Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў: “Беларусы маюць права на стварэнне сваёй царквы”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў: “Беларусы маюць права на стварэнне сваёй царквы”

Дададзена 18.08.2019 11:32:10 | 374 праглядаў

Свая царква — шлях да незалежнасці дзяржавы. Гэтая тэза стала асноўнай падчас міжнароднай канферэнцыі «Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы», якая 17 жніўня адбылася ва ўкраінскім Чарнігаве.

Беларуская аўтакефальная царква ў самой Беларусі цяпер знаходзіцца ў нелегальным становішчы. Таму форум, які сабраў каля паўтары сотні дэлегатаў, можна назваць беспрэцэдэнтным. Сімвалічна, што канферэнцыя, ініцыяваная Рухам Салідарнасці «Разам», праходзіла ва Украіне, якая нядаўна дамаглася прызнання сваёй незалежнай царквы. Але за гэтым вынікам стаяла вялікая праца, якая пачалася стагоддзі таму.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў назваў канферэнцыю гістарычнай падзеяй, бо беларускі народ мае права на стварэнне сваёй царквы. Яна ўжо ёсць, але паводле беларускіх уладаў яна лічыцца несапраўднай. «Таму мы мусім дамагчыся рэгістрацыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — гэта будзе спрыяць барацьбе за незалежнасць нашай краіны», — перакананы палітык.

«Мэта царквы — каб чалавек быў вольны, але ні ў якім разе не рабом. Ён можа быць толькі рабом Божым, але не нейкага чалавека на кіроўнай пасадзе. Але, на жаль, царква ва Украіне і Беларусі — імперская, і яна даводзіць, што народ — раб пэўнага пана», — адзначыў у вітальным слове архіепіскап Чарнігаўскі і Нежынскі Яўстрацій.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКранальныя словы прамовіла Валянцніна Логвін, лідарка беларускай дыяспары ва Украіне, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі:

«Сёння мы былі на могілках, дзе пахаваныя абаронцы свабоды Украіны. Гэта зрабіла на мяне вялізарнае ўражанне. Калі бачыш востраў украінскіх сцягоў над абеліскамі, дзе пахаваныя такія маладыя і прыгожыя людзі, толькі адна думка круціцца ў галаве: як дорага каштуе свабода. А пачынаецца яна з асэнсавання кожным чалавекам, што ён — свабодны. І, як напісана ў найважнейшай кнізе чалавецтва, са слова. Ва ўмовах гібрыднай вайны, якая зараз адбываецца ва Украіне, гэта — наймацнейшая зброя».

Дэлегатаў канферэнцыі прывітаў і народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Мішчанка: «Калі прыходзіць вораг, ён перш за ўсё забірае духоўнасць. Дзяржава прайграе там, дзе прайграе святар і настаўнік. Таму мы мусім працягнуць руку дапамогі нашым братам-беларусам у адраджэнні беларускай царквы» — прамовіў ён.

Дэпутат дадаў, што першым крокам у гэтым можа стаць стварэнне семінарыі ў Чарнігаве для навучання святароў беларускай незалежнай царквы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЛідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык зазначыў, што часам людзі ўжо не вераць у перамогу. Але заўсёды ёсць знакі, якія ўсяляюць надзею на гэта. Ён узгадаў пра тое, што сёлета ў Беларусі знайшлі магілу пісьменніка Яна Баршчэўскага, дзякуючы якому ў многім мы захавалі сваю аўтэнтычнасць. Пройдзе яшчэ сто гадоў, і выбухне Беларуская Народная Рэспубліка, перакананы Вячаслаў Сіўчык. «У беларусаў шмат зброі. Нашая зброя — гэта Кастусь Каліноўскі. Нашая сіла — гэта святары і вернікі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якія не здрадзілі сваёй веры».

Мікола Каханіўскі, кіраўнік дабравольчага руху ОУН, лічыць, што перад беларусамі стаіць велізарны выклік імперыі зла, але не ўсё страчана. «Я чую ад беларусаў, што ўсё вельмі складана, і сітуацыю выправіць немагчыма. Не веру. Бо нават у вашым духоўным гімне ёсць словы «Магутны Божа». А гэта — ваш галоўны саюзнік».

Адкуль вытокі беларускай аўтакефаліі?

Для таго, каб ахапіць такую маштабную тэму, як Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, аднаго дня канферэнцыі аказалася катастрафічна недастаткова. Толькі некалькі выступоўцаў з амаль двух дзясяткаў экспертаў з Беларусі, Украіны, Польшчы і ЗША паспелі агучыць свае даклады больш-менш поўна.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAДоктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч закрануў тэму вытокаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ён зазначыў, што яшчэ да таго, як з’явілася слова «аўтакефалія», наша царква была незалежнай. Гэта была Полацкая епархія, створаная ў 992 годзе — праз два гады пасля таго, як была створана Кіеўская мітраполія з дазволу Канстанцінопальскага патрыярха.

У пачатку XIV стагоддзя на нашай тэрыторыі ўжо існавала ВКЛ, і Княству патрэбная была свая ўласная царква. Цяпер праваслаўная царква ВКЛ імкнулася быць незалежнай ад Масквы. У 1316 годзе з ініцыятывы Гедыміна ў нас утвараецца ўласная мітраполія. Яна таксама называлася Кіеўскай. Таму, пры іншым дзяржаўна-палітычным становішчы, тры гады таму мы маглі б адзначыць 700-годдзе ўтварэння на тэрыторыі ВКЛ аўтаномнай праваслаўнай царквы.

Праўда, часы для існавання праваслаўнай царквы былі неспрыяльныя. Пасля Крэўскай уніі на нашыя тэрыторыі пачынае насядаць каталіцызм. Яго еўрапейская форма не наносіла шкоды, але калі ён набыў польскія рысы, то пачалася паланізацыя.

У дадатак да гэтага ў 1549 годзе з’яўляецца Маскоўская мітраполія, а ў 1589 годзе супраць волі Канстанцінопальскага патрыярха ўзнікае Маскоўская патрыярхія. Набыўшы такі аўтарытэт, яна стала моцна ўплываць на праваслаўнае жыццё Вялікага Княства.

І ў гэтай сітуацыі было знойдзена ідэальнае рашэнне: заключэнне Берасцейскай царкоўнай уніі, якая выратавала нашыя народы ад уплыву польскага каталіцызму і Маскоўскага патрыярхату.

Але мы не змаглі захаваць праваслаўе ў тым беларускім абліччы, якое нам было патрэбнае. З трэцім падзелам Рэчы Паспалітай для нашых зямель надыйшоў самы цяжкі час, калі надзеі на незалежнасць нашай дзяржавы, культуры і веры былі спляжаныя.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКалі Леанід Лыч выводзіць ідэю незалежнай царквы з часоў ВКЛ, то святар Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы з Мінска Леанід Акаловіч лічыць, што гісторыю беларускай аўтакефаліі можна адлічваць з розных часоў — напрыклад, з 1922 года, калі паўстала Беларуская мітраполія ў Мінску. Але сам святар прытрымліваецца іншага меркавання. Калі сталі зразумелыя намеры Расіі захапіць не толькі Літву, але і Польшчу, паўстала Пінская кангрэгацыя 1791 года, якая і дае пачатак ідэі аўтакефаліі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAТаццяна Процька, кандыдат філасофскіх навук, больш падрабязна спынілася на арганізацыю царкоўнага жыцця і ідэі аўтакефаліі ў першай палове ХХ стагоддзя. Па яе словах, праблемы, якія вырашаліся беларускімі праваслаўнымі святарамі ў той час, вельмі падобныя да тых, якія вырашаюць сёння і ў Беларусі, і ва Украіне. Але ўкраінцы першымі сутыкнуліся з гэтым і знайшлі рашэнне.

Форма аўтакефаліі даволі новая, хоць рэгламентаванай яна стала менавіта ў ХХ стагоддзі. Але яшчэ раней было зразумела, што такая форма арганізацыі царкоўнага жыцця дапамагала людзям лепш адчуваць сваю веру і размаўляць з Богам.

Таццяна Процька зазначыла, што цэлае пакаленне беларускіх людзей вырасла з верай у тое, што аўтакефалія — нешта негатыўнае і нават фашысцкае. Бо аўтакефалію яшчэ звязваюць і з нацыяналізмам. У савецкага чалавека гэтае слова выклікае негатыўны сэнс, але ў навуковым сэнсе нічога негатыўнага нацыяналізм не нясе. Сапраўды, аўтакефальная царква заўсёды ішла поруч з беларускай нацыянальнай ідэяй — і гэта паўплывала на яе драматычны лёс.

Што найперш — незалежная царква ці незалежная дзяржава?

OLYMPUS DIGITAL CAMERA«Толькі Лукашэнка памаша — і будзе аўтакефалія, а Фёдар Поўны будзе галоўным аўтакефалістам», —перакананы святар БПЦ МП Аляксандр Шрамко. Іншая справа, што беларуская дзяржава — пратэктарат Расіі, і нават пры жаданні беларускія ўлады не могуць займець сваю царкву. Таксама святара абурае, што незалежную царкву бачаць сродкам для дасягнення незалежнай дзяржавы, а не наадварот. Чаму б не займець незалежную дзяржаву, каб стварыць незалежную царкву? Аляксандр Шрамко лічыць, што царква павінна аддаліцца ад дзяржавы.

«Аўтакефалія павінна быць у галовах, фармавацца знутры, а мы шукаем яе звонку», — зазначыў святар.

Эксперт расследавальніцкай супольнасці «Інформнапалм» і аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын распавёў пра ўдзел РПЦ ў гібрыднай вайне Расіі супраць Беларусі. Гэта і казачыя клубы, і іншыя суполкі, у якіх ідзе замбаванне, перадусім моладзі, у рэчышчы ідэй «рускага міру». Зараз, у тым ліку пры дапамозе царквы, ідзе спроба адраджэння СССР у выглядзе «Саюза Беларусі і Расіі». Праўда, дадае Дзяніс Івашын, расійскія чарнасоценцы дадаюць сюды яшчэ і тую частку Украіны, якую ўдасца акупаваць.

Як ні павярні, і Беларусь, і Украіна мусяць супрацьстаяць аднаму ворагу — расійскай інтэграцыі, прычым як у фізічным, вайсковым, так і ў духоўным сэнсе. Бо зараз у свядомасць нашых людзей укладваецца тое, што выжыць мы зможам толькі з Расіяй і рускім праваслаўем. Але, як трапна напісаў у сваім вітальным слове ўдзельнікам канферэнцыі паэт Уладзімір Някляеў са Швецыі: «Бог адзін. Толькі чаму Ён рускі?».

Па выніках працы канферэнцыі дэлегаты прынялі некалькі заяў, у тым ліку аб праве беларускага народа на ўласную дзяржаўнасць, неабходнасці рэгістрацыі БПЦ, рэабілітацыі рэпрэсаваных святароў і вернікаў, у абарону Курапатаў і іншыя.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сцяг, які 27 ліпеня разгарнулі на Майдане Незалежнасці ў Кіеве

Паводле газэты “Новы Час

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.