне ідзе каласальнае. Калі на сам мітынг прыходзіць да тысячы чалавек, то АМАПа, аўтаматчыкаў у дварах больш за 10 тысяч чалавек. Па перыметры стаяць так званыя «касманаўты» (у шлемах), а ў дварах ходзяць узброеныя людзі.

Проста перад людзьмі адчыняюць вадаправодныя люкі ды падключаюць вадамёты толькі для таго, каб усе бачылі, што яны ёсць.

Доўгі час у Расіі не было рамак-металашукальнікаў. Цяпер жа, каб трапіць на мітынг, то трэба прайсці тры кардоны АМАПа, металашукальнік, а потым яшчэ ўнутраны перыметр АМАПа. Гэта зроблена для таго, каб у звычайнага чалавека, які проста праходзіў міма і захацеў далучыцца, адбіць такое жаданне цалкам. На мой погляд, гэта дзейнічае, бо я бачыў шмат людзей, якія стаялі за гэтым перыметрам, але не рызыкнулі далучыцца.

Нават мне, ужо дасведчанаму ў гэтым плане чалавеку, было няёмка, калі бачыш такую карціну, кажа 39-гадовы Вадзім Саранчукоў. — Зрэшты, страх — гэта нармальны стан арганізма. Не баяцца толькі ідыёты.

Я быў у Піцеры па запрашэнні аднаго са сваіх добрых знаёмых, які арганізоўваў мітынг. Гэта была акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Маскве 27 ліпеня. Пазіцыя Партыя БНФ у тым, што такія дзеянні недапушчальныя нідзе — ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ў Польшчы, ні ва Украіне.

Лічу расійскіх пратэстоўцаў крыху рамантычнымі. Справа ў тым, што я чуў там рэзалюцыі накшталт таго, што наша ўлада нас пачуе. Мы гэта ўсё праходзілі. Калі ўлада выкарыстоўвае такія сілы супраць дазволенай акцыі, то, паверце, яна не гатовая слухаць рэзалюцыі.

Каб здушыць у сабе напружанасць, то я падыходзіў да людзей і пытаўся, чый Крым. Мне цікава было даведацца, хто яны такія расійскія апазіцыянеры. Ёсць, канечне, асобы, якія ацэньваюць Беларусь і Украіну як сферу ўплыву Расіі. Я не чапляўся асабліва, але абсалютная большасць адказвала з усмешкай на вуснах: «Канечне, украінскі».

Асабіста я падчас свайго выступу казаў пра салідарнасць з затрыманымі, пра паралелі між Беларуссю і Расіяй, што ў нас забівалі палітыкаў, не дапускаюць каныдатаў да выбараў. Скончыў словамі Папы Яна Паўла ІІ: «Не бойцеся». Таксама сказаў «Жыве Беларусь» і «Расія будзе свабоднай».

У мяне няма спадзеву, што расійская адміністрацыя будзе прыслухоўвацца да пратэстоўцаў».

Паводле сайта “Наша Ніва

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.